Чэслаў Сэнюх
Чэслаў Сэнюх | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 ліпеня 1930 |
Памёр | 8 кастрычніка 2021 (91 год) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | літаратар, перакладнік, публіцыст |
Мова | беларуская мова, польская мова, украінская мова і расейская мова |
Чэ́слаў Сэ́нюх (па-польску: Czeslaw Seniuch; псэўд.: Чэслаў Любча[1]; 9 ліпеня 1930, Любча, гміна Любча, Наваградзкі павет Наваградзкага ваяводзтва, Польшча — 8 кастрычніка 2021[2]) — польскі літаратар, перакладнік, публіцыст.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў мястэчку Любча ў сялянскай сям’і. Бацька Станіслаў — украінец, маці Стэфанія — беларуска[1] з суседняй вёскі Воўкаразі[3]. У 1920-я рокі бацькі Чэслава пераехалі ў Любчу, ратуючыся ад бальшавікоў. У сям’і вольна валодалі і размаўлялі беларускай, польскай і ўкраінскай мовамі.
Чэслаў навучаўся ў любчанскай беларускай сямігодцы[4]. У 1940 року ягонага бацьку як «ворага народа» бальшавікі вывезьлі ў лягер пад Новасыбірскам, дзе ў 1941 ён памёр.
У Другую сусьветную вайну Чэслаў Сэнюх уваходзіў у Саюз беларускай моладзі. У 1945 сям’я пераехала ў Польшчу — сьпярша ў Беласток, дзе Чэслаў скончыў ліцэй імя Жыгімонта Аўгуста (1950). У 1954 року скончыў расейскае аддзяленьне філялягічнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту[3].
Працаваць пачаў дыктарам і рэдактарам на польскім радыё, займаўся перакладамі з усходнеславянскіх моваў. Рэдагаваў расейскамоўны дадатак да польскага штотыднёвіка «Przyjazn» зь лекцыямі польскай мовы для расейскіх чытачоў, працаваў у рэдакцыі Варшаўскай кінастудыі дакумэнтальных фільмаў. Пэўны час быў галоўным рэдактарам часопісу «Tłumacz» пры Таварыстве польскіх перакладнікаў. Працаваў і ў беларускай службе Польскага Радыё[5].
У верасьні 1998 року Чэслаў Сэнюх напісаў заяву з просьбай лічыць сябе грамадзянінам БНР[1].
У 2009 року як сьведка падзеяў зьняўся ў дакумэнтальным фільме «Беларусь пад нямецкай акупацыяй. 1941—1944»[6].
Сябра Таварыства аўтараў ЗАІКС(d)[7].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларускай культурай Чэслаў Сэнюх пачаў актыўна займацца ў 1970-я рокі. Псэўданім узяў па назьве роднага мястэчка Любчы[1]. Працаваў над перакладамі беларускай паэзіі і прозы для часопісу «Literatura radziecka», які выдаваўся ў Маскве. Сярод ягоных першых перакладаў — верш Янкі Купалы «Прарок» (1982), апавяданьне Янкі Брыля «Хуткі Нёман» (1989). Чэслаў Сэнюх таксама перакладаў раман Уладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1989), аповесьць Васіля Быкава «Аблава» (1991), паэмы Сяргея Законьнікава (1996), а таксама вершы Максімам Танка, Васіля Зуёнка, Уладзімера Арлова, Славаміра Адамовіча[3], Рыгора Барадуліна[8], Уладзімера Някляева[9].
З пачаткам перакладніцкай дзейнасьці пачаў выступаць з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі на беларускія тэмы на старонках пэрыядычных выданьняў «Gazeta Polska», «Oboz», «Czasopis», «Magazyn Literacki», «Наша слова», «Ніва», «Літаратура і мастацтва» і інш.
У 1991—2001 займаўся перакладам «Новай зямлі» Якуба Коласа, на што яго зматываваў Янка Брыль. Гэта найбольш грунтоўная праца аўтара[8].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г С. А. Чэслаў Сэнюх: „Я папрасіўся ў грамадзянства БНР“ // Наша Ніва. — 1999. — № 5 (126).
- ^ Арлоў, Уладзімер (21 кастрычніка 2021) Чэслаў Сэнюх, ён жа Чэслаў Любча Блогі. Радыё „Свабода“. Праверана 4 лістапада 2021 г.
- ^ а б в Г. Кавальчук. Паэт, публіцыст, перакладчык // Новае жыцьцё. — 24 чэрвеня 2017. — № 49.
- ^ Асоба ў гісторыі Навагрудчыны. Частка 2. Чэславу Сэнюху — 90!. Наваградзкі гісторыка-краязнаўчы музэй (9 ліпеня 2020). Праверана 4 лістапада 2021 г.
- ^ а б НГ. (26 лістапада 2015) Узнагарода імя В. Гулевіча для Чэслава Сэнюха. Польскае радыё. Праверана 4 лістапада 2021 г.
- ^ На „Белсаце“ прэм’ера сенсацыйнага фільму пра акупацыю Беларусі Гісторыя. Будзьма беларусамі! (9 кастрычніка 2009). Праверана 4 лістапада 2021 г.
- ^ Czesław Seniuch (пол.). ZAIKS (19 кастрычніка 2021). Праверана 5 лістапада 2021 г.
- ^ а б Дзікавіцкі, Аляксей (14 кастрычніка 2005) Чэслаў Сэнюх — у гасьцях на „Свабодзе“ Культура. Радыё „Свабода“. Праверана 4 лістапада 2021 г.
- ^ НГ. (11 сакавіка 2016) „Лісты да Волі“ У. Някляева ў Варшаве. Польскае радыё. Праверана 4 лістапада 2021 г.
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 9 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1930 годзе
- Нарадзіліся ў Любчы
- Памерлі 8 кастрычніка
- Памерлі ў 2021 годзе
- Нарадзіліся ў Наваградзкім павеце Польскай рэспублікі (1921—1940)
- Перакладчыкі зь беларускай мовы
- Перакладчыкі на польскую мову
- Польскія літаратары
- Польскія перакладчыкі
- Сябры Саюзу беларускай моладзі