Перайсьці да зьместу

Зыгмунт Чаховіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зыгмунт Чаховіч
лац. Zygmunt Čachovič
па-польску: Zygmunt Czechowicz
Сябра Літоўскага правінцыйнага камітэту
1862 — 1863
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 19 жніўня 1831(1831-08-19)
вёска Сурвілішкі, Дзісенскі павет, Літоўска-Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 15 (28) кастрычніка 1907[1] (76 гадоў)
маёнтак Малыя Бясяды, Вялейскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Сужэнец: Анэля з Арамовічаў[d]
Дзеці: Мечыслаў Чаховіч[d] і Вітольд Чаховіч[d]
Бацька: Бэрнард Чаховіч
Маці: Юзэфа зь Мірскіх
Род: Чаховічы
Адукацыя: Віленскі шляхецкі інстытут (1851)

Зыгмунт Бэрнардавіч Чаховіч (Чаховіч-Ляхавіцкі) гербу Астоя (1831; в. Сурвілішкі, цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 1907; маёнтак Малыя Бясяды, цяпер Лагойскі раён, Менская вобласьць, Беларусь) — адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Радавод вёў з XVI стагодзьдзя, з часоў Жыгімонта Вазы[2].

Нарадзіўся ў сям’і завілейскага падкаморага, удзельніка паўстаньня 1830—1831 гадоў Бэрнарда Чаховіча і Юзэфы зь Сьвятаполк-Мірскіх(be)[3]. У 1851 годзе скончыў Віленскі шляхецкі інстытут, навучаўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце.

У 1862—1863 гадах сябра Літоўскага правінцыйнага камітэту, па яго ліквідацыі экспэдытар (загадваў кансьпіратыўнымі сувязямі з ваяводзтвамі) у Аддзеле кіраўніцтва правінцыямі Літвы і Выканаўчым аддзеле Літвы. Паплечнік Каліноўскага па падрыхтоўцы і кіраўніцтве паўстаньнем[4]. Прытым не даваў веры кірункам і праграмам: «Мы ў маленькай лодачцы пасярод вялікай буры, розныя элемэнты ня прыйдуць да згоды»[5].

Арыштаваны 31 ліпеня 1863 году. Асуджаны на 12 гадоў Нерчынскай катаргі (Забайкальская вобласьць). У 1875 годзе адабраныя па арышце маёнткі Крашаны і Мацкоўцы (цяпер вёска Мацковічы, Пастаўскі раён) прадалі за даўгі.

Каля 1880 году вярнуўся ў Беларусь, жыў у маёнтку Малыя Бясяды (Вялейскі павет, Віленская губэрня) напаўлегальна без урадавага дазволу[6]. Быў знаёмы з маладым Янкам Купалам, сям’я якога ў 1895—1904 гадох пражывала непадалёк у фальварку Селішча. У доме Чаховіча Янка Купала ўпершыню пазнаёміўся зь нелегальнай літаратурай, карыстаўся яго бібліятэкай і гутарыў зь ім пра паўстаньне 1863—1864 гадоў. Пра іх сустрэчы паэт неаднойчы ўспамінаў у аўтабіяграфіях. Моцна паўплываў на сьветапогляд будучага беларускага клясыка.

Уладзімер Караткевіч апісаў яго ўплыў на ўтварэньне сьветапогляду Янкі Купалы ў п’есе «Калыска чатырох чараўніцаў».

  1. ^ а б метрычная кніга
  2. ^ Ігар Пракаповіч. Зыгмунт Чаховіч — паўстанец, пакутнік, духоўны бацька Янкі Купалы // Шыпшына : бюлетэнь. — Ліпень 2011. — № 7. — С. 5—6.
  3. ^ Янка Драўніцкі. Камаі — радзіма Браніслава Руткоўскага // Куфэрак Віленшчыны : часопіс. — 2004. — № 1 (9). — С. 133—148.
  4. ^ Генадзь Кісялёў. Чаховіч (Чаховіч-Ляхавіцкі) // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2003. — Т. 17. — С. 261. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  5. ^ Э. Кучэўскі-Порай. Рэарганізацыя ЛПК // Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць / Генадзь Кісялёў. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 464 с. — (Гісторыка-літаратурныя помнікі). — ISBN 985-6318-41-6
  6. ^ Ігар Пракаповіч. Летуценьнік, заўсёды заняты кнігамі // Культура : газэта. — 24 верасьня 2011. — № 39 (1010). — С. 14.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Łatyszonek O., Mironowicz E. Historia Białorusi od połowy XVIII do XX w. Rozdział IV: Powstanie styczniowe. — Białystok, 2002. S. 94—95.  (пол.)
  • Marek J. Minakowski, Ci wielcy Polacy to nasza rodzina. Wyd. 3 / Dr Minakowski Publikacje Elektroniczne. — Kraków, 2008. ISBN 83-918058-5-9  (пол.).