Гетман
Гетман (па-польску: hetman, па-чэску: hejtman, па-нямецку: Hauptmann, па-ўкраінску: гетьман, па-румынску: hatman) — гістарычная назва галоўнакамандуючага войска ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай ў 15—18 ст. (вялікі каронны, вялікі літоўскі, яго намесьнік — польны), ва Ўкраіне ў 16—17 ст. — начальнік рэестравых казакоў. Таксама дадзены назоў быў распаўсюджаны на тэрыторыі Чэхіі, Малдовы.
Першапачаткова гетман прызначаўся каралём толькі на час вайсковых дзеяньняў. Упершыню зьявіўся ў ВКЛ (у 1497 годзе — Канстантын Астроскі). З 1527 году гетманы сталі найвышэйшымі вайсковымі кіраўнікамі. З 1581 году гетман зьяўляецца сталай пасадай у Рэчы Паспалітай.
Прызначаўся беспасярэдне вялікім князям літоўскім. Гетман вялікі літоўскі і гетман польны літоўскі кіравалі левым і правым крылом літоўскага войска. Гетман польны аднак падпарадклоўваўся вялікаму. У мірны час гетман вялікі займаўся арганізацыйнымі справамі й бараніў інтарэсы войска, гетман польны кіраваў малымі атрадамі, ахоўваў дзяржаўную мяжу збольшага на ўсходзе.
Пасада пажыцьцёвая, але пад час немачы гетмана ці яго адсутнасьці (напр. палон) вялікі князь мог прызначыць іншага гетмана.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Гетман вялікі літоўскі
У ВКЛ тытул вядомы з канца 15 ст., аднак поўнае вызначэньне яго функцыяў і юрыдычнае афармленьне гетманства як дзяржаўнай пасады зьвязана зь менскай ухвалай Жыгімонта I Старога за 1507. Вялікі князь як непасрэдны кіраўнік дзяржавы і войска прызначаў замест сябе гетмана, надзеленага дыктатарскімі паўнамоцтвамі: ён мог караць падначаленых за парушэньне дысцыпліны, гвалт над насельніцтвам і г. д. Правы гетмана канчаткова ўнармавала «Вайсковая ўстава» 1511 і ўхвала сойма 1516. Існавалі пасады гетмана найвышэйшага (17—18 ст. ён называўся вялікім) і палявога. Паводле статутаў ВКЛ іх маглі займаць толькі падданыя ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў пасада гетмана найвышэйшага стала пажыцьцёвай. Атрымаўшы дадатковыя абавязкі, гетман займаў функцыі ваеннага міністра: ён мусіў камплектаваць узброеныя сілы, распараджацца сярэбшчынай, назіраць за станам памежных замкаў і інш., з 17 ст. гэтыя задачы сталі галоўнымі абавязкамі. Ствараць войска, весьці перамовы гетман мог толькі на падставе лістоў вялікага князя. Поўная гетманская ўлада, уключаючы права суду і сьмяротнага пакараньня, распаўсюджвалася толькі на войска, непасрэдна падпарадкаванае гетману.