Перайсьці да зьместу

Ровар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
ровар
від транспарту, асабісты транспартны сродак
Падкляса аднагаход, двухколавік, спартовы інвэнтар Рэдагаваць
Матэрыялмэтал, вуглепалімэр, шклоплястык Рэдагаваць
Прычынападарожжа Рэдагаваць
ПершаадкрывальнікКарл Дрэз, Кіркпатрык Макмілак Рэдагаваць
Дата адкрыцьця1885 Рэдагаваць
Фізычна ўзаемадзейнічае здарога Рэдагаваць
Прызначаны дзеля перавозкіроварнік Рэдагаваць
ХэшцэтлікFahrrad, ровар, rower, koło Рэдагаваць
Гісторыя тэмыгісторыя ровара Рэдагаваць
Крыніца энэргііэнэргія чалавека Рэдагаваць
Выкарыстоўваеццароварнік, кур’ер, парамэдык, вэлякур'ер Рэдагаваць
Выкарыстоўваеpedal crank drive, роварная інфраструктура Рэдагаваць
Зьвязаная катэгорыяКатэгорыя:Песьні пра ровары Рэдагаваць
Сайт Stack Exchangehttps://bicycles.stackexchange.com/ Рэдагаваць
Код MCN8712.00.10 Рэдагаваць
Сымбаль Юнікоду🚲 Рэдагаваць
Катэгорыя для відаў элемэнтуКатэгорыя:Віды на ровары Рэдагаваць
Гэты Кросавы ровар зроблены зь лёгкіх, алюмініевых трубак і з узмоцненага графітам плястыку вобадаў і вілак. Для большай выдайнасьці і лепшай аэрадынамікі стырно пахіленае, а шыны тонкія.
Эвалюцыя ровара па гадах

Ро́вар (вэлясыпэ́д[1]) — наземны транспартны сродак без рухавіка.

Каб рухацца на ровары, чалавек сядае на яго і цісьне на понажы, якія праз ланцуг круцяць колы. Звычайна ровар мае два колы, якія зьмешчаны адно за другім, але бываюць і трох-, чатырох- і аднаколавыя ровары. Ровар ужываецца для перасоўваньня, а таксама для актыўнага адпачынку і спорту. Цяпер[Калі?] у сьвеце выкарыстоўваецца больш за мільярд ровараў; такім чынам, ровар — найпапулярнейшы транспартны сродак. Ён стаў такім дзякуючы невысокім коштам вырабленьня і эксплюатацыі, лёгкасьці, малым памерам, адсутнасьці патрэбы ў паліве. Перасоўваньне на ровары больш эканамічнае ў параўнаньні зь іншымі транспартнымі сродкамі і экалягічна чыстае.

У 2005 годзе паводле вынікаў апытаньня грамадзкага меркаваньня ў Вялікабрытаніі ровар быў прызнаны найвялікшым тэхнічным вынаходніцтвам з 1800 году. За ровар прагаласавала больш апытаных, чым за ўсе астатнія вынаходніцтвы, разам узятыя[2]. На 2014 год раварыстамі было 37 % насельніцтва Кітаю[3].

Слова вэлясыпэд паходзіць ад францускага velocipede, якое ўтворана з лацінскіх: velox (velocis) = хуткі і pes (pedis) = нага, ступня. У беларускайпольскай) мове ровар паходзіць ад назвы брытанскай фірмы «Rover», якая вырабляла ровары. У іншых мовах назвы ровара часта ўтвораныя ад словаў два і кола, круг.

Гісторыя ў Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ровар «Пэні-фартынг» у стылі XIX стагодзьдзя

Ровар на Беларусі зьявіўся ў Віцебску ў 70-я годы XIX стагодзьдзя. У канцы 1890 году ў Віцебску было 12 ровараў, а ў 1894 годзе ўжо налічвалася 70 вэлясыпэдыстаў, аб’яднаных у аддзяленьне Расейскага таварыства вэлясыпэдыстаў-турыстаў. Першай спартовай арганізацыяй у Беларусі было Менскае таварыства аматараў спорту, заснаванае ў 1892 годзе пад кіраўніцтвам губэрнатара Мікалая Трубяцкога. У гэтую арганізацыю ўваходзілі шляхцічы, багатыя прамыслоўцы, высокія чыноўнікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі.

З разьвіцьцём саматужнай вытворчасьці ў 90-я гады ровар становіцца ня толькі ўцехай для багатых, але і транспартным сродкам для сярэдняй клясы. Дзеля папулярызацыі ровару аддзяленьне Расейскага таварыства вэлясыпэдыстаў-турыстаў ладзіла дальнія падарожжы. Група вэлясыпэдыстаў у 1894 годзе ажыцьцявіла прабег па маршрутах: Берасьце — Кобрын — Верхалесьсе — Велікарыта — Берасьце (даўжынёю 136 вёрстаў ці 145 кілямэтраў) і Берасьце — Старая Жабінка — Камянец — Літоўск — Чарноўцы — Берасьце (даўжынёю 132 вёрсты ці 141 кілямэтар). Захаваныя апісаньні маршрутаў сьведчаць аб вялікім коле пытаньняў, на якія спрабавалі знайсьці адказ турысты-вэлясыпэдысты пад час вандровак.

У 1896 годзе 6 віцебскіх вэлясыпэдыстаў пад кіраўніцтвам Пржэсецкага паехалі ў Ніжні Ноўгарад на мастацка-прамысловую выставу шляхам больш за 2000 вёрстаў, пакінуўшы апісаньне маршрута пад назвай «Летапіс». У 1898 годзе на Беларусі адбыліся першыя спаборніцтвы на роварах.

Першы вядомы таленавіты гоншчык, па прафэсіі распаўсюднік Лібава-Роменскай чыгункі, Міхась Дзевачка перамог у 50-вёрстнай гонцы пад Масквой у 1883 годзе, апасьля 12 гадоў (1895) ён стаў чэмпіёнам міжнароднай гонцы Пецярбург — Масква ў спаборніцтве з мацнейшымі вэлясыпэдыстамі Францыі, Нямеччыны ды Галяндыі. Часопіс «Да спорту» пісаў: «Пераможца спаборніцтва Дзевачка на працягу двух начэй не заплюшчыў вачэй, нястомна пэдалюючы, і прадэманстраваў тым самым прыклад чалавечай вытрымаласьці. Знакаміты Ф. Гергэр, пераможца шматлікіх дарожных гонак, у тым ліку інтэрнацыянальнага прабегу Бардо — Парыж, нягледзячы на свой вялікі досьвед, падрыхтоўку і лепшыя ўмовы, у якіх яму давялося ехаць, саступіў нашаму суайчынніку, паказаўшаму, якія здольнасьці, фізычная і маральная вытрымка хаваюцца ў расейскім спартоўцы».

У Менску ў губэрнатарскім садзе быў збудаваны земляны трэк і арганізаваны пракат равароў. Пункты пракату былі таксама ў Магілёве і Віцебску (кошт карыстаньня роварам за адну гадзіну складаў ад 25 да 60 капеек).

З-за падзелу Беларусі на 2 часткі да 1939 году менчукі, магілёўцы, віцябляне і гамельчукі выступалі ў чэмпіянаце СССР, а прадстаўнікі Горадні, Берасьця ды Пінску — у першынстве Польшчы. Першы чэмпіянат Беларускай ССР быў праведзены ў 1926 годзе. З 1930-х гадоў у Беларусі рэгулярна ладзіліся шматдзённыя гонкі па маршрутах, праходзячых па ўсей тэрыторыі Беларусі. Беларус Барыс Бальшакаў не аднойчы быў першым на саюзных вэлягонках. У 1937 годзе спадар Бальшакаў становіцца пераможцам усесаюзнага вэлятуру. На заходнім спартовым фронце было ня менш дасягненьняў. Першую ў сьвеце аматарскую многадзёнку «Тур Палёнія» ў 1928 годзе выйграў выхаванец берасьцейскай вэлясыпэднай школы Фелікс Венцэк.

6 лістапада 1945 году заснавалі «Менскі роварны завод». У савецкія часы вэлясыпэдны спорт на Беларусі зьяўляўся адным з самых папулярных (побач з футболам і хакеем) відаў спорту, а беларускія спартоўцы заваявалі на чэмпіянатах СССР ажно 36 залатых мэдалёў. На найпрэстыжнейшых у тыя часы Спартакіядах народаў СССР беларускія вэлясыпэдысты 6 разоў станавіліся пераможцамі і 14 разоў прызэрамі гэтых спаборніцтваў. Вялікая папулярнасьць і высокі ўзровень вэлясыпэднага спорту далі плён — 3 Алімпійскія мэдалі: у 1976 годзе ў Манрэалі чэмпіёнам стаў Уладзімер Камінскі, а ў 1980 годзе ў Маскве Алег Логвін і Валер Маўчан.

За 2013 год у Беларусі прадалі каля 100 000 ровараў, зь іх 40 % у Менску. Каля 50 % ровараў набылі мужчыны, 1/3 — жанчыны, а 20 % продажаў прыпала на дзіцячыя ровары. На 2014 год налічвалася 1,5 млн уладальнікаў ровараў, якія складалі 16 % насельніцтва Беларусі. Пры гэтым раварыстамі былі 20 % жыхароў Менску. Горныя ровары складалі 70 % вэляпарку Беларусі, а дарожныя — 20 %[3].

Ровар звычайна складаецца з рамы, да якой прымацаваныя два колы, стырно, сядло і понажы. Ланцуговая перадача забясьпечвае рух ровара: раварыст круціць понажы (пэдалі на шатунах), якія зьмешчаны на вядучых зорачках, далей праз ланцуг рух перадаецца на вядзёныя зорачкі і на кола. Ровар мае тармазы: нажны ці ручныя. Дадаткова на ровары могуць быць устаноўленыя: багажнік, званочак, катафоты (наперадзе — белы, ззаду — чырвоны, з бакоў — аранжавыя) і/ці ліхтары (наперадзе — белы, ззаду — чырвоны), лапку і кампутар (лічыльнік хуткасьці і адлегласьці).

Як заўважае прафэсар Дай Юн-ці, ровар зьяўляецца прасьцейшым сродкам перамяшчэньня з аднаго месца ў іншае, калі ня ўлічваць хады. «У сучасным грамадзтве язда на ровары ня проста адлюстроўвае пэўную зьмену стыля жыцьця, яна азначае свайго роду сацыяльны пераварот», — паведамляе ён. Чалавек, які асядлаў ровар, бліжэй сутыкаецца са сваім атачэньнем і больш ведае пра надвор’е і стан вонкавага асяродзьдзя, і пагэтаму крокі папулярызацыі ровара — гэта падтрымка грамадзянскага духу, яны падобныя грамадзкаму руху, лічыць ён[4].

У 2012 годзе ў 26 з 28 краінаў Эўразьвязу, акрамя Бэльгіі і Люксэмбургу, продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў[5]. На 2014 год у Нідэрляндах налічвалася 99 ровараў на 100 жыхароў. Таксама раварысты складалі 80 % насельніцтва Даніі, 76 % — у Нямеччыне і 64 % — у Швэцыі[3].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]