Перайсьці да зьместу

Вайсрутэнізацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вайсрутэніза́цыя (па-нямецку: Weissruthenisation) — умоўная і часткова прынятая ў гістарыяграфіі[a] назва палітыкі, якая праводзілася ў Беларусі нямецкай акупацыйнай грамадзянскай адміністрацыяй Генэральнага камісарыяту «Вайсрутэнія» пад кіраўніцтвам В. Кубэ, а пазьней Готбэрга, у час нямецкай акупацыі (1941—1944).

У самым пачатку дзейнасьці як кіраўніка нямецкай грамадзянскай адміністрацыі Кубэ абвясьціў намер дасягнуць паразуменьня зь беларускім грамадзтвам на грунце ўпарадкаванай гаспадарчай дзейнасьці, культурных і палітычных саступак, зьдзейсьніў шэраг мераў у гэтым кірунку. Спрабаваў паказаць беларускаму народу станоўчую пэрспэктыву нямецкай акупацыі. Нечакана для многіх даў высокі прыярытэт разьвіцьцю слабога, як заўважалася, нацыянальнага пачуцьця беларусаў, публічна акрэсьліваў Беларусь як жыцьцёвую прастору беларускага народу. Шмат якія дзеяньні ў падтрымку беларускага нацыянальнага руху зьяўляліся ягонай уласнай ініцыятывай або вынікамі яго доўгіх намаганьняў. Дзеля атрыманьня лепшай палітычнай падтрымкі сваіх намаганьняў у кіравальных колах Нямеччыны выставіў ідэю аб нардычным паходжаньні беларусаў (пач. 1943).

Між іншым, выдаў тымчасовую інструкцыю па абавязковай сямігадовай школьнай адукацыі (10 верасьня 1941), зварот «Да жыхароў Беларусі!» (22 верасьня 1941), спрыяў дзейнасьці Беларускай народнай самапомачы (БНС), стварэньню Беларускай самааховы (БСА), адкрыцьцю мэдыцынскага інстытуту ў Магілёве (13 траўня 1943), дэкрэту аб прыватызацыі зямлі (3 чэрвеня 1943), стварэньню Саюзу беларускай моладзі (СБМ) (22 чэрвеня 1943), падтрымліваў захады па беларусізацыі царкоўнага жыцьця.

  1. ^ Напр., у працах Туронка.