Паштовая адміністрацыя ААН
Паштовая адміністрацыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (англ.: United Nations Postal Administration — UNPA) — паштовая адміністрацыя ААН. Яна выпускае паштовыя маркі і цэльныя рэчы з пазнакай наміналу ў доларах для офіса ААН у Нью-Ёрку, у швейцарскіх франках для офіса ў Жэневе і ў еўра для офіса ў Вене. Спаганяныя паштовыя тарыфы ідэнтычныя тарыфам дзяржавы, дзе размешчаны адпаведны офіс ААН.
Выкарыстанне марак і абмежаванні
[правіць | правіць зыходнік]У кожным канкрэтным офісе ААН могуць быць выкарыстаныя толькі маркі ААН з наміналам у адпаведнай валюце. Аднак на практыцы большасць органаў ААН выкарыстоўвае франкіравальныя машыны, а маркі найчасцей набываюць калекцыянеры і турысты. Паколькі маркі нельга выкарыстоўваць па-за сценамі офісаў ААН, іх можна набыць гуртам на другасным рынку па кошце значна ніжэйшым за намінал.
Як правіла, паштовае адпраўленне трэба прыносіць у офіс ААН і франкіраваць адпаведнымі маркамі ААН. Аднак перыядычна, па дамоўленасці з Паштовай службай ЗША, Паштовая адміністрацыя ААН адкрывае часовыя паштовыя аддзяленні ў іншых месцах, зазвычай на філатэлістычных выставах або на адмысловых мерапрыемствах.
Паштовае ведамства ААН таксама адказнае за сартаванне і дастаўку пошты ў офісы, што знаходзяцца ў яго веданні.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя маркі
[правіць | правіць зыходнік]Ідэю выпуску арганізацыяй марак падаў у 1947 годзе Хасэ Арсэ (José Arce), пасол Аргенціны і прэзідэнт Генеральнай асамблеі ААН, які сам быў філатэлістам (Ліга Нацый ужывала маркі Швейцарыі з наддрукоўкай). Паштовая адміністрацыя ААН была ўтвораная ў выніку заключэння дагавора з ЗША ў 1951 годзе, неўзабаве пасля пераезду ААН у штаб-кватэру ў Манхэтэне. Дагэтуль ААН карысталася паслугамі паштовага ведамства ЗША.
Паштовая адміністрацыя ААН выдала першыя маркі для нью-ёрскага офіса ў 1951 годзе, прымеркаваўшы іх да Міжнароднага дня ААН (24 кастрычніка). Першыя выпускі выклікалі велізарную зацікаўленасць з боку калекцыянераў, раннія камемаратыўныя маркі разышліся мільённымі тыражамі. Самым рэдкім філатэлістычным матэрыялам гэтага перыяду, але ўсё ж дастаткова даступным, з’яўляецца паштовы блок да 10-годдзя ААН (Скот #38), выдадзены тыражом 250 тыс. асобнікаў з памылкай (невялікае белае поле ў правай ножцы літары «n» у слове «Unies») і пазней выпраўлены і дадрукаваны другім тыражом. У цяперашні час рынкавы кошт блоку нават другога выпуску — $200—240.
Да 1957 года камемаратыўныя маркі ААН рэгулярна распрадаваліся, хоць часам дзеля гэтага патрабавалася некалькі месяцаў. Сутыкнуўшыся з такім поспехам, адміністрацыя павялічыла тыражы з аднаго мільёна да пяці. На дзіва, продажы рэзка выраслі, пры гэтым у 1970-я аб’ёмы рэалізацыі кожнай камемаратыўнай маркі вагаліся ў межах 1,5—3 млн асобнікаў.
У 1967 годзе Паштовая адміністрацыя эмітавала пяць марак з наміналамі ў канадскіх доларах для выкарыстання ў павільёне ААН на выставе «Экспа 1967» у Манрэалі. Яні сталі нядзейнымі пасля закрыцця выставы.
У 1968 годзе Паштовая адміністрацыя ААН заключыла ўгоду з паштовым ведамствам Швейцарыі і з наступнага года пачала выпуск паштовых марак з наміналамі ў франках дзеля выкарыстання ў жэнеўскім офісе. Дагавор 1979 года з Аўстрыяй прывёў да выпуску такіх самых марак для офіса ў Вене[1]. Афіцыйнае адкрыццё Міжнароднага цэнтра ААН у Вене адбылося 23 жніўня 1979 года, а наступнага дня ў абарот выйшла першая стандартная серыя з шасці марак паштовага аддзялення ААН у Вене. На дзвюх з іх адлюстраваны будынак Цэнтра.
У 1970-я назіраўся выбух зацікаўленасці ў марках ААН, які сягнуў вяршыні з амаль імгненным распродажам аркушаў па 20 марак, выдадзеных да 25-годдзя Паштовай адміністрацыі: тры з чатырох наміналаў былі цалкам прададзеныя ў дзень выхаду, а чацверты — на працягу 2,5 месяцаў. Аналагічны выпуск у 1979 годзе ў гонар Міжнароднага дня дзіцяці быў рэалізаваны ў дзень выхаду. Гэтая гісторыя трапіла на першую старонку газеты «Нью-Ёрк Таймс». Цягам гэтага ж дзесяцігоддзя выходзілі маркі і каперты першага дня ў падтрымку вызвалення Намібіі[2].
Скандалы
[правіць | правіць зыходнік]Неўзабаве пасля гэтага інтарэс пачаў падаць. Сваю ролю ў гэтым, пэўна, адыгралі і скандалы, звязаныя з наступнымі паштовымі эмісіямі. Напрыклад, у 1981 годзе Паштовая адміністрацыя ААН прысвяціла выпуск неад’емным правам палесцінскага народа. Пра гэты выпуск крытычна азваліся «Таймс» і «Linn’s Stamp News». Марка наміналам 15 цэнтаў стала першай маркай ААН пасля 1954 года, прададзенай у колькасці меней за 1 млн асобнікаў. Далейшае агульнае зніжэнне аб’ёмаў рэалізацыі марак ААН па-праізраільску настроеная грамадскасць звязвае з гэтай эмісіяй.
Хоць рэалізацыя венскіх марак заставалася высокай, аднак вялікая колькасць выпускаў да 1983 года распрадавалася ў аб’ёмах меней за мільён штук. У 1986 годзе сувенірны аркуш у гонар Сусветнай федэрацыі арганізацый ААН стаў першым выпускам, які быў прададзены ў колькасці меней за 500 тысячаў асобнікаў. Дагэтуль маркі ААН ніколі нават не друкаваліся меншымі тыражамі.
Спробы вярнуць зацікаўленасць
[правіць | правіць зыходнік]Імкнучыся павялічыць продажы, Паштовая адміністрацыя ААН спалучае друк марак меншымі накладамі, агрэсіўны маркетынг і залучае да стварэння малюнкаў вядомых мастакоў. Тым не менш, аб’ёмы рэалізацыі марак так і не аднавіліся, сёння яны выходзяць тыражамі парадку 400 тыс. асобнікаў і рэдка калі бываюць распрададзеныя цалкам.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ UN Stamps are the Messengers of Peace (англ.)(недаступная спасылка). About UNPA. United Nations Postal Administration (5 ліпеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2009. Праверана 20 чэрвеня 2023.
- ↑ van den Hurk G. The war in Angola and along the Namibian border, 1975—1988(недаступная спасылка) // A Filatelia Portuguesa. — 2001. — Nº 12 (101). (англ.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Владинец Н. И. Знаки почтовой оплаты Организации Объединённых Наций // Советский коллекционер. — № 12. — 1974. — С. 70—88.
- Драгунов Г., Царицын Г. ООН — 30 лет // Филателия СССР. — 1975. — № 9. — С. 40—42.
- Клочков М. Почта ООН-Сити // Филателия СССР. — 1989. — № 11. — С. 56—59.
- Лепешинский Л. Л. Филателистическая география (зарубежные страны): Справочник. — М.: Связь, 1967. — 480 с (См. Соединённые Штаты Америки.(недаступная спасылка))
- Международный день ООН // Календарь филателиста на 1976 год. — М.: Связь, 1975. — 18—24 октября.
- Туранов А. Перекуём мечи на орала // Филателия СССР. — 1977. — № 4. — С. 41—43. (О Почтовой администрации ООН и её выпусках на тему международного мира и безопасности.)
- Own the Longest United Nations Stamp Series // Mystic Stamp Highlights. — 2007. — Vol. 4. — No. 3. — P. 15. (англ.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт (англ.) (фр.) (ням.) (італ.)