Перайсьці да зьместу

Лісабон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лісабон
парт. Lisboa
Герб Лісабону Сьцяг Лісабону
Першыя згадкі: 205 да н. э.
Краіна: Партугалія
Мэр: Карлуш Маэдаш[d]
Плошча: 84,8 км²
Вышыня: 100 м н. у. м.
Насельніцтва (2011)
колькасьць: 545 245 чал.
шчыльнасьць: 6429,78 чал./км²
Часавы пас: UTC+0
Паштовы індэкс: 1000–1900
Геаграфічныя каардынаты: 38°42′28.951″ пн. ш. 9°8′20.458″ з. д. / 38.70804194° пн. ш. 9.13901611° з. д. / 38.70804194; -9.13901611Каардынаты: 38°42′28.951″ пн. ш. 9°8′20.458″ з. д. / 38.70804194° пн. ш. 9.13901611° з. д. / 38.70804194; -9.13901611
Лісабон на мапе Партугаліі
Лісабон
Лісабон
Лісабон
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.cm-lisboa.pt/

Лісабо́н (па-партугальску: Lisboa) — сталіца і найбуйнейшы горад Партугаліі. Насельніцтва гораду складае 552 700 чалавек, плошча — 100,05 км²[1]. Аднак, у Вялікай лісабонскай гарадзкой аглямэрацыі, якая распасьціраецца за межы адміністрацыйных межаў гораду, жывуць каля 2,7 мільёнаў чалавек. Такім чынам Лісабон з акругамі зьяўляецца 11-й самай густанаселенай гарадзкой аглямэрацыяй у Эўрапейскім Зьвязе[2]. Гэта самая заходняя сталіца кантынэнтальнай Эўропы. Горад распасьціраецца ўздоўж узьбярэжжа Атлянтычнага акіяну. Празь Лісабон працякае рака Тагус.

Лісабон клясыфікуецца ў якасьці глябальнага гораду альфа-ўзроўню з-за ягонай важнасьці ў сфэрах фінансаў, міжнароднага гандлю, СМІ, забаваў, мастацтва, адукацыі і турызму[3]. Гэта адзін з найважнейшых эканамічных цэнтраў на кантынэнце, у ім назіраецца рост фінансавага сэктару. Таксама ў горадзе месьціцца адзін з найбуйнейшых кантэйнэрных партоў на Атлянтычным узьбярэжжы Эўропы[4]. Аэрапорт імя Ўмбэрту Дэлгаду абслугоўвае больш за 20 мільёнаў пасажыраў у год паводле стану на 2015 год[5], а сетка аўтамагістраляў і сыстэма высакахуткасных чыгунак Альфа Пэндулар зьвязваюць галоўныя гарады Партугаліі[6]. Лісабон з акругамі робіць найбольшы ўнёсак у эканоміку краіны, чым любы іншы рэгіён у Партугаліі. Гарадзкі СУП складае 96,3 млрд даляраў ЗША[7]. Большасьць штаб-кватэраў транснацыянальных карпарацыяў у краіне разьмешчана менавіта ў Лісабоне[8]. Ён таксама зьяўляецца палітычным цэнтрам краіны, зьяўляючыся местам рэзыдэнцыі ўраду і кіраўніка дзяржавы.

Лісабон зьяўляецца адным з найстарэйшых гарадоў у сьвеце, і адзным з самых старых у Заходняй Эўропе. Ён быў утвораны раней за такія сучасныя эўрапейскія сталіцы, як то Лёндан, Парыж і Рым. У адрозьненьне ад большасьці сталічных гарадоў, статус Лісабону як сталіцы Партугаліі ніколі ня быў пацьверджаны афіцыйна — паводле закону ці ў іншай пісьмовай форме. Ягоны статус як сталіцы краіны сфармаваўся за кошт канстытуцыйнага звычыю.

У склад Вялікага Лісабону ўваходзяць у тым ліку Амадора, Келуш, Агуалва-Касэн, Адывэлаш, Лорэш, Сакавэн, Алмада, Барэйру, Сэйшал і Аэйраш.

Лісабон мае міжземнаморскі клімат. Ён адносіцца да гарадоў Эўропы з самымі цёплымі зімамі, зь сярэдняй тэмпэратурай 15 °C на працягу дня і 8 °C у начны час са сьнежня па люты. Тыповы летні сэзон доўжыцца каля чатырох месяцаў, з чэрвеня па верасень, хоць і ў красавіку тэмпэратура часам дасягае каля 25 °C.

Нафтавы танкер заходзіць у порт Лісабону.

Лісабонскі рэгіён зважаецца самым заможным рэгіёнам у Партугаліі. Ён значна перавышае сярэдні ВУП на душу насельніцтва ў Эўрапейскім Зьвязе, а на ягоную долю прыпадае 45% агульнапартугальскага ВУП.

Эканоміка Лісабону грунтуецца пераважна на сэктары паслугаў. Гэтак, большая частка сядзібаў транснацыянальных кампаніяў, якія працуюць у Партугаліі, сканцэнтраваная ў субрэгіёне Вялікага Лісабону, асабліва ў муніцыпалітэце Аэйраш. Сталічная мэтраполія моцна індустрыялізаваная, асабліва шмат вытворчасьцяў месьціцца на паўднёвым берагу ракі Тагус. Сярод іншых прамысловасьцяў вылучаецца сэктар вырабу нафтапрадуктаў, то бок на паўднёвым берагу ракі працуюць нафтаперапрацоўчыя заводы. Таксама маюцца тэкстыльныя фабрыкі, вэрфі, а таксама разьвіта рыбалоўства. Ён таксама ёсьць і галоўным марскім портам краіны. Лісабон і ягоныя густанаселеныя навакольлі таксама разьвіваюцца як важны фінансавы цэнтар і дынамічны тэхналягічны цэнтар. У прадмесьці гораду працуе аўтамабільны завод Аўтаэўропа, які зьбірае мадэлі кампаніі Фольксваген.

Лісабонскі порт зважаецца адным з самых загружаных партоў у Эўропе[9].

Лісабон мае найбуйнейшы і найбольш разьвіты сэктар сродкаў масавай інфармацыі Партугаліі. Тут разьмешчаны штаб-кватэры галоўных тэлевізійных каналаў, а таксама радыёстанцыяў ды буйных газэтаў. Фондавая біржа Euronext Lisbon, якая базуецца ў Лісабоне, ёсьць часткай агульнаэўрапейскай сыстэмы фондавых біржаў і рынкавай інфраструктуры Euronext. Да крызы сувэрэннай запазычанасьці Партугаліі і пляну выратаваньня ЭЗ і МВФ цягам 2010-х гадоў Лісабон паглынаў шмат дзяржаўных інвэстыцыяў, дзякуючы якім у месьце былі пабудаваны новы аэрапорт, мост, а таксама была пашыраная сетка Лісабонскага мэтрапалітэну ажно на 30 км. Акрамя таго ў сталіцы паўсталі дзьве лініі цягніку TGV, якія злучылі горад з Мадрыдам, Порту, Віга і астатняй Эўропай. Таксама была адбудаваная асноўная частка гораду ды створаная шырокая сетка роварных шляхоў, а таксама мадэрнізаваныя і рэканструяваныя розныя іншыя аб’екты населенага пункту[10].

Лісабон быў названы сёмым найбольш прыдатным да жыцьця горадам у сьвеце ў 2021 годзе, паводле сьпісу часопіса Monocle[11]. Таксама важкай галіной Лісабону ёсьць турызм. Горад зважаецца дзявятым паводле колькасьці наведвальнікаў горадам у Паўднёвай Эўропе пасьля Стамбулу, Рыму, Барсэлёны, Міляну, Атэнаў, Вэнэцыі, Мадрыду і Флярэнцыі. Гэтак, у 2019 годзе яго наведалі краху больш за 3,6 мільёнаў турыстаў[12][13]. У 2022 годзе на кожнага жыхара гораду прыпадала каля 6 турыстаў[14]. Лісабон папулярны як дзеля адпачынку, гэтак і пункт прызначэньня для турызму дзеля бізнэсу[15][16]. Каля 7,7 мільёнаў турыстаў наведалі Лісабонскі рэгіён толькі за 2022 год, пры гэтым 71,1% з наведвальнікаў былі замежнікамі[17]. Мяркуецца, што прыбыткі ад турыстаў у 2023 годзе склалі 17,4 мільярдаў эўра[18].

Станцыя Кабу-Рыйву мэтрапалітэну Лісабону.

Лісабонскі мэтрапалітэн лучыць цэнтар гораду з паўночнымі і ўсходнімі раёнамі, а таксама дасягае некаторых прадмесьцяў сталіцы, як то Амадору і Лорэш. Гэта самы хуткі транспарт, каб перамяшчацца па горадзе, які таксама мае мноства перасадачных станцыяў на іншыя віды транспарту. Ад станцыі аэрапорту да цэнтру места можна даехаць за блізу 25 хвілінаў. У 2019 годзе Лісабонскі мэтрапалітэн абслужыў каля 173 мільёнаў пасажыраў, то бок прыкладна 475 тысяч чалавек штодня. На 2023 год мэтрапалітэн складаецца з чатырох лініяў, пазначаных асобнымі колерамі, як то сінім, жоўтым, зялёным і чырвоным, а колькасьць станцыяў сягае лічбы 56 з агульнай працягласьцю лініяў у 44,5 км. Было прапанавана некалькі праектаў пашырэньня сеткі, апошні зь якіх мае на мэце пераўтварэньне зялёнай лініі ў колцавую і пабудаваньня яшчэ дзьвюх станцыяў.

Трамвай ля Лісабонскай катэдры.

Трамвай зважаецца традыцыйным відам грамадзкага транспарту ў Лісабоне. Электрычныя трамваі, якія зьявіліся на вуліцах партугальскай сталіцы ў 1901 годзе, пачаткова былі імпартаваныя з ЗША[19] і таму мелі назоў амэрыканас (па-партугальску: americanos — амэрыканскі). За выключэньнем сучаснай лініі нумар 15, у Лісабонскай трамвайнай сыстэме па-ранейшаму выкарыстоўваюцца невялікія чатырохколавыя транспартныя сродкі канструкцыі пачатку XX стагодзьдзя. Гэтыя характэрныя жоўтыя трамваі ёсьць адной з турыстычных карткаў сучаснага Лісабону, а іхны памер добра пасуе да стромкіх пагоркаў і вузкіх вулачак у цэнтры гораду[20]. Самыя раньнія мадэлі трамваяў усё яшчэ можна пабачыць у музэі грамадзкага транспарту Лісабону.

Цяпер агульная працягласьць трамвайнай сеткі складае 31 кілямэтар. Яна складаецца з шасьці лініяў. Раней максымальная працягласьць сягала 76 кілямэтраў, на якіх абслугоўваліся 27 лініяў. Павольны заняпад сеткі пачаўся з будаўніцтвам Лісабонскага мэтрапалітэну і пашырэньнем аўтобуснай сыстэмы[21]. Пачынаючы з 2017 году сыстэма была крыху пашыраная. Таксама паступова дадаваліся новыя транспартныя сродкі, каб значна пашырыць бягучую трамвайную сыстэму[22][23][24].

Мясцовым аўтобусам у Лісабоне кіруе кампанія Carris. Ейны парк налічвае 741 аўтобус, а ў пэрыяд з 2023 па 2026 гады згодна з плянамі будуць дададзеныя яшчэ 342 аўтобусы, каб павялічыць дасяжнасьць сыстэмы грамадзкага транспарту[25][26]. Аўтобусная сетка мае працягласьць у 748 км і ўлучае 99 аўтобусных маршрутаў[27]. Пры гэтым у час з 2017 па 2022 гады былі зробленыя значныя інвэстыцыі ў гэты віду транспарту. Па-за межамі Лісабону маюцца дзьве асноўныя прыгарадныя аўтобусныя службы, якія злучаюць прадмесьці зь Лісабонам. Брэндам Carris Metropolitana[28] кіруюць ажно чатыры кампаніі, якія працуюць у Лісабонскім сталічным рэгіёне.

Паветранае злучэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Будынак лісабонскага аэрапорту.

Пакуль адзіны лісабонскі аэрапорт імя Ўмбэрту Дэлгаду месьціцца ў межах гораду. Тут разьмешчаная сядзіба флягманскага перавозьніка краіны TAP Portugal, а таксама лётнішча зважаецца хабам авіякампаніяў EasyJet, Azores Airlines, Ryanair, EuroAtlantic Airways, White Airways і Hi Fly. У 2023 годзе аэрапорт абслужыў 33,65 мільёнаў пасажыраў, што зрабіла яго самым загружаным аэрапортам Партугаліі, трэцім паводле загружанасьці на Пірэнэйскім паўвостраве і 12-м паводле загружанасьці ў Эўропе[29][30].

Да партугальскай і эўрапейскай крызаў быў прапанаваны праект другога аэрапорту, але рэалізацыі заміналі няўцішныя дыскусіі аб тым, ці патрэбны новы аэрапорт. У 2023 годзе было разгледжана дзевяць магчымых пляцовак, дзе, як мяркуецца, можа быць пабудаваны будучы аэрапорт[31][32]. Нарэшце, у 2024 годзе новы ўрад абвесьціў, што новы міжнародны аэрапорт мусіць паўстаць у Алькашэці, праз раку Тагус ад Лісабону[33].

Муніцыпальны аэрадром Кашкайшу, які месьціцца ў 20 км на захад ад гарадзкога цэнтру, прапануе камэрцыйныя нутраныя рэйсы ў Брагансу, Партыман, Візэў і Віла-Рэал. У гэтым месцы таксама сканцэнтраваныя многія авіяцыйныя школы краіны.

Эштадыю да Луш — хатняя арэна «Бэнфікі».

Лісабон мае даўнія спартовыя традыцыі. Тут ладзіўся фінал чэмпіянату Эўропы па футболе 2004 году. У месьце таксама быў згуляны фінал чэмпіянату сьвету па лёгкай атлетыцы ў памяшканьні 2001 году. У Лісабоне ладзіўся чэмпіянат Эўропы па фэхтаваньні 1983 і 1992 гадоў, чэмпіянат сьвету па гандболе сярод мужчынаў 2003 году і чэмпіянат Эўропы па дзюдо 2008 году. З 2006 па 2008 гады Лісабон быў стартавым пунктам ральлі Дакар. На адным зь лісабонскіх стадыёнаў ладзіліся фіналы Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2014 і 2020 гадоў. У 2008 і 2016 гадах горад прымаў чэмпіянат Эўропы па трыятлёне. Адзін з этапаў Акіянскай гонкі праходзіць у Лісабоне.

Хатняя арэна «Спортынгу» Эштадыю Жузэ Алваладэ.

У горадзе маецца цэлы шэраг футбольных клюбаў, якія змагаюцца ў найвышэйшай лізе Партугаліі Прымэйра-лізе. Шматразовымі чэмпіёнамі краіны ёсьць два выбітныя клюбы з партугальскай сталіцы, як то «Бэнфіка» і «Спортынг». Акрамя таго, у квартале Бэлен месьціцца клюб «Бэленэнсіш», які быў зафундаваны ў 1901 годзе і толькі аднойчы ў 1926 годзе здабываў тытул чэмпіёна краіны. Іншыя клюбы места ёсьць «Атлетыка», «Каза Пія» і «Арыентал».

У Лісабоне можна налічыць два стадыёны чацьвертай катэгорыі УЭФА. Гэта Эштадыю да Луш, які ёсьць домам «Бэнфікі», з умяшчальнасьцю больш за 65 тысяч чалавек і Эштадыю Жузэ Алваладэ, які ёсьць хатняй пляцоўкай «Спортынгу», з умяшчальнасьцю больш за 50 тысяч гледачоў. Эштадыю да Луш двойчы арганізоўваў фінал Лігі чэмпіёнаў УЭФА ў 2014 і 2020 гадах. Стадыён «Бэленэнсішу» Рэстэлу мае ўмяшчальнасьць большую за 19 тысяч чалавек. Нацыянальны стадыён, які месьціцца ў суседнім месьце Аэйраш, мае ўмяшчальнасьць у 37 тысяч чалавек і выкарыстоўваўся выключна для міжнародных футбольных матчаў і фіналаў кубкаў да пабудовы вялікіх стадыёнаў у горадзе. У 1967 годзе тут прайшоў Фінал Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў.

Таксама папулярныя і іншыя віды спорту, як то баскетбол, футзал, гандбол, хакей на квадах, рэгбі і валейбол. У Лісабоне маецца шмат іншых спартовых збудаваньняў, пачынаючы ад арэнаў для лёгкай атлетыкі, ветразевага спорту, гульні ў гольф і сканчваючы пляцоўкамі для спаборніцтваў на горных роварах. Штогод ў сакавіку ладзіцца Лісабонскі паўмаратон, а ў верасьні бегуны і бягухі бяруць удзел у Партугальскім паўмаратоне.

  1. ^ Direção-Geral do Território Archive.is
  2. ^ Demographia: World Urban Areas. 2017. Demographia.com
  3. ^ «The World According to GaWC 2010». Globalization and World Cities Research Network
  4. ^ «Avance del Plan Territorial Sectorial de la Red Intermodal y Logística del Transporte de la Comunidad Autónoma del País Vasco» — Eusko Jaurlaritza — Gobierno Vasco.
  5. ^ «ANA — Aeroportos de Portugal SA (via noodls) / 18 million: Lisbon Airport reaches new passenger record». Noodls.com.
  6. ^ Alta Velocidade em Síntese. Rave.pt
  7. ^ Global city GDP rankings 2008–2025. Pricewaterhouse Coopers.
  8. ^ «Lisboa é 9ª cidade que mais recebe congressos internacionais» — Agência LUSA
  9. ^ «Lisbon». Eurogate.
  10. ^ «Pequeno Resumo Histórico de Lisboa». Câmara Municipal de Lisboa.
  11. ^ «The Monocle Quality of Life Survey 2019». Monocle.
  12. ^ «Top 100 City Destinations: 2019 Edition». Euromonitor.
  13. ^ «Lisbon, Portugal — Image of the Week». Earth Watching.
  14. ^ «What are the most and least 'over-touristed' capital cities in Europe?». Euronews.
  15. ^ «Lisbon is the sixth most popular city for business tourism». The Portugal News.
  16. ^ «Portugal named best tourism destination in Europe, 5th time in last six years». Fall River Herald News.
  17. ^ «Turismo em Números — 2022». TravelBI by Turismo de Portugal.
  18. ^ «Cada turista em Lisboa vai gastar este ano, em média, 911 euros. Turismo vai dar 17,4 mil milhões à economia (sem contar com a JMJ)». Observador
  19. ^ «Electrical World». McGraw-Hill. 1900. — С. 566.
  20. ^ «Lisbon Trams Part One: Trams of Today». Luso Pages.
  21. ^ Pincha, João Pedro (3.04.2019). «Rede de eléctricos da Carris vai ligar o Jamor a Sacavém». Público.
  22. ^ Raposo, Frederico (2.11.2021). «Os elétricos não são só para turista ver. Podem ser o futuro da mobilidade em Lisboa». Mensagem de Lisboa.
  23. ^ Raposo, Frederico (9.09.2022). «Elétricos vão duplicar e Lisboa estuda „novas linhas de metro ligeiro“. Amadora - Sta. Apolónia pode ser a primeira». Mensagem de Lisboa
  24. ^ «Novos elétricos da Carris chegam a Algés e há planos de expansão até à Cruz Quebrada». New in Oeiras
  25. ^ «Carris vai comprar 117 autocarros 100% elétricos até 2026 e um bus a hidrogénio». Motor24.
  26. ^ «Carris reforça frota com 100 autocarros — e são verdes». Diário de Notícias.
  27. ^ «Km de autocarros». Carris.
  28. ^ «Carris Metropolitana»
  29. ^ «Movimento de passageiros nos aeroportos portugueses fechou 2022 ainda 5,6% abaixo dos números pré-pandemia». Expresso.
  30. ^ «Lisboa no top 10 dos aeroportos com mais passageiros». TSF Rádio Notícias
  31. ^ «Avaliação de Impacte Ambiental pode adiar decisão de novo aeroporto mais um ano». Dinheiro Vivo.
  32. ^ «Comissão Técnica já definiu os cinco critérios de decisão para o novo aeroporto de Lisboa». ECO.
  33. ^ Vicente Rua, Patrícia (14.05.2024). «Portugal to build new airport across the river from Lisbon». Reuters.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]