Славацкая нацыянальная партыя
Славацкая народная партыя | |
Slovenská národná strana | |
Лідэр партыі | Андрэй Данка |
---|---|
Дата заснаваньня | 7 сакавіка 1990 (34 гады таму) |
Штаб-кватэра |
Шафарыкава плошча, 3 81499 Браціслава |
Саюзьнікі і блёкі | Рух за Эўропу вольнасьці і дэмакратыі |
Ідэалёгія | кансэрватызм, нацыяналізм |
Колькасьць | 5150 |
Колькасьць дэпутатаў | |
· Эўрапарлямэнт |
1 / 13 |
· Нацыянальная Рада |
0 / 150 |
Афіцыйны сайт | www.sns.sk |
Слава́цкая народная па́ртыя (па-славацку: Slovenská národná strana, скарочана SNS) — нацыяналістычная, правацэнтрысцкая палітычная партыя ў Славаччыне[1], зарэгістраваная ў Міністэрстве ўнутраных справаў 7 сакавіка 1990 року.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Партыя паўстала ў 1989 року ў разгар аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславаччыне. Устаноўчы сход адбыўся 19 траўня 1990 ў Жыліне. Партыя лічыць сябе пераемніцай аднайменнае партыі, якая дзейнічала да Другой сусьветнай вайны.
На парлямэнцкіх выбарах у чэрвені 1990 року партыя атрымала 13,94% галасоў і 22 мандаты з 150 у славацкай Нацыянальнай Радзе, а таксама атрымала прадстаўніцтва на агульначэхаславацкім узроўні ў Палаце нацыянальнасьцяў (11,44% галасоў ад Славаччыны і 9 месцаў з 75) і Народнай палаце (10,96% галасоў ад Славаччыны і 6 месцаў з 200). У 1992 року СНП некалькі паменшыла сваё прадстаўніцтва ў заканадаўчых органах (7,93% і 15; 9,35% і 9; 9,93% і 6 адпаведна). У 1992—1998 зь невялікім перапынкам у 1994 року СНП мела прадстаўнікоў у другім і трэцім урадах Ўладзімера Мэч’яра.
У 2001 ад СНП аддзялілася частка сябраў, якія назваліся Сапраўднай славацкай народнай партыяй (славац. Pravá slovenská národná strana, PSNS). У 2005 абедзьве часткі аб’ядналіся зноў.
На парлямэнцкіх выбарах 2002 року СНП ня здолела пераадолець пяціадсоткавы бар’ер, а ў 2004 року ня здолела правесьці сваіх кандыдатаў на выбарах у Эўрапарлямэнт. Аднак ужо на выбарах 2006 року СНП дамаглася значнага посьпеху, атрымаўшы 11,73% галасоў і 20 месцаў у парлямэнце. Акрамя таго, пасьля выбараў СНП увайшла ў кааліцыю зь левацэнтрысцкай партыяй Курс — сацыяльная дэмакратыя і Рухам за дэмакратычную Славаччыну.
З 2006 па 2010 партыя таксама кантралявала тры міністэрскія партфэлі — адукацыі, экалёгіі і рэгіянальнага разьвіцьця. У Эўрапарлямэнце па выніках выбараў 2009 року партыя мела аднаго дэпутата. На парлямэнцкіх выбарах 2010 року партыя ледзь пераадолела пяціадсоткавы бар’ер, атрымаўшы 128 490 (5,07%) галасоў і 9 мандатаў. На парлямэнцкіх выбарах 2012 року партыя атрымала 4,55% галасоў і 0 месцаў у парлямэнце.
Вынікі на выбарах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рок выбараў | Выбары ў | Галасоў, % | Атрымана мандатаў | Месца на выбарах | Статус |
---|---|---|---|---|---|
1990 | Народная Рада Славаччыны | 13,94% | 22 | трэцяе | Апазыцыя |
1992 | Народная Рада Славаччыны | 7,93% | 15 | чацьвёртае | Кааліцыя з HZDS |
1994 | Народная Рада Славаччыны | 5,40% | 9 | сёмае | Кааліцыя з Курсам — сацыяльнаяй дэмакратыяй ды Зьвязам працоўных Славаччыны |
1998 | Народная Рада Славаччыны | 9,07% | 14 | пятае | Апазыцыя |
2002 | Народная Рада Славаччыны | 3,32% | 0 | дзявятае | Няўдзел |
2004* | Эўрапейскі парлямэнт | 2,01% | 0 | дзявятае | Няўдзел |
2006 | Народная Рада Славаччыны | 11,73% | 20 | трэцяе | Кааліцыя з Курсам — сацыяльнаяй дэмакратыяй ды Рухам за дэмакратычную Славаччыну |
2009 | Эўрапейскі парлямэнт | 5,55% | 1 | шостае | Удзел у фракцыі EFD |
2010 | Народная Рада Славаччыны | 5,07% | 9 | шостае | Апазыцыя |
2012 | Народная Рада Славаччыны | 4,55% | 0 | сёмае | Няўдзел |
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славацкая народная партыя прытрымліваецца ідэяў заснавальнікаў гістарычнай аднайменнай партыі (1871—1938), нацыянальных, хрысьціянскіх і сацыяльных прынцыпаў і кірыла-мятодаўскай традыцыі.
Лідар партыі ў 2003—2012 роках Ян Слота прыцягваўся да судовай адказнасьці за ўдзел у шэрагу правапарушэньняў (падпал, аўтамабільны крадзеж, злачынны напад). Падчас суду Слота прызнаўся ў некаторых злачынствах і зазначыў, што ганарыцца нападам і зьбіцьцём вугорца[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пра партыю (славацк.)
- ^ Slota megvert egy magyart. Fn.hu. Праверана 10 студзеня 2011 г.