Перайсьці да зьместу

Вена

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Вена, захаваная ўдзельнікам Dymitr (гутаркі | унёсак) у 18:38, 29 красавіка 2024. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)
Вена
ням. Wien
Вена
Герб Вены Сьцяг Вены
Дата заснаваньня: I стагодзьдзе да н. э.
Горад з: 881
Краіна: Аўстрыя
Кіраўнік: Міхаэль Людвіг[d]
Плошча: 414,65 км²
Вышыня: 151 м н. у. м.
Насельніцтва (2007)
колькасьць: 1 670 347 чал.
шчыльнасьць: 4028,33 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +43 1
Паштовыя індэксы: 1010—1239, 1400, 1450
Нумарны знак: W
Геаграфічныя каардынаты: 48°12′30″ пн. ш. 16°22′21″ у. д. / 48.20833° пн. ш. 16.3725° у. д. / 48.20833; 16.3725Каардынаты: 48°12′30″ пн. ш. 16°22′21″ у. д. / 48.20833° пн. ш. 16.3725° у. д. / 48.20833; 16.3725
Вена на мапе Аўстрыі
Вена
Вена
Вена
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.wien.gv.at/english/

Ве́на ці Ведэнь[1] (па-нямецку: Wien) — сталіца і найбуйнейшы горад Аўстрыі. Адначасова адна зь дзевяці фэдэральных земляў Аўстрыі, з усіх бакоў аточаная тэрыторыяй іншай зямлі — Ніжняй Аўстрыі. Разьмешчаная ва ўсходняй частцы краіны. Горад месьціцца на абодвух берагах Дунаю. Вена ёсьць культурным, эканамічным і палітычным цэнтрам Аўстрыі.

Вена зьяўляецца трэцім горадам-рэзыдэнцыяй ААН пасьля Нью-Ёрку і Жэнэвы. Венскі міжнародны цэнтар (так званы UNO-City) уключае ў сябе Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі, Упраўленьне ААН па наркотыках і злачыннасьці, Арганізацыі ААН па прамысловым разьвіцьці і іншыя. У Вене знаходзяцца штаб-кватэры такіх міжнародных арганізацыяў, як, напрыклад Арганізацыя краін-экспартэраў нафты і Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе.

На працягу многіх стагодзьдзяў Вена зьяўлялася горадам-рэзыдэнцыяй Габсбургаў і адпаведна сталіцай Сьвятой Рымскай імпэрыі германскай нацыі, ператварыўшыся ў культурны і палітычны цэнтар Эўропы. У 1910 годзе ў Вене пражывала два мільёны асоб і горад займаў чацьвертае месца сярод найбуйнейшых гарадоў сьвету, саступаючы толькі Лёндану, Нью-Ёрку і Парыжу. Пасьля Першай сусьветнай вайны насельніцтва Вены скарацілася амаль на чвэрць. Стары горад Вены і палац Шэнбрун у сьнежні 2001 году былі ўнесеныя ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Будынак гарадзкой ратушы

Найранейшыя сьведчаньні бесьперапыннага пражываньня ў мясцовасьці вакол гораду датуюцца 500 годам да н. э., калі тэрыторыя Дуная была заселеная кельтамі[2]. У 15 годзе да н. э. рымляне пабудавалі ўмацаваны памежны горад, які атрымаў назоў Віндабона, каб ахоўваць межы імпэрыі супраць германскіх плямёнаў на поўначы. Цесныя сувязі зь іншымі народамі кельцкага паходжаньня працягваліся некалькі стагодзьдзяў з такімі фігурамі, як то ірляндзкі манах VIII стагодзьдзя Сэн-Колман, які быў пахаваны ў абацтве Мэльк, і Сэн Фэргіл, які быў біскупам Зальцбурга на працягу сарака гадоў у XII стагодзьдзі. Адгалоскі таго часу ўсё яшчэ відавочны ў вялікім манастыры Шатэнштыфт, які месьціцца ў горадзе й быў раней домам для многіх ірляндзкіх манахаў.

У XIII стагодзьдзі, Вена апынулася пад пагрозай захопу з боку Мангольскай імпэрыі, якая распасьціралася на большую частку сучаснай Расеі й Кітая, але з-за сьмерці свайго лідэра Угедэя-хана, мангольскія войскі адступілі ад эўрапейскіх межаў і больш не вярталіся. У сярэднія стагодзьдзі, Вена была домам для бабэнбэрскай дынастыі, а ў 1440 годзе горад стаў рэзыдэнтам дынастыі Габсбургаў. Вена паступова расла й у канчатковым выніку стала дэ-факта сталіцай Сьвятой Рымскай імпэрыі й культурным цэнтрам мастацтва й навукі, музыкі й вытанчанай кухні. Паміж 1485—1490 гадамі горад знаходзіўся пад вугорскай акупацыяй. У XVI і XVII стагодзьдзях, асманскае войска два разы было спынена каля сьценаў Вены. А ў 1679 годзе эпідэміі чумы пазбавілі жыцьця амаль траціну насельніцтва гораду[3]. 1 верасьня 1771 году імпэратрыца Сьвятой Рымскай імпэрыі Марыя Тэрэзія заснавала «Венскую біржу» для продажу дзяржаўных аблігацыяў, вэксаляў і гандлю валютай.

Аўстра-Вугоршчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вена ў 1900 годзе.

У 1804 годзе, падчас напалеонаўскіх войнаў, Вена стала сталіцай Аўстрыйскай імпэрыі й працягвала адыгрываць важную ролю ў эўрапейскай і сусьветнай палітыцы, у тым ліку прымаючы ў сябе ў 1814 годзе Венскі кангрэс. Пасьля аўстра-вугорскага ўзьяднаньня 1867 году, Вена засталася сталіцай тагачаснай Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Горад быў цэнтрам клясычнай музыкі, для якой таксама ўжываецца, часам, назоў Першая Венская школа.

У другой палове XIX стагодзьдзя, горад разьвіваўся й паступова выйшаў за бастыёны й гласісы Рынгштрасэ. Былыя прыгарады былі ўключаныя ў склад гораду й Вена рэзка павялічылася. У 1918 годзе, пасьля Першай сусьветнай вайны, Вена стала сталіцай Першай аўстрыйскай рэспублікі. З канца XIX стагодзьдзя да 1938 году, горад заставаўся цэнтрам высокай культуры і мадэрнізму. Зьяўляючыся сусьветнай сталіцай музыкі, горад прымаў такіх кампазытараў, як то Брамс, Брукнэра, Малер і Рыхард Штраўс. Культурны ўнёсак гораду ў першай палове XX стагодзьдзя ўключае, сярод многіх, рух «Венскай сэцэсіі», разьвіцьцё псыхааналізу, Другую венскую школу, архітэктуру Адольфа Лёоза й філязофію Людвіга Вітгенштайна.

Аншлюс і міжнародная акупацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1938 годзе, пасьля трыюмфальнага ўезду ў Аўстрыю, Адольф Гітлер выступаў перад аўстрыйскім народам з балькона на Гэльдэнпляцы. У пэрыяд з 1938 году й да сканчэньня Другой сусьветнай вайны, Вена страціла свой ​​статус сталіцы, калі Аўстрыя знаходзілася ў складзе Нямеччыны.

2 красавіка 1945 году савецкія жаўнеры пачалі наступ на Вену супраць немцкіх абаронцаў, аблажыўшы яго. Брытанскія й амэрыканскіх паветраныя налёты й артылерыйскія залпы з абодвух бакоў паміж сіламі вэрмахта й чырвонай арміяй значна пашкодзілі інфраструктуру гораду, як то трамвайныя лініі, а таксама сыстэму водазабесьпячэньня й разьмеркаваньня электраэнэргіі. Акрамя таго, былі разбураны альбо пашкоджаны тысячы грамадзкіх і прыватных будынкаў. Абаронцы гораду трымаліся два тыдні[4]. Аўстрыя была аддзеленая ад Нямеччыны, а Вена была адноўлена ў якасьці сталіцы рэспублікі.

Акупацыйныя зоны ў Вене.

Пасьля вайны Вена была акружаная савецкай акупацыйнай зонай. Як і ў Бэрліне, Вена была падзелена на сэктарах на чатыры дзяржавы й знаходзілася пад наглядам камісіі хаўрасьнікаў. Але акупацыя Вены адрозьнівалася ад акупацыі Бэрліна: цэнтральны раён гораду, вядомы як «першы раён», уяўляў сабой міжнародную зону, у якой чатыры дзяржавы чаргавалі кантроль на штомесячнай аснове[5]. Блякада Бэрліна ў 1948 годзе ўзьняла хаўрусьніцкія асьцярогі на той конт, што Савецкі Саюз можа паўтарыць блякаду ў Вене.

Сучасная Вена.

У той час у заходніх сэктарах адсутнічалі аэрадромы, але ўлады ўсё ж такі былі падрыхтаваны да дзеяньняў для барацьбы з такімі блякадамі. Пляны ўключалі ўсталяваньне мэталічных насьцілаў дзеля зьдзяйсьненьня пасадкі ў Шэнбруне. Але Саветы так і не распачалі блякаду. Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што Патсдамскае пагадненньне ўключала пункт пра доступ да заходніх сэктароў, у той час як не існавала такіх пісьмовых гарантыяў на заходнія сэктары Бэрліна. За дзесьць гадоў існаваньня акупацыі Вена стала рассаднікам міжнароднага шпіянажу паміж Заходнім і Ўсходнім блёкамі. Усьлед за блякадай Бэрліна халодная вайна ў Вене прыняла іншую дынаміку. Прызнаючы, што Нямеччына й Бэрлін будуць падзеленыя, савецкі ўрад вырашыў не дазваляць такога ж становішча ў Аўстрыі й Вене.

У 1953 годзе пэрымэтры Заходняга Бэрліну былі агорнуты калючым дротам, але Вена заставалася непадзеленай. У 1955 годзе савецкі ўрад пагадзіўся на адмову ад сваіх акупацыйных зонаў ва Ўсходняй Аўстрыі й Усходняй Вене, а таксама сэктараў у чацьвертым і дзясятым раёне Паўднёвай Вены. У абмен яны патрабавалі сталага пункта нэўтралітэту у новым дзяржаўнай дамове. У 1955 годзе савецкія войскі канчаткова выйшлі з Аўстрыі.

Ратуша ноччу.

Чатырохдзяржаўны кантроль у Вене працягваўся да падпісаньня аўстрыйскай дзяржаўнай дамовы ў 1955 годзе. У тым жа годзе, пасьля некалькіх гадоў рэканструкцыі й рэстаўрацыі былі адкрытыя будынкі Дзяржаўны тэатар опэры й Бургтэатар, якія абодва знаходзяцца на вуліцы Рынгштрасэ. Дзяржаўная дамова запэўніла, што сучасная Аўстрыя ня будзе ўваходзіць ані ў блёк НАТО, ані ў савецкі блёк. Яна таксама лічыцца адным з чыньнікаў позьняга ўступу Аўстрыі ў Эўрапейскі Зьвяз.

У 1970-х гадох канцлер Аўстрыі Бруна Крайскі адчыніў Венскі міжнародны цэнтар, які быў пабудаваны ў новым раёне гораду для разьмяшчэньня міжнародных інстытутаў. Вена вярнула сабе частку мінулага міжнароднага статусу шляхам разьмяшчэньня ў сваіх межах міжнародных арганізацыяў, як то Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, падрыхтоўчая камісія Арганізацыі па ўсёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў, Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі, Арганізацыя краін-экспартэраў нафты, а таксама Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе й Аб’яднаная эўрапейская гастраэнтэралягічная фэдэрацыя.

Мапа Вены

Горад разьмешчаны ўва ўсходняй частцы Аўстрыі ля падножжа Альпаў, на беразе Дуная, у 60 км ад мяжы з Славаччынай. Празь Вену працякае Дунай са сваім рукавом Дунайскім каналам і ракой Вена. Гістарычна горад месьціўся на поўдзень ад Дуная, аднак у апошнія два стагодзьдзі, Вена расла па абодва бакі ракі. Найбольшая вышыня гораду над узроўнем мора адзначаецца ў раёне Гэрманскогеля (542 м), а найменшая — у Эсьлінге (155 м). Горад аблямоўвае Венскі Лес.[6]

Геаграфічна карыснае становішча робіць Вену вельмі зручным месцам для разьвіцьця рознабаковых адносінаў з усходнімі краінамі. Гэта стала асабліва адчувальна пасьля 1989 году, калі «упала» гэтак званая жалезная заслона. Напрыклад ад сталіцы Славаччыны Браціславы Вену аддзяляюць усяго 60 км — гэта самая кароткая адлегласьць паміж двума сталіцамі ва ўсёй Эўропе, выключаючы Ватыкан і Рым.

Па форме Вена нагадвае кола, перасечанае хордай ракі Дунай. З часоў Рымскай імпэрыі горад пашыраўся канцэнтрычнымі кола. Ягоная цэнтральная частка, гэтак званы ўнутраны горад (ням. Innere Stadt), амаль супадае з адміністрацыйнымі межамі першай акругі. Рынгштрасэ зьяўляецца ланцужком бульвараў, якія ўтвараюць колца. Гісторыя Рынгаштрасэ пачалася ў 1857 годзе, калі імпэратар прыняў рашэньне разбурыць непатрэбныя больш фартыфікацыйныя збудаваньні. Гюртэль, пояс, які ўтварае канцэнтрычную акружыну вакол Рынгштрасэ, узьнік ў 1890 годзе. Ён паглынуў атачаўшыя Вену вёскі й цэрквы, пабудаваныя на месцы парафіяльных цэркваў, якія атачалі ў мінулым сталіцу імпэрыі. За Гюртэлем разьмешчана гэтак званая «Чырвоная Вена», працоўныя кварталы, пабудаваныя сацыялістамі ў 1923—1934 гадох[7].

Вена знаходзіцца ў межах пераходу марскога клімату й вільготнага кантынэнтальнага клімату ў адпаведнасьці з клясыфікацыяй Кёпэна. У горадзе назіраецца цёплае лета зь сярэдняй высокай тэмпэратурай ад 22 да 26 °C, з максымумамі вышэй за 30 °C і мінімумамі каля 15 °C. Зіма параўнальна халодная, зь сярэдняй тэмпэратурай каля нуля, са сьнегападамі, якія адбываюцца галоўным чынам са сьнежня па сакавік. Вясна й восень мякка халодная. Ападкі, як правіла, ўмераныя на працягу ўсяго году, і ў сярэднім складаюць 620 мм у год.

 Кліматычныя зьвесткі для Вены 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 19,0 19,0 24,0 28,9 32,3 35,9 38,5 38,1 32,7 28,0 22,2 18,6 38,5
Сярэдні максымум t, °C 2,9 5,1 10,3 15,2 20,5 23,4 25,6 25,4 20,3 14,2 7,5 4,0 14,5
Сярэдняя t, °C −0,2 1,2 5,5 9,8 14,8 17,9 19,9 19,8 15,7 10,2 4,3 1,1 10,0
Сярэдні мінімум t, °C −2 −0,9 2,4 5,8 10,5 13,5 15,4 15,3 11,7 7,0 2,4 −0,5 6,7
Абсалютны мінімум t, °C −22,6 −21,1 −19,2 −5 −2 3,0 5,0 5,0 1,0 −9 −13 −21,1 −22,6
Норма ападкаў, мм 37 39 46 52 62 70 68 58 54 40 55 44 620
Крыніца: worldweather.org, Надвор’е й клімат
Будынак Венскай біржы.

У Вене генэруецца каля 28,6% валавога ўнутранага прадукту Аўстрыі. У эканоміцы места дамінуе сэктар паслугаў. Сярэдні ўзровень беспрацоўя ў Вене складае 4,9%, а прыватны сэктар паслуг забясьпечвае 75% усіх працоўных месцаў[8]. Горад палепшыў свае пазыцыі з 2012 году ў рэйтынгу самых эканамічных разьвітых гарадоў, дасягнуўшы дзевятага нумара ў сьпісе за 2015 год[9][10]. З 500 найбуйнейшых аўстрыйскіх фірмаў паводле абароту 203 зь іх маюць свае штаб-кватэры ў Вене[8]. Колькасьць міжнародных прадпрыемстваў у Вене штогод расьце. У 2014 годзе іх было 159, а ўжо 2015 годзе налічвалася 175 міжнародных кампаніяў зь сядзібамі ў Вене[11]. Пасьля падзеньня Жалезнай заслоны ў 1989 годзе Вена пашырыла сваю пазыцыю як брамы ва Ўсходнюю Эўропу. 300 міжнародных кампаніяў маюць свае ўсходнеэўрапейскія штаб-кватэры ў Вене і ейных навакольлях. Сярод іх Hewlett-Packard, Henkel, Baxalta і Siemens[12].

Венскі кангрэс цэнтар «Мэсэ».

У 2007 годзе Mercer Human Resource Consulting апублікаваў штогадовае дасьледваньне якасьці жыцьця ў сьвеце. Па ўзроўні якасьці жыцьця, Вена ўжо ня першы раз заняла першае месца ў Эўрапейскім зьвязе. Гэты горад атрымаў найлепшыя адзнакі ў сфэрах: інфраструктура, грамадзкі транспарт, банкі і фінансы, бясьпека, культура і вольнае баўленьне часу. Гэты паказчык паслужыў штуршком для міжнародных кампаніяў, якія ахвотна працуюць у гэтым горадзе.

Паводле зьвестак статыстычнага ведамства ЭЗ «Эўрастат», Вена зьяўляецца горадам і рэгіёнам з высокім узроўнем дабрабыту. Яна здолела захаваць вядучыя пазыцыі і атрымаць пятае месца ў рэйтынгу самых багатых рэгіёнаў ЭЗ. Пра гэта сьведчыць справаздача ЭЗ па рэгіёнах (паводле зьвестак Эўрастату). Паводле справаздачы, рэгіянальны СУП у Вене складае 178% ад сярэдняга ў Эўропе. Апярэджваюць Вену паводле ўзроўня дабрабыту толькі Лёндан, Люксэмбург, Брусэль і Гамбург. У рэйтынгу Вена разьмешчаная вышэй за Дублін, Мюнхэн, Амстэрдам і значна вышэй за Бэрлін. Таксама паводле зьвестак Эўрастата, у разьдзеле справаздачы «Дасьледваньне і разьвіцьцё», Вена падзяляе зь Верхняй Баварыяй вышэйшую кропку рэйтынгу.

Дасьледаваньні і распрацоўкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікі кангрэс цэнтар «Аўстрыя Цэнтар».

Асноўным сэктарам дасьледаваньняў і распрацовак у Вене ёсьць навукі аб жыцьці. Венскі кластэр навук аб жыцьці зважаецца галоўным цэнтрам дасьледаваньняў у гэтай сфэры ў Аўстрыі. Пяць мясцовых унівэрсытэтаў і некалькі фундамэнтальных навукова-дасьледчых інстытутаў складаюць акадэмічнае ядро гэтага цэнтру, маючы больш чым 12 600 супрацоўнікаў і 34 700 студэнтаў. Тут працуюць больш за 480 мэдычных, біятэхналягічных і фармацэўтычных кампаніяў, якія маюць у штаце амаль 23 000 супрацоўнікаў. Яны генэруюць каля 12 мільярдаў эўра прыбытку паводле стану на 2017 году.

У горадзе адкрылі свае сядзібы такіх сусьветна вядомыя кампаніі, як то Boehringer Ingelheim, Octapharma, Ottobock і Takeda Pharmaceutical[13]. Тым не менш, расце колькасць стартап-кампаніяў у сфэры навукі аб жыцьці. У Вене таксама месьціцца штаб-кватэра Цэнтральна-Эўрапейскай дыябэтычнай асацыяцыі.

Інфармацыйныя тэхналёгіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вена прыкладае намаганьні, каб зарэкамендаваць сябе як цэнтар стартапаў. З 2012 года ў горадзе ладзіцца штогадовы Піянэрскі фэстываль, найбуйнейшае мерапрыемства дзеля стартапаў у Цэнтральнай Эўропе з 2500 міжнароднымі ўдзельнікамі, якое ладзіцца у палацы Гофбургу. Он-лайнавы інтэрнэт-партал Tech Cocktail усунуў Вену на шостае месца сярод дзесяці найлепшых стартап-гарадоў сьвету[14][15][16].

Венскі сэктар інфармацыйных і камунікацыйных тэхналёгіяў параўнальны паводле памеру з гэтымі ж сэктарам у Хэльсынках, Міляне ці Мюнхэне і, такім чынам, лічыцца адным з найбуйнейшых ІТ-месцаў у Эўропе. У 2012 годзе ў Венскім рэгіёне налічвалася 8962 фірмаў у сфэры ІТ з колькасьцю супрацоўнікаў у 64 223 чалавекі. Асноўнымі відамі прадукцыі ёсьць прылады для вымярэньняў, тэставаньня і навігацыі, а таксама электронныя кампанэнты. Амэрыканская тэхналягічная карпарацыя Cisco мае эўрапейскую праграму супрацоўніцтва, якая рэалізуецца менавіта ў Вене[17][18].

Помнік Ёгану Штраўсу-сыну ў Венскім гарадзкім парку.

У Вене працаваў цэлы шэраг выбітных кампазытараў, як то Вольфганг Амадэй Моцарт, Ёзэф Гайдн, Людвіг ван Бэтговэн, Франц Шубэрт, Яганэс Брамс, Густаў Малер, Робэрт Штольц і Арнольд Шэнбэрг.

Бургтэатар на Рынгштрасэ.

Вена захоўвае даўнія традыцыі мастацтва і культура, а менавіта тэатры, опэру, клясычную музыку і выяўленчае мастацтва. Бургтэатар лічыцца адным з найлепшых тэатраў у нямецкамоўным сьвеце поруч з сваім аддзяленьнем Акадэмтэатру. Таксама добрай рэпутацыяй карыстаюцца Фолькстэатар, а таксама Тэатар у Ёзэфштаце. Існуе таксама мноства меншых тэатраў, у многіх выпадках прысьвечаных менш масавым формам выканальніцкага мастацтва, як то сучасных і экспэрымэнтальных п’есаў альбо кабарэ.

У Вене таксама разьмешчаны шэраг опэрных тэатраў, у тым ліку Тэатар ан дэр Він, Венская дзяржаўная опэра і Венская народная опэра, апошняя зь якіх была пабудаваная дзеля выкананьня тыповых венскім апэрэтаў. Канцэрты клясычнай музыкі ладзяцца на такіх пляцоўках, як то Венская філярмонія, дзе выступае Венскі філярманічны аркестар, які штогод ладзіць «Навагодні канцэрт», а таксама Канцэртгаўс, дзе дае канцэрты знакаміты Венскі сымфанічны аркестар. Многія пляцоўкі прапануюць канцэрты, арыентаваныя на турыстаў, выконваючы знакамітыя ўрыўкі венскай музыкі, у прыватнасьці творы Вольфганга Амадэя Моцарта, Ёгана Штраўса-бацькі і Штраўса-сына. Да 2005 году Тэатар ан дэр Він ладзіў прэм’еры м’юзыклаў, але з 2006 году, які быў прысьвечаны 250-годзьдзю з дня нараджэньня Моцарта, зноў пачаў ставіць опэры, стаўшы опэрным тэатрам, прапаноўваючы адную новую пастаноўку штомесяц. З 2012 году гэты тэатар прыдбаў гістарычны невялікі тэатар камэральнай опэры з заляй на 300 гледачоў. Гэты набытак быў пераўтвораны ў другую сцэну тэатру. У 2000 годзе свае дзьверы адчыніў Дом музыкі.

Музэй гісторыі мастацтваў у Вене.

Большасьць музэяў у Вене месьціцца ў раёне на мяжы цэнтральнага раёну і раёну Нойбаў. Тут знаходзяцца музэйны квартал Гофбургу, а таксама Музэй прыродазнаўства ды Музэй гісторыі мастацтваў.

Музэйны квартал.

У Гофбургу можна пабачыць Імпэратарскую скарбніцу, якая захоўвае імпэрскія каштоўнасьці дынастыі Габсбургаў. Музэй Сысі, прысьвечаны імпэратарцы Лізавеце Аўстрыйскай, дазваляе наведвальнікам агледзець імпэратарскія апартамэнты, а таксама ўбачыць срэбраны кабінэт. Этналягічны музэй зьмяшчае мноства этнаграфічных прадметаў з Афрыкі, Амэрыкі, Азіі і Акіяніі. Музэй гісторыі мастацтваў і Музэй прыродазнаўства — гэта два аднолькавыя будынкі, якія былі пабудаваны ў канцы XIX стагодзьдзя на загад імпэратара Франца Ёсіфа I. У першым мае калекцыя карцінаў такіх мастакоў, як то Караваджа, Альбрэхт Дурэр, Рафаэль, Рэмбрант, Тыцыян і Ян Вэрмэер. Прыродазнаўчы музэй зьмяшчае ў сваёй калекцыі 30 мільёнаў прадметаў, зь якіх выстаўленыя ў галерэях толькі 100 тысячаў. Прыкметным экспанатам ёсьць Вэнэра Вілендорфская, статуя якой 25 тысяч гадоў, знойдзеная на тэрыторыі сучаснай Аўстрыі. Шматлікія музэі месьцяцца ў Музэйным квартале, які ў 1990-я гады былі ператвораныя ў музэйны комплекс. Тут разьмешчаныя Музэй сучаснага мастацтва, Музэй архітэктуры і Музэй Леапольда, у якім прадстаўлена шмат карцінаў Эгана Шыле, а таксама творы прадстаўнікоў руху «Венскай сэцэсіі», Венскага мадэрнізму і аўстрыйскага экспрэсіянізму.

У месьце таксама можна знайсьці мноства іншых музэяў, у тым ліку галерэя Альбэртына, Музэй вайсковай гісторыі, Тэхнічны музэй, Музэй мастацкіх падробак, Кунстгаўсьвін, Музэй прыкладнога мастацтва, Музэй Зыгмунда Фройда і Венскі дом Моцарта. Венскі музэй дэманструе гісторыю Вены. Габрэйскі музэй Вены быў заснаваны ў 1896 годзе і ёсьць найстарэйшым у сваім родзе. Палац Ліхтанштэйна зьмяшчае вялікую частку адной з найбуйнейшых у сьвеце прыватных калекцыяў мастацтва, асабліва шмат тут твораў, зробленых у стылі барока. У Бэльвэдэры, пабудаваным за прынцам Яўгенам, ёсьць галерэя, якая зьмяшчае карціны Густава Клімта і Эгана Шыле, а таксама скульптуры Франца Мэсэршміта.

Былыя газомэтры ў Вене.

У Вене можна пабачыць разнастайныя архітэктурныя стылі, у тым ліку раманскім стылі ды ў стылі барока. Таксама свой адбітак на Вена вырабіў стыль мадэрн. Будынак сэцэсіёну, гарадзкі вакзал Карлпляц і Кірхэ-ам-Штайнгоф працы Ота Вагнэра адносяцца да самых вядомых прыкладаў мадэрну ў сьвеце.

Венскі мадэрнізм пазьбягаў выкарыстаньня старонніх упрыгожваньняў. Архітэктар Адольф Лёоз быў адказны за стварэньне дома Лёоза 1909 году і дома Штайнэра 1910 году. Адной зь візытовак гораду лічыцца дом Гундэртвасэра працы Фрыдэнсрайха Гундэртвасэра. Гэты дом быў распрацаваны архітэктарам, каб супрацьстаяць выгляду сучаснай архітэктуры. У выніку дом Гундэртвасэра ёсьць адной з найпапулярнейшых турыстычных славутасьцяў Вены. У 1990-я гады ў ваколіцах Донаўштату і Вінэрбэргу былі перабудаваныя шэраг кварталаў і рэалізаваныя будаўнічыя праекты. У Вене былі завершаныя шматлікія архітэктурныя праекты, якія спалучаюць сучасныя архітэктурныя элемэнты з старымі будынкамі. Гэтак былі перабудаваныя і прыстасаваныя да жыльля будынкі старых газомэтраў у 2001 годзе.

У 2013 годзе былі пабудаваныя вежы-хмарачосы DC Towers, якія паўсталі на паўночным беразе Дуная[19][20].

У Вене добра разьвіты грамадзкі транспарт. Ягоную аснову складаюць Венскі мэтрапалітэн (ням. U-bahn) і Венскі S-Bahn, якія дадаюцца сеткай маршрутаў трамваяў і аўтобусаў. Маецца асобная трамвайная лінія Вена-Бадэн. Сетка аўтабанаў і чыгункі злучае Вену зь іншымі гарадамі Аўстрыі і Эўропы. Венскі рачны порт зьяўляецца цэнтральным транспартным вузлом на рацэ Дунаі і валодае самым буйным у Эўропе тэрміналам па прыёме кантэйнэраў з агульнай плошчай 60 тыс. м². У цэнтры лягістыкі венскага парта зарэгістравана 120 аўстрыйскіх і замежных кампаніяў, у якіх працуюць больш за 5 тыс. чалавек. У 2005 годзе праз гэты цэнтар было праведзена больш за 9 млн тон розных тавараў.

Цягнік Венскага мэтрапалітэну пераязджае праз Дунай па мосьце.

Сыстэма Венскага мэтрапалітэну складаецца з шасьці лініяў. У цяперашні час сетка мэтрапалітэну налічвае 109 станцыяў і пакрывае адлегласьць у 83 кілямэтры[21]. Першыя станцыя адкрываюцца а 5 гадзіны раніцы, а працуюць яны да блізу 1 гадзіны ночы. Інтэрвал паміж цягнікамі вагаецца ад дзьвюх да пяці хвілінаў удзень і да васьмі хвілінаў пасьля 20:00. Увечары пятніцамі і суботамі, а таксама ў перадсьвяточныя дні мэнтрапалітэн працуе цэлыя содні з інтэрвалам цягнікоў у 15 хвілінаў.

Аўтобусы і трамваі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Венскі трамвай.

Упершыню аўтобусы зьявіліся ў горадзе ў 1907 годзе. У цяперашні час у Вене цягам дня працуюць 117 аўтобусных маршрутаў. 47 зь іх знаходзяцца ў падпарадкаваньні арганізацыі Венскія лініі, якая таксама вызначае маршруты і расклад. Іншыя маршруты выконваюцца субпадрадчыкамі. Венскія лінія таксама абслугоўваюць 20 начных аўтобусных маршрутаў[22].

Венскі трамвай існуе з 1865 году. Першая лінія была электрыфікаваная ў 1897 годзе. У цяперашні час на сетцы ў 176,9 кілямэтраў працуюць 28 лініяў, якія прыпыняюцца на 1071 прыпынку. Трамваі рухаюцца з хуткасьцю блізу 15 км/г. Парк складаецца як з высокападлогавых, гэтак і зь нізкападлогавых транспартных сродкаў, аднак мадэлі з высокай падлогай, якія ня маюць кандыцыянэраў, знаходзяцца ў працэсе замены на больш сучасныя трамваі. Сучасныя мадэлі абсталяваныя кандыцыянэрамі і падыходзяць для карыстальнікаў з абмежаванымі магчымасьцямі[23][24].

Венскі міжнародны аэрапорт «Швэхат» мае наўпроставыя паветраныя зносіны з большасьцю краінаў-сябраў ЭЗ і ёсьць найбуйнешым паводле абслугоўваньня пасажыраў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Ён месьціцца знаходзіцца за 18 км ад цэнтру Вены. У «Швэхате» зарэгістравана больш за 60 авіякампаніяў з усяго сьвету. У 2023 годзе венскі аэрапорт асблугоўваў блізу 29,5 млн пасажыраў[25]. У «Швэхаце» базуюцца авіякампаніі Аўстрыйскія авіялініі, Eurowings і EasyJet.

  1. ^ Рудзкі Э. Польскія каралевы // Спадчына. № 5, 1993, № 6, 1993, № 1, 1994, № 2, 1994, № 5, 1994.
  2. ^ «Vienna — History». Encyclopedia Britannica.
  3. ^ Spielman, John Philip (1993). «The city & the crown: Vienna and the imperial court, 1600—1740». West Lafayette, Indiana: Purdue University Press. p. 141. ISBN 1-55753-021-1.
  4. ^ Weissensteiner, Friedrich (26.03.2005). «„Operation Radetzky“ verhinderte das Ärgste — Der Kampf um Wien im April 1945». Archiv.
  5. ^ «Austria: Facts and Figures».
  6. ^ Все столицы мира /Сост. О. В. Зыкина, Л. А. Бурлацкая, Г. А. Гальперина, Н. В. Иванова. — М.: Вече, 2005. С. 72.
  7. ^ Путеводитель «Ле Пти Фюте» — Австрия. Изд. 5-е. — М.: Авангард, 2005. С. 67.
  8. ^ а б van den Berg, Leo; Braun, Erik (2017). «Growth Clusters in European Metropolitan Cities». Taylor & Francis. — ISBN 9781351739665.
  9. ^ «The 25 Most Economically Powerful Cities in the World». Bloomberg.
  10. ^ «Sorry, London: New York Is the World's Most Economically Powerful City». Bloomberg.
  11. ^ «Wieder Rekordergebnis bei Betriebsansiedlungen». Städt Wien.
  12. ^ «Headquarters Location Austria». Austrian Business Agency.
  13. ^ «Vienna Highlights Spring & Summer 2019». LISAvienna.
  14. ^ «Vienna among top ten start-up cities worldwide». Städt Wien.
  15. ^ «Pioneers Festival». JFDI GmbH.
  16. ^ «Top 10 Startup Cities Where Entrepreneurs Want to Meet Up». Tech.Co.
  17. ^ «International start-ups in Vienna». Vienna Business Agency.
  18. ^ «Cisco Entrepreneurs in Residence». Cisco Systems.
  19. ^ «Vienna’s 10 tallest skyscrapers». Skyscraper Picture.
  20. ^ «Millennium Tower». Vienna /: Emporis.
  21. ^ «Wiener Linien — U-Bahn 2009 bis 2021». Stadt Wien.
  22. ^ «Städtischer Autobus». Städt Wien.
  23. ^ «Stadtverkehrs-Geschichte Wien». Wiener Tramwaymuseum.
  24. ^ «Straßenbahn». Städt Wien.
  25. ^ «Press Releases & News». Vienna Airport.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]