Марыя Магдалена Радзівіл
Марыя Магдалена Радзівіл | |
---|---|
графіня Марыя-Магдалена Янаўна-Крыштафаўна-Самуэлеўна-Казіміраўна Завіша-Кезгайла | |
| |
Нараджэнне |
8 ліпеня 1861[3][4] |
Смерць |
6 студзеня 1945[3][4] (83 гады) |
Месца пахавання | Касцёл Святой Тройцы на Залатой Горцы, Мінск, Беларусь[1][2] |
Род | Завішы |
Бацька | граф Ян Тадэвушавіч Завіша (1822—1887) |
Маці | графіня Марыя Юзафаўна Квілецкая (пам. у 1910 г.). Шлюб у 1855 годзе. |
Муж | Людвік Юзаф Красінскі і Вацлаў Мікалай Радзівіл[5][6] |
Дзеці | (ад графа Людвіка Красінскага) графіня Марыя Людвіка Красінская (1883—1958) |
Веравызнанне | каталічка |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Марыя Магдалена Радзіві́л, (дзявочае 3авіша, у першым шлюбе Красінская; 26 чэрвеня (8 ліпеня) 1861, Варшава, Расійская імперыя — 6 студзеня 1945, Фрыбур, Швейцарыя) — арыстакратка, дзеяч беларускага культурнага руху, мецэнатка.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Належала да графскага каталіцкага роду Завішаў, прадстаўнікі якога поўнасцю пісаліся як «Завіша-Кезгайла граф на Бакштах» і адносіліся ў XVII—XVIII стст. да магнатэрыі Вялікага Княства Літоўскага, займаючы высокія (у тым ліку сентарскія) пасады ў Менскім ваяводстве і іншых рэгіёнах, а таксама пры двары польскага караля і вялікага князя літоўскага. У XIX ст. графы Завішы не займалі высокіх пасад у Расійскай імперыі, а жылі ў сваіх абшырных зямельных уладаннях у Ігуменскім павеце Мінскай губерні, займаючы розныя дваранскія пасады ў Ігуменскім павеце і кіруючы сельскай гаспадаркай у сваіх маёнтках.
Марыя Магдалена Янаўна Завіша нарадзілася 26 чэрвеня (8 ліпеня па новаму стылю) 1861 г. у Варшаве (Расійская імперыя) у сям’і графа Яна Тадэвушавіча Завішы (1822—1887) ад яго жонкі-полькі — графіні Марыі Квілецкай. Марыя Квілецкая адносілася да польскай арыстакратыі і паходзіла з польскіх губерняў Расійскай імперыі.
Марыя была хрышчана ў каталіцтва, атрымаўшы імя «Марыя Магдалена».
У Марыі Магдалены Завішы была яшчэ старэйшая сястра Марыя Ева Янаўна Завіша (1860—1930), якая ўзяла шлюб з князем Міхалам Пятром Радзівілам (1853—1903) — з небароўскай галіны роду Радзівілаў.
Выхаванне і адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Марыя нарадзілася ў Варшаве, але дзяцінства правяла ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні — у родавых маёнтках Жорнаўцы і Кухцічах.
Яе маці графіня Марыя Квілецкая была польскай арыстакраткай-касмапаліткай, што ў першую чаргу адлюстроўвалася ў яе захапленні ўсім французскім і англійскім. Маці даверыла выхаванне сваіх дачок (Марыі Евы і Марыі Магдалены) англійскім і французскім гувернанткам, якія прывілі дзяўчынкам цікавасць да французскай літаратуры і культуры, навучылі бездакорным свецкім манеры і англійскай і французскай мовам[7]. Адначасова з гэтым выхаванне было надзвычай рэлігійным — дзяўчынкі выраслі шчырымі каталічкамі[8]. У Магдалены ў дзяцінстве і юнацтве былі залацістыя валасы, прыгожы авал твару, глыбокія шэрыя вочы, надзвычай белая скура і грацыёзная хада[9]. Пазней Марыя выказвалася, што ў дзяцінстве яе маці больш любіла сваю першую дачку — Марыю Еву[10].
У той жа час на выхаванне Марыі вялікі ўплыў аказаў яе бацька Ян Тадэвушавіч Завіша, які вызначаўся «мясцовым патрыятызмам». Сярод заможных дваран Мінскай губерні (Ваньковічаў, Вайніловічаў, Манюшкаў, Тышкевічаў, Горватаў і іншых) у сярэдзіне XIX ст. стала вельмі папулярным цікавіцца гісторыяй роднага края і беларускамоўным сялянскім фальклорам, што ў Яна Завішы праяўлялася ў прафесійных занятках мясцовай археалогіяй і беларускай этнаграфіяй[11]. Бацька імкнуўся прывіць дочкам любоў да роднай зямлі і сам з’яўляўся для іх прыкладам у гэтай справе. Ён часта браў з сабой Марыю Магдалену і Марыю Еву падчас наведвання вёсак, што размяшчаліся на яго землях (вакол сядзібы ў Кухцічах). З жыхарамі гэтых вёсак (як, дарэчы, даволі часта і дома) бацька размаўляў на беларускай мове, а яго дочкі ведалі мову сялян, а не толькі польскую мову, якую таксама ведалі заможныя каталіцкія маянткоўцы і выкарыстоўвалі пры ліставаннях[11][12]. Гэта ў многім вызначыла кірунак грамадскай дзейнасці Марыі. Вядома, што Марыя добра валодала гутаковай беларускай мовай, але не наважвалася пісаць на ёй[13] i пазней у перапісцы з дзеячамі беларускага i літоўскага культурнага рухаў карысталася польскай мовай[10].
Замежныя падарожжы таксама служылі выхаванню і адукацыі дачок. Так вядома, што восенню 1871 г. граф Ян Завіша і яго дочкі Марыя Ева і Марыя Магдалена былі ў Рыме, дзе сустрэлі землякоў — маладога Эдварда Вайніловіча, які падарожнічаў па Італіі са сваім дзядзькам Люцыянам Вайніловічам і цёткай Геленай Вайніловіч[14].
Маёнткі
[правіць | правіць зыходнік]Бацька Марыі граф Ян Тадэвушавіч Завіша валодаў у Ігуменскім павеце Мінскай губерні значным родавым маёнткам Кухцічы (вёскі Кухцічы, Жарноўцы, Верайцы, Гарадзянец, Гарабікляны і інш.), меў іншыя маёнткі ў Беларусі і Літве, а таксама ўласны палац у Варшаве (Расійская імперыя)[15]. У выніку шлюбу з Квілецкай бацька атрымаў маёнткі ў Велікапольшчы (Варшаўскае генерал-губернатарства). Завішы на працягу некалькіх стагоддзяў валодалі маёнткам Кухцічы, як маглі развівалі гэты край, пабудаваўшы не толькі фальваркі, заводы і школы, але і чыгунку ад Верайцоў да фальварка Градзянец.
Пасля смерці бацькі ў 1887 г. маёнткі і іншая маёмасць былі падзелены паміж дзвюма дочкамі — Марыяй Магдаленай і Марыяй Евай. Магдалена атрымала маёнтак Жарноўкі (які яна атрымала ў пасаг яшчэ ў 1882 г.) і маёнтак Кухцічы (і з’яўлялася апошняй ўладальніцай Кухціцкай сядзібы[15]), што складала 41 000 дзесяцін[16], а таксама маёнткі ў Велікапольшчы (Варшаўскае генерал-губернатарства) і нерухомую маёмасць у Варшаве[17]. 3 студзеня 1889 г. яна афіцыйна ўвайшла ў валоданне сваімі маёнткамі па бацьку[16]. Кіраўніцтва сваімі маёнткамі Марыя перадала свайму першаму мужу графу Людвіку Красінскаму, які з радасцю і поспехам кіраваў імі, гэтак жа, як і сваімі[11]. Але ў сакавіку 1895 г. першы муж Магдалены памёр.
У Мінску Марыя доўгі час арандавала сем пакояў першага паверху ў даходным доме Абрампольскага.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]27 красавіка 1882 г. графіня Марыя Магдалена Завіша ў Варшаве ўзяла шлюб з польскім графам Людвікам Юзафам Красінскім (1833—1895), які быў значна старэйшы за яе і вельмі ў яе закаханы[17]. Яна стала цяпер пісацца як «графіня Марыя Магдалена Красінская». У 1881 г. бацька даў ёй у пасаг маёнтак Жорнаўку (Жарноўкі) у Ігуменскім павеце — 27 000 дзесяцін зямлі[12].
Красінскі быў неардынарнай асобай (захапляўся мастацтвам і меў у сваім польскім маёнтку меў вялікую калекцыю антыкварыяту), а таксама атрымаў славу ўзорнага гаспадара[11]. У сваіх абшырных польскіх маёнтках (Красне, Гулаў, Жулін і інш.) ён пабудаваў і абсталяваў самай новай тагачаснай тэхнікай цагельні, цукроўні, млыны, правёў да іх вузкакалейную чыгунку[11]. Самую вялікую славу сярод польскіх арыстакратаў яму прынесла захапленне конегадоўляй: конезавод графа ў Красне лічыўся лепшым у Варшаўскім генерал-губернатарстве, таму коней, выгадаваных у яго гаспадарцы, куплялі для паляпшэння пароды як мясцовыя каняводы, так і замежныя[11]. Шырокая грамадская дзейнасць графа Красінскага праявілася і ў тым, што ён стаў заснавальнікам філіяла Санкт-Пецярбургскага таварыства падтрымкі расійскай прамысловасці і гандлю, адным з заснавальнікаў і шматгадовым старшынёй музея прамысловасці і сельскай гаспадаркі ў польскіх губернях Расійскай імперыі[11].
Ад першага шлюбу з Людвікам Красінскім Марыя мела адну дачку — графіню Людвіку (Марыю Людвіку) Красінскую (1883—1958), якая была названа ў гонар бацькі і пазней пайшла замуж за князя Адама Людвіка Чартарыйскага (1872—1937)[11].
Яшчэ пры жыцці свайго першага мужа Марыя ў час падарожжа па Еўропе пазнаёмілася ў Велікабрытані з маладым князем Мікалаем Радзівілам (1880—1914), які быў пляменнікам нясвіжскага ардыната Антона Радзівіла і стане другім мужам Магдалены[11].
У сакавіку 1895 г. памёр граф Людвік Красінскі (1833—1895), першы муж Марыі. Аўдавелая арыстакратка і багатая землеўласніца Марыя стала выгаднай нявестай, да якой (па матэрыяльных разліках) адразу пачалі заляцацца з прапановамі рукі і сэрца. Усе яны атрымалі адмову, бо Марыя разумела, што прэтэндэнтаў цікавіць багацце, а не яна сама, таму засталася пакуль удавой[11].
Грамадская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш.
Марыя Радзівіл фінансава падтрымлівала газету «Biełarus» (1913—1916), якая сваімі кансерватыўнымі поглядамі складала ў беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху ідэалагічную канкурэнцыю беларускамоўнай газеце «Наша Ніва», якая мела сацыялістычны ўхіл[18].
Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Раман Скірмунт, Аляксандр Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і інш.; у знак удзячнасці ёй Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».
Марыя Радзівіл у 1917 г. ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. У 1924 г. яно было прададзенае ксяндзом Фабіянам Абрантовічам за 15 тысяч амерыканскіх долараў, а грошы былі перададзеныя ва ўласнасць беларускім айцам-марыянам у Друі[19].
Эміграцыя
[правіць | правіць зыходнік]З канца 1918 г. у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі.
З 1932 г. жыла ў Швейцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам.
У ліпені 2017 года прах Магдалены Радзівіл быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу св. Сымона і Алены, побач з якім жыла княгіня[1]; 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску[20].
Зноскі
- ↑ а б Прах княгіні Магдалены Радзівіл перададзены мінскаму Чырвонаму касцёлу
- ↑ В Минске перезахоронят прах Магдалины Радзивилл Архівавана 6 лютага 2018.
- ↑ а б Lundy D. R. Countess Madeleine Zawiska-Kieygajlo // The Peerage
- ↑ а б Maria Magdalena Radziwiłłowa (z domu Zawisza) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ Radziwiłłowie herbu Trąby — Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
- ↑ Маслянiцына, І. З пакалення «знесеных ветрам» Архівавана 5 сакавіка 2016.; Багадзяж, М. Я — беларуска…
- ↑ Łatyszonek, O. Radziwiłłowa z Zawiszow 1.v. Krasińska Maria Magdalena (1861—1945) // Polski Słownik Biograficzny. — 1987. — С. 398; Багадзяж, М. Я — беларуска…
- ↑ Маслянiцына, І. З пакалення «знесеных ветрам» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ а б Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі… С. 7.
- ↑ а б в г д е ё ж з і Багадзяж, М. Я — беларуска…
- ↑ а б Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі… С. 6.
- ↑ Беларуская літаратурная мова не была яшчэ ўнармавана.
- ↑ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 31.
- ↑ а б Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. Województwo Mińskie, Mścisławskie, Połockie, Witebskie. — С. 90.
- ↑ а б Асіповічы(недаступная спасылка)
- ↑ а б Łatyszonek, O. Radziwiłłowa z Zawiszow 1.v. Krasińska Maria Magdalena (1861—1945) // Polski Słownik Biograficzny. — 1987. — С. 398.
- ↑ Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. — 2010. — С. 126.
- ↑ Такое нямэтавае расходаванне сродкаў пакрыўдзіла княгіню, і яна выказвала свой пратэст (Надсан, 2004).
- ↑ У Менску перапахавалі прах Магдалены Радзівіл . Сайт «Радыё Свабода». Праверана 17 лютага 2018.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Багадзяж, М. Радзівіл Магдалена Іванаўна / М. Багадзяж // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск : БелЭн, 2001. — Т. 6., Кн. 1. — С. 57.
- Багадзяж, М. Я — беларуска… / М. Багадзяж // Беларуская мінуўшчына. — 1996. — № 1.
- Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.
- Латышонак, А. Радзівіл з Завішаў (Красінская) Марыя Магдалена (1861—1945) / А. Латышонак, А. Зенба // Нацыянальнасьць — беларус / А. Латышонак. — Вільня : Інстытут беларусістыкі. Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. — С. 462—464.
- Łatyszonek, O. Radziwiłłowa z Zawiszow 1.v. Krasińska Maria Magdalena (1861—1945) / O. Łatyszonek, A. Zięba // Polski Słownik Biograficzny. — Kraków, 1987. — T. XXX. — S. 398—399.
- Латышонак, А. Нацыянальнасьць — беларус / А. Латышонак. — Вільня : Інстытут беларусістыкі. Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. — 558 с.
- Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі(недаступная спасылка) / А. Надсан. — Мн., 2009. — 2-е выд. — 112 с.
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Піхура, Г. Княгіня Магдалена Радзівіл / Г. Піхура // Грунвальд. — 1991. — № 1.
- Унучак, А. У. «Наша ніва» і беларускі нацыянальны рух (1906—1915 гг.) / А. У. Унучак. — Мінск : Беларуская навука, 2008. — 186 с.
- Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
- Хурсік, В. Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна Радзівіл. — Мінск, 2001. — 112 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Марыя Магдалена Радзівіл у Вікіцытатніку | |
Марыя Магдалена Радзівіл у Вікікрыніцах | |
Марыя Магдалена Радзівіл на Вікісховішчы |
- Асветніца і мецэнатка (да 150–годдзя з дня нараджэння Магдалены Радзівіл) . Віртуальная выстава на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі. Праверана 10 студзеня 2012.
- Колькі кніг выйшла з «Лебедзем»? Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Маслянiцына, І. З пакалення «знесеных ветрам» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Асіповічы(недаступная спасылка) // Памяць. Асіповіцкі раён. — Мінск, 2002. — С.79—102.
- Ведала беларускую мову (інтэрв’ю з В. Хурсікам)[1]