Перайсці да зместу

Целяханы (шклозавод)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шклозавод «Целяханы»
Тып glassworks[d]
Заснаванне 1779
Краіна
Размяшчэнне Рэч Паспалітая
Расійская імперыя в. Целяханы, Пінскі павет, Мінская губерня
Ключавыя постаці Браты Чэрніхавы, Лейба Турак, Мордух Разенблюм
Галіна шкляная прамысловасць
Прадукцыя вырабы са шкла і хрусталю

«Целяханы» — адзін з першых шклозаводаў (гут) на тэрыторыі Беларусі, знаходзіўся ў Целяханах Пінскага павета Мінскай губерні.

Вокладка прэйскуранта шклозавода Целяханы, 1912 год

Завод быў заснаваны ў 1779 годзе. Выраблялі лампаднае шкло, шкляны посуд і дэкаратыўныя вазы. Гэта была эксклюзіўная для таго часу вытворчасць. Вырабы са шкла па Агінскім канале адпраўляліся на экспарт за мяжу.

У 1793 годзе, у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, Целяханы увайшлі ў склад Расійскай імперыі.

У 1830 годзе ў Целяханах адбыўся пажар, які знішчыў мноства пабудоў, і праз 50 гадоў — яшчэ адзін, які знішчыў мястэчка і шклозавод. Але, дзякуючы Агінскаму каналу, а таксама значнай фінансавай дапамогі ад сіянісцкіх арганізацый ЗША, мястэчка і завод хутка аднавіліся[1].

У 1895 годзе Францыск Пуслоўскі пабудаваў на сваёй зямлі новы корпус завода (па вул. Касцёльнай), які забяспечыў найноўшым абсталяваннем па апошнім слове тэхнікі таго часу — паравым рухавіком і прэсамі для струменевай вытворчасці шкляных вырабаў.

Пасля адмены прыгоннага права жыхары навакольных вёсак сталі таннай працоўнай сілай для новага прадпрыемства. Умовы працы ў гарачых цэхах былі вельмі цяжкія, змена доўжылася 12 гадзін. Хімічная вытворчасць была шкоднай для здароўя, працаўнікі атрымлівалі лёгачныя захворванні, скарачвалася працягласць іх жыцця, сем’і гублялі карміцеляў[2].

У 1896 годзе Пуслоўскі перадаў прадпрыемства ў арэнду спачатку да 1907 года, а далей і да 1918 года прадпрымальнікам-кампаньёнам яўрэйскага паходжання са Слоніма. Узначальваў супольнасць арандатараў Лейба Чэрніхаў, які ўжо меў досвед кіравання Міхалінскай гутай у Слонімскім павеце. Яго кампаньёнамі былі браты Аарон і Шмуэль Чэрніхавы, Лейба Турак і Мордух Разенблюм.

Кампаньёны ўклалі каля 190 тысяч рублёў у мадэрнізацыю завода, у тым ліку ў 1899 годзе ўсталявалі шклоплавільныя печы і пашырылі асартымент прадукцыі. Усталявалі таксама шліфавальныя і гравіравальныя станкі, пнеўматычныя прылады для вымання шкла з печы з дапамогай пара, прафесійныя прылады для мастацкага дэкарыравання шкла. На заводзе было занята 450 чалавек.

У 1911 годзе завод быў электрыфікаваны і стаў самым буйным на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю. У завода было тры баржы і параход пад назвай «Пелікан».

Завод выпускаў шырокі асартымент вырабаў: аконнае і аптэчнае шкло, газавыя лямпы і лямпавае шкло, графіны, бутэлькі, бутлі, чаркі, куфлі, шклянкі, піўныя келіхі. Пасля выдання Указа дзяржаўнай піцейнай манаполіі аб продажы віна і гарэлкі выключна ў шкляным посудзе значна павялічыўся аб’ём вытворчасці бутэлек.

У 1914 годзе аб’ём вытворчасці завода павялічыўся да паўмільёна царскіх рублёў[3].

Высокія якасць і мастацкі ўзровень хрусталю і каляровага прасаванага шкла целяханскага завода былі адзначаны Залатым медалём «За якасць і мастацкасць» Камітэтам усерасійскіх мануфактурных выставак. Шкловырабы былі аздоблены вытанчаным дэкорам, часткова пакрыты серабрыстай або залатой плёнкай, афарбаваны серабром, золатам ці эмаллю[4].

Галерэя шкловырабаў

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі