Усяслаў Брачыславіч
Усяслаў Брачыславіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Всеславъ сынъ Брѧчиславль | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Брачыслаў Ізяславіч | ||||||
Пераемнік | Мсціслаў Ізяславіч | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Святаполк Ізяславіч | ||||||
Пераемнік | Барыс Усяславіч | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
29 ліпеня 1029 |
||||||
Смерць |
14 красавіка 1101 (71 год) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Ізяславічы Полацкія | ||||||
Бацька | Брачыслаў Ізяславіч[1][2][…] | ||||||
Маці | Брачыславава Ізяславіча[d][3] | ||||||
Жонка | Усяславава Брачыславіча[d] | ||||||
Дзеці | Барыс, Глеб, Раман, Давыд, Расціслаў, Святаслаў | ||||||
Веравызнанне | праваслаўе | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Усясла́ў Брачысла́віч або Усясла́ў Брачысла́вавіч (ст.-рус. Всеславъ сынъ Брѧчиславль), у папулярнай літаратуры Усяслаў Чарадзей і Усяслаў Полацкі (каля 1029 — 14 (21) красавіка 1101) — князь полацкі (1044—1068, 1071—1101), князь кіеўскі (1068—1069).
Адстойваў і пашыраў свае ўладанні — Полацкае княства. Пабудаваў Полацкі Сафійскі сабор — найранейшы помнік манументальнай архітэктуры сучаснай Беларусі. Агульны час княжання Усяслава ў Полацку — 54 гады — найпрацяглейшы перыяд кіравання дзяржавай у гісторыі Беларусі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне і імя
[правіць | правіць зыходнік]Сын полацкага князя Брачыслава Ізяславіча, унук полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча і праўнук кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны[4]. Праз Рагнеду — прапраўнук першага вядомага з крыніц полацкага князя Рагвалода. Такім чынам, належаў да сёмага пакалення Рурыкавічаў і трэцяга пакалення іх галіны — Ізяславічаў Полацкіх, якія валодалі Полацкай зямлёй як спадчынай Рагвалода, таму дынастыю часта называюць Рагвалодавічамі[5].
Імя атрымаў паводле схемы, ужытай прадзедам Уладзімірам для называння сваіх сыноў, напэўна, князь Брачыслаў гэтым падкрэсліваў належнасць свайго сына да ўладарнай на Русі дынастыі. Магчыма, названы па памерлым у маленстве дзядзьку — Усяславу Ізяславічу. Імя двухасноўнае — уся- (ст.-рус. вьсь — увесь) і слаў- (параўн.: слава)[6] — з агульным прыкладным сэнсам «усім слаўны», пазней стала дынастычным у Ізяславічаў Полацкіх, а пазней увайшло ва ўсходнеславянскі анамастыкон. Хроснае імя невядома.
Мянушку «Чарадзей» і падобныя не згадваюць крыніцы, яна наватвор часоў беларускага адраджэння канца XIX — пачатку XX стст.
Ранні перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Час нараджэння Усяслава не вядомы, з акалічнасцяў жыцця і быліны пра Валхва Усяславіча прынята лічыць годам нараджэння 1029. Паводле Аповесці мінулых часоў, маці нарадзіла яго «от волъхвования» і «бысть ему язвено на главе его». Валхвы сказалі «се язвено навяжи на нь, да носить е до живота своего», — і Усяслаў яго «носить… и до сего дне на собе; сего ради немилостив есть на кровьпролитье» — запісаў, відавочна, летапісец-сучаснік Усяслава. Слова «язвено» тлумачаць па рознаму, адны як радзімую пляму, на якой князь насіў павязку, іншыя — як з частку плоднай абалонкі на галаве, якую ён насіў як амулет.
Напэўна, быў адзіным сынам, прынамсі, пра іншых дзяцей князя Брачыслава няма звестак. Заняў полацкі сталец у 15—16-гадовым узросце пасля смерці бацькі ў 1044 годзе. Першыя 16 гадоў княжання Усяслава не асветлены крыніцамі, але зыходзячы са «Слова пра паход Ігараў», ён быў актыўны і вядомы ўсёй Русі. Вядомы спявак Баян складаў пра яго песні.
Напэўна, у гэты перыяд у Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, на думку некаторых даследчыкаў, як сімвалам роўнасці Полацка з Кіевам і Ноўгарадам, дзе былі такія самыя саборы.
Першы раз упамінаецца крыніцамі пад 1060 годам, калі з князямі Яраславічамі — сынамі вялікага князя кіеўскага Яраслава Уладзіміравіча — здзейсніў паспяховы паход супраць торкаў[4]. Тым часам, напэўна, трымаўся бацькавай палітыкі — саюзу з Кіевам.
Вайна з Яраславічамі
[правіць | правіць зыходнік]У 1065 годзе Усяслаў аднак аблажыў Пскоў[4], разбіў на Чарасе ноўгарадскага князя Мсціслава Ізяславіча, які ішоў на дапамогу гораду, а пасля, ужо ў 1066 (вераснёўскім) годзе, захапіў і разрабаваў Ноўгарад[4]. Знятыя з Наўгародскага Сафійскага сабора званы, а таксама начынне з яго, на думку некаторых даследчыкаў, сталі аздабленнем Сафійскага сабора ў Полацку[4][7].
Ноўгарад і Пскоў знаходзіліся пад вярхоўнай уладай вялікага князя кіеўскага. Матывы Усяслава дасюль спрэчныя, адны даследчыкі лічаць паход звычайным рабаўніцтвам, іншыя — адказам на тэрытарыяльныя спрэчкі. Паводле Генадзя Семянчука, магчыма, дзеянні Усяслава справакаваны паходам вялікага князя кіеўскага Ізяслава Яраславіча на сакальцаў (стар.-руск. сосолы) — эстаў у Ніжнім Падзвінні, і абкладанне іх данінай, а таксама іншымі падобнымі дзеяннямі Яраславічаў, якія не вядомы цяпер з крыніц[8].
У адказ на разрабаванне Ноўгарада, тры браты Яраславічы пайшлі супраць Усяслава, але не на Полацк, а на Менск — пра прычыны такога кірунку ёсць некалькі думак даследчыкаў. Усяслаў выйшаў супраць Яраславічаў да Менска, паводле іншай гіпотэзы, ён прарываўся з захаду ці поўдня да Полацка, у кожным разе — войскі сышліся на рацэ Нямізе. Паводле Васіля Тацішчава, тыдзень яны стаялі ў глыбокім снезе адно супраць другога, урэшце, Усяслаў атакаваў. Адбылася бітва на Нямізе (1067) — адна з буйнейшых і крывавых міжусобных бітваў Русі, шмат вояў загінула з абодвух бакоў[4]. Усяслаў або быў разбіты і адступіў у Полацк, або здолеў прарвацца да Полацка скрозь войскі Яраславічаў, у кожным разе яны не гналіся за ім. Паводле Тацішчава, Яраславічы пачалі рабаваць паўднёвую частку Полацкай зямлі.
Праз чатыры месяцы па бітве Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Усяслаў з двума сынамі каля вусця Аршыцы пераплыў у чоўне Дняпро для перамоў, але Яраславічы парушылі цалаванне крыжа, схапілі Усяслава з сынамі і кінулі ў земляную турму-«поруб» у Кіеве[4].
Княжанне ў Кіеве
[правіць | правіць зыходнік]Усяслаў быў у зняволенні больш за 14 месяцаў — да часу, калі ў 1068 годзе на Кіеўскую зямлю напалі полаўцы, якія ў бітве на Альце разбілі войскі Яраславічаў. Кіяўляне патрабавалі ад Яраславічаў коней і зброі, каб самім ісці супраць полаўцаў. Яны абвінавачвалі ў паразе княжацкіх ваяводаў і патрабавалі вызвалення Усяслава, на іх думку, дасведчанага военачальніка, каб ён узначаліў паход супраць полаўцаў. Яраславічы адмовілі кіяўлянам ва ўсім і нават паслалі забіць Усяслава, але кіяўляне паўсталі, вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім[4], а Яраславічы збеглі.
На велікакняжацкім стальцы Усяслаў быў сем месяцаў[4], за гэты час разбіў полаўцаў. Неўзабаве Ізяслаў Яраславіч вярнуўся з дапамогай ад свайго пляменніка, польскага князя Баляслава Смелага. Атрымаўшы весткі, што Ізяслаў вяртаецца з палякамі, Усяслаў з кіяўлянамі пайшоў ім насустрач[4], але з дыскусійных прычын уначы збег ад Белгарада ў Полацк. Ізяслаў вярнуўся ў Кіеў, заняў велікакняжацкі сталец і прагнаў Усяслава з Полацка, пасадзіў туды свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым другога — Святаполка Ізяславіча.
Пазнейшыя падзеі
[правіць | правіць зыходнік]У кастрычніку 1069 года Усяслаў на чале водскага войска прыйшоў пад Ноўгарадам, але наўгародцы разбілі важан ў баі 23 кастрычніка 1069 года, Усяслаў трапіў у палон, але неўзабаве яго адпусцілі.
У 1071 годзе Усяслаў выгнаў з Полацка Святаполка Ізяславіча[4] і пайшоў да Менска супраць Яраполка Ізяславіча, яшчэ аднаго Ізяславава сына, але пацярпеў паразу каля Галацічаска (цяпер не лакалізаваны). Пасля гэтага, паводле летапісу, Усяслаў з Ізяславам «сваціліся», то бок дамаўляліся пра шлюб сваіх дзяцей або сваякоў як замацавання нейкіх дамоўленасцей. Падазраючы Ізяслава ў саюзе з Усяславам, у 1073 годзе браты вялікага князя — чарнігаўскі князь Святаслаў Яраславіч і пераяслаўскі князь Усевалад Яраславіч, — выгналі яго з Кіева, у 1073—1076 гадах там княжыў Святаслаў.
Пасля смерці Святаслава Яраславіча (1076) пачалася наступная фаза барацьбы Усяслава з Яраславічамі, вядомая з «Павучання Уладзіміра Манамаха »[9]. Вясной 1077 года Усяслаў здзейсніў паход на Ноўгарад супраць князя наўгародскага Глеба Святаславіча . У адказ летам 1077 і зімой 1078 (вераснёўскіх) гадоў Яраславічы здзейснілі два паходы на Полацк. Першы здзейсніла чарнігаўскае войска на чале з вялікім князем Усеваладам Яраславічам і яго сынам — смаленскі князем Уладзімірам Манамахам. Другі — кіеўскае войска на чале з наўгародскім князем Святаполкам Ізяславічам і ўжо чарнігаўскім князем Уладзімірам Манамахам, а таксама полаўцы, якія ўпершыню ў гісторыі Русі ўзялі ўдзел у міжусобнай вайне.
На мяжы 1070—1080-х гадоў Усяслаў здзейсніў паход пад Смаленск[4], пасля чаго Уладзімір Манамах правёў спусташальны паход на Полацкае княства, а затым другі паход з полаўцамі, у час якога пацярпеў Менск, дзе не оставили ни челядина, ни скотины.
Усяслаў падзяліў родавыя ўладанні паміж сваімі сынамі, пасля яго смерці Полацкае княства раздрабілася на ўдзелы.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Імя жонкі Усяслава Брачыславіча невядома.
Усяслаў меў 6 сыноў:
- Барыса (кан. 1040-х — 1128) — князя полацкага;
- Глеба (кан. 1040-х — 1119) — князя менскага;
- Рамана (1050-я — 1114/1116) — удзел не вядомы;
- Давыда (сяр. 1050-х — пасля 1130) — удзел пэўна не вядомы, лічаць князем ізяслаўльскім або лагожскім, або ізяслаўльска-лагожскім, потым спрабаваў заняць полацкі сталец;
- Расціслава (пач. 1060-х — пасля 1130) — удзел не вядомы, пазней яго называлі віленскі князем;
- Святаслава (Георгій; 1050-я — пасля 1130) — удзел не вядомы, яго нашчадкі былі князямі віцебскімі.
Старшынство і колькасць сыноў Усяслава дыскусійныя. Так, часам называюць не шэсць, а сем сыноў і нават дачку Усяслава. Звычайна, згадка сямі сыноў звязана з думкай некаторых даследчыкаў пра асобнае існаванне Рагвалода Усяславіча, аднак у сучаснай гістарыяграфіі даюцца думкі як пра тоеснасць Рагвалода з Барысам[10], так і наогул уяўнасць Рагвалода Усяславіча. Існаванне дачкі Усяслава было вынікам павярхоўнага вывучэння крыніц.
Вызначэнні княжанняў Усяславічаў пасля смерці бацькі таксама спрэчныя. Пэўна вядома, што Барыс княжыў у Полацку, а Глеб у Мінску. Рэтраспектыўна месцам княжання Давыда вызначаюць Ізяслаўль, а Святаслава — Віцебск. Расціслаў пазнейшымі крыніцамі звязаны з Вільняй. Рамана летапіс называў князем полацкім, але гэта агульнае вызначэнне і яго ўдзел не вядомы, ён быў выгнаны з Полацкай зямлі кімсьці з братоў і жыў у Разані або Мураме.
Пытанне пра княжацкі знак
[правіць | правіць зыходнік]Асабісты знак Усяслава Брачыславіча не вядомы. На думку Сяргея Бялецкага, асабістым знакам яго бацькі — Брачыслава Ізяславіча — была выява трызуба з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і трохвугольнай ножкай, якая абапіраецца на крыж. Знак падобны да таго, што прыпісваюць Ізяславу Уладзіміравічу і дапоўнены крыжам у аснаванні. Паводле ж Бялецкага, крыжападобная вяршыня цэнтральнага зубца была прыкметай Ізяславічаў Полацкіх. Пры археалагічных раскопках у Мінску знойдзены фрагмент рогавага кісцяня з выявай трызуба з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і, напэўна, з крыжам у аснаванні, але без трохвугольнай ножкі, Бялецкі прыпісвае гэты знак Усяславу Брачыславічу[11].
Пры археалагічных раскопках знойдзены выявы княжацкага знака канца ХI — пачатку ХIІ ст. — трызуб з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і з выгнутымі вонкі бакавымі зубцамі, у аснаванні без ножкі. На думку С. Бялецкага, трызубы без ножак маглі быць знакамі княгінь — жонак Рурыкавічаў. Крыжападобная вяршыня цэнтральнага зубца, на думку Бялецкага, была прыкметай Ізяславічаў Полацкіх, таму гэты знак ён прыпісвае жонцы Усяслава Брачыславіча. Выявы знойдзены ў Драгічыне — Семятыцкі павет, Падляскае ваяводства, Польшча (на 2-х пломбах), Ноўгарадзе (на пломбе), і на востраве Ледніцкім — возера Ледніца, Малапольскае ваяводства, Польшча (на фрагменце рогавага кісценя)[12].
У літаратуры і мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]У сярэдневяковых творах
[правіць | правіць зыходнік]У творы старажытнарускай літаратуры «Слова пра паход Ігараў» (кан. XII ст.) апісваецца захоп Усяславам Ноўгарада і бітва на Нямізе[4]. Усяслаў прадстаўлены ведзьмаком і пярэваратнем, які актыўна «шукаў» кіеўскага вялікакняскага прастолу — тады як, па летапісу, ён хутчэй апынуўся на ім не па сваёй волі. Акрамя таго, звестка пра наведванне Усяславам Тмутаракані не пацвярджаецца летапісамі. Не ўсе месцы ў гэтым творы тлумачацца адназначна.
Аўтар «Слова» падае таксама «прыпеўку» пра Усяслава, складзеную яго сучаснікам Баянам, прыдворным спеваком Яраславічаў, дзе той пагражае Усяславу Божым судом:
"На седьмомъ вѣцѣ Трояни връже Всеславъ жребій о дѣвицю себѣ любу. Тъй клюками подпръся окони, и скочи къ граду Кыеву, и дотчеся стружіемъ злата стола кіевскаго. Скочи отъ нихъ лютымъ звѣремъ въ плъночи изъ Бѣлаграда, обѣсися синѣ мьглѣ, утръ же воззни стрикусы, отвори врата Новуграду, разшибе славу Ярославу, скочи влъкомъ до Немиги съ Дудутокъ.
На Немизѣ снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными, на тоцѣ животъ кладутъ, вѣютъ душу отъ тѣла. Немизѣ кровави брезѣ не бологомъ бяхуть посѣяни, посѣяни костьми рускихъ сыновъ.
Всеславъ князь людемъ судяше, княземъ грады рядяше, а самъ въ ночь влъкомъ рыскаше: изъ Кыева дорискаше до куръ Тмутороканя, великому Хръсови влъкомъ путь прерыскаше. Тому въ Полотскѣ позвониша заутренюю рано у святыя Софеи въ колоколы, а онъ въ Кыевѣ звонъ слыша. Аще и вѣща душа въ друзѣ тѣлѣ, нъ часто бѣды страдаше. Тому вѣщей Боянъ и пръвое припѣвку, смысленый, рече: «Ни хытру, ни горазду, ни птицю горазду суда Божіа не минути!»
У былінах кіеўскага цыкла Усяслаў выступае як асілак і чарадзей , здольны перакідвацца зверам. Асоба Усяслава і падзеі кіеўскага паўстання 1068 года адбіліся ў быліне «Волх Усяславіч»[4]; тут папулярны ў народзе герой таксама вызвалены паўсталымі гараджанамі з вязніцы; яго апанент — не Ізяслаў, а агульнаэпічны «князь Уладзімір»; паўтараецца вядомы па «Слову пра паход Ігараў» матыў пярэваратніцтва галоўнага героя. Згадваецца таксама барацьба з палавецкім ханам Шаруканам (Шарк-волат, Кудраванка-цар), які скарыстаўся кіеўскім паўстаннем для набегу на Русь.
На думку Барыса Рыбакова, Усяслаў Полацкі мог быць паганцам і трымацца дахрысціянскіх вераванняў або быў дваяверцам .
У творах XIX ст. і найноўшага часу
[правіць | правіць зыходнік]Усяслаў Брачыславіч — галоўны антыгерой паэмы Янкі Купалы «Машэка» і адпаведна фільма «Магіла льва».
Галоўны герой цыкла апавяданняў Ніка Перумава «Я, Усяслаў» і гістарычнага рамана Леаніда Дайнекі «След ваўкалака» («Трапой Чарадзея»), персанаж гістарычнай аповесці Лізаветы Дварэцкай «Скарбы Харальда».
Усяслаў Волкаў (Венцлаў або Вячаслаў Волхв), князь полацкі — адзін з галоўных герояў цыкла раманаў Андрэя Валянцінава «Вока Сілы», дзе шырока развіваецца тэма нечалавечай сутнасці князя.
Усяславу прысвечаны гістарычны нарыс «Усяслаў Чарадзей» Сяргея Тарасава (2012).
Песню пра Усяслава спявае Пелагея («Оборотень-князь», альбом «Тропы »)
У выяўленчым мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]Усяславу Брачыславічу прысвечана значная колькасць мініяцюр Радзівілаўскага летапісу (ХV ст.), прататыпы гэтых мініяцюр магчыма створаны ў ХI ст.
- Андрэй Рабушкін , ілюстрацыя «Вольга (Волх) Усяславіч» да кнігі «Рускія былінныя багатыры» (1895).
- Іван Білібін, ілюстрацыя «Вольга са сваёй дружынай» да быліны пра Вольгу Святаславіча, або Волха Усяславіча, у вобразе якога, на думку даследчыкаў, выяўлена асоба Усяслава Брачыславіча (1903).
- Карціны Язэпа Драздовіча:
- «Усяслаў Полацкі ў порубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі);
- «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй» (1944, Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) НАН Беларусі);
- «Пярсцёнак Усяслава Чарадзея» (1940—1946, Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі).
- Карціна Пётры Сергіевіча «Усяслаў Полацкі з воямі адпраўляецца на вайну» (1932).
-
А. П. Рабушкін. Вольга Усяславіч.
-
І. Я. Білібін. Вольга са сваёй дружынай.
-
Я. Н. Драздовіч. Усяслаў Полацкі ў порубе пад палатамі кіеўскага князя.
-
Я. Н. Драздовіч. Усяслаў Чарадзей пад Гародняй.
-
Я. Н. Драздовіч. Пярсцёнак Усяслава Чарадзея.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]- «Усяслаў» (руск.: «Всеслав») — ветразевы лінейны карабель Балтыйскага флоту Расійскай імперыі ў 1782—1798 гадах.
- Памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Усяслаў Полацкі» (першыя ў серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы»). Наміналы — 1 рубель (медна-нікелевая) і 20 рублёў (срэбная). Дызайн Святланы Заскевіч (Беларусь), чаканка ЗАТ «Літоўскі манетны двор» (Літва). Выпушчаны ў зварот 28 снежня 2005 года[13].
- Помнік у Полацку на скрыжаванні вуліц Еўфрасінні Полацкай і Кастрычніцкай. Скульптары Аляксандр Прохараў, Сяргей Ігнацьеў, Леанід Мінкевіч, архітэктар Дзмітрый Сокалаў. Ліццё прадпрыемства «Ліцейны двор» (Пухавіцкі р-н), бронза. Адкрыты 1 верасня 2007 года.
-
Манета «Усяслаў Полацкі», рэверс.
-
Помнік Усяславу Брачыславічу ў Полацку.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ А. Э. Всеслав Брячиславич // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VII. — С. 403–404.
- ↑ Русский биографический словарь / пад рэд. A. Polovtsov — СПб.: 1905. — Т. 14.
- ↑ Pas L. v. Genealogics — 2003.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н БС. Т. 5 1982, с. 129.
- ↑ Насевіч, В. Ізяславічы / В. Насевіч, А. Іоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 476—477. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Всеслав // Словарь русских личных имен / Сост. Н. А. Петровский. — М.: «Русский язык», 1980. — 384 с. (руск.)
- ↑ Въ лѣто 6574 (1066) // Новгородская первая летопись старшего извода.
- ↑ Семянчук Г. Усяслаў Брачыславіч, князь полацкі (штрыхі да гістарычнага партрэта) Архівавана 2 ліпеня 2007. // Białoruskie zeszyty historyczne. 2002. № 28. (Гл. гэты ж артыкул у ARCHE (2’2004) Архівавана 2 лістапада 2007., дапоўнены і перапрацаваны.)
- ↑ Поучение Владимира Мономаха
- ↑ Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ — ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998. — 260 с.
- ↑ Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси // «Повесть временных лет». — СПб., Вита Нова, 2012. — С. 434, 441—443, 449, 450, 452. (руск.)
- ↑ Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси // «Повесть временных лет». — СПб., Вита Нова, 2012. — С. 455. (руск.)
- ↑ Памятныя манеты «Усяслаў Полацкі» Архівавана 11 жніўня 2014. // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алексеев, Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х — XIII вв. — М., 1975.
- Всеслав Брячиславич // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — С. 129. — 737 с. — 50 000 экз.
- Скварчэўскі, Д. В. Нябесныя знакі падчас кіравання полацкага князя Усяслава Брачыславіча // Віцебскія старажытнасці: матэрыялы навук. канф., прысвеч. 90-годдзю з дня нараджэння Л. В. Аляксеева, 28-29 кастр. 2010 г., Віцебск / Упр. культуры Віцеб. аблвыканкама, Віцеб. абл. краязн. музей; рэдкал.: Г. У. Савіцкі [і інш.]. — Мінск: Медисонт, 2012. — С. 323—328.
- Загарульскі, Э. М. Заходняя Русь: ІХ — ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998. — 260 с.
- Заяц, Ю. А. Полоцкий князь Всеслав и Ярославичи в 1065—1066 г.: от Пскова до Белгорода // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 4. — Мінск, 1994. — С. 91—93.
- Леонардов Д. С. Полоцкий князь Всеслав и его время. — Полоцко-Витеб. старина, издав. Витеб. Учен. архивной комис., 1912, вып. 2, с. 121—216; 1916, вып. 3, с. 85—180.
- Ліньнікава, М. Новае пра Ўсяслава Чарадзея // Спадчына. 1994. № 3. С. 69.
- Самонова М. Н. Династическая политика Всеслава Брячиславича и именослов его сыновей // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. — Вып. 15. — Минск: РИВШ, 2022. — ISSN 2079—1488 — С. 31-43.
- Семянчук, Г. Усяслаў Брачыславіч, князь полацкі (штрыхі да гістарычнага партрэта) Архівавана 2 ліпеня 2007. // Białoruskie zeszyty historyczne. 2002. № 28. (гл. гэты артыкул у ARCHE (2’2004) Архівавана 2 лістапада 2007., дапоўнены і перапрацаваны)
- Шаланда А. Cымболіка й геральдыка Полацкае дзяржавы ў Х—ХV стст. // Спадчына № 6, 2003.
- Князь полоцкий Всеслав по прозванию Чародей. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2017. — 128 с.; илл. — ISBN 978-985-471-996-2
- Banaszkiewicz J. Polskie dzieje bajeczne mistrza Wincentego Kadłubka. — Wrocław 2002. ISBN 83-229-2302-3.
- Bartoszewicz J. Historja pierwotna Polski T. 3. — Warszawa, 1879.
- Karpiński F. Judyta, królowa polska. Trajedya — Lipsk, 1836.
- Szujski J. Dzieje Polski podług ostatnich badań T. 1. Piastowie. — Lwów 1862.
- Штыхаў, Г. Усяслаў Брачыславіч / Г. Штыхаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 15—16. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Нарадзіліся 29 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1029 годзе
- Нарадзіліся ў Полацку
- Памерлі 14 красавіка
- Памерлі ў 1101 годзе
- Памерлі ў Полацку
- Пахаваныя ў Полацку
- Ізяславічы Полацкія
- Асобы
- Памерлі 21 красавіка
- Князі Полацкай зямлі
- Князі полацкія
- Вялікія князі кіеўскія
- Кіраўнікі Еўропы XI стагоддзя
- Военачальнікі Старажытнай Русі
- Персанажы Слова пра паход Ігараў
- Усяслаў Брачыславіч