Готфрыд Ляйбніц
Готфрыд Ляйбніц, поўнае імя — Готфрыд Вільгэльм Ляйбніц (па-нямецку: Gottfried Wilhelm Leibniz; 1 ліпеня 1646 — 14 лістапада 1716) — навуковец, матэматык, філёзаф-ідэаліст.
Жыцьцё Ляйбніца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ляйбніц нарадзіўся ў Ляйпцыгу, як сын прафэсара права ў Ляйпцыскім унівэрсытэце. Вельмі мажліва, што ён паходзіў зь сям’і польскіх эмігрантаў, арыян Любенецкіх.[14] Ляйбніц зь дзяцінства палюбіў навуковыя кніжкі і маючы 15 год паступіў у Ляйпцыскі ўнівэрсытэт, дзе вучыў права, матэматыку і філёзофію. Маючы 17 год, ён у Альтдорфе напісаў працу Disputatio methapysica de principio individui («Развагі мэтафізычныя аб прынцыпах індывідуацыі» (1663)), у якой праявіў нязвычайную эрудыцыю і самабытнасьць. У наступным, 1665, ён набыў ступень магістра філязофіі за працу Specimen quaestionum philosophicarum ex jure collectarum... («Вопыт у філязофскіх пытаньнях, сабраных з вобласьці права»), а пасьля выдаў дзьве юрыдычныя працы: Dissertatio juridica de condtionibus... («Развагі аб умовах у праве», 1665) і матэматычнае сачыненьне Dissertatio de arte combinatoria («Развагі аб камбінатарскім мастацтве», 1666) Маючы 20 год, ён у тым жа годзе стаў доктарам права з дысэртацыяй Disputatio inauguralis de casibus perplexis in jure («Развагі аб заблытаных казусах спатканых у праве» (1666)). Яму была прапанавана ўнівэрсытэцкая катэдра, але прагнучы больш добрага і чыннага жыцьця, адмовіў прапанову. Пасьля, ён ніколі не абцяжарваў сабе акадэмічнай працай. Замест гэтага, ён пайшоў на службу да майнцкага курфюрста ў якасьці юрыста і як супрацоўнік першага міністра, адразу апынуўся ў віры буйной эўрапейскай палітыкі. Ён займаўся разнакшталтавымі справамі, адна зь якіх была важнейшай за іншую: рэформа навучаньня юрыспрудэнцыі, кадыфікацыя права, спосабы барацьбы з герэтыкамі, пагаджэньне каталіцызма з пратэстантызмам. Маючы 24 гады, ён стаў раднікам найвышэйшага суду ў Палатынаце; у палітычных місіях апынуўся праз чатыры гады ў Парыжы (1673), у 76-м езьдзіў да Лёндану, дзе быў абраны чальцом Каралеўскага таварыства, і ў тым жа годзе да Амстэрдаму, адначасова займаючыся навукай — найперш матэматыкай і прыродазнаўствам. Таксама ён вывучаў і філёзафаў — Картэзія, Гобса і Паскаля.
У 1676 па сьмерці курфюрста і яго міністра, ён асеў у Гановэры, як радца двору і бібліятэкар гановерскага князя і ў гэтай пасадзе застаўся на сорак гадоў да самай сьмерці. Нарэшце, больш часу ён патраціў на палітычных і навуковых падарожжах, чым у ціхім маленькім месты, якое не супакойвала яго амбіцыі. У сувязі са сваёй пасадай ён браў удзел ў розных дыпляматычных падзеях, а таксама працаваў на полі гісторыі права, выдаваў Annales Brunsvicenses, Scriptorese rerum Brunsvicensium, Codex juris gentium і вялікую гісторыю роду князёў браўнсьвейскіх. У 1687-1690 ён зрабіў вялікае падарожжа, падчас якога наведаў Італію і Аўстрыю А па-за тым працаваў над мноствам рэчаў, робячы адкрыцьці, будуючы тэорыі і ствараючы праекты справаў і рэформ. У кола яго інтарэсаў ўваходзіла тэалёгія, права, дзяржаўны лад, прыродазнаўства з усімі разьдзеламі, а найбольш мэханіка, потым мэдыцына, горніцтва, мовазнаўства, лёгіка, а найбольш за ўсяго матэматыка і філёзофія. Ён ня раз скардзіўся на шырыню і разьбегласьць сваіх працаў, але не хацеў перастаць займацца якойсьці-та зь іх. Яго ўлюблёнай думкай была арганізацыя навук і стварэньне з гэтай мэтай акадэміі. Аб тым ён дбаў у Бэрліне, Вене і Пецярбургу. У Бэрліне, дзе ён шмат бываў, ён дамогся адкрыцьця Акадэміі Навук у 1700 і быў яе першым кіраўніком. У тым жа годзе ён быў абраным сябрам Парыскай Акадэміі навук. У Вене, дзе ён пражыў з 1712 па 1714 ён атрымаў пасаду радцы імпэратара і гонар барона, ён ня змог утварыць Акадэміі з-за фінансавых праблем у дзяржаве. Яго філязофіяй цікавіліся ня толькі навуковыя сфэры, але і манаршыя двары (ён меў стасункі з Соф’яй Ганавэрскай, Соф’ей Каралінай Прускай, Яўгенам Сабаўдзкім і інш.). Некаторыя манархі прыбягалі да яго рады (Пётар I Вялікі) і надароўвалі яго тытуламі і ласкамі. Але пасьля жыцьця поўнага сьветласьці, ён памёр у Гановэры цалкам самотным.
Погляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ляйбніц быў фактычна адзіным у сваім родзе: навука Новага часу ня ведае мысьляра больш усебаковага і арыгінальнага. Ён быў перадусім філёзафам, але і ў іншых навуках працаваў таксама творча. У сваіх разважаньнях ён прымаў найрозьнейшыя пункты гледжаньня — метафізычны, навуковы, грамадзкі, рэлігійны. Характэрыстычным для яго была кампіляцыя з пагодай супрацьлеглых поглядаў. Іншай асаблівасьцю было яго дужа вялікае ўяўленьне, якое прыводзіла да незвычайных думак і нечаканых вынікаў.[15]
Філязофія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэтафізыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Леібніца, кожная зьява зьяўляецца індывідуальнай, кожнае розьніцца ад іншага, то значыць што няма двух лісьцяў, ані кропель вады, якія б былі цалкам падобны. Гэта было насуперак распаўсюджанаму погляду атамістаў, што няма дзьвюх рэчаў, якія б розьніліся толькі месцам, якое яны займаюць у прасторы, а нарэшце, усёроўна зьяўляюцца ідэнтычнымі.
Усялякая зьява, якая розьніца паміж собку, мае паміж собку зьяву пасярэднюю па падабенству, бо ў прыродзе няма скокаў, а толькі пераходы. Зьявы зьяўляюцца непарыўнымі. Напрыклад, паміж рознымі тыпамі рухаў пераходы таксама зьяўляюцца непарыўнымі часткамі, а пакой ёсьць толькі чарговым пунктам у шэрагу рухаў. Гэта значыць, што несьвядомасьць ёсьць толькі ніжэйшай праявай сьвядомасьці, фальш ёсьць найменшай праўдай, а зло найменшым дабром.
Матэматыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У матэматыцы Ляйбніц здолеў раней за Ньютана і незалежна ад яго адкрыць дыфэрэнцыялы.[16] Распрацоўка дыфэрэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэньняў мелі вялізнае значэньне для разьвіцьця матэматыкі і прыродазнаўчых навук. Ляйбніц тым самым, разам зь Ньютанам, працягнуў разьвіцьцё руху і дыялектыкі, якое ўнёс у матэматыку яшчэ Рэнэ Дэкарт са сваёй зьменлівай велічынёй.[17] Ляйбніц у матэматыцы зьвёў усе прыватныя і адасобленыя прыёмы дасьледаваньня ў адзіную сыстэму ўзаемна зьвязаных паняцьцяў аналізу, якія былі выражаны ў азначэньнях, якія дазвалялі праводзіць дзеяньні над бясконца малымі паводле правілаў вызначанага альгарытму. Ляйбніц сфармуляваў паняцьце дыфэрэнцыяла ўжо ў 1675 як бясконца малой рознасьці двух бясконца блізкіх значэньняў пераменлівай велічыні, і інтэграла як сумы бясконцай колькасьці дыфэрэнцыялаў, і надаў прасьцейшыя правілы інтэграваньня і дыфэрэнцыянаваньня. У гэтай жа працы, у яго спаткаюцца сучасныя знакі дыфэрэнцыяла і інтэграла.
Найбольш знакамітай стала яго формула, якая выражае вытворную n-га парадку ад вытварэньня дзьвюх функцый праз вытворныя сумножыцеляў. Пазьней, гэтая формула атрымала назву «Формула Ляйбніца»:
Хай функцыя непарыўна разам са сваёй першай вытворнай на прамвугольніку (адрэзак улучае ў сабе мноства значэньняў ), a функцыі дыфэрэнцуемы на . Тады інтэграл дыфэрэнцуем па на і справядліва роўнасьць
Мовазнаўства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пытаньні мовазнаўства гралі істотную ролю ў яго навуковае дзейнасьці. Ён выступіў рэзка супраць пануючай тады легенды аб паходжаньні ўсіх моў ад старажытнагабрэйскай. У сваёй клясыфікацыі ён указаў на гістарычную блізкасьць шэрагу моў (напр. гэрманскіх і славянскіх, фінскай і ўгорскай, цюрскіх), перадухіліўшы тым самым дасягненьні пазьнейшае навукі.
Апазыцыя Ляйбніцу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жадаючы пагадзіць усіх, Ляйбніц не задаволіў нікога; у кансэрватыўных колах яго прымалі за небясьпечнага вольнамысьліцеля, а ў навуковых і памяркоўных сфэрах выдавалася шкодным і дрэнным яго наступленьні на тэмат рэлігіі.
Апазыцыя супрацьстаяла Ляйбніцу і адказвала яму пераважна, у прыватнай карэспандэнцыі, якую ён праводзіў з усім сучасным навуковым сьветам. Нп. за палажэньні картэзыязму доўгая палеміка празь лісты была ў яго зь філёзафам Арнольдам, а за палажэньні Ньютана змагаўся Кларк.[18]
Наступнікі Ляйбніца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Досыць блізкія Ляйбніцавы ідэі выказваў адзін Шафтбэры. Блізкія да яго погляды выказваў паўднёва-славянскі філёзаф Басковіч (1711—1787), які абараняў дынамізм у філязофіі прыроды.
Ляйбніц за жыцьцё здабыў славу, але не стварыў школы. Гэта тлумачыцца той сфэрай, у якой ён знаходзіўся: гэта былі выбітныя вучоныя і манархі, большасьць зь якіх, былі матэрыялам непрыдатным для вучнёўства. Аднак, у яго быў адзін наступнік, які сыстэматызаваў і распаўсюдзіў яго філязофію — Хрысьціян Вольф. Вольф узяў ад Ляйбніца толькі некаторыя матывы, мінуючы нават тое, што было найарыгінальнейшым яго помыслам — «усталяваная паўсюль гармонія», і захаваў таксама лягічную тэорыю. У яго выкладзе, філязофія Ляйбніца стала вяршыняй рацыяналізму. Вольф выхаваў борзда шмат вучняў і даў пачатак г.зв. Ляйбніц-Вольфаўскай школе. Яна не выйшла па-за Нямеччыну, але ў Нямеччыне то была ўнівэрсытэцкая філязофія цэлае XVIII стагодзьдзе, да Канта.[19]
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь вялізарнай колькасьці лістоў Ляйбніца, толькі невялічкая частка была апублікавана пры яго жыцьці. Асобна, акрамя дысэртацыяў у маладосьці ён выдаў толькі Teodyce («Тэадыцыя», 1710). Найбольш ён друкаваўся ў навуковых часопісах, у Acta eruditorum i Journal des savants. Значнай месца займаюць яго навуковыя лісты і адказы ў акадэміцкіх размовах, і вялізарная навуковая карэспандэнцыя (сама Каралеўская Бібліятэка ў Гановэры захоўвае каля 15 000 яго лістоў, якія скіраваны да больш чым тысячы асобаў), а таксама ў лістах звычайных і палемічных (Nouveaux essais напрыклад, была яго палемікай з Локам) і папулярных скаротах, прызначаных для зацікаўленых манархаў (напрыклад, Principes de la nature et de la grace быў напісаны для Яўгена Сабаудзкага).
Разам з тым ён нідзе не выклаў велізарна і сыстэматычна сваіх поглядаў. У малодшыя гады ён пісаў па лаціне, пазьней па-француску, надзвычай рэдка па-нямецку.
Найважнейшыя філязофскія лісты:
- Disputatio methapysica de principio individui («Развагі мэтафізычныя аб прынцыпах індывідуацыі» 1663)
- Systeme nouveau de la nature... («Новая сыстэма прыроды...» 1695)
- Essai de Teodicee («Тэадыцэя» 1696)
- Nouveaux essais sur l’entendement humain («Новы вопыт аб чалавечым розуме» 1704)
- Principes de la nature et de la grace («Прынцыпы прыроды заснаваныя на розуме» 1714)
- Monadologie («Манадалёгія» 1714)
Найважнейшыя матэматычныя сачыненьні:
- Nova methodus pro maximis et minimis, itemque tangentibus, quae nec fractas, nec irrationalos quantitates moratur, et singulare pro illis calculi genus («Новая мэтода максымумаў і мінімумаў, а таксама дакранальных, для якога ня служаць перашкодаю ані дробныя, ані ірацыянальныя велічыні, і асаблівы для гэтага род вылічэньня» 1684)
- De geometria recondita et analysi indivisibilium et infinitorum... («Аб сакрытай гэамэтрыі і аналізы непадзельных і бясконцых»1686)
Найважнейшымі сачыненьнямі ў вобласьці фізыкі зьяўляюцца:
- Theoria motus abstracti («Тэорыя абстрактнага руху» 1671)
- Hypothesis physica nova... Theoria motus concreti («Новая фізычная гіпотэза...Тэорыя канкрэтнага руху» 1671)
- Specimen dynamicum... («Вопыт аб дынаміцы» 1695)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
- ^ Gottfried Leibniz // Internet Philosophy Ontology project (анг.)
- ^ а б Gottfried Wilhelm Leibniz // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б Майоров Г. Г. Лейбниц Готфрид Вильгельм // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1973. — Т. 14 : Куна — Ломами. — С. 268—270.
- ^ Belaval Y., Look B. C. Gottfried Wilhelm Leibniz // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ http://www.gutenberg.org/files/40957/40957-h/40957-h.htm
- ^ Kalesse M. Ekkehard Winterfeldt (1932-2014) (анг.) // Angewandte Chemie International Edition — Wiley, 2014. — Vol. 54, Iss. 1. — P. 35. — ISSN 1433-7851; 1521-3773 — doi:10.1002/ANIE.201410838 — PMID:25476468
- ^ The Catholic Encyclopedia (анг.): An International Work of Reference on the Constitution, Doctrine, Discipline, and History of the Catholic Church — NYC: D. Appleton & Company, 1913.
- ^ http://www-history.mcs.st-andrews.ac.uk/Biographies/Leibniz.html
- ^ http://www.technikatlas.de/~th2/biografie.html
- ^ Матэматычная генеалогія (анг.) — 1997.
- ^ https://www.deutsche-biographie.de/gnd118571249.html#ndbcontent
- ^ http://www.gwleibniz.com/friedrich_leibniz/friedrich_leibniz.html
- ^ Władysław Tatarkiewicz. Historja filozofji. Filozofja nowożytna. (Tom II, wydanie drugie) Lwów, 1933. s. 78
- ^ Władysław Tatarkiewicz. Historja filozofji. Filozofja nowożytna. (Tom II, wydanie drugie) Lwów, 1933. s. 79
- ^ Норман Дэвис. История Европы. Москва : — 2006. с. 441
- ^ Энгельс Ф., Диалектика природы, 1952, ст. 256
- ^ Władysław Tatarkiewicz. Historja filozofji. Tom II. Filozofja nowożytna (wydanie drugie) Lwów, 1933 st. 87
- ^ Władysław Tatarkiewicz. Historja filozofji. Tom II Filozofja nowożytna (wydanie drugie) Lwów, 1933. st. 88
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Готфрыд Ляйбніц — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Готфрыд Ляйбніц // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.