Беларуская дыяспара
Беларуская дыяспара — супольнасьць людзей беларускага паходжаньня, якія пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь.
На 16 траўня 2007 году ў замежжы пражывала больш за 3,5 мільёну беларусаў, налічвалася каля 200 грамадскіх аб’яднаньняў у месцах іх шчыльнага пражываньня[1]. На лістапад 2013 году на ўліку ў замежных консульствах Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь стаяла 1,5 млн беларусаў замежжа (43 %)[2].
Па зьвестках розных дасьледаваньняў, колькасьць людзей, якія складаюць беларускую дыяспару, знаходзіцца паміж 2,5 і 3,5 мільёнамі. Гэтая лічба ўключае ў сябе нашчадкаў эканамічных эмігрантаў зь Беларусі канца XIX стагодзьдзя і пачатку XX стагодзьдзя, эмігрантаў часоў Другой сусьветнай вайны, а таксама эмігрантаў з хвалі, якая пачалася ў 1990-х гадах. Іншая група беларускай дыяспары — людзі, якія мігравалі ў СССР да 1991 году і якія пасьля яго скасаваньня сталі жыхарамі іншых постсавецкіх краінаў. Асобную групу складаюць звычайна зьвязаныя зь беларускай дыяспарай карэнныя беларускія меншасьці, якія пражываюць на межах Беларусі з Польшчай, Летувой і Расеяй.
Асобную групу эмігрантаў зь Беларусі ўтвараюць беларускія габрэі, якія стварылі значныя абшчыны ў ЗША і Ізраілі.
Існуе тэндэнцыя да скарачэньня колькасьці людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы паводле афіцыйных перапісаў.
Найбуйнейшыя і найбольш арганізаваныя беларускія дыяспары існуюць у Расеі, Украіне, Польшчы, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Летуве і іншых краінах Балтыі.
Аб’яднаньне беларусаў сьвету ў Менску зьяўляецца міжнароднай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае людзей беларускага паходжаньня з усяго сьвету. Урад нядоўгай Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні з 1919 году і дзейнічае ў якасьці цэнтру кансалідацыі для многіх беларусаў за мяжой, асабліва ў Паўночнай Амэрыцы і Заходняй Эўропе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Тацяна Ляўковіч. Беларусы замежжа прапануюць // Зьвязда : газэта. — 16 траўня 2007. — № 88 (25953). — ISSN 1990-763x.
- ^ Яраслаў Лыскавец. Аб’яднаць беларусаў сьвету // Зьвязда. — 23 лістапада 2013. — № 221 (27586). — С. 1.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская дыяспара — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў