Явін IV
Явін IV | |
Плянэта «Зорных войнаў» | |
Тыповая панарама Явіну IV | |
Астраграфічныя зьвесткі | |
---|---|
Рэгіён | Зьнешняе кола |
Сыстэма | Явін |
Колькасьць сонцаў | 1 |
Працягласьць дня | 24 стандартныя гадзіны |
Працягласьць году | 4818 стандартных дзён |
Адлегласьць ад ядра | 40 500 сьветлавых гадоў |
Фізычныя зьвесткі | |
Атмасфэра | прыдатная для дыханьня |
Клімат | умераны |
Гравітацыя | 1g |
Паверхня | джунглі |
Вада | 8% |
Грамадзкасьць | |
Насельніцтва | масасі (зьніклі), людзі |
Колькасьць | 21,2 млн |
Мова | асноўная галяктычная |
Прыналежнасьць | Паўстанцкі альянс, Новая рэспубліка |
Явін IV (па-ангельску: Yavin IV) — плянэта ў сьвеце «Зорных войнаў», чацьверты спадарожнік газавага гіганту Явін.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па заняпадзе Імпэрыі сытхаў у выніку Вялікай гіпэрпрасторавай вайны на Явіне IV укрыўся Нага Садаў з купкай верных яму прадстаўнікоў старажытнай расы масасі.
У 3996 року ДБЯ спалы джэдай, а цяперака цёмны валадар сытхаў Экзар Кун зрабіў Явін IV сваёй базай у часе Вялікае вайны сытхаў, зьняволіўшы ейных карэнных жыхароў — масасі — ды прымусіўшы іх будаваць храмы-кандэнсатары цёмнай Моцы. У выніку аблогі плянэты сіламі джэдаяў і выкарыстаных Кунам цёмных рытуалаў паверхня плянэты стала дашчэнту спустошаная, а дух Куна быў увязьнены ў адной са сьвятыняў.
Падчас Галяктычнай грамадзянскае вайны на Явіне IV разьмяшчалася таемная база Паўстанцкага альянсу. Атака, праведзеная на яе імпэрскай Зоркай сьмерці, і яе адбіцьцё, сталі вядомыя як Бітва за Явін. Ад гэтай бітвы, у хадзе якой была зьнішчаная Зорка сьмерці і забіты вайскавод Ўілгаф Таркін, пачынаецца летазьлічэньне новай эры ў «Зорных войнах»: гады́ да 0 году называюцца ДБЯ (да бітвы за Явін), а з пачатку новай эры — ПБА (па бітве за Явін). Гэтыя падзеі адлюстраваныя ў IV эпізодзе франшызы.
Па сканчэньні асноўнай кампаніі супраць Імпэрыі і ўсталяваньні Новай рэспублікі Люк Скайўокер заснаваў на Явіне IV новую Акадэмію джэдаяў. Постімпэрскія сілы шматкроць атакавалі Акадэмію, аднак беспасьпяхова. Акадэмія была зьнішчаная падчас уварваньня юужан вонгаў.
Здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пэйзажы Явіну IV здымаліся ў Гватэмале ў раёне рэштак гарадзішча мая Тыкаль.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|