Перайсці да зместу

Ядзернае раззбраенне Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта размяшчэння падраздзяленняў і фарміраванняў РВСП на тэрыторыі Беларусі (1960—1996).

Ядзернае раззбраенне Беларусі — працэс вываду ракетна-ядзернага ўзбраення з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Праводзілася на фоне маштабнай дэмілітарызацыі 1992—1996 гадоў.

Беларусь разам з ПАР (1989—пачатак 1990-х), Казахстанам (?—красавік 1995[1]) і Украінай (сакавік 1994—чэрвень 1996[2]) сталі першымі дзяржавамі, якія добраахвотна адмовіліся ад магчымасці валодання ядзернай зброяй і правялі ліквідацыю яго запасаў.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У 1960 годзе ў Беларускай ваенная акрузе размясціліся часці 50-й ракетнай Чырванасцяжнай арміі, якая ўваходзіла ў склад Ракетных войск стратэгічнага прызначэння. У БССР знаходзіліся чатыры дывізіі: 31-я гвардзейская ракетная Бранска-Берлінская Чырванасцяжная, ордэна Суворава (Пружаны), 32-я ракетная Херсонская Чырванасцяжная імя Маршала Савецкага Саюза Д. Ф. Усцінава (Паставы), 33-я гвардзейская ракетная Свірская Чырванасцяжная, ордэнаў Суворава, Кутузава і Аляксандра Неўскага (Мазыр) і 49-я гвардзейская ракетная Станіслаўска-Будапешцкая Чырванасцяжная (Ліда). Першапачаткова падраздзяленні абсталявалі ракетнымі комплексамі Р-12 і Р-14 мабільнага і шахтавага базавання, а ў канцы 80-х — мабільнымі пускавымі ўстаноўкамі 15П645К (РСД-10 «Піянер») і ракетным комплексам 15П653 (РСД-10 «Піянер-УТТХ»)[3]. Некаторыя сілы з гэтых дывізій былі размешчаны ў Смаргонскім, Дзяржынскім, Дзятлаўскім і Слонімскім раёнах[4]. Сховішчы ядзерных зарадаў размяшчаліся і пры аэрадромах далёкай авіяцыі[5].

У 1987 годзе СССР і ЗША падпісалі Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Пасля гэтага ў Беларусі былі знішчаны ўсе ракеты з далёкасцю палёту ад 500 да 5500 км. Апошняя з іх, Р-12 з Пружанаў, дэмантавана 23 мая 1990 года. Раней, 27 кастрычніка 1989 года, у Станькава знішчана пускавая ўстаноўка АТР-23 «Ака»[4].

На момант распаду СССР Беларусь была восьмай краінай па запасах ядзернай зброі. Агульная колькасць боезарадаў складала 1120[4]. Да групоўкі стратэгічных ядзерных сіл адносіліся парадку 180 злучэнняў, часцей і ўстаноў колькасцю каля 40 тыс. чалавек[6]. Акрамя Рэспублікі Беларусь, ядзерная зброя заставалася на тэрыторыі Украіны, Казахстана і Расіі.

Перадумовы і падрыхтоўка

[правіць | правіць зыходнік]

27 ліпеня 1990 года прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У адным з пунктаў дакумента абмаўлялася, што краіна ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай і стаць нейтральнай дзяржавай. Падобнае рашэнне прадыктавана шмат у чым настроямі ў грамадстве, якое пасля Чарнобыльскай катастрофы негатыўна ўспрымала любыя атамныя тэхналогіі[5].

Імкненне да раззбраення станоўча ўспрынялі ў ЗША, якія былі зацікаўлены ў тым, каб колькасць краін у «ядзерным клубе» заставалася нязменнай. Белы дом падтрымліваў ідэю перадачы ўсіх запасаў правапераемніцы Савецкага Саюза — Расійскай Федэрацыі[7]. Ужо ў верасні 1991 года міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка і дзяржаўны сакратар ЗША Джэймс Бейкер правялі гутарку аб бяз’ядзерным статусе рэспублікі[5].

Да гэтага імкнуліся і іншыя былыя савецкія рэспублікі. 8 снежня ў пагадненні аб стварэнні СНД было прапісана, што члены садружнасці абавязваюцца забяспечваць адзіны кантроль за ядзернай зброяй і яго нераспаўсюджваннем. Наступныя пагадненні, прынятыя на мяжы 1991—1992 гадоў, вызначылі часовы статус ядзернай зброі на тэрыторыях Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана. Для кантролю над узбраеннем стваралася аб’яднанае камандаванне стратэгічнымі сіламі. У той жа час Кіеў і Мінск павінны былі далучыцца да дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, а затым вывезці свае запасы ў Расію. Да гэтага моманту рашэнне аб прымяненні ядзернай зброі мог прымаць толькі прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, але па ўзгадненні з кіраўнікамі Украіны, Беларусі, Казахстана і іншых краін СНД[5].

У красавіку 1992 года Беларусь падпісала Лісабонскі пратакол, аформіўшы членства ў Дагаворы аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ). Адначасова яна стала паўнапраўным членам Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. У ліпені 1993-га краіна афіцыйна далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. У сваю чаргу Вялікабрытанія, ЗША і Расія далі рэспубліцы свае гарантыі бяспекі[8].

Рэалізацыя раззбраення

[правіць | правіць зыходнік]

Для выканання ўзятых беларускім бокам абавязацельстваў пры Міністэрстве абароны створана Нацыянальнае агенцтва па кантролі і інспекцыях. У функцыі органа ўвайшла рэалізацыя ядзернай дэмілітарызацыі. На ўзроўні СНД дзейнічаў Камітэт па ядзернай палітыцы, прызначаны для ўзгодненай работы ў галіне ядзернага ўзбраення[9].

Па праграме Нана—Лугара Вашынгтон вылучыў краіне 250 мільёнаў долараў на мэты, звязаныя з забеспячэннем ядзернай бяспекі падчас дэмантажу, перадыслакацыі і знішчэння ядзерных боегаловак[5]. Расія таксама аказала дапамогу[7].

20 ліпеня 1994 года, за два з паловай гады да завяршэння ядзернай дэмілітарызацыі, краіну ўзначаліў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Новы кіраўнік дзяржавы баяўся пашырэння блока НАТА. Тады Лукашэнка меў намер спыніць вываз стратэгічнай зброі, якую ён прапаноўваў Расіі пакінуць у рэспубліцы. На той перыяд на яе тэрыторыі яшчэ знаходзіліся 72 ядзерныя боегалоўкі. Аднак ні Маскве, ні Вашынгтону не падабаліся падобныя планы, таму вываз зарадаў працягнуўся[10].

27 лістапада 1996 года з пад’язных шляхоў чыгуначнай станцыі каля вёскі Яцукі (Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці) адпраўлены ў Расію апошні эшалон з міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі РС-12М «Топаль». Была праведзена ўрачыстая цырымонія з удзелам прадстаўнікоў уладных структур Беларусі і Расіі, а таксама высокапастаўленых вайскоўцаў[11]. З 1120 боезарадаў 584 ракеты падлягалі ліквідацыі па дагавору 1987 года. Астатнія забралі Стратэгічныя ядзерныя сілы Расійскай Федэрацыі[8].

Наступствы і ўплыў

[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнасць Беларусі па пытанні ядзернай зброі ў поўным аб’ёме адпавядала інтарэсам як Захаду, так і Масквы, што спрыяла ўмацаванню адносін з абодвума гульцамі. Найбольшую павагу і прызнанне за палітыку 1992—1996 выказаў Вашынгтон. Так, напрыклад, прэзідэнт ЗША Біл Клінтан у другой палове 1990-х падчас перамоваў паміж Індыяй і Пакістанам спаслаўся на пазітыўны прыклад Беларусі, якая ўнесла значны ўклад у працэс ядзернай дэмілітарызацыі у свеце. Аднак у той жа час краіна атрымала значна меншыя дывідэнды за раззбраенне, чым Украіна і Казахстан[12].

У наступныя гады Рэспубліка Беларусь працягвала прытрымлівацца антыядзернага курсу[8]. Дадзеная палітыка знайшла сваё адлюстраванне ў 18 артыкуле Канстытуцыі[9].

У лютым 2022 года ўказанне на бяз’ядзерны статус Беларусі было выключана з Канстытуцыі па выніках рэферэндуму[13]. У сакавіку 2023 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што дамовіўся з Прэзідэнтам Беларусі Лукашэнкам аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі. Падставай для гэтага, па словах расійскага лідэра, стала заява намесніка міністра абароны Вялікабрытаніі аб намеры паставіць на Украіну снарады, начыненыя збедненым уранам. Пуцін заявіў, што размяшчэнне будзе ажыццёўлена без парушэння рэжыму нераспаўсюджвання ЯЗ[14].

Даследаванне пытання

[правіць | правіць зыходнік]

Тэма ядзернага раззбраення Беларусі знайшла сваё адлюстраванне ў працах Камышава, Снапкоўскага, Улаховіча і Шадурскага, якія займаліся даследаваннем гісторыі і развіцця знешняй палітыкі рэспублікі. Арлоў у працы па пытанні ядзернага нераспаўсюджвання ў расійска-амерыканскіх адносін таксама закрануў падзеі першай паловы 1990-х у Беларусі. Непасрэдна гэтую праблему асвятляў Кузьміч[15].

Палітыка ядзернага раззбраення 1992—1996 гадоў у Беларусі ацэньваецца неадназначна. У першую чаргу крытыкуюцца крокі, прынятыя старшынёй Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам, якія ў 1991—1994 гадах з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. Ім было прынята рашэнне пазбавіцца ад ракет як мага хутчэй, прычым адмовіўшыся ад грашовай кампенсацыі Расіі. Адзін з лідараў БНФ і дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык заявіў, што ядзерная дэмілітарызацыя была неабходная, але на больш выгадных для Беларусі ўмовах. Першы міністр замежных спраў краіны Пётр Краўчанка ў сваіх мемуарах «Беларусь на раздарожжы. Запіскі палітыка і дыпламата» і зусім абвінаваціў Шушкевіча ў здрадзе нацыянальных інтарэсаў. Нібыта ён пазбавіў рэспубліку галоўнага «козыра» ў перамовах з Расіяй[5].

Агульным момантам, які выклікаў абурэнне ў Краўчанкі і Навумчыка, стала аднаасобнае рашэнне кіраўніка Вярхоўнага Савета прызнаць ядзерныя запасы Беларусі за Масквой, паколькі Шушкевіч па гэтым пытанні не параіўся ні з кім іншым[5].

У сваё апраўданне палітык заявіў наступнае[16]:

" Беларусь фактычна была закладніцай Расіі. На яе паверхні было столькі ядзернай зброі, што можна было знішчыць усю Еўропу. Я лічыў гэта вельмі небяспечнай справай, і, як толькі мы падпісалі Белавежскія пагадненні, я сказаў: мы выведзем ядзерную зброю без папярэдніх умоў, кампенсацый, і мы будзем рабіць гэта неадкладна, таму што гэта пагражае гібеллю беларускай нацыі, Беларусі. "

У красавіку 2010-га Аляксандр Лукашэнка назваў гэтыя падзеі вельмі жорсткай памылкай. Ён таксама лічыў, што неабходна было дамагчыся больш выгадных умоў вываду. Прыйшоўшы да ўлады, як заявіў кіраўнік дзяржавы, ён ужо нічога не мог зрабіць з-за ціску расіян і амерыканцаў. Як адзначыў Лукашэнка, калі б ядзерная зброя ў Беларусі засталася, то стаўленне да яе было б іншым[17].

Зноскі

  1. Міф аб ядзерным раззбраенні — 10 Ліпеня 2008 — Наш Свет — Казахстанская Рэспубліканская Газета Архівавана 19 сакавіка 2011.
  2. ТАСС
  3. Историческая справка о вооружённых силах Беларуси — 2 | Армия Беларуси Архівавана 17 верасня 2017.
  4. а б в Каким был ядерный потенциал Беларуси и история «ядерного разоружения»
  5. а б в г д е ё Из Беларуси выводится ядерное оружие Архівавана 26 снежня 2021.
  6. ДОСЬЕ: К 100-летию Вооруженных Сил Республики Беларусь
  7. а б Как Казахстан, Украина и Беларусь отдавали ядерные арсеналы
  8. а б в Ядерное разоружение, нераспространение оружия массового уничтожения и экспортный контроль
  9. а б Кузьмич, 2019, с. 49.
  10. Игорь Плугатарев. Главком Лукашенко и его армия // Электронное периодическое издание Оборона.Ру, 4 июня 2011
  11. Двадцать лет назад Беларусь стала безъядерным государством(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 снежня 2021. Праверана 26 снежня 2021.
  12. Кузьмич, 2020, с. 57.
  13. Отказ от безъядерного статуса: ЕС выступил с предупреждением Лукашенко после «референдума» по Конституции (руск.). RFI (28 лютага 2022). Праверана 25 сакавіка 2023.
  14. "Россия разместит в Беларуси тактическое ядерное оружие, заявил Путин". BBC News Русская служба. Праверана 2023-03-25.
  15. Кузьмич, 2020, с. 53.
  16. Станислав Шушкевич: в Беловежской пуще не было ни одного пьяного
  17. Вывод из Беларуси ядерного оружия был жесточайшей ошибкой - Лукашенко