Дзяржаўная здрада
Дзяржаўная здрада — перадача дзяржаўнай тайны замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі альбо іх прадстаўніку, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок варожага боку ў час вайны ці ўзброеннага канфлікту, альбо ажыццяўленне дапамогі замежнай дзяржаве ў рэалізацыі варожай дзейнасці супраць Рэспублікі Беларусь шляхам здзяйснення злачынстваў супраць дзяржавы па заданні органаў і прадстаўнікоў замежнай дзяржавы ва ўрон знешняй бяспекі Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэратарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспекі і абароназдольнасці.
У адпаведнасці з артыкулам 356 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў.
Трактоўка паняцця і пакаранне
У розных дзяржавах па-рознаму ставяцца да пытання, ці варта лічыць здрадай дзеянні супраць канстытуцыйнага ладу або кіруючага рэжыму, калі яны не знаходзяцца ў прамым удзеле ў баявых дзеяннях.
Злучаныя Штаты Амерыкі
У ЗША тэрмін дзяржаўнага злачынства інтэрпрэтуецца даволі шырока. У раздзеле 18 Кодэкса ЗША адсутнічае асобны раздзел, прысвечаны злачынствам супраць бяспекі дзяржавы. Яны разгрупаваны па розным раздзелам федэральнага Мадэльнага Крымінальнага кодэкса : замахі на членаў Кангрэса (раздзел 18); шпіянаж (раздзел 37); замахі на Прэзідэнта ЗША і асоб, якія пры некаторых умовах могуць заняць дадзеную пасаду (раздзел 84); сабатаж (раздзел 105); здрада, мяцеж і падрыўная работа (раздзел 115). Мадэльны Крымінальны кодэкс не з’яўляецца юрыдычна абавязковым законам, але з моманту яго публікацыі ў 1962 годзе больш за палову ўсіх штатаў ЗША прынялі крымінальныя кодэксы, якія ў значнай ступені запазычаны з яго[1]. Здрада — асноўнае злачынства, адказнасць за якое ўстаноўлена ў Канстытуцыі ЗША 1787 года. У адпаведнасці з раздзелам 3 артыкула III Канстытуцыі «пад здрадай Злучаным Штатам разумеецца вядзенне вайны супраць іх або далучэнне да іх ворагаў, аказанне ім дапамогі і паслуг». У дадзеным артыкуле адзначаецца: «ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здрадзе, калі гэта не будзе пацверджана паказаннямі двух сведкаў інкрымінуемага акта або ўласным прызнаннем у адкрытым судовым паседжанні». Дадзеная дэфініцыя здрады ў агульных рысах выкарыстоўваецца і ў 2381 раздзеле 18 Кодэксе ЗША.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй «Кангрэс мае права вызначаць пакаранне за здраду, але асуджэнне за здраду не можа цягнуць за сабой пазбаўлення грамадзянскіх правоў або канфіскацыі ўласнасці інакш як пры жыцці вінаватай асобы». Да 1872 года за дадзеныя злачынствы ўстанаўлівалася смяротнае пакаранне. На сённяшні дзень разам са смяротным пакараннем верагодныя пазбаўленне волі на перыяд не менш за 5 гадоў і штраф у памеры не менш за 10 тысяч долараў ЗША, у тым ліку пазбаўленне права замяшчаць федэральныя пасады. У крымінальных кодэксах некаторых штатаў устаноўлена адказнасць за здраду штату.
Расійская Федэрацыя
На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі дзяржаўная здрада рэгаментуецца артыкулам 275 Крымінальнага кодэксу Расійскай Федэрацыі: «шпіянаж, выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, давераную асобе або якая стала вядомай яму па службе, рабоце, вучобе або ў іншых выпадках».
Таджыкістан
Пасля шматгадовай Грамадзянскай вайны (1992—1997 гадоў) нормы савецкага Крымінальнага кодэкса 1961 года Таджыкскай ССР не зусім адэкватна адлюстроўвалі запатрабаванні з улікам змен у палітычнай і эканамічнай сферах дзяржавы. Ужо новым Крымінальны кодэкс ад 1998 года ахарактарызаваў здраду дзяржаве як «шпіянаж, выдача дзяржаўнай тайны або іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам, у правядзенні варожай дзейнасці, калі гэтыя дзеянні накіраваны ва ўрон суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, абараназдольнасці або знешняй бяспецы Рэспублікі Таджыкі». А сутнасць здрады дзяржаве заключаецца ў парушэнні артыкула 43 Канстытуцыі Таджыкістана, дзе ўстаноўлена, што «абарона Радзімы, ахова інтарэсаў дзяржавы, умацаванне яе незалежнасці, бяспекі і абароннай моцы — свяшчэнны абавязак грамадзяніна»[2].
Швейцарыя
У Крымінальным кодэксе 1937 года, у раздзеле, які называецца «Злачынствы і правіннасці супраць дзяржавы і абароны краіны», змяшчаецца глава «Злачынствы або правіны супраць дзяржавы», якая пачынаецца артыкулам 265 «Дзяржаўная здрада». Сутнасць артыкула заключаецца ў тым, што «дзеянне, якое накіраванае на тое, каб, ужываючы сілу: змяніць Канстытуцыю Канфедэрацыі ці кантона; адхіліць ад пасады канстытуцыйныя дзяржаўныя структуры або пазбавіць іх здольнасці ажыццяўляць свае функцыі; аддзяліць швейцарскую тэрыторыю ад Канфедэрацыі або тэрыторыю ад кантона»[3].
Гл.таксама
Крыніцы
- ↑ Kadish, S. H., Schulhofer, S. J. Barkow, R. E. Criminal Law and its Processes: Cases and Materials. — 10th ed. — New York: Wolters Kluwer, 2017. — ISBN 978-1454885870.
- ↑ Кудратов, Н. А., Мирзоева, У. А. У. Измена государству: история и социальная сущность(руск.) // Қонунгузорӣ. — 2020. — № 1 (37). — С. 102—105. — ISSN 2410-2903.
- ↑ Уголовный кодекс Швейцарии / [Перевод и предисловие: А. В. Серебренникова]. — Москва: Зерцало, 2000. — 135, [1] с. — С. 75. — (Иностранное законодательство). — ISBN 5-8078-0070-2.