ны. А вось, калі зноў спаткае яе, як сёння, адзін на адзін, тады няіменна павітаецца, бо яны ўжо як-бы крыху знаёмыя. Дайшоўшы да трэцяй будкі, Лабановіч вярнуўся назад у надзеі, што ён зноў сустрэне дзяўчыну на дарозе. Ён прайшоў адну будку і другую, мінуў ужо і пераезд каля свайго сяла, але дзяўчыны нідзе не спаткаў. Ці не пайшла яна на раз’езд, сабраўшыся куды-небудзь паехаць? А можа, яна зусім не тутэйшая і больш ніколі не з’явіцца тут? Але ў яго душы надоўга застанецца гэты прыгожы вобраз дзявочае красы. Лабановічу стала чагось шкада, як-бы ад яго нешта адарвалася і знікла.
У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Уся мясцовасць змяніла выгляд, як-бы замкнулася ў сабе самой, аддаўшыся выключна сваім думкам і свайму настрою, а ўсё іншае для яе стала чужым і нецікавым.
Лабановіч дайшоў да сцежачкі каля ветракоў і накіраваўся ў школу.
IX
Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гродзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, са старога дваранскага роду. Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам-жа пан падлоўчы з гэтым не згаджаўся.
«Я — ліцвін». — з нейкай гордасцю зазначаў пан падлоўчы, і сваю належнасць да ліцвіноў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозвішча — Баранкевіч — мела канчатак на «іч», тады як чыста польскія прозвішчы канчаюцца на «скі»: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі. Даведаўшыся, што прозвішча новага настаўніка Лабановіч, падлоўчы пры спатканні з ім прымерна выказаў адзнакі здавальнення, як гэта бывае тады, калі нам на чужыне прыходзіцца спаткацца з земляком.
— То і пан — ліцвін! — весела сказаў ён маладому настаўніку і пастукаў яго па плячы. Сваё ліцвінства ён падкрэсліваў пры кожным зручным выпадку, кажучы: «Мы, ліцвіны, любім піць гладка!».