Асірыс
Асірыс | ||||
---|---|---|---|---|
| ||||
Міфалогія | Рэлігія Старажытнага Егіпта | |||
Пол | мужчынскі пол | |||
Бацька | Геб | |||
Маці | Нут | |||
Браты і сёстры | Сет, Нефтыда і Ісіда | |||
Жонка | Ісіда | |||
Дзеці | Хор і Анубіс[1][2] | |||
У іншых культурах | Osiris Hemag[d] | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Асірыс (Азірыс) (егіп. wsjr, стар.-грэч.: Ὄσιρις, лац.: Osiris) — бог адраджэння, цар замагільнага свету ў старажытнаегіпецкай міфалогіі, муж Ісіды. Само імя «Асірыс» — грэкізаваны варыянт егіпецкага «Усір» (ws'ĩr).
У егіпецкай міфалогіі
[правіць | правіць зыходнік]Згадваецца ў старажытнаегіпецкіх тэкстах як старэйшы сын бога неба Геба і багіні зямлі Нут, а таксама брат і муж багіні Ісіды. Быў адным з чатырох багоў, якія ў першапачатковыя часы пачаргова жылі на зямлі, сярод людзей, і кіравалі Егіптам, як фараоны. Узначальваючы Егіпет, ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, канібалізму, навучыў сеяць культурныя расліны (полбу і ячмень), садзіць вінаграднікі, гатаваць віно і піва, а таксама здабываць медную і залатую руду. Ён навучыў людзей медыцыне, будаўніцтву гарадоў, усталяваў культ. Амбіцыёзны і зайздрослівы бог пустыні Сэт — малодшы брат Асірыса — пажадаў кіраваць замест яго і прыдумаў спосаб знішчыць брата. Сэт наведаўся разам з 72 зламыснікамі на пір, які спраўляў Асірыс, загадаў унесці прыгожую скрыню (відавочна, саркафаг) і абвясціў, што гэтая рэч будзе падаравана таму, каму падыйдзе паводле памераў. Калі Асірыс лёг у скрыню, служкі Сэта закрылі яе, залілі свінцом і кінулі і Ніл. Плынь прыцягнула саркафаг да берага, і куст верасу, які там рос, ахапіў яе сваімі галінамі.
Багіня Ісіда, жонка Асірыса, знайшла труну з целам мужа. Яна цудоўным чынам выцягнула з яго схаваную жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага мужа сына — бога Гора. Пахаваўшы цела Асірыса, яна пасялілася ў балотах дэльты Ніла і там выхавала свайго сына. Калі Гор падрос, ён пачаў змагацца з Сэтам. Спачатку ён пацярпеў паразу і нават згубіў адно вока — чароўнае Вока Гора, але затым поспех перайшоў на яго бок. Ён перамог Сэта, адабраў згубленае вока, якое даў праглынуць мёртваму бацьку. Асірыс ажыў, але не пажадаў заставацца на зямлі і пакінуў трон Гору, а сам стаў кіраваць замагільным светам.
Паводле іншай версіі міфа Сэт не замкнуў Асірыса ў скрыні, а рассек на 14 частак і раскідаў па ўсяму Егіпту. Ісіда сабрала ўсе часткі і пахавала. Плутарх у трактаце «Аб Ісідзе і Асірысе» спалучае абедзве версіі: Сэт нібыта распраўляецца з Асірысам двойчы. Паводле некаторых версій, Асірыса ажывіў не Гор, а Ісіда (сама, або з дапамогай сястры Нефтыды). Пахаванне Асірыса прыпісвалася то Ісідзе, то Анубісу.
Інтэрпрэтацыя міфаў
[правіць | правіць зыходнік]Матыў рассячэння цела Асірыса на 14 частак, верагодна, узнік каб растлумачыць наяўнасць магіл Асірыса ў розных частках Егіпта. У сусветнай практыцы наогул бог мёртвых адначасова з’яўляецца богам ураджаю, бо ўраджай «прыходзіць» з-пад зямлі, куды хаваюць памерлых. Сюжэт са смерцю Асірыса і яго ажыўленнем перадае цыкл жыцця культурнай расліны, якую найперш «хаваюць» у зямлю ў выглядзе насення, а потым яна «ажывае» (прарастае).
Фарміраванне і развіццё культу Асірыса
[правіць | правіць зыходнік]Культ Асірыса узнік у эпоху першабытнародавага ладу; ён успрымаўся як бог творчых сіл прыроды. Сувязь Асірыса з прыродай захавалася на працягу ўсёй гісторыі Егіпта. Звычайна яго малявалі сярод дрэў, з вінаграднай галінкай, якая часам абвівала яго постаць. Яго цела заўсёды фарбавалі ў зялёны колер. Лічылася, быццам, як і ўвесь раслінны свет, Асірыс штогод памірае і адраджаецца да новага жыцця, жыццёвая сіла ў ім заўсёды захоўваецца, нават у мёртвым. На выявах скрозь труну Асірыса прарастае дрэва, або з Асірыса-муміі вырастаюць сцёблы злакаў, якія палівае жрэц. У пахаваннях часта размяшчалася нацягнутая на раму тканіна, на якой з зямлі ляпілі ляжачую постаць Асірыса, якую засявалі насеннем полбы і ячменю: калі зеляніна прарасце, то ажыве і мёртвы. Спачатку Асірыса атаяснялі з памерлым царом. У «Тэкстах пірамід» фараон пасля смерці прыпадабняецца Асірысу. Пачынаючы з эпохі Сярэдняга Царства, кожнага памерлага егіпцяніна атаяснялі з Асірысам (лічылася, быццам пасля смерці памерлы ажывае, як Асірыс, і ва ўсіх болей позніх задушных тэкстах імя Асірыса згадваецца перад імем памерлага).
Як бог памерлых і цар замагільнага свету, Асірыс успрымаецца як суддзя свету мёртвых. Лічылася, што кожны памерлы паўстае перад ім, і сэрца мёртвага ўзважваецца на шалях адносна каменнай выявы багіні Маат. Калі чаша, на якой стаіць гэтая выява, аказвалася цяжэйшай, а сэрца — лягчэйшым, чалавек трапляў у «райскія палі» Іару, дзе атрымліваў асалоду ад вечнага жыцця. Калі сэрца аказвалася цяжэйшым — азначала, што пры жыцці памерлы быў грэшнікам, і яго аддавалі з’ядзенне пачвары.
Першапачаткова Асірыс, верагодна, быў мясцовым богам у Джэду, ва ўсходняй частцы дэльты Ніла. Атоеснены з іншым богам горада — Аджэці — яго сталі выяўляць з атрыбутамі гэтага боства (кіем і бізуном альбо покаўкай), якія трывала замацаваліся за Асірысам. Заняўшы цэнтральнае месца ў царскім кульце, Асірыс стаў шанавацца ў Абідосе — месцы пахавання фараонаў, дзе ён замяніў бога памерлых Анубіса — апошні зрабіўся яго спадарожнікам і памочнікам. Як сын бога зямлі Геба — сын, які сыходзіў пасля смерці пад зямлю, Асірыс стаў шанавацца богам зямных глыбінь, на чыіх плячах спачывала Зямля, з поту чыіх рук выцякае Ніл.
З канцом Новага царства Асірыса звязвалі з богам Ра і выяўлялі з сонечным дыскам на галаве. У эліністычны перыяд культ Асірыса зліўся з культам свяшчэннага быка Апіса і новы (элінізаваны) вобраз бога, які атрымаў імя Серапіса (Асірыса — Апіса), набывае папулярнасць далёка за межамі Егіпта. Раней культ Асірыса распаўсюдзіўся ў захопленым Егіптам Кушы і іншых краінах. У грэка-рымскі перыяд культ Асірыса (у адным шэрагу з грэка-ўсходнімі культамі багоў паміраючай і ажываючай прырода — Атыса, Адоніса, Тамуха) шырока распаўсюдзіўся ў Заходняй Азіі і Еўропе, уключаючы ўсё Прычарнамор'е.
Знішчэнне культу
[правіць | правіць зыходнік]Хрысціянізацыя Рымскай Імперыі (у склад якой уваходзіў Егіпет) вылучалася ўсё болей жорсткім ціскам на старажытныя язычніцкія культы. У 390 годзе быў выдадзены дэкрэт імператара Феадосія пра разбурэнне язычніцкіх храмаў, які, аднак, не выканалі на востраве Філэ, дзе культ Асірыса працягваў існаваць да VI ст. Пазней візантыйскі імператар Юстыніян I накіраваў на востраў сваіх людзей, каб зачыніць храмы, арыштаваць жрацоў і прывезці рэліквіі культу ў Канстанцінопаль.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Любкер Ф. Anubis // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 107.
- ↑ Анубис // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. Iа. — С. 872–873.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мацье М. Э. Древнеегипетские мифы (переводы мифов). — М.-Л., 1956;
- Plutarch. Über Isis und Osiris, herausg / Parthey G. — В., 1860. — (Трактат Плутарха);
- Mopэ А. Страсти Озириса // Цари и боги Египта. Пер. с франц. — М., 1914. — С. 81-123;
- Zakharov A. A. A fragment of a crown of Osiris from the South of Russia // «Ancient Egypt» № 3, 1926;
- Lеfeburе Е. Le mythe osirien // Études egyptol 3-4, — P., 1874-75;
- Budge Е. Osiris and the egyption resurrection, v. 1-2. — L.-N.Y., 1911.