Адукацыя ў Беларусі
Адука́цыя ў Беларусі (асьве́та ў Белару́сі) — навучаньне і выхаваньне ў Беларусі ў зацікаўленасьцях навучэнцаў, накіраваныя на засваеньне імі ведаў, уменьняў і навыкаў. Паводле 12-га артыкула Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі» ад 23 студзеня 2011 году, асноўная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь улучае ў сябе 6 узроўняў: дашкольную, агульную сярэднюю, прафэсійна-тэхнічную, сярэднюю спэцыяльную, вышэйшую і пасьляўнівэрсытэцкую адукацыю. Дадатковая асьвета падзяляецца на 2 віды: для дзяцей і моладзі і для дарослых. Адмысловае (спэцыяльнае) навучаньне прызначаецца для людзей зь цялеснымі і душэўнымі парушэньнямі зь іх улікам і для іх выпраўленьня і ажыцьцяўляецца на дашкольным і агульным сярэднім узроўнях. Паводле 17-га артыкула Кодэксу «Аб адукацыі», «Профілі адукацыі, напрамкі адукацыі, спэцыяльнасьці, напрамкі спэцыяльнасцяў, спэцыялізацыі вызначаюцца ў адпаведнасьці з Агульнадзяржаўным клясыфікатарам Рэспублікі Беларусь „Спэцыяльнасьці і кваліфікацыі“» (АКРБ 011—2009), зацьверджаным Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 году № 36 для прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай асьветы. Тым часам «Адукацыйныя праграмы пасляўнівэрсытэцкай адукацыі рэалізуюцца па спэцыяльнасьцях, якія адпавядаюць намэнклятуры спэцыяльнасьцяў навуковых работнікаў Рэспублікі Беларусь, якая зацьвярджаецца Найвышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь»[1].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вочная. Прадугледжвае пастаянны асабісты ўдзел навучэнца ў занятках і атэстацыі.
- Дзённая. Атрыманьне асьветы ёсьць асноўным заняткам навучэнца.
- Вечаровая. Асьвета спалучаецца зь іншым відам занятасьці.
- Завочная. Прадугледжвае самастойнае засвойваньне зьместу адукацыйнай праграмы і асабісты ўдзел толькі ў іспытах.
- Дыстанцыйная. Пераважна з выкарыстаньнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў (праз сродкі сувязі).
- Сушукальніцтва. Самастойнае засвойваньне зьместу адукацыйнай праграмы і асабісты ўдзел толькі ў іспытах пры пасьляўнівэрсытэцкай адукацыі[1].
Установы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 19-га артыкула Кодэксу «Аб адукацыі», установы асьветы падзяляюцца на 12 відаў: 1) дашкольнай адукацыі, 2) агульнай сярэдняй, 3) прафэсійна-тэхнічнай, 4) сярэдняй спэцыяльнай, 5) вышэйшай, 6) спэцыяльнай адукацыі, 7) дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 8) дадатковай адукацыі дарослых, 9) выхаваўча-аздараўленчая ўстанова адукацыі, 10) сацыяльна-пэдадагічная ўстанова, 11) спэцыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова, 12) спэцыяльная лекавальна-выхаваўчая ўстанова. 8 з 12 відаў зьяўляюцца навучальнымі ўстановамі (2—6, 8, 11—12). Урад Рэспублікі Беларусь зацьвярджае Ўставу на від установы асьветы. Прэзыдэнт Беларусі зацьвярджае Ўставы на кадэцкую і сувораўскую вучэльні. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зацьвярджае Ўставу на адасобленае падразьдзяленьне ўстановы асьветы[1].
Таксама прадугледжваецца, што «толькі дзяржаўнымі» могуць быць: «Установы адукацыі, якія ажыцьцяўляюць падрыхтоўку кадраў па спэцыяльнасьцях для Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фармаваньняў Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых рассьледаваньняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, грамадзянскай авіяцыі, спэцыялізаваныя ліцэі, сувораўскія вучэльні, кадэцкія вучэльні, сярэднія школы і прафэсійна-тэхнічныя вучэльні, якія знаходзяцца на тэрыторыі папраўчых установаў крымінальна-выканаўчай сыстэмы Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх унітарных вытворчых прадпрыемстваў Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, лекавальна-працоўных прафілякторыяў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, спэцыяльныя навучальна-выхаваўчыя ўстановы і спэцыяльныя лекавальна-выхаваўчыя ўстановы»[1].
18 ліпеня 2011 году Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ухваліла Пастанову № 84 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб савеце ўстановы адукацыі», паводле якога «Колькасны склад савета ўтвараецца ў наступнай прапорцыі:
- 25% — прадстаўнікі навучэнцаў установы адукацыі, іх законных прадстаўнікоў;
- 75% — прадстаўнікі кіраўнікоў структурных падразьдзяленьняў установаў адукацыі, пэдагагічных і іншых работнікаў установы адукацыі, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў, арганізацыяў-заказчыкаў кадраў, грамадзкіх аб’яднаньняў»[2].
Аднак на студзень 2014 г. адзначалася парушэньне ўмовы пра 25%-ае прадстаўніцтва навучэнцаў у саветах ВНУ Беларусі[3].
Навучэнцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 30-га артыкула Кодэксу «Аб адукацыі», налічвалася 10 відаў навучэнцаў.
- Выхаванец. Засвойвае дашкольную асьвету, у тым ліку спэцыяльную.
- Вучань. Атрымлівае агульную сярэднюю (у тым ліку спэцыяльную), прафэсійна-тэхнічную або сярэднюю спэцыяльную асьвету, ці дадатковую асьвету для дзяцей і моладзі.
- Курсант. Атрымальнік сярэдняй спэцыяльнай або 1-й вышэйшай асьветы па спэцыяльнасьці для Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фармаваньняў Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых рассьледаваньняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь і грамадзянскай авіяцыі.
- Студэнт. Засвойвае вышэйшую асьвету.
- Стажор. Праходзіць стажаваньне ў якасьці адмыслоўца.
- Магістрант. Студэнт на 2-й ступені вышэйшай асьветы.
- Слухач. Вайсковы афіцэр або шараговец невайсковага ведамства, які атрымлівае 1-ю вышэйшую асьвету па профілі «ахова здароўя», вышэйшую адукацыю 2-й ступені або наступную вышэйшую асьвету па спэцыяльнасьці для Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фармаваньняў Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых рассьледаваньняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь. Таксама чыноўнік, які атрымлівае вышэйшую асьвету 1-й ступені ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Атрымальнік дадатковай асьветы для дарослых.
- Асьпірант (ад’юнкт). Засвойвае асьвету ў асьпірантуры (ад’юнктуры) для атрыманьня навуковай кваліфікацыі «дасьледнік».
- Сушукальнік. Засвойвае пасьляўнівэрсытэцкую асьвету ў выглядзе сушукальніцтва.
- Дактарант. Атрымальнік асьветы ў дактарантуры ў дзённым выглядзе[1].
Падручнікі і стыпэндыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 39-га артыкула Кодэксу «Аб адукацыі» 2011 году, Урад Рэспублікі Беларусь устанаўлівае памер і парадак аплаты за карыстаньне падручнікамі падчас дашкольнай і агульнай сярэдняй асьветы. Установы прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай асьветы закладаюць плату за падручнікі ў цану навучаньня.
42-і артыкул Кодэксу «Аб адукацыі» прадугледжваў стыпэндыю для падтрымкі «пасьпяховых навучэнцаў у дзённай форме» навучаньня пры атрыманьні прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай, вышэйшай і пасьляўнівэрсытэцкай асьветы. Стыпэндыі падзяляюцца на 8 відаў.
- Навучальная. Па выніках навучаньня ў паўгодзьдзі.
- Асьпіранцкая (дактаранцкая). Падчас дзённага навучаньня.
- Сацыяльная. Прызначаецца пры адсутнасьці навучальнай дзецям-сіротам, інвалідам, цяжарным жанчынам, бацькам непаўналетніх дзяцей і хворым на сухоты.
- Прэзыдэнцкая. Пры выдатнай пасьпяховасьці цягам усяго навучаньня, выніковасьці навуковага дасьледаваньня і творчасьці.
- Спэцыяльная. Выплочваецца вэтэранам.
- Імянная. Прысьвячаецца азначанай постаці ў адмысловай галіне. Надаецца за высокую выніковасьць у навучаньні і дасьледаваньні.
- Пэрсанальная. Надаецца радай ВНУ за пасьпяховую распрацоўку.
- Кіраўнічая. Выплочваецца чыноўнікам падчас дзённага навучаньня ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь[1].
Дамовы і разьмеркаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 59-м артыкуле Кодэксу «Аб адукацыі» 2011 году налічваецца 18 відаў дамовы пра прафэсійна-тэхнічную, сярэднюю спэцыяльную, вышэйшую і пасьляўнівэрсытэцкую адукацыю. Дамова можа ажыцьцяўляцца трыма спосабамі: «на платнай аснове», «за кошт сродкаў рэспубліканскага (мясцовага) бюджэту» або «мэтава». Асьвета паводле дамовы можа прадугледжваць: платныя паслугі ў вобласьці асьветы; стажаваньне кіраўніка або адмыслоўца; прафэсійную падрыхтоўку работніка або службоўца; павышэньне кваліфікацыі работніка, службоўца або кіраўніка; перападрыхтоўку работніка, службоўца або кіраўніка; падрыхтоўку адмыслоўца, работніка або службоўца, у тым ліку мэтавую, ці навукоўца (дасьледніка). Паводле 83-га артыкула, пасьля атрыманьня сярэдняй спэцыяльнай асьветы і вышэйшай асьветы 1-й і 2-й ступеняў «за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў» на выпускніка накладаецца 2-гадовы «тэрмін абавязковай працы па разьмеркаваньні», «якое ажыцьцяўляецца дзяржаўнай установай адукацыі». У выпадку прафэсійна-тэхнічнай асьветы такі тэрмін складае 1 год адпрацоўкі. Паводле 84-га артыкула, «Тэрмін абавязковай працы пры накіраваньні на працу для выпускнікоў, якія атрымалі пасьляўнівэрсытэцкую адукацыю 1-й прыступкі (асьпірантура) за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, усталёўваецца 2 гады, для выпускнікоў, якія атрымалі пасьляўнівэрсытэцкую адукацыю 2-й прыступкі (дактарантура) за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, — 1 год»[1].
Узроўні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2016 год 99,7% дарослага насельніцтва Беларусі (старэй за 18 гадоў) былі пісьменнымі. Ахоп базавай (9 клясаў), агульнай сярэдняй і прафэсійнай асьветай складаў 98% занятага насельніцтва краіны[4]. У больш як 8000 установаў асьветы налічвалася больш за 3 млн навучэнцаў (1/3 насельніцтва) і каля 430 000 выкладнікаў, выхавальнікаў і настаўнікаў (7 навучэнцаў на 1). З 2002/2003 навучальнага году ўвялі 10-бальны парадак адзнакі ведаў у сярэдніх школах, прафэсійна-тэхнічных, сярэдніх спэцыяльных і вышэйшых навучальных установах замест 5-бальнага[5]. Паводле 90-га артыкула Кодэксу «Аб адукацыі» 2011 году, «Пры атрыманьні прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі вывучэньне беларускай мовы навучэнцамі, за выключэньнем асобных катэгорыяў асобаў з асаблівасьцямі псыха-фізычнага разьвіцьця, вызначаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца абавязковым»[1].
Дашкольны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2016 год дашкольная асьвета была 1-м узроўнем асьветы, прызначаным для дзяцей ва ўзросьце ад 2 месяцаў да 6 гадоў. Ажыцьцяўлялася ў ясьлях, дзіцячых садах і дашкольных асяродках разьвіцьця дзяцей. Улучала догляд, выхаваньне, навучаньне і аздараўленьне. Ахоп дашкольнай асьветай складаў 28% для дзяцей ва ўзросьце да 3 гадоў і 93,3% — ад 3 да 6 гадоў, у тым ліку ў сельскай мясцовасьці — 68,7%[5]. Ахоп дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы быў поўным. У 3951 установе дашкольнай асьветы (ясьлі, ясьлі-сады, дзіцячы сады, санаторныя ясьлі-сады і дзіцячыя ясьлі сады, спэцыяльныя дашкольныя ўстановы і дашкольныя асяродкі разьвіцьця дзяцей) 55,6 тыс. выхавальнікаў даглядалі 409,8 тыс. дзяцей раньняга і дашкольнага ўзросту (1 выхавальнік на 8 дзяцей). На запыт бацькоў ва ўстановах дашкольнай адукацыі працавалі групы на платнай аснове[6].
Агульны сярэдні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2016 год агульная сярэдняя асьвета зьяўлялася 2-м узроўнем асноўнай асьветы, пачыналася з 6 гадоў і была абавязковай да 9-й клясы (агульная базавая асьвета). Прадугледжвала авалодваньне асновамі навук, дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь (беларускай і расейскай), навыкамі працаўладкаваньня і падрыхтоўку да працягу асьветы. Сканчэньне базавай школы (9 клясаў) давала права працягнуць навучаньне ў каледжы, ліцэі і прафэсійна-тэхнічнай вучэльні, дзе сярэдняя асьвета спалучаецца з прафэсійнай падрыхтоўкай. Пры жаданьні атрыманьне агульнай сярэднай асьветы дапускалася і ў школе. Пасьведчаньне (атэстат) аб агульнай сярэдняй адукацыі дае права на паступленьне ў вышэйшую навучальную ўстанову[5].
Агульная сярэдняя асьвета ўлучае 3 прыступкі (ступені): 1) пачатковая (1—4 клясы); 2) базавая (5—9 клясы); 3) сярэдняя (10—11 клясы; у вечаровых школах і клясах 10—12 клясы). Агульная базавая асьвета складаецца з 1-й і 2-й ступеняў агульнай сярэдняй асьветы. Абедзьве дзяржаўныя мовы (беларуская і расейская) зьяўляліся абавязкоымі для вывучэньня разам з адной замежнай — ангельскай, гішпанскай, кітайскай, нямецкай або францускай. Вучні зь ліку летувіскай, польскай і ўкраінскай этнічных меншасьцяў таксама вывучалі родную мову, культуру і звычаі сваёй народнасьці. Разам з абавязковымі прадметамі навучальны плян прадугледжвае факультатыўныя заняткі на жаданьне вучняў у групах па 3—5 чалавек[7].
У 2015/2016 навучальным годзе 958,8 тыс. вучняў навучаліся ў 3038 школах, у тым ліку ў 212 гімназіях (7%) і 29 агульнаадукацыйных ліцэях (1%) з асвойваньнем навучальнай праграмы на павышаным узроўні. З 2015/2016 нав. г. на 3-й ступені агульнай сярэдняй асьветы (10—11 клясы) увялі профільнае навучаньне. У выніку з 1 верасьня 2015 г. у 1118 установах агульнай сярэдняй асьветы (36,8%) адчынілі 10-я профільныя клясы. Каля 29 000 вучняў 10-х клясаў (1/3) сталі вывучаць навучальныя прадметы на павышаным узроўні. З 2015/2016 нав. г. дзейнічалі 103 профільныя клясы пэдагагічнай накіраванасьці, дзе 1220 вучняў засвойвалі навучальныя прадметы на павышаным узроўні. З 2016 г. вярнулі навучальны прадмет «Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці»[7].
Прафэсійна-тэхнічны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прафэсійна-тэхнічная асьвета ўтварала 3-і ўзровень асноўнай асьветы, які прадугледжваў атрыманьне адмысловай практычнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі з прысваеньнем кваліфікацыі работніка або службоўца. На 2016 год больш за 100 000 вучняў праходзілі падрыхтоўку ў 219 установах прафэсійна-тэхнічнай асьветы па 102 навучальных спэцыяльнасьцях, якія ўлучалі 430 прафэсіяў. Больш за 90% вучэльняў былі шматпрофільнымі. 1/4 выпускнікоў мела падрыхтоўку з павышаным узроўнем кваліфікацыі. Больш за 96% залічаных вучняў навучаліся на падставе дамоваў з установамі-заказчыкамі кадраў[8].
Сярэдні спэцыяльны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярэдняя спэцыяльная асьвета ёсьць 4-м узроўнем асьветы, які дае практычную і тэарэтычную падрыхтоўку з прысваеньнем кваліфікацыі адмыслоўца і работніка. Згодна са 188-м артыкулам Кодэксу «Аб адукацыі» 2011 году магла ажыцьцяўцца, як у ССНУ, так і ў каледжах мастацтваў і вучэльнях алімпійскага рэзэрву. Паводле 190-га артыкула, «Тэрмін атрыманьня сярэдняй спэцыяльнай адукацыі ў дзённай форме атрыманьня адукацыі складае: на аснове агульнай базавай адукацыі — ад 3-х да 4-х гадоў». Пасьведчаньне (атэстат) аб сярэдняй спэцыяльнай адукацыі дае права на паступленьне ў вышэйшую навучальную ўстанову[5].
Вышэйшы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2016 год усе дзяржаўныя і прыватныя ўстановы вышэйшай адукацыі падпарадкоўваліся Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь. Залічэньне ў ВНУ ажыцьцяўлялі па конкурсе на аснове вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня. Існавала 5 відаў ВНУ: клясычны ўнівэрсытэт, профільны ўнівэрсытэт, акадэмія, інстытут і вышэйшы каледж. У траўні 2015 году ўрад Беларусі стаў удзельнікам Балёнскага працэсу ў выглядзе Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі паводле Лісабонскага пагадненьня «Аб прызнаньні кваліфікацыяў датычна вышэйшай адукацыі ў Эўрапейскім рэгіёне» ад 11 красавіка 1997 году[9]. Падрыхтоўка ў ВНУ пераважна складала 5 гадоў. На 2017 год у Беларусі налічвалася больш за 50 установаў вышэйшай асьветы[10].
У 2013/2014 навучальным годзе было 430 тыс. студэнтаў. 85% моладзі атрымлівалі вышэйшую асьвету. 1,5% студэнтаў складалі магістранты[11]. У 2014/2015 нав.г. студэнты складалі 4% насельніцтва Беларусі, што было 4-м паказьнікам сярод краінаў сьвету. Палова студэнтаў атрымлівала вышэйшую асьвету завочна. 53% студэнтаў плацілі за сваё навучаньне ў дзяржаўных ВНУ, 34% — навучаліся за кошт бюджэтных сродкаў з наступнай 2-гадовай адпрацоўкай па разьмеркаваньні, 13% — праходзілі мэтавую падрыхтоўку за кошт сродкаў прадпрыемстваў-наймальнікаў, што прадугледжвала ў наступным больш працяглую адпрацоўку. Студэнты пераважна вывучалі зносіны, права, эканоміку і арганізацыю вытворчасьці (мэнэджмэнт). Да 95% студэнтаў прыватных ВНУ атрымлівалі грамадзка-гаспадарчую асьвету. ВНУ Беларусі рыхтавалі на 1-й ступені навучаньня (бакаляўр) па 382 спэцыяльнасьцях, па 2-й ступені (магістар) — па 331 спэцыяльнасьці[12].
Паводле 208-га артыкула Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі» 2011 году, «Асноўным органам самакіраваньня ўстановы вышэйшай адукацыі зьяўляецца савет, які ўзначальвае яе кіраўнік». Таксама «можа стварацца апякунскі савет і на рашэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь могуць стварацца іншыя органы самакіраваньня»[1]. Пры канцы 2012 году прадстаўнікі студэнцкага самакіраваньня з большасьці ВНУ Беларусі стварылі «Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіраваньня» на чале з выпусьніком юрыдычнага факультэту і асьпірантуры БДУ Сяргеем Варанкевічам. На студзень 2014 году Студэнцкі саюз БДУ быў адзіным, які меў улік у якасьці юрыдычнай асобы, што дазваляла атрымліваць грашовыя ахвяраваньні, узносы і паступленьні ад праведзеных мерапрыемстваў[3].
Пасьляўнівэрсытэцкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2016 год ВНУ і навуковыя ўстановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь рыхтавалі выкладнікаў, дасьледнікаў і навукоўцаў у асьпірантуры і дактарантуры[9]. Паводле 220-га артыкула Кодэксу «Аб адукацыі» 2011 году, тэрмін атрыманьня пасьляўнівэрсытэцкай асьветы складае ў дзённым выглядзе — да 3 гадоў, завочна — да 4 гадоў, у выглядзе сушукальніцтва — да 5 гадоў.
Дадатковая адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]231-ы артыкул Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі» вылучаў 2 віды ўстановаў дадатковай асьветы для дзяцей і моладзі: палац і школу мастацтваў. 245-ы артыкул прадугледжваў 5 відаў установаў дадатковай асьветы для дарослых: акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі; інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі,; інстытут разьвіцьця адукацыі; асяродак павышэньня кваліфікацыі кіраўнікоў і адмыслоўцаў; асяродак перападрыхтоўкі работнікаў. У лютым 2016 году Акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі сумесна з грамадзкім аб’яднаньнем «Беларуская асацыяцыя „Конкурс“» правяла гульнявы конкурс «Бусьлік» па беларускай мове і літаратуры сярод 103 699 вучняў 2-11 клясаў[13]. На чэрвень 2012 году ва ўстановах дадатковай асьветы (пазашкольнага навучаньня) займаўся кожны другі школьнік. 381 установа дадатковай асьветы дзейнічала ў галіне адукацыі і звыш 500 — у галіне культуры[14].
Спэцыяльная адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 261-га артыкула Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», установы спэцыяльнай асьветы прызначаліся для асобаў з 7 відамі парушэньняў: розуму, маўленьня, слыху, зроку, душэўнага разьвіцьця (цяжкасьцямі ў навучаньні), апорна-рухальнага апарату, душэўнага і цялеснага здароўя. На 2016 год каля 7000 дзяцей з душэўнымі і цялеснымі парушэньнямі навучаліся і атрымлівалі догляд у 143 асяродках карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі. Больш за 1000 дзяцей з парушэньнямі разьвіцьця атрымлівалі раньні лекавальны догляд. 62% дзяцей з парушэньнямі разьвіцьця, якія атрымлівалі спэцыяльнае навучаньне, адначасна навучаліся ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь мела банк дадзеных пра 127 тыс. дзяцей з парушэньнямі душэўнага і цялеснага разьвіцьця[15].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да зьяўленьня пісьменства асьвета ў Беларусі грунтавалася на ведах народнага выхаваньня і выяўлялася ў працоўным навучаньні і авалодваньні навыкамі земляробства, будаўніцтва і рамёстваў. З узьнікненьнем пісьменства і кніжнасьці асьвета пашыраецца ў X—XIII стагодзьдзях. Асяродкамі асьветы сталі школы і бібліятэкі пры хрысьціянскіх манастырах і цэрквах, дзе вялося летапісаньне. У XI стагодзьдзі ў Сафійскім саборы Полацка (Полацкае княства; цяпер Віцебская вобласьць) стварылі школу і найбольш старажытную ў Беларусі бібліятэку, дзе захоўвалі і перапісвалі кнігі на стараславянскай і грэцкай мовах. Тамсама вялі летапісаньне Полацкай зямлі. Тагачасныя помнікі пісьменства і асьветы ўлучалі: крыж працы Лазара Богшы (1161 г.) для Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасьцяныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску (Полацкая зямля) і Мсьціславе (Смаленскае княства; цяпер Магілёўская вобласьць), і Тураўскае Эвангельле (Тураўскае княства; цяпер Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласьць), якое было найстаражытнейшым на землях усходніх славянаў (Усходняя Эўропа). Буйнейшымі асьветнікамі высокасярэднявечнай Беларусі былі Эўфрасіньня Полацкая (1101—1167) і Кірыла Тураўскі (1113—1182). У кніжніцах (бібліятэках) пры манастырах і цэрквах пераважалі жыцьцяпісы хрысьціянскіх сьвятых, павучаньні і летапісы[16].
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйнай мовай на ўсіх землях Вялікага Княства Літоўскага стала старабеларуская, на якой вялі справаводзтва і судаводзтва. Ёй пісалі ўсе 3 Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гадоў, граматы вялікага князя літоўскага, пастановы Сойма ВКЛ, летапісы (Літоўская мэтрыка) і мастацкія творы. На землях Беларусі адбылася вэстэрнізацыя і перанакіраваньне культурна-духоўных стасункаў зь Бізантыйскай імпэрыі (Усходнерымскай) на суседнія балтыйскія землі і Сярэднюю Эўропу. Склалася беларуска-літоўскае летапісаньне. У XIV—XVI стагодзьдзях асьвета, пісьменства і кніжнасьць пашырыліся сярод месьцічаў і шляхты ў выніку росту разнастайнасьці рамёстваў у местах і фэадальнага землеўладаньня. Асяродкі кніжнага пісьменства і рукапісныя майстэрні (скрыпторыі) дзейнічалі пры праваслаўных манастырах Наваградка (цяпер Гарадзенская вобласьць), Полацка, Вільні (цяпер Летува) і Віцебска. Істотнае ўзбагачэньне зазналі кніжніцы праваслаўных манастыроў: Дабравешчанскі манастыр у Супрасьлі (Гарадзенскі павет, Троцкае ваяводзтва; цяпер Беластоцкі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча), Сьвятатраецкі манастыр у Вільні і Траецкі манастыр у Слуцку (Наваградзкае ваяводзтва; цяпер Менская вобласьць). З 1490-х гадоў на землях Беларусі пачалося Адраджэньне, што прывяло да пашырэньня гуманістычнай асьветы[16].
У XVI—XVII стагодзьдзях утварылі бібліятэкі пры навучальных установах: Віленская акадэмія і Полацкі езуіцкі калегіюм. Адукаваная шляхта, асабліва магнаты (Хадкевічы, Алелькавічы, Сапегі, Агінскія, Радзівілы і Храптовічы), стварала прыватныя бібліятэкі. З пачаткам Рэфармацыі і ўздымам пратэстанцтва адбываецца станаўленьне кнігадрукаваньня. Найбольшы ўклад у справу кніжнай асьветы і культуры беларускай народнасьці зрабілі Францішак Скарына, Сымон Будны, браты Лаўрэнці Зізані і Стафан Зізані, Васіль Цяпінскі, Мікола Гусоўскі, Іван Фёдараў, Пётра Мсьціславец, Сьпірыдон Собаль і Леў Сапега. Школьная асьвета была саслоўна-канфэсійнай. У хрысьціянаў існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (брацкія), пратэстанцкія і ўніяцкія школы. Таксама працавалі мусульманскія і юдэйскія школы. Сьвецкае навучаньне дзяцей сялянаў і рамесьнікаў ажыцьцяўлялі прыватныя школы[16].
Пасьля ўтварэньня ў 1569 годзе Рэчы Паспалітай з Польскім каралеўствам у ВКЛ пачалася Контрарэфармацыя і пашырыліся каталіцкія калегіюмы, якія давалі сярэднюю адукацыю. У 1570 г. першым заснавалі Віленскі езуіцкі калегіюм, які вялікі князь літоўскі Стэфан Баторы (1575—1586) ў 1579 г. пераўтварыў у Віленскую езуіцкую акадэмію, што стала 1-й вышэйшай навучальнай установай у ВКЛ. Езуіцкія калегіюмы існавалі ў Полацку (1580), Нясьвіжы (1588), Берасьці (1633), Воршы (1634), Пінску (1638), Горадні (1664), Віцебску (1682) і Менску (1723). З 1750-х гадоў на землі Беларусі распаўсюдзілася Асьветніцтва. У каталіцкіх піярскіх школах пашырылі вывучэньне прыродазнаўства і гуманітарных навук, эстэтычнае і фізычнае выхаваньне. 14 кастрычніка 1773 г. Сойм Рэчы Паспалітай заснаваў Адукацыйную камісію для кіраваньня калегіюмамі Таварыства Ісуса, распушчанага рымскім папам. У выніку вырас лік пачатковых і сярэдніх школ, якія сталі сьвецкімі[16].
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі была захопленая Расейскай імпэрыяй. 24 студзеня 1803 г. расейскі імпэратар Аляксандар I (1801—1825) падпісаў загад аб стварэньні Віленскай навучальнай акругі (1803—1823), што ахоплівала 8 губэрняў: Валынскую, Віленскую, Віцебскую, Гарадзенскую, Кіеўскую, Магілёўскую, Менскую і Падольскую. 16 красавіка 1803 г. Аляксандар І падпісаў загад аб пераўтварэньні Галоўнай віленскай школы ў імпэратарскі Віленскі ўнівэрсытэт, якому 18 траўня падпарадкаваў навучальныя ўстановы Віленскай навучальнай акругі. За 1803—1823 гады існаваньня Віленскай навучальнай акругі лік сьвецкіх агульнаадукацыйных школ вырас за кошт скарачэньня ліку манастырскіх вучэльняў. У выніку на землях Беларусі сярэднія агульнаадукацыйныя школы сталі адначасна прымаць дзяцей купцоў, мяшчанаў, разначынцаў (інтэлігенцыя) і шляхты. Зьявіліся жаночыя школы[16].
12 студзеня 1812 году расейскі імпэратар Аляксандар I у выніку намаганьняў сьвецкіх колаў Беларусі выдаў указ пра адкрыцьцё ў Полацку вышэйшай навучальнай установы. 10 чэрвеня адбылося адкрыцьцё Полацкай акадэміі. Са сьценаў акадэміі пачалі свой шлях гісторык і архэоляг Канстанцін Тышкевіч, астраном і філёзаф Юзаф Накцыяновіч, пісьменьнікі Юзаф Масальскі і Ян Баршчэўскі, жывапісец Валянцін Ваньковіч. Навучальныя ўстановы на захопленых Расеяй землях рабіліся асяродкамі апазыцыі калянізатарам. Расейскія ўлады адчулі небясьпеку і ў сакавіку 1820 году зачынілі акадэмію. Некалькі тысячаў тамоў акадэмічнай бібліятэкі вывезьлі ў Расею[17].
1 траўня 1832 г. расейскі імпэратар Мікалай I (1825—1855) закрыў Віленскі ўнівэрсытэт за ўдзел шэрагу выкладнікаў у Лістападаўскім паўстаньні 1830—1831 гадоў. У 1848 г. адкрылі Горыгорацкі земляробчы інстытут (Магілёўская губэрня; цяпер Магілёўская вобласьць). На пачатак 1860 г. на землях Беларусі існавала 576 навучальных установаў, у тым ліку 1 вышэйшая (Горыгорацкі земляробчы інстытут), 12 сярэдніх і 25 няпоўных сярэдніх (базавых) мужчынскіх вучэльняў, 45 жаночых вучэльняў і больш за 400 пачатковых школ, дзе навучаліся 16,5 тыс. чалавек (0,5% насельніцтва Беларусі). 80% настаўнікаў гімназіяў і павятовых вучэльняў мелі сьвецкую адукацыю. Больш за палову настаўнікаў скончылі вышэйшыя і адмысловыя настаўніцкія ўстановы[16].
Пасьля паўстаньня Каліноўскага 1863—1864 гадоў расейскія ўлады закрылі Горы-Горацкі земляробчы інстытут, Наваградзкую гімназію (Гарадзенская губэрня), Маладэчанскую і Сьвіслацкую прагімназіі, закрылі польскамоўныя школы і большасьць прыватных вучэльняў. У 1884 г. пачатковыя школы (народныя вучэльні) Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі падпарадкавалі Расейскай праваслаўнай царкве паводле Палажэньня аб царкоўнапрыходзкіх школах. З 1860-х гадоў адкрылі настаўніцкія сэмінарыі ў Маладэчне (1864), Полацку (1872), Нясьвіжы (1875) і Сьвіслачы, царкоўна-настаўніцкія школы і жаночыя епархіяльныя вучэльні. Паводле перапісу 1897 г. на землях Беларусі налічылі 25,7% пісьменнага насельніцтва ва ўзросьце ад 10 гадоў. Цягам 1900—1914 гадоў лік пачатковых і сярэдніх школ істотна вырас за кошт адкрыцьця земскіх школ, 5 настаўніцкіх сэмінарыяў і 3 інстытутаў у Віцебску (1910), Магілёве (1913) і Менску (1914). Пачаўся грамадзкі рух настаўнікаў за пераўтварэньні ў народнай асьвеце. Яго ўдзельнікі адкрылі падпольныя беларускамоўныя школы і стварылі беларускамоўныя падручнікі (Вацлаў Іваноўскі, Карусь Каганец, Цётка, Якуб Колас і Вацлаў Ластоўскі). Таксама заснавалі настаўніцкія таварыствы. Выдавалі пэдагагічныя працы (Фядот Кудрынскі, Зьміцер Сьцяпура, Еўдакім Раманаў і Клаўдый Ціхаміраў)[16].
Савецкі час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 1919 г. стварылі Народны камісарыят асьветы Беларускай ССР. У красавіку 1919 г. аднавілі Горы-Горацкі земляробчы інстытут. 30 кастрычніка 1921 г. адкрылі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Цягам 1920-х гадоў у Беларускай ССР большасьць насельніцтва стала пісьменным. Адначасна ў рамках беларусізацыі большасьць школ і частку тэхнікумаў і ВНУ перавялі на беларускую мову навучаньня. У 1930-я гады Беларуская ССР перайшла да ўсеагульнай абавязковай пачатковай асьветы. У гарадах усеагульнай і абавязковай стала 7-гадовая асьвета. У 1935 г. у Беларускай ССР згарнулі беларусізацыю асьветы. У Заходняй Беларусі беларускамоўныя школы адкрывала Таварыства беларускай школы[16].
У 1945—1955 гадох у Беларускай ССР ажыцьцявілі абавязковую пачатковую асьвету і перайшлі да ўсеагульнай 7-гадовай асьветы. 4 студзеня 1959 г. сяброўка Прэзыдыюма Цэнтральнага камітэту КПСС Кацярына Фурцава даслала з Масквы тэлеграму ва ўрад БССР з патрабаваньнем пераводу навучаньня на расейскую мову[18]. У выніку да 1961 году ўсе беларускамоўныя школы ў раённых цэнтрах Беларускай ССР гвалтам русіфікавалі. Да паступовай русіфікацыі агульнаадукацыйнай школы таксама прывяло наданьне дзецям іншаземцаў права адмовы ад адукацыі на мове краіны пражываньня. Да 1979 г. перайшлі да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У 1984 г. усеагульная 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя. У 1989 г. у расейскамоўных школах было 80% вучняў, у беларускамоўных — 20%[16]. У 1989 годзе ў Менску заснавалі грамадзкае аб’яднаньне «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў», якое атрымала дзяржаўны ўлік у 1992 годзе ўжо ў незалежнай Беларусі.
Незалежнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Закон «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» 1991 году ўсталяваў абавязковую базавую 9-гадовую асьвету[16].
3 сьнежня 2001 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пазбавіў «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» дзяржаўнага ўліку на позву Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе ў ВНУ Беларусі навучаліся 365 704 чалавекі, зь іх 307 337 (84%) — у дзяржаўных і 58 367 (16%) — у прыватных. Мужчыны складалі 43% студэнтаў. 59% першакурсьнікаў прынялі на дзённае навучаньне за дзяржаўны (бюджэтны) кошт з наступнай адпрацоўкай. 2,3% студэнтаў дзённага навучаньня атрымлівалі асьвету ў дзяржаўных ВНУ на беларускай мове. 87,5% студэнтаў, якія навучаліся за дзяржаўны кошт, атрымлівалі стыпэндыю: 84% — навучальную ($28,2), 3% — грамадзкую (сацыяльную; $22,7) і 0,3% — імянную ($65)[19]. 27 ліпеня 2004 г. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь скасавала дазвол Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту на аказаньне адукацыйных паслуг, які ў выніку ў верасьні 2005 году перанёс сваю дзейнасьць зь Менску ў Вільню (Летува) і атрымаў там 10 сакавіка 2006 году дзяржаўны ўлік. У 2006/2007 навучальным годзе па-беларуску навучалася 245 900 вучняў (21,5% ад агульнай колькасьці)[20].
Пасьля акцыяў пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 году ўрад Польшчы заснаваў Стыпэндыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага для беларускіх студэнтаў, адлічаных з ВНУ па палітычных матывах, каб тыя здолелі атрымаць вышэйшую адукацыю ў Польшчы. У 2017 годзе праграма адноўленая з-за ўзнаўленьня палітычных рэпрэсіяў[21].
11 ліпеня 2007 году А.Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб вышэйшай адукацыі», які прадугледжваў стварэньне і выбраньне органаў студэнцкага самакіраваньня. 13 студзеня 2011 г. А.Лукашэнка падпісаў Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», які замяніў 5 адукацыйных законаў (у тым ліку «Аб вышэйшай адукацыі») і дзе адсутнічала згадка пра студэнцкае самакіраваньне[3]. У 2016/2017 навучальным годзе па-беларуску навучалася 128 600 вучняў (толькі 13,3% ад агульнай колькасьці)[20].
Русіфікацыя адукацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глядзіце таксама: Русіфікацыя Беларусі
Сярэдняя адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1994/1995 навучальным годзе ў беларускамоўныя клясы паступілі 76% вучняў, што было найвышэйшым паказьнікам ад часу здабыцьця незалежнасьці Рэспублікай Беларусь і складала на 3% менш за дзель беларусаў у насельніцтве паводле перапісу 1989 году. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка аднавіў русіфікатарскую палітыку савецкай і расейскай імпэрскай эпохі[22]. У 1996/1997 навучальным годзе ў беларускамоўных школах навучаліся 19,4% вучняў. У Менску адсутнічалі беларускамоўныя школы. У Менскай вобласьці быў 61% вучняў у 1-х беларускамоўных клясах[23]. У 1994/1995 навучальным годзе ў Менску 58% школьнікаў у 1-х клясах навучаліся на беларускай мове. У 1995/1996 нав.г. засталося 20%. У 1996/1997 — 12%. У 1997/1998 — 7,3%. У 1998/1999 — 5,3%. У 1999 г. у сталіцы Беларусі было 152 беларускамоўныя выпускнікі школ (1%)[24].
У 1999/2000 навучальным годзе набор вучняў у 1-я клясы з навучаньнем на беларускай мове вырас у 4 з 6 вобласьцяў параўнальна з 1998/1999 нав.г.: Берасьцейская — з 24,8% да 29%, Віцебская — з 21,4% да 26%, Гомельская — з 16,6% да 20,4%, Магілёўская — з 19,9% да 22,4%. На люты 2001 году ў Беларусі было 1 496 417 школьнікаў, зь іх звыш 435 000 (29%) навучаліся па-беларуску. 70,9% навучаліся па-расейску, тады як у 2000 г. іх было 70%[25].
У 2006/2007 навучальным годзе па-беларуску навучалася 245 900 вучняў (21,5% ад агульнай колькасьці). У 2016/2017 навучальным годзе па-беларуску навучалася 128 600 вучняў (толькі 13,3% ад агульнай колькасьці)[26]. Пераважная большасьць беларускамоўных школаў знаходзіцца ў сельскай мясцовасьці, якія паступова зачыняюцца праз адток насельніцтва ў гарады. Штогод у Беларусі зачыняецца каля 100 невялікіх школаў, большасьць зь якіх беларускамоўная. Назіраецца тэндэнцыя пераводу вучняў згаданых школаў у расейскамоўныя школы. Такім чынам, адбываецца страта навучаньня па-беларуску[27].
Разьмеркаваньне навучэнцаў дзённых установаў агульнай сярэдняй адукацыі паводле мовы навучаньня[28][29] | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1994/95 | 1996/97 | 1998/99 | 2000/01 | 2002/03 | 2004/05 | 2006/07 | 2008/09 | 2010/11 | 2012/13 | 2014/15 | 2016/17 | |
Беларуская (%) | 29 | 33 | 31 | 29 | 26 | 24 | 22 | 20 | 19 | 17 | 15 | 13 |
Расейская (%) | 71 | 67 | 69 | 71 | 74 | 76 | 78 | 80 | 81 | 83 | 85 | 87 |
На люты 2019 году ў абласных цэнтрах Беларусі (з выняткам Менску) не было ніводнае беларускамоўнае школы, існавалі толькі асобныя беларускія клясы. Колькасьць дзяцей у гэтых клясах вагалася ад пяці да двух дзясяткаў. Агулам ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі не налічвалася і трох сотняў дзяцей, якія навучаюцца цалкам па-беларуску. З 118 беларускіх раённых цэнтраў толькі ў двух зь іх ёсьць беларускамоўная школа — у Барысаве (гімназія №2) і Янаве (сярэдняя школа № 4). Разам з тым, у барысаўскай гімназіі №2 беларускамоўная толькі пачатковая школа[30]. З 277 сярэдніх навучальных установаў Менску толькі 7 — беларускамоўныя[31]. У сярэдняй школе № 190, якая ўваходзіць у лік згаданых сямі беларускамоўных школаў Менску, адбываецца набор як у беларускамоўныя, так і ў расейскамоўныя клясы[32].
Такім чынам, у сталіцы, абласных і раённых цэнтрах Рэспублікі Беларусь маецца ўсяго 6 беларускамоўных школаў:
- Гімназія № 4 (вуліца Кунцаўшчына, 18 — г. Менск, Фрунзенскі раён)
- Гімназія № 9 (вуліца Сядых, 10 — г. Менск, Першамайскі раён)
- Гімназія № 14 (вуліца Васьняцова, 10 — г. Менск, Заводзкі раён)
- Гімназія № 23 (праспэкт Незалежнасьці, 45 — г. Менск, Савецкі раён)
- Гімназія № 28 (праспэкт Ракасоўскага, 93 — г. Менск, Ленінскі раён)
- Сярэдняя школа № 60 (вуліца Карла Лібкнэхта, 82 — г. Менск, Маскоўскі раён)
- Сярэдняя школа № 4 (вуліца Савецкая, 78 — г. Янаў)
Населены пункт | Колькасьць беларускамоўных школаў | Агульная колькасьць школаў | Адсотак беларускамоўных школаў |
---|---|---|---|
Менск | 6 | 277 | 2.17% |
Берасьце | 0 | 37 | 0% |
Віцебск | 0 | 48 | 0% |
Гародня | 0 | 42 | 0% |
Гомель | 0 | 53 | 0% |
Магілёў | 0 | 47 | 0% |
Раённыя цэнтры агулам (за выняткам сталіцы і абласных цэнтраў) |
1* | ~ 920 | 0.11% |
* у Янаве (сярэдняя школа № 4)[30] |
Вышэйшая адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Усе 43 дзяржаўныя і 9 прыватных ВНУ Беларусі расейскамоўныя[33]. У 2014/2015 навучальным годзе чыста на беларускай мове навучалася 0,1% студэнтаў[34]. Колькасьць студэнтаў, якія навучаюцца па-беларуску ў дзяржаўных установах адукацыі, з 1990-х гадоў да 2017 году ўпала ў 103 разы[35]. Гэтая статыстыка зманлівая, насамрэч на беларускай мове выкладаюць толькі беларускую мову, часам гісторыю Беларусі на гістарычных факультэтах, а таксама паадзінкавыя выкладчыкі, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, выкладаюць па-беларуску свае прадметы, часьцей за ўсё гэта філёлягі на беларускіх катэдрах, і вельмі рэдка прафэсары ў дакладных навуках. Хаця Таварыству беларускай мовы ўдалося зарэгістраваць арганізацыю, якая ўтрымлівае ў назьве слова «ўнівэрсытэт», але ніякіх правоў весьці вышэйшую асьветную дзейнасьць гэтая арганізацыя ня мае, і адсутнічае ў сьпісе ўстановаў вышэйшай адукацыі на сайце Міністэрства адукацыі Беларусі[36].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з А.Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі» ад 23 студзеня 2011 году № 243-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 17 студзеня 2014 г. Архіўная копія ад 17 студзеня 2014 г. Праверана 1 сакавіка 2017 г.
- ^ Сяргей Маскевіч. Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 84 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб савеце ўстановы адукацыі» (рас.) // Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусь. — 2011. — № (033-055).pdf 95. — С. 50-54.
- ^ а б в Надзея Нікалаева. Ці ёсьць будучыня ў студэнцкага самакіраваньня // Чырвонка. — 30 студзеня 2014. — № 2 (15737). — С. 2.
- ^ Сыстэма адукацыі // Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ а б в г Школьная і дашкольная адукацыя // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ Дашкольная адукацыя // Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ а б Агульная сярэдняя адукацыя // Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ Прафэсійна-тэхнічная адукацыя // Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ а б Вышэйшыя навучальныя ўстановы // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ Адукацыя ў Беларусі // Belarus.by, 2017 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ Мікалай Анішчук. Прымусовыя людзі не прыдатныя да рэформаў // Новы час : газэта. — 25 ліпеня 2014. — № 29 (398). — С. 4. — ISSN 2218-2244.
- ^ Надзея Нікалаева. Балёнскі працэс: набыць новае і не страціць найлепшае // Зьвязда : газэта. — 12 траўня 2015. — № 87 (27945). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Дадатковая адукацыя: інфармацыя аб вывучэньні беларускай мовы // Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Неўладкаваных дзяцей выяўляюць і ЖЭС, і МНС // Зьвязда : газэта. — 1 чэрвеня 2012. — № 103 (27218). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Спэцыяльная адукацыя // Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і Сьвятлана Снапкоўская. Асьвета // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 2. — С. 24-25. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
- ^ Арлоў У. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862―1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. / У. Арлоў, Г. Сагановіч. ― Вільня: «Наша Будучыня», 1999. ― с. 172—173
- ^ Вераніка Канюта. Клясыкі гавораць // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2014. — № 33 (27643). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Надзея Нікалаева. Хто ты, сёньняшні «эўрастудэнт» // Чырвонка. — 27 лютага 2014. — № 4 (15739). — С. 1-2.
- ^ а б Ягор Марціновіч. Моўная катастрофа: за 10 гадоў колькасьць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ўдвая // Наша ніва : газэта. — 7 чэрвеня 2017. — № 6 (969). — С. 2. — ISSN 1819-1614.
- ^ Польшча аднавіла набор на праграму Каліноўскага // Наша ніва
- ^ Нацыянальная катастрофа на тле мяккай беларусізацыі // Новы час
- ^ Цімур Кудзеяр. Беларуская мова ў школах: што стаіць за статыстыкай // Зьвязда : газэта. — 25 лютага 1997. — № 38 (23139). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Тацяна Антонава. Моўныя пытаньні ў Беларусі // Зьвязда : газэта. — 10 красавіка 1999. — № 59 (23660). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімер Хількевіч. Алесь Лозка: «Саромеемся прызнацца, што роднай мове патрэбна абарона з боку дзяржавы» // Зьвязда : газэта. — 7 сакавіка 2001. — № 49-50 (24165-24166). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Марціновіч Я. Моўная катастрофа: за 10 гадоў колькасць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ўдвая // Наша Ніва, 31 траўня 2017 г.
- ^ Алег Трусаў: Скарачэнне беларускамоўных школ можа прывесці да выраджэння нацыі // Берасьцейская вясна
- ^ Ці патрэбны беларусам беларускамоўныя школы?, TUT.BY, 22 жніўня 2011 г.
- ^ Інфаграфіка: толькі 19% школьнікаў навучаюцца па-беларуску, у Менску — 2%, НАСТАЎНІК.INFO, 1 верасьня 2011 г.
- ^ а б Вучыцца на роднай мове. 8 фактаў пра беларускія школы // Радыё Свабода
- ^ 13,3% беларусаў дэкларуе, што не ўмее чытаць па-беларуску, Белсат, 21 лютага 2019 г.
- ^ Мікрараён ДУА «Сярэдняя школа № 190 г. Мінска» // Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа №190 г. Мінска»
- ^ Суднік С., Вабішчэвіч Т. Летапіс дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». 1989-2009 / рэд. Алег Трусаў. — Ліда: Наша слова, 2009. — С. 110. — 164 с. — 299 ас.
- ^ Студзінская І. Беларускамоўных школьнікаў усё меней, па-беларуску навучаецца 0,1% студэнтаў, Радыё Свабода, 30 сьнежня 2015 г.
- ^ Калеснічэнка Н. Даследаванне: На беларускай мове ў дзяржаўных ВНУ навучаецца 291 студэнт!, Заўтра тваёй краіны, 15 лютага 2019 г.
- ^ Учреждения высшего образования(недаступная спасылка), Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладзімер Ляхоўскі. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915—1918 гг.. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 340 с. — ISBN 83-60456-25-9
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
- Найвышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь
- «Адукацыя — стыль жыцьця»
- Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асьветы
- Адукацыя // Газэта «Зьвязда», 25 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 16 лютага 2017 г. Праверана 3 сакавіка 2017 г.
- Партал для настаўнікаў
- Адукацыя // Generation.by
- Адукацыя // Беларуская мова ў інтэрнэце
- Спэцыяльнасьці паводле Агульнадзяржаўнага клясыфікатара (АКРБ) (рас.)
- Палажэньне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі
- Статут школы(недаступная спасылка)