Эйшышкес
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Э́йшышкес (літ.: Eišiškės, беларуская назва — Эйшы́шкі) — горад у Літве, на рацэ Вярсяка. Уваходзяць у склад Шальчынінкайскага раёна Вільнюскага павета. Насельніцтва 3575 чал. (2010). Знаходзіцца за 33 км ад Шальчынінкая, за 70 км на паўднёвы захад ад Вільнюса, каля граніцы з Беларуссю.
Эйшышкі — былое магдэбургскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны).
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Паводле падання з Хронікі Быхаўца тапонім «Эйшышкі» ўтварыўся ад імя міфічнага князя жамойцкага Эйкшыса[2]. Варыянты назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Wesisken і Eykschissken (1384), Eyksiskindorfee (1387), Eyxyszki (1492), Ejszyszki (1400), Ейшышки (1470).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Існуе версія, што паселішча было заснаванае ў 1070 годзе Эйшысам, палкаводцам літоўскага князя Эрдзівіла[3]. Першы пісьмовы ўспамін пра Эйшышкі датуецца 1384 годам і змяшчаецца ў дагаворы паміж вялікім князем Вітаўтам і Тэўтонскім ордэнам. Тым часам паводле сведчання гісторыка і этнографа першай паловы XIX стагоддзя Юзафа Ярашэвіча, на яўрэйскіх могілках мястэчка знаходзіўся надмагільны камень з надпісам 1170. У 1398 годзе ў Эйшышках збудавалі першы касцёл. З 1524 года дзейнічала школа.
У часы Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 годзе Эйшышкі захапіла і ўшчэнт зруйнавала войска Маскоўскай дзяржавы, другі раз мястэчка спалілі шведы ў Вялікую Паўночную вайну.
У XVII стагоддзі кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў Эйшышкам магдэбургскае права і герб[4] (адноўленае Станіславам Аўгустам у 1792 годзе). Праз мястэчка праходзіў важны гандлёвы шлях з Вільні ў Кракаў. Станам на 1738 год тут было 56 будынкаў. У другой палове XVIII стагоддзя існавалі школа і ратуша. У 1791 годзе Эйшышкі сталі цэнтрам павета Віленскага ваяводства (з 1793 у Мерацкім ваяводстве)[5].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Эйшышкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Лідскім павеце Віленскай губерні. Станам на 1814 год у мястэчку было 67 будынкаў, на 1829 год — 101 (18 хрысціянскіх і 83 іўдзейскія), на 1863 год — 103. У 1866 годзе працавалі 4 бровары, 2 гарбарні, вадзяны млын. У XIX стагоддзі каля Эйшышак дзейнічала тэлеграфная станцыя на лініі Варшава — Санкт-Пецярбург. У 1847—1852 гадах паводле праекта Тэадора Нарбута тут збудавалі мураваны касцёл Ушэсця Гасподняга. Паводле звестак за 1852—1853 гады ў Эйшышках налічвалася 40 цэхавых рамеснікаў і найбольшая сярод мястэчак Лідчыны колькасць рамесных спецыяльнасцей.
У Першую сусветную вайну Эйшышкі занялі нямецкія войскі. Увосень 1918 года тут сфарміравалася самаабарона — польская ваенная арганізацыя, мэтай якой была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Узначаліў яе капітан Казімір Ільцэвіч[6]. 7 чэрвеня 1919 года Эйшышкі разам з усім Лідскім паветам увайшлі ў склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Усходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[7].
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Эйшышкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны. За польскім часам мястэчка называлі «Віленскім прадмесцем», бо перакупнікі з Вільні прыязджалі сюды набываць разнастайныя прадукты[8].
У 1939 годзе Эйшышкі былі перададзены Літве. 3 жніўня 1946 паселішча атрымала статус горада. У 1950 Эйшышкес стаў цэнтрам раёна (з 1972 у Шальчынінкайскім раёне).
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1820 — 333 чал.; 1829 — 797 чал., з іх 75 хрысціян і 722 юдэі[9]; 1863 — 706 чал.; 1866 — 715 чал., з іх 89 каталікоў, 16 праваслаўных, 610 іўдзеяў[10]; 1869 — 741 чал.[11]; 1885 — 706 чал.[12]; 1897 — 3196 чал., у тым ліку 2376 іўдзеяў
- XIX стагоддзе: 1905 — 2448 чал.; 1921 — 2382 чал.; 1938 — 3188 чал.; 1959 — 2532 чал.; 1970 — 3481 чал.; 1974 — 3600 чал.; 1976 — 3700 чал.; 1979 — 3467 чал.; 1989 — 3789 чал.
- XXI стагоддзе: 2001 — 3765 чал.; 2010 — 3575 чал.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У Эйшышкесе працуюць 3 сярэднія, музычная і спартыўная школы, дашкольныя ўстановы.
Культура і спорт
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць бібліятэка, 2 спартыўныя залы.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гістарычная забудова (XIX — пачатак XX стагоддзяў; фрагменты)
- Замчышча
- Касцёл Ушэсця Гасподняга (1847—1852)
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Ратуша (XVIII стагоддзе)
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Замчышча
-
Касцёл
-
Касцёл, званіца
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- У паваенны час у Эйшышкесе працаваў беларускі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі
- У 2004 каля Эйшышкеса пагранічнікі выявілі трубаправод рэкорднай даўжыні — 3 км, прызначаны для кантрабанды спірту з Беларусі ў Літву[13].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Resident population by city / town at the beginning of the year — State Data Agency of Lithuania, 2023. Праверана 12 лютага 2023.
- ↑ Хроніка Быхаўца
- ↑ І. Соркіна (2008)
- ↑ Уладзімір Міхневіч. Эйшышкі — на старадаўнім тракце з Вільні ў Кракаў праз Варшаву(недаступная спасылка) // «Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё», 10 красавіка 2009.
- ↑ Эйшышкскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 767. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 47-48.
- ↑ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
- ↑ Мірон Брaніслаў Нарбут. Ліда і лідзяне // «Zіemіa Lіdzka», 1997.
- ↑ Іна Соркіна. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ↑ Ejszyszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. S. 319.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 380.
- ↑ Эйшишки // Географическо-статистический словарь Российской империи. T. 5: Таарджалъ — Яя. — СПб, 1885. С. 849.
- ↑ Таццяна Поклад. Памежнікі знайшлі яшчэ адзін спіртавод на беларуска-літоўскай мяжы // «Радыё Свабода», 13 красавіка 2005.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Ejszyszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. S. 319—320.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Эйшышкес