Бабілёнія
Бабілёнія — рабаўладальніцкая дзяржава на тэрыторыі сучаснага Ірака, у сярэднім і ніжнім цячэньні рэк Тыгр і Эўфрат. Існавала ў 19—6 ст. да н.э.
Дзяржава была заснаваная пасьля пранікненьня ў Ніжнюю Мэсапатамію сэміцкіх плямёнаў амарэяў, зь якіх паходзіла 1-я дынастыя бабілёнскіх цароў (19—16 ст. да н.э.). Да канца 18 ст. да н.э. (цараваньне Хамурапі) Бабілёнія захапіла ўсё Паўднёвае Двухрэчча і стала адной з самых магутных дзяржаў Пярэдняй Азіі. У 1518 да н.э. Бабілёніяй завалодалі вандроўныя плямёны касытаў, пачаўся пэрыяд палітычнага і культурнага заняпаду. У 15 ст. да н.э. трапіла пад улад эґіпецкіх фараонаў, а з 1300 да н.э. — асырыйскага цара Ніна. Пасьля кароткага адраджэння пры Навухаданосары I (сяр. 12 ст. да н.э.) пачаўся новы пэрыяд палітычнага заслабленьня, дзяржава патрапляе пад улад Асырыі і на працягу многіх стагодзьдзяў была яе правінцыяй. На-пры канцы 2 — пач. 1 тыс. да н.э. у Бабілёнію пранікаюць хальдзейскія плямёны. У 626 да н.э. улад ў Бабілёніі захапіў хальдзейскі военачальнік Набапалясар, які ў саюзе зь Мідыяй разьбіў Асырыю і аб’явіў сябе бабілёнскім царом. Было ўтворанае Нова-Бабілёнскае (Хальдзейскае) царства, якое дасягнула найбольшага росквіту пры Навухаданосары II (1-я пал. 6 ст. да н.э.). Былі пераможаныя Эґіпет і Юдэйскае царства; Бабілён стаў галоўным гандлёвым цэнтрам Пярэдняй Азіі. У 538 да н.э. пры Валтасары Бабілёнія была заваявана Кірам II і стала правінцыяй дзяржавы Ахемэнідаў. Пасьля паходаў Аляксандра Македонскага Бабілёнія прыйшла ў заняпад, а яе сталіца паступова страціла сваё значэньне.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старажытны Бабілён узьнік на месцы больш старажытнага шумерскага места Кадынґіры, назва якога была пасьля перанесена на Бабілён. Упершыню Бабілён згадваецца ў надпісе акадзкага цара Шаркалішары (XXIII стагодзьдзе да н.э.). У XXII стагодзьдзі да н.э. Бабілён быў заваяваны й разрабаваны Шульґі, царом шумерскай дзяржавы Ура, які падпарадкаваў сабе ўсю Мэсапатамію.
Старабабілёнскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плямёны амарэяў, якія занялі ў канцы III тыс. да н.э. тэрыторыю Двурэчча, на працягу XX ст. да н.э. сталі ўтвараць незалежныя царствы. У 1895 г. да н.э. амарэйскім правадыром Суму-абумам было створана адно з такіх царстваў з цэнтрам у Бабілёне. Падчас актыўных войнаў паміж дзяржавамі Мэсапатаміі да 1800 г. да н.э. Бабілён стаў цэнтрам поўдня краіны, падкантрольнага царству Ларса. Сьмерць цара Шамшы-Адада I, які кіраваў велізарнай дзяржавай, якая ўключала ў сябе Верхнюю Мэсапатамію, дазволіла бабілёнскаму цару Хамурапі пачаць далучэньне разрозьненых царстваў. За 1764—1756 гг. да н.э. былі заваяваны Элам, Мары, Ашур, Эшнуна, Сузіяна — утварылася адзіная агульнамэсапатамская дзяржава, самым знакамітым помнікам якой сталі Законы Хамурапі.
Бабілёнская дзяржава мела рысы старажытна-ўсходняй дэспатыі, на чале якой стаяў цар, які валодаў заканадаўчай, выканаўчай, судовай і рэлігійнай уладай і абапіраўся на армію; воі атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі й былі неадчужальныя. Асноўную масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы й ўласьнікі. Грамадзтва падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі разьвіты ірыґацыйнае земляробства, садаводзтва, рамёствы, зьнешні й ўнутраны гандаль. Значнымі гандлёвымі цэнтрамі ў гэты час былі месты Бабілён, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур.
Сярэднебабілёнскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры пераемніку Хамурапі Самсу-ілуне 1749—1712 гг. да н.э.) у 1742 г. да н.э. адбіў уварваньне плямёнаў касытаў, якія напалі на Мэсапатамію. З канца XVII ст. да н.э. Бабілёнія перажыла ўнутраную крызу.
Уварваньне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Бабілёна іх царом Мурсілі у 1594 да н.э. спынілі кіраваньне старабабілёнскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касытамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (т.зв. касіцкі пэрыяд). Афіцыйнай назвай дзяржавы касытаў было Кардуніяш. Яго цары ў XV—XIV стст. да н.э. валодалі вялікімі тэрыторыямі даліны Ніжняга Эўфрата, Сырыйскага стэпу — аж да межаў эгіпецкіх уладаньняў у Паўднёвай Сырыі. Кіраваньне Бурна-Бурыяша II (каля 1366—1340 гг. да н.э.) было апаґеем касыцкай магутнасьці, аднак пасьля яго кіраваньня пачынаецца 150-гадовы пэрыяд бабілёна-асырыйскіх войнаў. Пры апошнім касыцкім цару Эліль-надзін-аху 1159—1157 да н.э.) Бабілёнія трапіла пад уладу Элама.
Асыра-бабілёнскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эламітам не ўдалося далучыць Бабілёнію да сваёй дзяржавы, паколькі іх валадарства натыкнулася на супраціўленьне мясцовага насельніцтва. Вызвалілася пры Навухаданосару І 1128—1105 да н.э.), які перанёс сталіцу з м. Ісін у Бабілён. Аднак адроджанае Бабілёнскае царства апынулася ў цені моцнай Асырыі. У IX ст. да н.э. паўднёвую частку Бабілёніі занялі хальдзеі.
Напачатку XI ст. да н.э. асырыйскі цар Тыглатпаласар I захапіў Бабілён, але ўтрымаць яго асырыйцы ня здолелі, і націск качэўнікаў прымусіў засяродзіць увагу на заходніх межах. Да 745 да н.э. Тыглатпаласар III аднавіў парадак у сваім царстве, завяршыў паўторнае заваяваньне Бабілёніі й ў 728 да н.э. быў каранаваны ў старажытным месьце Хамурапі. Тым ня меншей, моцны сваімі сэпаратысцкімі настроямі Бабілён ня стаў сталіцай Асырыі. Бабілёнская дзяржава страціла незалежнасьць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асырыі. Асырыйскі цар Сінахерыб пасьля паўстаньня ў Бабілёне 689 да н.э.) зраўняў гэтае места зь зямлёй, аднак ужо яго пераемнік Асархадон заняўся аднаўленьнем места.
Новабабілёнскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ізноў стала незалежная ў час кіраваньня хальдзейскага правадыра Набапаласара 626—605 да н.э.), які заснаваў халдзейскую (новабабілёнскую) дынастыю. Найбольшага эканамічнага росквіту й культурнага адраджэньня Бабілёнія дасягнула пры Навухаданосару II (604—561 да н.э.). Пасьля яго сьмерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэлігійная рэформа апошняга цара, арамэя па паходжаньні, Набаніда 556—539 да н.э.), якая вылучыла на першы плян культ бога Месяца Нана замест культу вярхоўнага бабілёнскага бога Мардука, выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная зьнешняя палітыка (войны ў Арабійскай пустыні) паслабіла армію. У 539 годзе да н.э. Бабілёнія была захопленая пэрсідзкім царствам Ахемэнідаў.
Культура і мастацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бабілёна-асырыйская літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бабілёна-асырыйская літаратура адлюстроўвае розныя бакі гаспадарчага, грамадзкага й паўсядзённага жыцьця народаў, якія жылі ў Старажытнай Мэсапатаміі ў першыя тры тысячагодзьдзі да нашай эры. Адметнай рысай Бабілёна-асырыйскай літаратуры зьяўляецца незвычайны кансэрватызм усіх літаратурных жанраў. Задачай пісца было не стварэньне новага літаратурнага твора, а захаваньне для будучых пакаленьняў літаратурнай спадчыны старажытнасьці ці ў лепшым выпадку прымяненьне старажытнай літаратуры да патрэбнасьцяў і патрэб сучаснасьці.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4