Ражэр дэ Флёр
Ражэр дэ Флор | |
Дата нараджэньня | 1267[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | Брындызі, Апулія, Італія |
Дата сьмерці | 30.04.1305[1] |
Месца сьмерці | Эдырнэ, Турэччына |
Занятак | кандат’ер, вайсковец, Альмагавары |
Сябра ў | Catalan Company[d] |
Ражэр дэ Флёр (Roger de Flor) ці Рутгэр фон Блюм (Rutger von Blum; 1267, Брындызі — 1305) — сярэднявечны кандацьер, мараход і шукальнік прыгод на сыцылійскай і візантыйскай службе. Апісаньне яго жыцьця склаў каталонец Рамон Мунтаньер, які служыў пад яго кіраўніцтвам; яно лягло ў грунт знакамітага каталянскага рамана «Тырант Белы».
Рутгэр нарадзіўся ў Брындызі у сям’і немца-сакольнічага на службе ў сыцылійскіх уладцаў дынастыі Штаўфэнаў. З 8 гадоў плаваў на галеры тампліераў, з часам уступіў у іх ордэн і камандаваў караблём. У час аблогі Акры мамэлюкамі (1291) быў заўважаны за вымагальніцтвам маёмасьці ў абложаных, за гэта быў выняты з ордэна і абвешчаны адрачэнцам царквы.
Далей сьлед Ражэра выяўляецца ў Гэнуі, дзе на пазыковыя грошы ён набыў уласнае судна і пачаў зарабляць на жыцьцё пірацтвам. Сыцылійскі кароль Фрыдрых вырашыў скарыстацца ваенна-марскім досьведам Ражэра і прыняў яго на сваю службу ў якасьці флатаводца. Ён прымаў актыўны ўдзел у войнах Фрыдрыха з Нэапалем, пакуль Кальтабэлоцкі мір (1302) не пакінуў Ражэра і яго гішпанскіх наймітаў (альмагавараў) без працы.
У 1303 годзе Ражэр і яго каталянская дружына па запрашэньні імпэратара Андроніка II прыбылі ў Канстантынопаль, каб супрацівіцца пасоўваньню асманаў на захад. Па гэтым выпадку яму была дадзена ў жонкі пляменьніца імпэратара (дачка Івана Асеня III), а сам ён быў ганараваны тытулам вялікага дукса (а потым і кесара). У 1304 годзе каталёнцы пасьпяхова дзеялі супраць туркаў у Малой Азіі, адваяваўшы шэраг згубленых Бізантыяй гарадоў.
Ваенныя посьпехі Рож ёра ўстрывожылі яго зласьліўцаў (перадусім, зь ліку ўплывовых пры імпэратарскім двары генуэзцаў), якія пасьпяшаліся зьвінаваціць яго ў драпежніцтве ў адносінах да мірных жыхароў і намеры самастойна кіраваць адваяванымі землямі. Імпэратар вярнуў каталёнскую дружыну ў Каліўпаль, але разплаціцца з Ражэрам не захацеў ці ня змог.
Падчас знаходжаньня ў Галіпалі Ражэр узмацніў сваё войска за кошт падмацаваньняў з Балкан, але апынуўся зацягнуты ў вір прыдворных інтрыг. Малады Міхаіл IX прывабіў каталянскую дружыну ў Адрыянопаль, дзе Ражэр і яго людзі былі выразаны наймітамі аланамі. У адплату прыхільнікі Ражэра паднялі мяцеж супраць імпэратара і занялі ня толькі Фэсалію, але і сумежныя вобласьці.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Біяграфія ў Брытанскай энцыкляпэдыі
- Donald MacGillivray Nicol. The Last Centuries of Byzantium, 1261—1453. Cambridge University Press, 1993. ISBN 0-521-43991-4. Pages 128—132.
- историк)|А. А. Васильев. «История Византийской империи».