Докшыцы
Горад
Докшыцы
| ||||||||||||||||||||||||||||||
До́кшыцы[2] (трансліт.: Dokšycy) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Докшыцкага раёна, у вярхоўях р. Бярэзіна. Размешчаны за 200 км ад Віцебска, 12 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янава на лініі Маладзечна — Полацк, аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Вілейкай, Ушачамі, Глыбокім, Лепелем і Бягомлем. Насельніцтва 6 827 чал. (2017)[3].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Докшыцы балцкага адыменнага паходжання.
Паходзіць ад антрапоніма тыпу літоўскага Dakšas, Dokšas, латышскага Dakša. Корань Dak-, які тут з антрапанімічным фармантам -š-, таксама ў антрапоніме Dakanis. Яны звязаныя з літоўскім dakyti, dakanoti «трапаць, растрэпваць; дзерці, раздзіраць»[4].
Паходжанне назвы Докшыцы ад балцкага антрапоніма падтрымліваў В. Жучкевіч. Ён падаваў беларускія прозвішчы балцкага паходжання Докаш, Докіш і тлумачыў іх праз значэнне «лахманы»[5].
Антрапонім тыпу Dakšas значыў «растрэпа» (неахайны чалавек).
Такім самым чынам утварыліся і назвы Смаргонь і Кушляны — ад антрапонімаў Smurgis «смаркач» (хто сморкаецца) і Kušlys «сляпец» (хто падслепаваты).
Докшыцкую назву таксама звязвалі з прускімі тапонімамі Dexiten, Dechsen[6][7].
Таксама існуе зусім адвольнае меркаванне, што назва Докшыцы ўтварылася ад кельцкага «док» — месца малацьбы[8].
У прывілеях вялікіх князёў (на лаціне) згадваюцца як Doxiczane[9], так зборна называліся докшыцкія жыхары («дакшычане»).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай
[правіць | правіць зыходнік]Докшыцы ўзніклі не пазней за XIV ст., як сяло ў складзе Харэцкай воласці, частка якой належала віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду, удзельніку Грунвальдскай бітвы. Упершыню Докшыцы ўзгадваюцца ў грамаце вялікага князя літоўскага Вітаўта, выдадзенай 13 студзеня 1407 г. у Вільні. У ёй Манівід атрымаў пацверджанне на сёлы і сялян-даннікаў у Харэцкай воласці, сярод якіх названы даннікі «доксычане» (doxyczane). Пасля смерці Манівіда (1423) Докшыцы перайшлі да яго сына Яна (Івашкі) Манівідавіча, у 1485 г. — да Войцеха, сына Яна (Івашкі). Пасля яго смерці (1475) спадкаемцамі манівідавай спадчыны сталі дзве сястры — Ядвіга (жонка Алехны Судзімонтавіча) і Соф’я (жонка Мікалая Радзівілавіча). Пры падзеле спадчынай уласнасці частка двароў у Докшыцах дасталася Ядвізе, частка — Соф’і.
У далейшым Докшыцы зведалі яшчэ большае драбленне паміж уласнікамі. Доля Ядвігі адышла да яе дачкі Соф’і, якая ў канцы XV ст. выйшла замуж за князя Аляксандра Юр’евіча Гальшанскага, а пасля смерці (1517) была падзелена паміж чатырмя яе дочкамі і сынам Паўлам, віленскім біскупам. З іх доля ў Докшыцах дасталася Ганне Гальшанскай (жонка Мікалая Юр’евіча Паца), потым яе сынам. Доля ж Соф’і Радзівілавай перайшла да яе чатырох сыноў — Мікалая, Яна, Юрыя і Войцеха. Пасля смерці апошняга з іх (1519) адбыўся чарговы падзел уладанняў. Частка даннікаў з Докшыц адышла да старэйшага з братоў — Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, пазней віленскага ваяводы (памёр у 1521 г.). Яго спадкаемцамі сталі жонка Альжбета і тры сыны — Мікалай, Ян і Станіслаў, якія ў 1526 г. падзялілі бацькоўскія ўладанні.
У 1536 г. сярод спадчыны Мікалая Мікалаевіча Радзівіла ўспамінаюцца «докшыцкія людзі», памер іх штогадовай даніны складаў 36 пудоў мёду. З трох братоў Радзівілаў апошні, Ян, памёр у 1542 г., пасля чаго гэтага частка Докшыц перайшла ва ўласнасць трох яго дачок. Да 1565 г. дзве з іх памерлі бяздзетнымі. Бацькоўская спадчына адышла да трэцяй сястры — Ганны, якая была жонкай (з 1554 г. удавой) Станіслава Пятровіча Кішкі. У 1560 г. ёй належалі 48 двароў (службаў) у Докшыцах, дзе ў той час ужо існавала царква.
Род князёў Гальшанскіх, уладальнікаў судзімонтаўскай часткі Докшыц, згас са смерцю біскупа Паўла ў 1555 г. Спадчына адышла да нашчадкаў па жаночай лініі. Імі сталі дзве дачкі Ядвігі Гальшанскай ад шлюбу з Янам Літаворам Храбтовічам, а таксама дзеці Ганны Гальшанскай. Судзімонтаўская спадчына была падзелена паміж імі на невялікія долі. Адзін з сыноў Ганны Гальшанскай і Мікалая Паца, Дамінік, у 1557 г. прадаў частку даннікаў «на Руси в Довкишчах» Станіславу Садоўскаму, служэбніку Ганны Кішчынай. Апошняя ў красавіку 1560 г. купіла долю Садоўскага ў Докшыцах за 300 літоўскіх грошай, а праз шэсць месяцаў падаравала докшыцкіх даннікаў («отчизных» і купленных «на вечность») служэбніку Пятру Скалдзіцкаму. У 1561 г. Ганна набыла ў Станіслава Мікалаевіча Паца са згоды яго братоў Мікалая, Дамініка і Паўла («маючи от всее братии моц») іх долю ў Докшыцах, якая налічвала «полтори службы» людзей. Заставалася яшчэ адна частка Докшыц, што належала сястры Ганны Гальшанскай Ядвізе, потым дачцэ апошняй Ганне і яе мужу Юрыю Осціку. У 1569 г. іх сын Мікалай Юр’евіч Осцік падараваў гэту частку Докшыц свайму зяцю, князю Льву Сангушку-Кашырскаму. Далейшы след яе не прасочваецца.
Паводле адміністрацыйнай рэформы, якая была праведзена ў Вялікім Княстве Літоўскім (1565—1566), Докшыцы ўваходзілі ў склад Менскага павета. У час Інфлянцкай вайны (1558—1582) ваколіцы Докшыц з’яўляліся адной з апорных баз войск Рэчы Паспалітай. Пасля смерці (1600) Ганны Кішчынай Докшыцы належалі яе сыну Станіславу Кішку (памёр у 1617 г.), а фактычна сынам апошняга. З іх Станіслаў Станіслававіч Кішка (каля 1577 — 1626) перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і пазней стаў жамойцкім біскупам, у 1608 г. ён заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл і падараваў яму фальварак Туркі.
У 1621 годзе Докшыцы атрымалі статус мястэчка, а ў 1622 годзе Станіслаў Кішка падараваў асноўную яго частку (на правым беразе ракі Бярэзіны) з навакольнымі вёскамі Дамашы і Таргуны капітулу жамойцкага біскупства. Левабярэжную частку Докшыц у сярэдзіне XVIII ст. набыў у спадкаемцаў Кішкаў менскі кашталян Юдзінскі, які потым прадаў яе Антонію Гутаровічу.
У час вайны 1654—1667 гадоў Докшыцы моцна пацярпелі. У 1655 годзе праз беларускія землі па лініі Слуцк — Менск — Докшыцы — Дзісна планавалася правесці мяжу паміж Масквой і Швецыяй, але маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч адмовіўся ад прапановы шведскага боку. У Паўночную вайну 1700—1721 гадоў Докшыцы ў 1708 годзе апынуліся на шляху шведскага корпуса генерала А. Левенгаўпта. Шведы спалілі мястэчка і касцёл. У 1745 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла (асвячоны у 1753 г.), пры якім у 1781 г. са згоды Папы Рымскага Пія VI пачало працаваць брацтва св. Тройцы.
У складзе Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Докшыцы былі далучаны да Расійскай імперыі, сталі цэнтрам Докшыцкага павета. У 1795 г. яны атрымалі статус горада, 22 студзеня 1796 г. — герб: у зялёным полі два ўзгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іхніх гарлавін цякуць сярэбраныя крыніцы, якія адзначаюць рэкі Вілію і Бярэзіну. З 1797 г. Докшыцы ў складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні, заштатны горад, які хутка зноў стаў называцца мястэчкам. Уладанні жамойцкага біскупства, канфіскаваныя расійскім урадам, былі перададзены генерал-маёру расійскіх войск В. Мілашэвічу.
У 1800 г. мястэчка налічвала 152 двары, з якіх Мілашэвічу належалі 106 (35 хрысціянскіх і 71 яўрэйскіх), 42 двары (у тым ліку 12 яўрэйскіх) складалі частку ўдавы Людвігі Гутаровічавай і называліся Докшыцкай Слабадой. Яшчэ 4 двары былі заселены чыншавай шляхтай і належалі плябаніі мясцовага касцёла. Усяго насельніцтва складала 1118 чал. (507 мужчын і 611 жанчын). У мястэчку існавалі яўрэйская школа і 2 уніяцкія царквы (па адной у частках Мілашэвіча і Гутаровічавай), якія ў 1843 г. былі ператвораны ў праваслаўныя. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Святой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе — у дзень Узвіжання Святога Крыжа.
Маёнтак Мілашэвіча ахопліваў шэраг навакольных вёсак (Валасатку, Вецяры, Плітніцу, Таргуны і інш.). Пазней ён быў вернуты ў скарб. У 1812 г. скарбавая частка мястэчка налічвала 99 двароў. Докшыцкая Слабада (Лісоўшчына) была ў той час уласнасцю Ігнацыя і Бенядзікта Пяткевічаў. У час вайны 1812 года праз Докшыцы ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Я. Багарнэ, а ў кастрычніку — адступаючыя часткі корпуса генерала К. Ф. Врэдэ, якія разрабавалі мястэчка. У час паўстання 1830-31 у красавіку — маі 1831 г. каля Докшыц адбыліся баі вілейскіх паўстанцаў С. Радзішэўскага з царскімі войскамі.
У 1824 г. у мястэчку дзейнічала суконная майстэрня Давіда Шапіры. У ёй працавалі тры майстры і чатыры рабочыя, якія абслугоўвалі 2 ткацкія станкі. Д.Шапіру (купцу 3-й гільдыі) належалі ў Докшыцах 3 крамы. Пасля скасавання прыгоннага права ў 1861 г. Докшыцы сталі цэнтрам аднайменнай воласці. У 1863 г. тут была пабудавана новая праваслаўная царква на сродкі, адпушчаныя ўрадам. У склад прыхода акрамя праваслаўных вернікаў Докшыц уваходзілі жыхары навакольных вёсак Альхоўка, Валасатка, Дамашы, Загарані, Кожына, Козікі, Крыкуны, Лапуты, Лаці, Плітніца, Свіное, Таргуны, Туркі і Янкі.
У 1868 г. у Докшыцах пражывала 1613 жыхароў (801 мужчына і 812 жанчын), у тым ліку 310 праваслаўных, 241 католік, 12 магаметан, 1050 яўрэяў, сярод месцічаў — 62 рамеснікі; меліся 1 мураваны і 266 драўляных дамоў, мураваная царква, драўляны касцёл, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы, 22 лаўкі, 17 шынкоў, 3 бровары і паравы млын. У Докшыцах штотыднёва праходзілі кірмашы (больш значныя праводзіліся ў аўторак на масленічным тыдні і ў свята Прачыстай 15 жніўня), на якіх пераважна прадаваліся азімае і яравое збожжа, лён, буйная рагатая жывёла, коні розныя тавары і інш.
Да 1870-х гг. у Докшыцах дзейнічалі магістрат (ратуша) і дума (потым — гарадское спрошчанае кіраванне), у 2-й палове 19 ст. размяшчаліся валасное праўленне, кватэра прыстава 3-га стана Барысаўскага павета, паштовая станцыя, працавала народнае вучылішча. На працягу XIX ст. канчаткова сфармавалася вулічная сетка Докшыц (цэнтральныя Барысаўская, Даўгінаўская, Глыбоцкая і Полацкая вуліцы, да іх прымыкалі — Ветраная, Сянная, Татарская і інш.). У канцы 19 ст. ў Докшыцах пачалі дзейнасць пазыка-ашчаднае і пажарнае таварыствы.
Паводле перапісу насельніцтва 1897 года ў Докшыцах пражывала 3642 жыхары (у 1904 г. — 4103), сярод якіх 119 дваран, 6 святароў, 30 купцоў, 3124 мешчаніны, 337 сялян, 14 іншаземцаў. Па веравызнанні — 439 праваслаўных, 1 старавер, 361 католік, 4 пратэстанты, 75 магаметан, 2762 іўдзеі. Агульная пісьменнасць жыхароў складала 40,6 % (усяго па губерні — 17,8 %). У 1904 г. ў Докшыцах налічвалася 435 драўляных і 1 мураваны дамоў, 2 гасцініцы, 2 сукнавальні (працавалі 3 рабочыя), 1 аптэка і 2 аптэкарскія крамы. З 1902 г у Докшыцах працавала 2-класнае пачатковае вучылішча (з 1907 г. — 4-класнае, з 1913 г. — вышэйшае пачатковае).
У пачатку XX ст. ў Докшыцах і наваколлі была вядома батлейка Патупчыка (асабліва папулярнымі з’яўляліся пастаноўкі «Мікіта» і «Земскі Арскі»).
Першая сусветная і Грамадзянская вайна ў Расіі
[правіць | правіць зыходнік]Падчас Першай сусветнай вайны Докшыцы былі прыфрантавым горадам, у верасні 1915 года горад нядоўга займалі германскія войскі. У снежні 1917 годзе Докшыцы заняты бальшавікамі. У лютым—лістападзе 1918 года горад акупаваны германскім войскамі. У сакавіку 1918 года Докшыцы ўваходзяць у склад абвешчанай БНР. З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 года Докшыцы заняты польскімі войскамі. Докшыцы з ваколіцамі былі зонай баявых дзеянняў падчас бітвы на Бярэзіне ў 1920 годзе.
У складзе Польскай Рэспублікі (1921—1939)
[правіць | правіць зыходнік]Паводле Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе Докшыцы ўвашлі ў склад Польскай Рэспублікі, былі цэнтрам Докшыцкай гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1924—1939 гадах на тэрыторыі Докшыцкай гміны дыслакавалася 4-я памежная рота «Докшыцы».
Другая сусветная вайна і БССР
[правіць | правіць зыходнік]У 1939 годзе, на трэці тыдзень Другой сусветнай вайны, горад як і ўсю Заходнюю Беларусь заняла Чырвоная Армія паводле сакрэтных атрыкулаў да нямецкага-савецкага Дагавора пра ненапад. Паводле гэтых дамоўленасцяў СССР з Нацысцкай Германіяй, з 1939 года Докшыцы апынуліся ў складзе БССР. Докшыцы атрымалі статус горада 15 студзеня 1940 года, сталі цэнтрам раёна ў Вілейскай вобласці. Станам на 1940 год -- 3,6 тысячы жыхароў.
Пачатак нямецка-савецкай вайны
[правіць | правіць зыходнік]Докшыцы з 9 ліпеня 1941 года акупаваны нямецкімі (нацысцкімі) захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 4931 чалавек. У Докшыцах стаяў гарнізон, на які неаднаразова нападалі партызаны. 29 мая 1942 года ліквідавана Глыбоцкае гета з 2653 чалавек яўрэйскага насельніцтва[10]. Горад зноў заняты Чырвонай Арміяй 2 ліпеня 1944 года.
Пасляваенны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]У снежні 1962 — студзені 1965 гадоў Докшыцы ўваходзілі ў склад Глыбоцкага раёна. У 1959 годзе жыло 2,1 тысяч чалавек, у 1971 — 3,9 тысяч.
-
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Здымак Юзафа Барэці, 1894
-
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, пачатак XX ст.
-
Царква Яна Багаслова
-
Сінагога
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVIII стагоддзе: 1800 год — 1 118 чал.
- XIX стагоддзе: 1868 год — 1 613 чал.; 1897 год — 3 642 чал, з іх паводле стану 119 шляхты, 6 духоўнага стану, 30 купцоў, 3 124 мяшчан, 337 сялян, 14 іншаземцаў; паводле веры 439 праваслаўных, 361 каталік, 1 старавер, 4 пратэстанты, 75 магаметанаў, 2 762 іўдзеі.
- XX стагоддзе: 1904 год — 4 103 чал.; 1921 год — 3 004 чал.; 1939 год — 3,6 тыс. чал.; 1959 год — 2,2 тыс. чал.; 1971 год — 3,9 тыс. чал.; 1991 год — 7,2 тыс. чал.[11]; 1993 год — 7,4 тыс. чал.[12]
- XXI стагоддзе: 2004 год — 7,0 тыс. чал.; 2006 год — 6,9 тыс. чал.[13]; 2008 год — 6 912 чал.; 2009 год — 6 628 чал. (перапіс)[14]; 2016 год — 6 906 чал.[15]; 2017 год — 6 827 чал.[3]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прадпрыемствы харчовай прамысловасці.
- КУВП «Докшыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў»
- Докшыцкі філіял ААТ «Лепельскі МКК»
- Філіял «Докшыцкі хлебазавод» РУВП «Віцебскхлебпрам»
Ахова здароў'я
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе дзейнічае Докшыцкая раённая цэнтральная бальніца.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Праз Докшыцы праходзяць аўтамабільныя дарогі Р3 (Лагойск — Глыбокае — граніца Латвіі), Р29 (Ушачы — Вілейка) і Р86 (Багушэўск (ад М8) — Лепель — Мядзел).
Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэнне з Мінскам, Віцебскам і інш.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць гарадскі цэнтр культуры, дом рамёстваў, 2 бібліятэкі.
У горадзе праводзіцца «Фестываль дзвюх рэк»[16].
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У Докшыцах працуюць:
- сярэдняя школа № 1 г. Докшыцы;
- сярэдняя школа № 2 г. Докшыцы;
- яслі-сад № 1 г. Докшыцы;
- яслі-сад № 2 г. Докшыцы;
- яслі-сад № 3 г. Докшыцы;
- яслі-сад № 4 г. Докшыцы;
- ДУДА «Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі».
Мас-медыя
[правіць | правіць зыходнік]У месце выдаецца раённая газета «Родныя вытокі».
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Генеральны план Докшыц (1977) улічвае захаванне гістарычнага планавання. Асноўная тэрыторыя горада знаходзіцца на правым беразе Бярэзіны. Тут размяшчаецца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Забудова пераважна 1-павярховая, ёсць групы 2—3-павярховых секцыйных будынкаў. З 2010-х гадоў пачалося пашырэнне горада праз пабудову 4-х павярховых дамоў.
Турыстычная інфармацыя
[правіць | правіць зыходнік]У Докшыцах дзейнічае дом рамёстваў (у колішняй драўлянай царкве Св. ап. Іаана Багаслова). Спыніцца можна ў гасцініцы «Докшыцы».
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гістарычная забудова (XVIII — пач. XX стст.; фрагменты)
- Касцёл Найсв. Тройцы (1994)
- Млыны (1920-я)
- Могілкі: польскія ваенныя часоў вайны 1920 р., яўрэйскія, каталіцкія, татарскія (Мізар), праваслаўныя
- Драўляная мячэць (1925), сёння мае значна перабудаваны выгляд
- Сядзіба Мікульскіх (XIX ст.)
- Свята-Пакроўская царква (1900—1903)
- Св. Апостала Іаана Багаслова (1863)
- Брацкая магіла (1941—1944 гады), пл. Палявога, у скверы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000424
- Помнік Герою Савецкага Саюза Аляксандру Іванавічу Чарнышу (1917—1944)[17]
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Капліцы могілкавыя: каталіцкая (XVIII ст.), праваслаўная
- Касцёл Найсв. Тройцы (1608)
- Сінагога
- Сядзіба
- Царква Св. Казьмы і Дзям’яна (грэка-каталіцкая; XVI ст.)
- Докшыцкая сядзіба (XVI ст.)
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
У цэнтры горада
-
Дзіцячая школа мастацтваў
-
Царква
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Мечыслаў Багаткевіч (1904—1942) — блажэнны Рыма-Каталіцкай Царквы, вучыўся ў Докшыцкай польскай гімназіі.
- Эльяху Гат .
- Карл Лупіновіч (1891—1937?) — каталіцкі святар, удзельнік беларускага хрысціянскага руху.
- Віктар Пятровіч Маркавец (1947—2013) — беларускі жывапісец.
- Мікалай Пятровіч Мігун — беларускі фізік.
- Іларыён Мікалаевіч Пляшчынскі — графік і жывапісец.
- Ісраэль Беньямін Розаў .
- Валерый Раманавіч Собаль, беларускі фізік.
- Яўген Антонавіч Таргонскі, беларускі матэматык.
- Ілья Осіпавіч Шлейфер .
- Цадок Эшэль .
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Lietuvių pavardžių žodynas. A-K. Vilnius, 1985. C. 447—448, 510.
- ↑ В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 104.
- ↑ Т. Кашкурэвіч. Касмаграфія і тапаграфія ў крыўскіх легендах пра камяні-краўцы ды пра паходжанне рэк Вялля (Нярыс) і Бярэзіна // Druvis. № 1. 2005. С. 43.
- ↑ В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. Москва, 1975. С. 326.
- ↑ Докшыцкі раён (руск.)(недаступная спасылка). Витебский областной исполнительный комитет (28 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2012. Праверана 6 кастрычніка 2015.
- ↑ В. Насевіч. У складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна / Рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004.
- ↑ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
- ↑ Докшицы // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Вячаслаў Насевіч. Докшыцы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 267.
- ↑ Докшицы // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- ↑ Перепись населения — 2009. Витебская область Архівавана 18 верасня 2010. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Фестиваль двух рек. (руск.) 12 жніўня 2022. Сайт Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 239.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна / Рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004.— 750 с. : іл.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Dokszyce // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. — S. 93.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Докшыцы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Докшыцы на OpenStreetMap
- м. Докшыцы на Radzima.org
- м. Докшыцы Архівавана 3 мая 2009. на Westki.info
- Докшыцы(недаступная спасылка) на Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць Архівавана 6 ліпеня 2011.