Перайсьці да зьместу

Спорт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Спорт (анг. sport, скарачэньне ад пачатковага анг. disport — «гульня», «забаўка») — арганізаваная паводле вызначаных правілаў дзейнасьць людзей, якая складаецца ў супастаўленьні іх фізычных і інтэлектуальных здольнасьцяў, а таксама падрыхтоўцы да гэтай дзейнасьці і міжасобасныя стасункі, што ўзьнікаюць у яе працэсе.

Спорт становіць сабой спэцыфічны шэраг фізычнай і інтэлектуальнай актыўнасьці, якая зьдзясьняецца з мэтай спадужніцтва, а таксама мэтанакіраванай падрыхтоўкі да іх шляхам разьмінкі, трэнаваньня, у спалучэньні з адпачынкам, імкненьнем паступовага паляпшэньня фізычнага здароўя, узвышэньня ўзроўню інтэлекту, атрыманьня маральнага задавальненьня, імкненьня да дасканаласьці, паляпшэньне асабістых, групавых і абсалютных рэкордаў, славе, паляпшэньня ўласных фізычных магчымасьцяў і навыкаў.

Кракет

Разьвіцьцё і зьмена спорту на працягу чалавечай гісторыі можа шмат расказаць як аб сацыяльных зьменах у грамадзтве наогул, так і аб існасьці спорту ў прыватнасьці.

Шматлікія прыклады пячорнага мастацтва, адкрытыя на сёньняшні дзень, утрымоўваюць выявы рытуальных цырыманіяльных сцэн. Нягледзячы на тое, што дзеяньні, якія захаваны на гэтых выявах, нельга аднесьці выключна да сучаснага паняцьця аб спорце, усё жа можна зрабіць выснову, што ўжо тады існавалі заняткі і рытуалы, якія нагадваюць спартовую дзейнасьць. Прычым гэтыя выявы, зьмешчаныя ў Францыі, Афрыцы і Аўстраліі, былі зробленыя 30 000 гадоў назад.

Існуюць прадметы і будынкі, якія гавораць аб тым, што на тэрыторыі Кітаю існавала дзейнасьць, якая падыходзіць пад сучаснае азначэньне спорту, ужо за 4000 гадоў да нашай эры. Па ўсёй бачнасьці, гімнастыка была папулярным відам спорту ў старажытным Кітаі. Выявы і прадметы ў магільнях фараонаў таксама кажуць аб тым, што розныя віды спартовай актыўнасьці былі разьвітыя ўжо некалькі тысячагодзьдзяў назад, сярод іх можна адзначыць плаваньне і хаду на рыбу. На тэрыторыі Старажытнай Пэрсіі ўзялі свой пачатак такія віды спорту як пола і змаганьні конных рыцараў на дзідах.

У Старажытнай Грэцыі ўжо існавала вялікая разнастайнасьць відаў спорту. Найбольшае разьвіцьцё атрымалі розныя віда барацьбы, бег, кіданьне дыску і змаганьне на калясьніцах. Судзячы па гэтым сьпісе, ваенная культура і ваеннае мастацтва мелі простыя дачыненьні да спорту ў Старажытнай Грэцыі (і ня толькі тамака). Тамака жа кожныя чатыры гады праводзіліся Алімпійскія гульні — у маленькай вёсцы на Пэляпанэсе пад назвай Алімпія.

З часоў Старажытнай Грэцыі і па сёньняшні дзень гісторыя спорту лёгка прасочваецца. З часам спорт станавіўся ўсё больш арганізаваным і рэгуляваным. Зьяўляліся і фармаваліся ўсе новыя віды і падвіды спорту, удакладнялася кіраўніцтва, спорт набываў традыцыі і прыхільнікаў.

Індустрыяльная рэвалюцыя і масавая вытворчасьць прывялі да таго, што ў вялікай колькасьці людзей стаў зьяўляцца вольны час, што прывяло да масавасьці спорту — больш людзей жадала і магло зрабіць спорт часткай свайго жыцьця, займаючыся спортам напроста або прысьвячаючы свой вольны час назіраньням за спартовымі змаганьнямі. Гэтыя тэндэнцыі атрымалі яшчэ большае разьвіцьцё са зьяўленьнем СМІ і глябальных камунікацыяў. Спорт стаў прафэсійным, што яшчэ больш павялічыла яго папулярнасьць.

Баскетбол

У наш час, калі вялікае разьвіцьцё атрымала культура вольнага часу, спартовыя змаганьні і назіраньні за імі сталі папулярнымі забавамі для гледачоў і прафэсійнай дзейнасьцю для спартоўцаў. Прафэсійныя спартоўцы высокага ўзроўню зарабляюць вялікія ганарары, а таксама атрымліваюць прыбыткі, рэклямуючы розныя тавары, і становяцца знакамітасьцямі — часам у вузкім (або ня вельмі) асяродзьдзі заўзятараў, а часам і сярод большасьці насельніцтва.

Дзеля рэгуляваньня адбывалага ў прафэсійным спорце ўтвараюцца агульныя і вузкаспэцыяльныя арганізацыі і асацыяцыі, якія аб’ядноўваюць спартоўцаў, трэнэраў, судзьдзяў, а часам і заўзятараў. Тое, што спорт ператварыўся ў бізнэс і крыніцу дабрабыта, моцна ўплывае на істу змаганьняў. З прычыны патрабаваньняў відовішчнасьці або выгоды судзейства часта зьмяняюцца спартовыя правілы.

Некаторыя віды спорту альбо асобныя спаборніцтвы ў спорце захоўваюць палітыку ўдзелу толькі аматараў. Гэтак з аматарскага прынцыпу адраджаліся Алімпійскія гульні, бо лічылася, што той, хто прафэсійна займаўся спортам, карыстаецца несправядлівай перавагай над тымі, хто практыкаваў спорт толькі як хобі[1]. З 1971 году алімпійскім спартоўцам было дазволена атрымліваць кампэнсацыю і спонсарскую падтрымку[2]. З 1986 году Міжнародны алімпійскі камітэт пастанавіў ухваліць удзел у алімпійскіх спаборніцтвах усім прафэсійным спартоўцам[2][3] за выключэньнем боксу[4][5] і барацьбы[6].

Спартовае стаўленьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спартовае стаўленьне ёсьць імкненьнем да сумленнай гульні (анг. fair play), ветлівасьці да таварышчаў па камандзе і праціўнікаў, добрых этычных паводзінаў і ласкавасьць пры перамозе або паразе[7]. Спартовае стаўленьне зьяўляецца імкненьнем да маральнага задавальненьня ад удзелу ў спаборніцтвах, бо згодна са словамі заснавальніка сучаснага алімпійскага руху П’ера дэ Кубэртэна, галоўным павінна быць не перамога, а ўдзел.

Асноўнымі прынцыпамі спорту зьяўляецца тое, што вынік не павінен быць прадвызначаным да пачатку спадужніцтваў і што ўсе ўдзельнікі спадужніцтваў павінны мець роўныя магчымасьці да перамогі. Дзеля забесьпячэньня гэтых слупавых правілаў сумленнай гульні існуюць правілы, аднак удзельнікі могуць парушыць гэтыя правілы дзеля атрыманьня перавагі над спадужнікамі.

Адным з самых вядомых спосабаў несумленнай гульні ў спорце зьяўляецца гульня ў букмекерскіх канторах, калі спартоўцы могуць сьвядома забясьпечыць паводле дамоўленасьці патрэбны вынік дзеля атрыманьня пераможных грошаў у букмекераў. Акрамя таго, спартоўцы ці спартовыя функцыянэры могуць праз хабар арбітру ці судзьдзі забясьпечыць патрэбны вынік спартовага спадужніцтва.

Асноўны артыкул: Допінг

Канкурэнтны характар ​​спорту прымушае некаторых удзельнікаў спрабаваць падвысіць сваю прадукцыйнасьць за кошт выкарыстаньня забароненых лекаў, альбо з дапамогай іншых сродкаў, як то павелічэньне аб’ёму крыві ў арганізьме праз штучныя сродкі.

Усе віды спорту, прызнаныя Міжнародным алімпійскіх камітэтам абавязаныя рэалізаваць праграму тэставаньня на допінг, які рэалізуецца праз пошук прэпаратаў у арганізьме са сьпісу забароненых.

Гвалт у спорце вызначаюць як пераход лініі паміж справядлівай канкурэнцыяй і наўмыснымі агрэсіўнымі паводзінамі, скіраванымі на зьбіцьцё спадужніка або зьнішчэньня маёмасьці спадужнікаў. Беспарадкі або хуліганства на сёньня застаюцца актуальнай праблемай ня толькі на нацыянальным, але і на міжнародным узроўні.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]