Луі Пастэр
Луі́ Пастэ́р (фр.: Louis Pasteur; 27 снежня 1822 — 28 верасня 1895) — французскі хімік і мікрабіёлаг, член Французскай акадэміі (1881). Пастэр, паказаўшы мікрабіялагічную існасць закісання і многіх хвароб чалавека, стаў адным з заснавальнікаў мікрабіялогіі і імуналогіі. Яго працы ў вобласці будовы крышталёў і з’явы палярызацыі ляглі ў аснову стэрэахіміі[15]. Таксама Пастэр паставіў кропку ў шматвяковай спрэчцы пра самазараджэнне некаторых формаў жыцця ў наш час, эксперыментальным шляхам давёўшы немагчымасць гэтага (гл. Зараджэнне жыцця на Зямлі). Яго імя шырока вядомае ў ненавуковых колах дзякуючы створанай ім і названай пазней у яго гонар тэхналогіі пастэрызацыі.
Раннія гады жыцця
[правіць | правіць зыходнік]Луі Пастэр нарадзіўся ў французскай Юра ў 1822 годзе. Яго бацька, Жан Пастэр, быў гарбаром і ветэранам Напалеонаўскіх войн. Луі вучыўся ў каледжы ў Арбуа, дзе быў наймалодшым вучнем. Тут ён захапіўся чытаннем кніг і змог стаць памагатым настаўніка. Захаваліся лісты Пастэра гэтых гадоў, адрасаваныя сёстрам, у якіх апісана залежнасць «поспеху» ад «жадання і працы». Потым ён атрымаў месца малодшага выкладніка ў Безансоне, працягваючы вучыцца. Там настаўнікі параілі паступіць у Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы, што ў яго атрымалася ў 1843. Скончыў яе ў 1847 годзе.
Пастэр выявіў сябе таленавітым мастаком, яго імя значылася ў даведніках партрэтыстаў XIX стагоддзя. Ён пакінуў партрэты сваіх сясцёр і маці, але ў сувязі з захапленнем хіміяй займацца жывапісам кінуў. Пастэлі і партрэты бацькоў і сяброў, напісаныя Пастэрам ва ўзросце 15 гадоў, зараз выстаўлены і захоўваюцца ў музеі Інстытута Пастэра ў Парыжы. Яго працы былі высока ацэнены — Луі атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў (1840) і ступень бакалаўра навук (1842) у Вышэйшай нармальнай школе. Пасля нядоўгачасовай службы прафесарам фізікі ў Дыжонскім ліцэі ў 1848 годзе Пастэр робіцца прафесарам хіміі ў Страсбургскім універсітэце, дзе ён у 1849 годзе пазнаёміўся з Мары Ларан, дачкой рэктара ўніверсітэта, і пачаў заляцацца да яе. 29 мая 1849 года яны пажаніліся, у шлюбе нарадзілася пяцёра дзяцей, аднак толькі двое з іх дажылі да сталага ўзросту (астатнія трое памерлі ад брушнога тыфу). Перанесеныя асабістыя трагедыі натхнілі Пастэра на пошук прычын і прымусілі паспрабаваць знайсці лекі ад заразных хвароб, такіх як тыф.
У 1854 годзе Луі Пастэр быў прызначаны дэканам новага факультэта прыродазнаўчых навук у Лілі. З гэтай нагоды Пастэр выказаў сваю часта цытаваную пазней заўвагу: «фр.: Dans les champs de l'observation, le hasard ne favorise que les esprits préparés» («У агульнай масе шанец выпадае толькі падрыхтаванаму розуму»). У 1856 годзе ён пераязджае ў Парыж, дзе займае пост дырэктара па навучальнай працы (directeur des études) у Вышэйшай нармальнай школе. Такім чынам, Луі Пастэр бярэ пад свой кантроль Вышэйшую нармальную школу і пачынае правядзенне серыі рэформаў (1858—1867). Сістэма прыёму экзаменаў робіцца больш цвёрдай, што спрыяе паляпшэнню вынікаў, умацаванню ведаў, узмацненню канкурэнцыі і падвышэнню прэстыжу навучальнай установы.
Працы ў вобласці хіміі
[правіць | правіць зыходнік]Першую навуковую працу Пастэр апублікаваў у 1848 годзе. Вывучаючы фізічныя ўласцівасці віннай кіслаты, ён выявіў, што кіслата, атрыманая пры закісанні, валодае аптычнай актыўнасцю — здольнасцю круціць плоскасць палярызацыі святла, тым часам як хімічна сінтэзаваная ізамерная ёй вінаградная кіслата гэтай уласцівасцю не валодае. Вывучаючы крышталі пад мікраскопам, ён вылучыў два іх тыпы, якія з’яўляюцца як бы люстраным адлюстраваннем адзін аднаго. Пры растварэнні крышталёў аднаго тыпу раствор паварочваў плоскасць палярызацыі па гадзіннікавай стрэлцы, а іншага — супраць. Раствор з сумесі двух тыпаў крышталёў у суадносінах 1:1 не валодаў аптычнай актыўнасцю.
Пастэр прыйшоў да думкі, што крышталі складаюцца з малекул рознай структуры. Хімічныя рэакцыі ствараюць абодва іх тыпы з аднолькавай імавернасцю, аднак жывыя арганізмы выкарыстоўваюць толькі адзін з іх. Такім чынам, упершыню была паказана хіральнасць малекул. Як было адкрыта пазней, амінакіслоты таксама хіральныя, прытым у складзе жывых арганізмаў прысутнічаюць толькі іх L-формы (за рэдкім выняткам). У чымсьці Пастэр апярэдзіў і гэта адкрыццё.
Пасля дадзенай працы Пастэр быў прызначаны ад’юнкт-прафесарам фізікі ў Дыжонскі ліцэй, але праз тры месяцы, ужо ў маі 1849 года, па запрашэнні перайшоў ад’юнкт-прафесарам хіміі ва ўніверсітэт Страсбурга. Тут ён вырашыў жаніцца і напісаў дачцэ дэкана ліст з паспяховай прапановай, дзе, у прыватнасці, Пастэр казаў пра сябе наступнае:
У мне няма нічога, што магло б спадабацца маладой дзяўчыне, але, наколькі я ўзгадваю, усе, хто пазнаваў мяне бліжэй, вельмі мяне любілі.
Некаторыя яго доследы ў святле ведаў сучаснай навукі выглядаюць наіўнымі: так, спрабуючы змяніць хімічныя працэсы, што праходзяць у жывёльных арганізмах, Пастэр змяшчаў іх паміж гіганцкімі магнітамі. А з дапамогай вялікага ківачовага механізма спрабаваў, разгойдваючы расліны, ператварыць іх у люстраныя малекульныя адлюстраванні саміх сябе.
Вывучэнне закісання
[правіць | правіць зыходнік]Вывучэннем закісання Пастэр заняўся з 1857 года. У той час панавала тэорыя, што гэты працэс мае хімічную прыроду (Ю. Лібіх), хоць ужо публікаваліся працы пра яго біялагічны характар (Ш. Каньяр дэ Латур, 1837), якія не мелі прызнання. Да 1861 года Пастэр паказаў, што ўтварэнне спірту, гліцэрына і бурштынавай кіслаты пры закісанні можа адбывацца толькі ў наяўнасці мікраарганізмаў, часцяком спецыфічных.
Луі Пастэр давёў, што закісанне ёсць працэс, цесна злучаны з жыццядзейнасцю дражджавых грыбкоў, якія сілкуюцца і размнажаюцца за кошт вадкасці. Пры высвятленні гэтага пытання Пастэру прыйшлося аспрэчыць пануючы ў той час пагляд Лібіха на закісанне як на хімічны працэс. Асабліва пераканаўчыя былі доследы Пастэра, вырабленыя з вадкасцю, што змяшчала чысты цукар, розныя мінеральныя солі, што служылі ежай брадзільнаму грыбку, і аміячную соль, што дастаўляла грыбку патрэбны азот. Грыбок развіваўся, павялічваючыся ў вазе; аміячная соль выдаткоўвалася. Па тэорыі Лібіха, трэба было чакаць змяншэння ў вазе грыбка і вылучэння аміяку, як прадукту разбурэння азоцістага арганічнага рэчыва, што складае фермент. Услед за тым Пастэр паказаў, што і для малочнага закісання таксама патрэбна наяўнасць асаблівага «арганізаванага ферменту» (як у той час звалі жывыя клеткі мікробаў), які размнажаецца ў вадкасці, таксама павялічваючыся ў вазе, і з дапамогай якога можна выклікаць ферментацыю ў новых порцыях вадкасці.
У гэты ж час Луі Пастэр зрабіў яшчэ адно важнае адкрыццё. Ён знайшоў, што існуюць арганізмы, якія могуць жыць без кіслароду. Для некаторых з іх кісларод не толькі не патрэбны, але і атрутны. Такія арганізмы завуцца строгімі (ці аблігатнымі) анаэробамі. Іх прадстаўнікі — мікробы, што выклікаюць маслянакіслае закісанне. Размнажэнне такіх мікробаў выклікае ёлкасць віна і піва. Закісанне, такім чынам, аказалася анаэробным працэсам, «жыццём без кіслароду», таму што на яго адмоўна ўплывае кісларод (эфект Пастэра).
У той жа час арганізмы, здольныя як да закісання, так і да дыхання, пры кіслародзе раслі актыўней, але спажывалі менш арганічнага рэчыва з асяроддзя. Так было паказана, што анаэробнае жыццё менш эфектыўнае. Цяпер паказана, што з адной і той жа колькасці арганічнага субстрату аэробныя арганізмы здольныя выняць амаль у 20 раз больш энергіі, чым анаэробныя.
Вывучэнне самазараджэння мікробаў
[правіць | правіць зыходнік]У 1860—1862 гадах Пастэр вывучаў магчымасць самазараджэння мікраарганізмаў. Ён правёў элегантны дослед, што даказаў немагчымасць самазараджэння мікробаў (у сучасных умовах, хоць тады не падымалася пытанне магчымасці самазараджэння ў мінулыя эпохі), узяўшы тэрмічна стэрылізаванае пажыўнае асяроддзе і змясціўшы яго ў адкрытую пасудзіну з доўгім выгнутым рыльцам. Колькі б пасудзіна ні стаяла на паветры, ніякіх прыкмет жыцця ў ёй не назіралася, бо змешчаныя ў паветры споры бактэрый асядалі на выгінах рыльца. Але варта было адламаць яго ці спаласнуць вадкім асяроддзем выгіны, як неўзабаве ў асяроддзі пачыналі размнажацца мікраарганізмы, што выйшлі са спор. У 1862 годзе Французская акадэмія навук прысудзіла Пастэру прэмію за рашэнне пытання пра самазараджэнне жыцця.
Вывучэнне інфекцыйных захворванняў
[правіць | правіць зыходнік]У 1864 годзе да Пастэра звяртаюцца французскія вінаробы з просьбай дапамагчы ім у распрацоўцы сродкаў і метадаў змагання з хваробамі віна. Вынікам яго даследаванняў з’явілася манаграфія, у якой Пастэр паказаў, што хваробы віна выклікаюцца рознымі мікраарганізмамі, прытым кожная хвароба мае асаблівага ўзбуджальніка. Для знішчэння шкодных «арганізаваных ферментаў» ён прапанаваў выграваць віно пры тэмпературы 50—60 градусаў. Гэты метад, што атрымаў назву пастэрызацыі, знайшоў шырокае ўжыванне і ў лабараторыях, і ў харчовай прамысловасці.
У 1865 годзе Пастэр быў запрошаны сваім былым настаўнікам на поўдзень Францыі, каб знайсці прычыну хваробы шаўкоўнічных чарвякоў. Пасля публікацыі ў 1876 годзе працы Роберта Коха «Этыялогія сібірскай язвы» Пастэр цалкам прысвяціў сябе імуналогіі, канчаткова ўсталяваўшы спецыфічнасць узбуджальнікаў сібірскай язвы, радзільнай гарачкі, халеры, шаленства, курынай халеры і іншых хвароб, развіў уяўленні пра штучны імунітэт, прапанаваў метад засцерагальных прышчэпак, у прыватнасці ад сібірскай язвы (1881), шаленства (супольна з Эмілем Ру, 1885), прыцягваючы спецыялістаў іншых медычных спецыяльнасцяў (прыкладам, хірурга А. Ланелонга).
Першая прышчэпка супраць шаленства была зроблена 6 ліпеня 1885 года 9-гадоваму Ёзафу Мейстару па просьбе яго маці. Лячэнне скончылася паспяхова, сімптомы шаленства ў хлопчыка не з’явіліся.
Пастэрызацыя
[правіць | правіць зыходнік]Пастэрызацыя — працэс аднаразовага награвання найчасцей вадкіх прадуктаў ці рэчываў да 60 °C на працягу 60 хвілін ці пры тэмпературы 70—80 °C на працягу 30 хвілін. Тэхналогія была прапанавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя французскім мікрабіёлагам Луі Пастэрам. Ужываецца для абеззаражання харчовых прадуктаў, а таксама дзеля падаўжэння тэрміну іх захоўвання.
Падчас такой апрацоўкі ў прадукце гінуць вегетатыўныя формы мікраарганізмаў, аднак споры захоўваюцца ў жыццяздольным стане і пры ўзнікненні спрыяльных умоў пачынаюць інтэнсіўна развівацца. Таму пастэрызаваныя прадукты (малако, піва і іншыя) захоўваюць пры зніжаных тэмпературах цягам абмежаванага перыяду часу. Лічыцца, што харчовая каштоўнасць прадуктаў пры пастэрызацыі практычна не змяняецца, бо захоўваюцца смакавыя якасці і каштоўныя кампаненты (вітаміны, ферменты).
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Пастэр усё жыццё займаўся біялогіяй і лячыў людзей, не атрымаўшы ні медычнай, ні біялагічнай адукацыі.
- Апроч гэтага, у дзяцінстве ён захапляўся маляваннем. Праз гады яго працы ўбачыў Ж.-Л. Жэром. Мастак выказаў задавальненне, што Луі Пастэр выбраў навуку, бо ён мог бы стаць моцным канкурэнтам у жывапісе.
- У 1868 годзе (ва ўзросце 45 гадоў) у Пастэра адбылося кровазліццё ў мозг. Ён застаўся інвалідам: левая рука не працавала, левая нага цягалася па зямлі. Ён ледзь не загінуў, але ўрэшце паправіўся. Больш за тое, ён здзейсніў пасля гэтага самыя значныя адкрыцці: стварыў вакцыну супраць сібірскай язвы і прышчэпку супраць шаленства. Калі навуковец памёр, апынулася, што велізарная частка мозгу была ў яго разбурана. Сканаў Пастэр ад урэміі.
- Па словах І. І. Мечнікава, Пастэр быў заўзятым патрыётам і ненавіснікам немцаў. Калі яму прыносілі з пошты нямецкую кнігу ці брашуру, ён браў яе двума пальцамі і адкідаў з пачуццём вялікай агіды.
- Пазней яго імем быў названы род бактэрый — пастэрэла (Pasteurella ), якія выклікаюць септычныя захворванні. Да іх адкрыцця ён, відаць, не меў дачынення.
- Пастэр быў узнагароджаны ордэнамі амаль усіх краін свету. Усяго ў яго было каля 200 узнагарод.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Луі Пастэр памёр у 1895 годзе недалёка ад Парыжа. Смерць была выклікана ўскладненнямі, выкліканымі серыяй інсультаў, якая пачалася ў 1868 годзе[16]. Ён быў пахаваны ў саборы Нотр-Дам-дэ-Пары, аднак пазней яго рэшткі перапахаваны ў склепе ў Інстытуце Пастэра (Ліль, Парыж). У наш час цела навукоўца знаходзіцца пад будынкам Інстытута Пастэра, зборы якога пакрыты візантыйскай мазаікай, якая ілюструе яго дасягненні[17].
Імем Пастэра названы больш за 2 000 вуліц у многіх гарадах свету. Прыкладам, у ЗША: Пала-Альта (гістарычны цэнтр Сіліконавай даліны) і Ірвайн, у штаце Каліфорнія, Бостан і Полк, штат Фларыда; вуліцы каля Універсітэта Тэхаскага Навуковага цэнтра здароўя ў Сан-Антоніа; у гарадах Квебек, Jonquière, Сан-Сальвадор-дэ-Жужуй і Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Грэйт-Ярмут у Норфалку (Злучанае Каралеўства); Квінсленд (Аўстралія); Пнампень (Камбоджа); Хашымін (В'етнам); Батна (Алжыр); Бандунг (Інданезія); Тэгеран (Іран); Мілан (Італія) і Бухарэст, Клуж-Напока і Тымішаара (Румынія), Астана (Казахстан), а таксама вуліца, на якой знаходзіцца будынак Адэскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта (Адэса, Украіна). Авеню Пастэра ў Хашыміне (В'етнам) з’яўляецца адной з нешматлікіх вуліц у гэтым горадзе, якая захавала сваю французскую назву.
Пасля рэформы міністра Э. Фора 1968 года Страсбургскі ўніверсітэт быў падзелены на тры часткі. Адзін з іх (найбуйнейшы ў краіне) атрымаў назву «Універсітэт Пастэра — Страсбург I». Назва захоўвалася аж да зліцця страсбургскіх універсітэтаў у 2009 годзе.
У Расіі імя Луі Пастэра носіць НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, заснаваны ў 1923 годзе і змешчаны ў Санкт-Пецярбургу.
У 1961 г. Міжнародны астранамічны саюз прысвоіў імя Луі Пастэра кратару на адваротнаму баку Месяца.
Намаляваны на паштовай марцы Бельгіі 1995 года.
Інстытут Пастэра
[правіць | правіць зыходнік]Інстытут Пастэра (фр.: Institut Pasteur) — інстытут мікрабіялогіі, французскі прыватны некамерцыйны навуковы інстытут у Парыжы, які займаецца даследаваннямі ў вобласці біялогіі, мікраарганізмаў, інфекцыйных захворванняў і вакцын. Названы ў гонар знакамітага французскага навукоўца-мікрабіёлага Луі Пастэра, заснавальніка і першага дырэктара інстытута. Інстытут быў заснаваны 4 чэрвеня 1887 года на сродкі, сабраныя па міжнароднай падпісцы, і адкрыты 14 лістапада 1888 года.
З моманту заснавання інстытут Пастэра займаецца фундаментальнымі даследаваннямі ў практычнай вобласці прыродазнаўчых навук. Луі Пастэр запрасіў узяць удзел у навуковай працы створанага інстытута навукоўцаў розных спецыяльнасцяў. Першыя пяць кірункаў узначалілі навукоўцы таго часу: два выпускнікі Вышэйшай нармальнай школы: Эміль Дзюкло (даследаванні ў вобласці агульнай мікрабіялогіі) і Шарль Шамберлан (прыкладныя даследаванні ў вобласці мікрабіялогіі і гігіены), а таксама біёлаг Ілля Ілліч Мечнікаў (марфалагічнае даследаванне мікраарганізмаў) і двое лекараў, Жак-Жозэф Гранхер (працы па вывучэнні шаленства) і Эміль Ру (тэхнічныя даследаванні мікраарганізмаў). З 1877 года Эміль быў асістэнтам Пастэра пры хімічнай лабараторыі Вышэйшай нармальнай школы, дзе разам з Шамберленам займаўся даследаваннем сібірскай язвы. Праз год пасля адкрыцця інстытута Пастэра Эмілем Ру створаны Cours de Microbie Technique (курс метадаў даследавання мікробаў) — першы курс мікрабіялогіі, якую як навуку вывучаюць студэнты ва ўсім свеце. Навуковыя працы Ру, якія ён выконваў часткай аднаасобна, часткай у суаўтарстве і супрацы з Мечнікавым, Шамберланам, Ерсенам і іншымі, адносяцца, галоўным чынам, да шаленства, дыфтэрыі і слупняку. Найбольшую слыннасць Ру атрымаў публікацыяй сваіх даследаванняў «Contributions à l’etude de la diphthérie» (у «Annales de l’Institut Pasteur», 1888, 1889 і 1890), у якіх праліў святло на этыялогію дыфтэрыі. Ён давёў, што ўсе агульна-клінічныя праявы дыфтэрыі (заняпад сардэчнай дзейнасці, паралічы і іншае) выклікаюцца вылучаным дыфтэрыйнай палачкай атрутным рэчывам (таксінам) і што рэчыва гэта, уведзенае ў арганізм, выклікае гэтыя з’явы само па сабе, пры поўнай адсутнасці ў арганізме таксігеннага штама корынебактерий дыфтэрыі.
Пасля смерці Пастэра ў 1895 годзе дырэктарам інстытута робіцца Эміль Дзюкло. Яго навуковыя інтарэсы датычыліся фізікі, хіміі, мікрабіялогіі, метэаралогіі, матэматыкі, медыцыны, агульнай гігіены, сацыяльнай гігіены і іншых абласцей. Ён апублікаваў больш за 220 навуковых прац. Апроч гэтага, яго пяру належыць адна з лепшых біяграфій Пастэра і поўнае настаўленне па сацыяльнай гігіене. Інстытут Пастэра з’яўляецца адным з сусветных лідараў у вывучэнні інфекцыйных захворванняў. Тут былі зроблены важнейшыя адкрыцці, якія прывялі да паспяховага змагання супраць такіх захворванняў, як дыфтэрыя, слупняк, сухоты, поліяміэліт, грып, жоўтая ліхаманка і чума. У 1983 годзе тут быў адкрыты ВІЧ. З 1908 года 8 навукоўцаў інстытута сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі ў вобласці медыцыны і фізіялогіі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз аі ак ал https://www.biography.com/people/louis-pasteur-9434402 Праверана 26 жніўня 2018.
- ↑ а б RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
- ↑ Louis Pasteur — ministère de la Culture.
- ↑ Louis Pasteur // Nationalencyklopedin — 1999. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Пастер Луи / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Annonce de la mort de Louis Pasteur à l'Académie des sciences — 1895. Праверана 19 чэрвеня 2017.
- ↑ https://www.biography.com/people/louis-pasteur-9434402 Праверана 16 красавіка 2019.
- ↑ а б https://www.sciencesetavenir.fr/archeo-paleo/patrimoine/hommage-a-pasteur-pour-cette-123e-annee-la-ceremonie-ne-s-est-pas-faite-en-presentiel-a-l-institut_147735 Праверана 28 верасня 2020.
- ↑ Вікікрыніцы — 2003.
- ↑ https://catalogues.royalsociety.org/CalmView/Record.aspx?src=CalmView.Persons&id=NA6990&pos=1
- ↑ Французская акадэмія — 1635. Праверана 2 чэрвеня 2022.
- ↑ NNDB — 2002.
- ↑ https://www.academie-sciences.fr/archivage_site/fondations/lp_bio.htm
- ↑ Elenco cronologico Soci Stranieri — ANSXL. Праверана 3 сакавіка 2018.
- ↑ H. D. Flack (2009). "Louis Pasteur's 1848 discovery of molecular chirality and spontaneous resolution, together with a complete review of his chemical and crystallographic work" (PDF). Acta Crystallographica A65, pp. 371-389. Архівавана з арыгінала (PDF) 6 верасня 2012. Праверана 16 ліпеня 2016.
{{cite journal}}
: Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) - ↑ David V. Cohn location=University of Louisville. Pasteur (18 снежня 2006). — «Fortunately, Pasteur's colleagues Chamberlain [sic] and Roux followed up the results of a research physician Jean-Joseph-Henri Toussaint, who had reported a year earlier that carbolic-acid/heated anthrax serum would immunize against anthrax. These results were difficult to reproduce and discarded although, as it turned out, Toussaint had been on the right track. This led Pasteur and his assistants to substitute an anthrax vaccine prepared by a method similar to that of Toussaint and different from what Pasteur had announced.» Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2013. Праверана 2 снежня 2007.
- ↑ Campbell, D. M. (January 1915). "The Pasteur Institute of Paris". American Journal of Veterinary Medicine. 10 (1). Chicago, Ill.: D. M. Campbell: 29–31. Праверана February 8, 2010.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Абрамов В. Я. Два великих француза: благодетель человечества Луи Пастер и апостол образования Жан Масэ. — СПб.: М. Городецкий, 1897.
- Завадовский М. М. Л. Пастер. — М., 1934. — 172 с. — (Жизнь замечательных людей). — 50 000 экз.
- Шлегель Г. Г. История микробиологии. — М: УРСС, 2002.
- Гамалея Н. Ф., Мечников И. И., Тимирязев К. А. Пастер. — М.: Изд-во АН СССР, 1946. — 52 с. — (Научно-популярная серия). — 15 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Луі Пастэр
- Сайт Інстытута Пастэра (англ.) (фр.)
- Профіль Луі Пастэра на афіцыйным сайце РАН
- Старонка Пастэра на сайце «VIVOS VOCO»
- Нарадзіліся 27 снежня
- Нарадзіліся ў 1822 годзе
- Памерлі 28 верасня
- Памерлі ў 1895 годзе
- Памерлі ў дэпартаменце Сена і Уаза
- Пахаваныя ў Францыі
- Пахаваныя ў Парыжы
- Выкладчыкі Страсбурскага ўніверсітэта
- Дактары прыродазнаўчых навук
- Дактары філасофіі
- Выпускнікі Вышэйшай нармальнай школы (Парыж)
- Выпускнікі Парыжскага ўніверсітэта
- Члены Лонданскага каралеўскага таварыства
- Члены Парыжскага філаматычнага таварыства
- Члены Французскай акадэміі
- Члены Акадэміі дэі Лінчэі
- Члены Амерыканскага філасофскага таварыства
- Члены і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук ЗША
- Члены Шведскай каралеўскай акадэміі навук
- Члены Венгерскай акадэміі навук
- Члены Нідэрландскай каралеўскай акадэміі навук
- Члены Французскай акадэміі навук
- Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
- Члены РАН
- Акадэмікі Сербскай акадэміі навук і мастацтваў
- Члены Парыжскай медыцынскай акадэміі
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 1 ступені
- Кавалеры ордэна Меджыдые
- Кавалеры французскага ордэна Сельскагаспадарчых заслуг
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна
- Вялікія афіцэры ордэна Ганаровага легіёна
- Камандоры ордэна Ганаровага легіёна
- Афіцэры ордэна Ганаровага легіёна
- Кавалеры ордэна Ганаровага легіёна
- Узнагароджаныя медалём Левенгука
- Узнагароджаныя медалём Коплі
- Члены Нацыянальнай залы славы вынаходнікаў
- Замежныя члены Лонданскага каралеўскага таварыства
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Мікрабіёлагі Францыі
- Хімікі Францыі
- Ганаровыя члены Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук
- Хімікі XIX стагоддзя
- Біёлагі XIX стагоддзя
- Біёлагі Францыі