Мазырская акруга
Мазырская акруга – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР у 1924 – 1930 гг. і 1935 – 1938 гг. Утворана 17 ліпеня 1924 г. Цэнтр – г. Мазыр. Плошча 16 268 км2, насельніцтва 319,2 тыс. чалавек (1924 г.). Уключала 10 раёнаў: Азарыцкі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Капаткевіцкі, Каралінскі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі і Тураўскі; раёны падзяляліся на 128 сельсаветаў. У акругу ўваходзілі 3 гарады (Калінкавічы, Мазыр, Петрыкаў), 4 мястэчкі (Жыткавічы, Капаткевічы, Нароўля, Тураў). 9 чэрвеня 1927 г. да акругі далучаны Юравіцкі раён скасаванай Рэчыцкай акругі. На 1 студзеня 1930 г. у акругі 10 раёнаў, 3 гарады, 5 мястэчак і 124 сельсавета. Акруговая газета – «Чырвоннае Палессе». 26 кастрычніка 1930 г. акруга скасавана. Зноў утворана 21 чэрвеня 1935 г., уключала 9 раёнаў: Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Тураўскі. Акруговая газета – «Балььшавік Палесся». 20 лютага 1938 г. акруга скасавана, тэрыторыя ўключана ў Палескую вобласць.