Перайсці да зместу

Якуты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Якуты
(саха)
Агульная колькасць 487 тыс. (2013)
Рэгіёны пражывання  Расія — 478 409 (2021)[1]

 Кітай — 2 820 (2010)[2]

Мова якуцкая
Рэлігія Шаманізм, праваслаўе
Блізкія этнічныя групы далганы

Яку́ты (саманазва саха́) — цюркскі народ, карэннае насельніцтва Якуціі. Жывуць таксама ў іншых рэгіёнах Расіі, ЗША, Канадзе, Кітаі і іншых краінах. Агульная колькасць (2013 г.) — каля 487 тыс.[3]

Паходжанне якутаў з'яўляется складанай праблемай для этнолагаў і генетыкаў, паколькі якуты з'яўляюцца цюркамоўным народам і падобна многім іншым цюркам займаюцца пераважна пашавай жывёлагадоўляй, аднак генетычна блізкія да народаў, што размаўляюць на ўральскіх мовах[4].

Паводле паданняў саміх якутаў, іх продкі прыйшлі на тэрыторыю Якуціі з поўдню, меркавана з паўночна-заходняга ўзбярэжжа Байкала[5]. Цікава, што ў Якуціі шырока распаўсюджаны тапонімы, блізкія па гучанню да назвы знакамітага возера[6]. Хаця вусныя сведчанні не дазваляюць ясна вызначыць час перасялення, археалагічныя матэрыялы дазваляюць лічыць, што гэта адбылося да XIV ст. да н. э. У 1976 г. у басейне сярэдняй Лены была адкрыта Кулун-Атахская археалагічная культура, якая належала якутам. Яна прадстаўлена аднатыпнымі селішчамі жывёлагадоўцаў (XIV — XVI стст.), якія умелі апрацоўваць жалеза, рабілі кераміку і лукі з касцянымі накладкамі. Рэчы, знойдзеныя ў Кулун-Атахскіх селішчах і пахаваннях, маюць шмат агульнага са знаходкамі з археалагічных культур Прыбайкалля, Заходняй і Паўднёвай Сібіры першай паловы 1 тысячагоддзя да н. э.[7] Такім чынам, якуты могуць быць нашчадкамі групы уральскіх народаў, што ў перыяд экспансіі цюркаў засвоілі іх мову і качавы лад жыцця, а потым пад ціскам манголаў або буратаў перасяліліся на поўнач. Лінгвісты і генетыкі адзначаюць, што на новым месцы пасялення якуты асімілявалі папярэдняе старажытнае насельніцтва, пазней групы эвенкаў і буратаў[8][9][10][11].

У выніку міграцыі на поўнач якуты былі вымушаны прыстасоўвацца да новых экалагічных умоў, запазычваць традыцыі тубыльцаў і адмаўляцца ад ужо вядомых ім набыткаў, у тым ліку пісьма[12]. Яны асвоілі не толькі прыдатныя для жывёлагадоўлі землі сярэдняй Лены, але і яе таёжных прытокаў, дзе былі вымушаны аддаваць больш увагі паляванню і рыбалоўству. Ва ўмовах прыпалярнай тундры перасяленцы сталі трымаць аленяў. У першай чвэрці XVII ст., калі ў землях якутаў з'явіліся рускія, тыя ўжо насялялі міжрэчча Лены і Амгі, берагі Вілюя, прасунуліся да вусця Алёкмы і вытокаў Яны.

Якуты з Вілюйска (1905 г.)

У 1623 г. на тэрыторыі Якуціі з'явіліся рускія казакі. Галоўным цэнтрам экспансіі Расіі ў гэтым рэгіёне стаў заснаваны ў 1634 г. Ленскі астрог (пазней Якуцк). У 1638 г. у складзе Расіі афіцыйна быў створаны Якуцкі павет. Для павелічэння мясцовага рускага насельніцтва з сярэдзіны XVII ст. царскі ўрад практыкаваў высылку асуджаных. Падобна іншым сібірскім народам, якуты прымушаны былі выплочваць ясак. Толькі ў 1654 г. карэннае насельніцтва павета выплаціла 8724 сабаліных футраў і 2142 лісіных футраў[13]. Акрамя афіцыйных пабораў, існавала вымагальніцтва з боку казакоў.

У 1634 г., 16361637 гг., 16391640 гг. і 1642 г. якуты паднімалі паўстанні супраць рускіх, але з-за раз'яднанасці і адсталай зброі цярпелі паражэнні. Многія ясачныя якуты былі вымушаны пакідаць родныя месцы і рухацца па рацэ Лена на поўнач і ўглыб таёжных тэрыторый уздоўж яе прытокаў. Ужо ў канцы XVII ст. якуцкія паселішчы ўзніклі на рацэ Хатанга, каля нізоўяў Енісея, у нізоўях Яны, на Ахоцкім моры, Калыме і г. д.[14] У працэсе гэтага перасялення якуты сутыкаліся з эвенкамі, эвенамі, юкагірамі, часткова пераймалі іх звычаі і культуру, але захоўвалі сваю мову.

З другога боку, прыход рускіх садзейнічаў распаўсюджанню новых заняткаў. У 1652 г. 6 высланых рускіх сялян заснавалі першае на якуцкіх землях земляробчае паселішча — Амга. У 1868 г. з 17 сем'яў земляробаў Амгінскай воласці 10 былі якуцкімі[15]. Практыкаваліся сумесныя шлюбы паміж рускімі мірнымі перасяленцамі і якутамі. Нашчадкі ад іх аднолькава добра валодалі рускай і якуцкай мовамі.

Хаця ўлады Расійскай імперыі працягвалі палітыку перасялення і высылкі, у XVIII — XIX стст. рускае насельніцтва Якуціі вырасла неістотна, бо назіраўся яго адток на землі Паўднёва-Усходняй Сібіры, больш прыдатных для земляробства. Затое колькасць якутаў расла. Згодна дадзеным перапіса насельніцтва 1897 г., у Якуцкай вобласці жыло 269 880 чал. З іх 82,1 % былі якутамі, 11,4 % — рускімі, беларусамі і ўкраінцамі, 5,8 % — прадстаўнікамі іншых карэнных народаў[16]. Такім чынам, з 1719 г. да 1897 г. колькасць якутаў павялічылася ў 6,4 разоў[17]. 95,8 % якутаў займалася жывёлагадоўляй, 58,8 % — земляробствам, 69,4 % — паляваннем і рыбалоўствам, 82,8 % — транспартным промыслам, 95,4 % наймаліся падзёншчыкамі[18].

У XVIII ст. па прапанове Вітуса Берынга адбылася хрысціянізацыя якутаў, пачалося навучанне выбраных дзяцей рускай мове. У 1851 г. была складзена першая граматыка якуцкай мовы на аснове кірыліцы. У 1895 г. яна была значна ўдасканалена[19]. К канцу XIX ст. з'явіліся інтэлектуалы якуцкага паходжання, якія супрацоўнічалі з расійскімі ўладамі, аднак клапаціліся пра суайчыннікаў. У 1906 г. яны стварылі першую нацыянальную культурную арганізацыя «Саюз якутаў».

У 19181920 гг., 19221923 гг. на тэрыторыі Якуціі адбывалася вострая барацьба паміж бальшавікамі і антысавецкімі сіламі. Каб прыцягнуць тубыльцаў на свой бок, у 1922 г. савецкі ўрад даў дазвол на абвяшчэнне аб стварэнні Якуцкай АССР у складзе РСФСР. У 1927 г. частка якутаў стварыла Млада-якуцкую савецкую сацыялістычную партыю канфедэралістаў[20], што імкнулася да павышэння статусу Якуціі і яе раўнапраўнаму ўваходжанню ў склад СССР. У розныя ўлусы былі адпраўлены прадстаўнікі партыі для арганізацыі ўзброенай дэманстрацыі якутаў. На працягу 1927 — 1928 гг. іх выступленні былі задушаны, а ўдзельнікі рэпрэсаваны. Разбурэнню традыцыйнага ладу жыцця садзейнічала калектывізацыя.

Якуты разам з іншымі народамі СССР удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Якуты былі прадстаўлены ў розных родах войск, добра зарэкамендавалі сябе як умелыя лыжнікі і трапныя стралкі. 24 чалавекі сталі Героямі Савецкага Саюза[21]. У 19411942 гг. з-за засухі адбыўся неўраджай. Харчовыя пастаўкі на фронт не былі скарочаны, і гэта прывяло да голаду, павелічэнню смяротнасці ад недаядання і хвароб.

У пасляваенны час у сувязі з пачаткам эксплуатацыі радовішчаў дыяментаў і будаўніцтвам БАМ колькасць насельніцтва Якуціі павялічвалася пераважна за лік міграцыі насельніцтва з іншых рэгіёнаў СССР. Ужо ў 1959 г. якуты складалі меней за 50 % ад усіх жыхароў Якуціі. У 1979 г. — толькі 37,4 %.

Колькасць якутаў у СССР[22]:

1926 г. 1939 г. 1959 г. 1970 г. 1979 г. 1989 г.
235926 233173 225053 285749 313917 355235

У другой палове 1980-ых гг. пачалося паступовае адраджэнне якуцкай нацыянальнай культуры. У наш час яно ўвасабляецца ў дзейнасці якуцкіх нацыянальна-культурных абшчын у Якуціі, Краснаярскім краі і Санкт-Пецярбургу. У 2002 г. узнікла якуцкае грамадска-палітычнае аб'яднанне «Хоhуун».

Якут на кані

Асноўны традыцыйны занятак якутаў — жывёлагадоўля. Гэтаму садзейнічала наяўнасць выдатных пашаў у міжрэччы Амгі і Лены. У рускіх пісьмовых крыніцах XVII ст. якуты называліся «конным народам»[23]. Якуты вывялі пароду канёў, звыклую да кантынентальнага клімату і перападу тэмператур. Узімку якуцкія коні абрастаюць доўгай поўсцю. Яны не пераборлівы ў ежы, вельмі цягавіты. Табуны прадстаўлены самім сабе і здабываюць корм, грабучы снег капытамі. Толькі маладняк застаецца ў адчыненых загонах[24]. У мінулым клопат аб канях лічыўся цалкам мужчынскім. Жанчыны сачылі за статкамі кароў. Малочных кароў трымалі ля гаспадаркі, запасалі для іх на зіму сена. Астатнія каровы, падобна каням, на працягу года здабывалі падножны корм самастойна[25].

У выніку руху якутаў на поўнач і таёжныя раёны, дзе ўмовы для трымання канёў і кароў былі неспрыяльнымі, яны здолелі асвоіць аленегадоўлю. Большасць даследчыкаў мяркуе, што звычай трымаць аленяў быў запазычаны ў эвенкаў і эвенаў, але некалькі зменены. Тунгускія народы выкарыстоўвалі аленяў у першую чаргу як транспартны сродак, а качавалі для змены месцаў для палявання. Якуты ператварылі аленегадоўлю ў важную галіну атрымання скур і мяса. Перакачоўкі статкаў арганізоўваліся для лепшага напасу жывёлы[26]. Дакладны час пераходу паўночных якутаў да аленегадоўлі не вядомы. Хутчэй, гэта здарылася ў XVII ст. Аднак, вядома група якутаў-аленёкцаў, што трымалі аленяў здаўна[27]. У нашы дні пераважае інтэнсіўная аленегадоўчая гаспадарка, якая прадугледжвае наяўнасць агароджаных пашаў, сучаснай сувязі і брыгадных метадаў працы.

Дапаможнай галіной у паўночных рэгіёнах таксама стала сабакагадоўля. Якуты выкарыстоўвалі сабак як транспартны сродак, з іх дапамогай палявалі. У арктычных раёнах, сабака быў амаль адзінай свойскай жывёлай, якая выконвала самыя розныя абавязкі[28].

Важнымі традыцыйнымі заняткамі былі паляванне і рыбалоўства. Паляўнічыя здабывалі лася, дзікага аленя, мядзведзя, дзіка, футравых звяроў (лісу, пясца, собаля, вавёрку, гарнастая, куніцу, расамаху) і іншых жывёл. Быў вядомы прыём — паляванне з быком. Паляўнічы падкрадаўся да здабычы, хаваючыся за быка, якога гнаў перад сабой. Акрамя таго, пераследвалі дзічыну на канях, часам з дапамогай сабак. Палявалі з дапамогай лука, дзіды, з XVII ст. — агнястрэльнай зброі[29]. Рыбу лавілі на рэках і азёрах пераважна з дапамогай сетак, якія рабілі з конскіх валасоў, травы. Выкарыстоўвалі пасткі з кары бярозы. Асаблівае значэнне рыбалоўства мела на поўначы[30], аднак і на поўдні яно давала харч і прыбытак для бедных сем'яў.

Земляробства з'явілася ў XVII ст. пад уплывам прыходам рускіх. Да канца XIX ст. яно набыло асабліва важны характар на паўднёвым усходзе Якуціі, на рацэ Алёкме. Вырошчвалі пераважна збожжавыя культуры. У XX ст. шырока распаўсюдзіліся бульба і розныя віды гародніны. Разам з земляробствам распаўсюдзілася ўтрыманне свінняў, курэй, авечак і г. д.

Яшчэ да прыходу продкаў якутаў на тэрыторыю Якуціі ў іх вылучылася рамяство металургаў. У якуцкіх эпічных паданнях узгадваюцца кавалі і ювеліры, а таксама іх разнастайныя вырабы з жалеза, золата і срэбра. З XVIII ст. прасочваецца пэўная спецыялізацыя кавалёў[31]. Прафесія каваля з'яўлялася спадчыннай. Якуты лічылі, што кавалі валодаюць асаблівым звышнатуральным моцам і ў некаторых выпадках могуць супернічаць з шаманамі[32]. У наш час шырока вядомы якуцкия нажы з асіметрычным завострываннем. Астатнія рамёствы былі звязаны з хатняй гаспадаркай. Якуты не ведалі ткацтва, аднак былі шырока распаўсюджаны пляценне і апрацоўка скур, выраб ляпной керамікі.

Да пачатку XX ст. асноўным тыпам паселішча ў якутаў быў ыал, які складаўся з адной або некалькіх юрт. Вылучаліся зімовыя паселішчы кыстык і летнія паселішчы сайылык.

Якуцкая юрта дьиэ адрозніваецца ад тыповых канструкцый іншых цюркскіх народаў. Гэта пабудова з драўляных бярвенняў з вельмі спадзістым двускатным дахам. Знешне яна нагадвае чатырохгранную ўсечаную піраміду[33]. У паўднёвай і заходняй сценах выразаліся акенцы, якія зачынялі лушчаком, кавалкамі шкла ў берасцяной аправе, узімку — празрыстай ільдзінай або папросту зяцягвалі тканінай. Дашчаныя дзверы рабілі з усходу. Для дадатковага ўцяплення дах засыпалі карай і зямлёй, а дзверы абшывалі каровінай скурай.

Усярэдзіне справа ад дзвярэй ладзілі адкрыты агмень, уздоўж сцен — драўляныя нары орон. Акрамя таго, у юрце былі невялікі нізкі круглы або прастакутны стол, некалькі крэслаў, куфары і скрыні з маёмасцю. Паўночная частка жытла лічылася жаночай. Тут захоўвалі посуд. У паўночнай сцяне часам рабілі дзверы, якія вялі ў хлеў да кароў.

Улетку жылі ў часовых чумах ураса[34]. Гэта канічная канструкцыя з драўляных жэрдак, крытая падвойнымі покрыўкамі, пашытымі з бярозавай кары.

Народная вопратка

[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная народная вопратка якутаў даволі разнастайная і ўключае элементы рознаэтнічнага паходжання. Матэрыялам для вопраткі багатых людзей былі футры, пакрытыя прывазным сукном, або скуры аленяў, а бедных — апрацаваныя скуры цялятаў або жарабятаў. Верхняя вопратка складалася з шырокага кафтана з высокімі фальбонамі на рукавах каля плечаў. Жаночы кафтан адрозніваецца ад мужчынскага срэбранымі або алавянымі ўпрыгожваннямі ўздоўж бартоў, на спіне, ў шыі. Мужчыны і жанчыны насілі кароткія штаны і высокія скураныя або футравыя панчохі. Зімовыя боты рабіліся з аленяга, конскага, каровінага, ласінага футра. Халявы жаночага абутку ўпрыгожваліся гафтам, падвескамі і накладнымі нашыўкамі. Галаву пакрывалі высокай футравай шапкай з навушнікамі[35].

Народныя строі маюць папулярнасць сярод якутаў і ў нашы дні. Імі карыстаюцца падчас святаў.

Күөрчэх

Якуцкая народная кухня ўтрымоўвае значную колькасць страў з малака, мяса і рыбы. Прычым, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца конскае малако і мяса. Асноўныя спосабы прыгатавання — варэнне, запяканне і зброджванне.

Якуты спажывалі малочныя прадукты пераважна ўлетку. Рабілі з малака сыраватку суорат (сорат), звычайны тварог иэдьэгэй і закіслены на смятане тварог сүүмэх, кумыс кымыhа, вяршкі з ягадамі күөрчэх і інш. Лішкі суората злівалі ў пасудзіны з бярозавай кары, кідалі туды ягады, ядомае карэнне, косткі і зброджвалі. Атрыманы такім чынам тар з'яўляўся цудоўным прыпасам на зімовы сезон. З яго гатавалі суп бутугас, у які таксама дадавалі ваду, муку, хваёвыя забалоні, карэнчыкі і інш. Любімай стравай у мінулым было топленае або вадкае масла. Яго елі з хлебам, у супах, ім разводзілі іншыя прадукты. Чай таксама гатуецца з малаком[36].

Рыба карысталася асаблівым попытам у месцах, дзе не развівалася жывёлагадоўля або ў бедных сем'ях. Улетку яе варылі або смажылі на прутах і патэльнях. Пры гэтым здымалася толькі луска, а вантробы пакідаліся. На зіму рыбу квасілі ў ямінах. Зброджаная рыба сыма замарожвалася і ўзімку дадавалася ў бутугас. Каштоўныя пароды рыбы марозілі, узімку елі сырымі ў выглядзе страганіны. У наш час у якуцкіх рэстаранах страганіну ўжываюць са спецыямі.

Мяса пераважна вараць, але кароткі час, што дазваляе лепей захаваць у ім неабходныя для здароўя на поўначы рэчывы. Другі спосаб прыгатавання — смажанне на ражнах. Якуты не спажываюць некаторыя віды дзічыны, а таксама мазгі жывёл.

З развіццём земляробства шырока распаўсюдзіліся стравы з ячменнай мукі. У якасці хлеба спажывалі прэсныя аладкі. Муку таксама смажылі і варылі з яе вадкую кашу саламат. Гародніна была вядома амаль выключна на паўднёвым усходзе Якуціі.

Традыцыйнае грамадства

[правіць | правіць зыходнік]

У XVII ст. якуты падзяляліся на некалькі незалежных плямёнаў дьон. Землі, населеныя тым або іншым дьон мелі назву аймах. Плямёны падзяляліся на родавыя групы ааҥүүһа, якіх аб'ядноўвалі сваяцтва, агульныя землі улус, звычаі ўзаемнай дапамогі і кроўнай помсты. На чале родаў стаяла ваенная арыстакратыя таёны. Яна валодала большымі статкамі, узначальвала ваенныя атрады, мела рабоў кулут і бокан. На працягу XVII — XVIII стст. з таёнаў сфарміравалася група выбраных правадыроў кинээс. Яны падзяляліся на вялікіх улахан кинээс і малых аччыгый кинээс[37]. Збяднелыя абшчыннікі фарміравалі пласт балыксыт, што не меў сваіх статкаў, пераважна займаўся рыбалоўствам, наймаўся на працу або ў атрад да таёнаў. Багатыя суродзічы часцяком перадавалі свае статкі на выпас больш бедным сем'ям.

У 1765 г. урад Расійскай імперыі абмежаваў правы якутаў на валоданне зямлёй, што абмежавала магчымасці мясцовай арыстакратыі. Але ўжо ў XIX ст. таёны знаходзілі абыходныя шляхі павялічваць свае прыватныя надзелы і такім чынам ператварыліся з ваеннай у зямельную арыстакратыю. Разам з гэтым з'явіліся наёмныя сезонныя рабочыя хамначыт, якія атрымоўвалі за працу на зямлі высакародных поплатак прадуктамі і грашыма ці бралі падрад (дазвол на апрацоўку зямлі, лоў рыбы, паляванне, выпас статкаў і г. д.) і самі адплачваліся вынікамі працы. Асаблівым попытам у якасці рабочых карысталіся дзеці. Меліся нават асаблівыя гандляры (звычайна старыя жанчыны), якія куплялі дзяцей у збяднелых бацькоў і аддавалі ў найманне памешчыкам. Яшчэ адзін шырокі пласт насельніцтва прадстаўлялі «гародчыкі», якія гублялі сваю сувязь з родавай гаспадаркай, наймаліся на часовую працу ў горад, аказвалі транспартныя паслугі. Сярод «гародчыкаў» вылучыліся буйныя купцы і першыя якуцкія інтэлектуалы.

Традыцыйная сям'я кэргэн ці ыал — малая нуклеарная. Нават пасля прыняцця хрысціянства сустракаўся звычай палігініі. У апошнім выпадку жонкі жылі ў розных юртах, кожная мела свой статак. Якуты імкнуліся знайсці нявесту для сына ў іншым родзе або племені, пасля чаго арганізоўвалі сватаўство, дамаўляліся аб выкупе халыым ці курум. Частка выкупа, аднак, прызначалася на выдаткі на вяселле[38]. Нявеста прыходзіла ў сям'ю жаніха з пасагам энньэ ў выглядзе кароў, хатняга начыння і г. д. У якуцкіх сем'ях нараджалася шмат дзяцей, але і дзіцячая смяротнасць была высокай. У прыніжанным стане знаходзіліся старыя людзі, што ўжо не маглі выконваць асноўную працу.

Найбольш вядомым здабыткам вуснай народнай творчасці якутаў з'яўляецца эпас «Аланхо», у якім апавядаецца пра подзвігі асілкаў боотур і перасяленне якутаў у Сібір[39]. Характэрнай асаблівасцю «Аланхо» з'яўляецца тое, што ён часткова спяваецца[40]. Таксама распаўсюджаны паданні сэhэн, хуткамоўкі чабыргах, гарлавыя спевы хабарга ырыата, працяглыя песні дьиэрэтии ырыа або тойук, хуткія песні дэгэрэн ырыа, «птушыныя» прыпеўкі чыычаах ырыата, прыказкі і прымаўкі, вершы алгыс[41]. Якуцкія народныя музычныя інструменты — варган камуз або хомус, скрыпка кырыымпа, бубен дюнгюр , струнная прылада кылысах[42].

Нават у нашы дні найбольш папулярнае якуцкае свята — Ысыах[43], прысвечаны сонцу і коням. Яго называюць якуцкім Новым годам, святкуюць у канцы чэрвеня, суправаджаюць гульнямі, спаборніцтвамі, шанаваннем старажытных бажаствоў айыы і карагодам осуохай.

Якуцкая мова належыць да цюркскіх моў. Пісьмовасць складзена ў XIX ст. на аснове кірыліцы. Мае афіцыйны статус у Якуціі. Выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі, школьнай і вышэйшай адукацыі.

Традыцыйныя вераванні

[правіць | правіць зыходнік]
Абрад кармлення агню

Даследчыкі звычайна вызначаюць вераванні старажытных якутаў як шаманізм, аднак яна мела многія рысы політэістычнай рэлігіі, паколькі ўтрымоўвала ясна акрэслены пантэон багоў і злых духаў.

Уяўленні якутаў пра навакольны свет у мінулым ясна прадстаўлены ў эпічных песнях. Сусвет падзяляўся імі на тры часткі — ніжнюю Аллараа дойду, сярэднюю Орто дойду і верхнюю Ёсээ дойду, злучаныя пасродкам сусветнага дрэва Аал Луук Мас[44]. У Аллараа дойду жылі магутныя злыя духі абаасы (абааһы), якія падобна людзям аб'ядноўваліся ў плямёны і роды. Знешне яны нагадвалі аднавокіх пачвар, зробленых з каменю і жалеза, што сілкаваліся душамі людзей і жывёл, насылалі на іх хваробы[45] . Лічылася, што сярэдні свет належаў людзям, а вышэйшы падзяляўся на Илин халлаан, свет багоў айыы, і Согуруу соххор холорук халлаан, свет верхніх абаасы. Вышэйшым айыы лічыўся бог-стваральнік свету Айыы тойон таҥара. Багі разглядаліся як продкі людзей, часам апускаліся ў сярэдні свет, вялі несупынную барацьбу з абаасы. І багам, і злым духам трэба было прыносіць ахвяры (свойскую жывёлу, расліны, малочныя прадукты і інш.).

Якуты таксама верылі ў шматлікіх духаў-гаспадароў прыроды і прадметаў иччи, злых духаў үөр, што ўяўлялі сабою душы гвалтоўна забітых, добрых дробных духаў кэлэн, якія аказвалі дапамогу шаманам. Усе яны разам людзьмі з насялялі Орто дойду. Паляўнічыя і рыбаловы асабліва шанавалі духа-гаспадара тайгі Бай-Баянай. Былі шырока распаўсюджаны абрады шанавання агню, некаторых дзікіх жывёл (драпежных птушак, мядзведзя).

Найбольш важныя функцыі сувязяў са звышнатуральнымі істотамі выконвалі шаманы-мужчыны ойуун і шаманы-жанчыны удадан. Шаманам станавіліся тыя, каго абіралі духі-заступнікі эмэгэт. Але большасць шаманаў паходзіла з адных і тых жа родаў. Прыкметай выбранасці была нярвовая хвароба — знак таго, што ў чалавека усяліўся эмэгэт. Кожны шаман меў свайго духа-двайніка ыйэ-кыыл у звярыным абліччы[46]. Шаманы лячылі хворых людзей і свойскую жывёлу, прадказвалі будучыню, засцерагалі ад магчымых няшчасцяў, дапамагалі ў ахвярапрынашэннях і г. д. Шаманы звычайна мелі сваю гаспадарку, атрымоўвалі за сваю працу падарункі і мяса ахвярных жывёл. Галоўным інструментам шамана быў авальны бубен.

У наш час старажытныя шаманскія абрады адроджаны ў межах неапаганскай якуцкай нацыянальнай рэлігіі Аар Айыы[47][48].

Драўляная царква на месцы Якуцкага астрога

Хрысціянства ў выглядзе праваслаўя трапіла ў Якуцію разам з рускімі перасяленцамі ў XVII ст., аднак Руская праваслаўная царква асцярожна аднеслася да магчымасці масавага хрышчэння якутаў. Гэта тлумачыцца паўстаннямі і перасяленнем якутаў з наседжаных земляў на поўнач і ў таёжныя раёны, каб ухіліцца ад выплаты ясака. Існавала пагроза, што хрышчэнне прывядзе да дадатковай хвалі незадаволенасці карэннага насельніцтва.

У 1714 г. быў выдадзены загад Пятра I хрысціць якутаў, але ён быў выкананы толькі ў землях вакол Якуцка. Вітус Берынг, які праязджаў праз Якуцію падчас арганізацыі камчацкіх экспедыцый, звяртаў увагу імператарскіх уладаў на неабходнасць далейшага распаўсюджвання праваслаўнай веры сярод тубыльцаў. 14 верасня 1740 г. Ганна Іванаўна выдала ўказ, згодна якому новаахрышчаныя якуты павінны былі атрымоўваць падарункі, а таксама пазбаўляцца ад выплаты ясака на 3 гады[49]. Найбольш актыўны перыяд хрысціянізацыі якутаў прыпаў на 1760-ыя — 1820-ыя гг.[50] Лічыцца, што ў першай чвэрці XIX ст. праваслаўе прынялі ўсе якуты. Пры гэтым, практыка традыцыйнага шаманізму часткова захавалася, але адыгрывала ролю другаснай веры.

У 1867 г. была створана асобная Якуцкая епархія Рускай праваслаўнай царквы на чале епіскапа[51]. Адным са станоўчых крокаў праваслаўнай царквы было адкрыццё царкоўна-прыхадскіх школ, дзе мелі магчымасць навучацца і рускія, і якуты.

Пасля ўсталявання савецкай улады ў Якуціі да 1939 г. усе храмы і духоўныя вучэбныя ўстановы былі ліквідаваны. У 1970-ых гг. у Якуціі афіцыйна налічвалася толькі каля 200 праваслаўных веруючых[52]. Першы праваслаўны прыход адчыніўся ў Якуцку толькі ў 1983 г. У 1993 г. была ўзноўлена Якуцкая епархія[53].

Руская праваслаўная царква заахвочвае вяртанне якутаў у праваслаўе праз выхаванне святароў якуцкага паходжання і выкарыстанне ў богаслужэнні якуцкай мовы[54].

  1. Национальный состав населения Российской Федерации согласно переписи населения 2021 года. Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2022. Праверана 4 лютага 2023.
  2. Yakuts in China. Праверана 18 March 2015.
  3. Yakut
  4. Human evolution in Siberia: from frozen bodies to ancient DNA
  5. Василий Ушницкий, К проблеме происхождения народа саха Архівавана 22 жніўня 2007.
  6. Ю. П. Похабов, ТАЙНА НАЗВАНИЯ ОЗЕРА БАЙКАЛ
  7. Ушницкий В. В., КУЛУН-АТАХСКАЯ АРХЕОЛОГИЧЕСКАЯ КУЛЬТУРА НА СРЕДНЕЙ ЛЕНЕ В СВЕТЕ ЭТНОГРАФИЧЕСКИХ И ФОЛЬКЛОРНЫХ ДАННЫХ
  8. Харитонов Л. Н., Самоучитель якутского языка. — Якутск: Якутское книжное издательство, 1987. С. 4
  9. Иванов В. Н., Якуты // Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. — М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. С. 430
  10. ГЕНЕТИКИ УТОЧНЯЮТ ПРОИСХОЖДЕНИЕ ЯКУТОВ
  11. Байтасов Р. Р., К ВОПРОСУ О РОДСТВЕ УРАЛЬСКИХ, ПАЛЕОАЗИАТСКИХ, ТУНГУСО-МАНЬЧЖУРСКИХ И ТЮРКСКИХ ЯЗЫКОВ
  12. Древняя история якутов
  13. История республики Саха (Якутия) Архівавана 20 кастрычніка 2015.
  14. Парникова А. С., О расселении якутов в XVII—XVIII вв. Архівавана 16 мая 2013.
  15. Ефремов Н. Н., Формирование и развитие культуры межэтнических отношений в Якутии (на примере исторической и культурной адаптации первых русских земледельцев)
  16. История переписи Якутии Архівавана 6 сакавіка 2016.
  17. Борисов А. А., К ИЗУЧЕНИЮ ДИНАМИКИ ЧИСЛЕННОСТИ ЯКУТОВ В XIX В.
  18. В. Н. Иванов, ПИСЬМО "ЯКУТСКОЙ ИНТЕЛЛИГЕНЦИИ"А. Е.КУЛАКОВСКОГО
  19. Айта Фэгтеборг, Якутская письменность в прошлом Архівавана 4 сакавіка 2016.
  20. Якутские восстания в СССР
  21. ЯКУТИЯ В ГОДЫ ВЕЛИКОЙ ОТЕЧЕСТВЕННОЙ ВОЙНЫ
  22. Динамика численности населения оленеводческих народов Якутии Архівавана 5 жніўня 2012.
  23. goyakutia.com(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2013. Праверана 17 кастрычніка 2013.
  24. Якутская лошадь
  25. Скотоводство у якутов
  26. Северные якуты — оленеводы Архівавана 5 жніўня 2012.
  27. Оленеводство, собаководство, отрасли, появившиеся в хозяйстве якутов позже Архівавана 15 кастрычніка 2013.
  28. Хозяйственно-экономические проблемы ездового собаководства. Перспективы его возрождения в малых масштабах
  29. yakutskhistory.net(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2013. Праверана 18 кастрычніка 2013.
  30. Вацлав Серошевский. Якуты. 1896 г. Охота и рыболовство(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 лістапада 2014. Праверана 18 кастрычніка 2013.
  31. К. Д. Уткин, МАСТЕРА ХОМУСА — НОСИТЕЛИ МЕТАЛЛУРГИЧЕСКОЙ КУЛЬТУРЫ ЯКУТОВ
  32. Владимир Фёдоров, КУЗНЕЦ И ШАМАН В ЯКУТСКОЙ ТРАДИЦИИ
  33. Якутская юрта (балаган)
  34. Якутская юрта
  35. СТАРИННАЯ ОДЕЖДА ЯКУТОВ Архівавана 29 кастрычніка 2011.
  36. kulinar.np.by Архівавана 4 сакавіка 2016.
  37. Пища и гигиена. Социальний строй якутов Архівавана 15 лютага 2017.
  38. Сватанье и свадебные обряды у якутов Архівавана 15 кастрычніка 2012.
  39. ЯКУТСКИЙ ГЕРОИЧЕСКИЙ ЭПОС ОЛОНХО
  40. culturemap.ru Архівавана 24 кастрычніка 2015.
  41. ЯКУТСКИЙ ФОЛЬКЛОР Архівавана 18 мая 2015.
  42. Якутские национальные музыкальные инструменты Архівавана 26 студзеня 2021.
  43. Ысыах или встреча солнца в Якутии
  44. Попова Айыына, ПОТУСТОРОННИЙ МИР В ТЕКСТАХ ЭПОСА ОЛОНХО И СОВРЕМЕННОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
  45. Якутская мифология (фольклор якутов): Абаасы Архівавана 17 красавіка 2013.
  46. Обычаи и религия якутов Архівавана 5 сакавіка 2016.
  47. Гл.: Экспертное заключение в отношении Местной религиозной организации с. Сунтар Аар Айыы итэ5элэ (Религия Аар Айыы) Архівавана 3 кастрычніка 2015.
  48. Петр Корякин, Особенности религиозно-психологического комплекса последователей Учения Айыы Архівавана 6 сакавіка 2016.
  49. Павлова Александра Алексеевна, Введение православной веры в Якутии
  50. А. А. Борисов, К ИЗУЧЕНИЮ ДИНАМИКИ ЧИСЛЕННОСТИ ЯКУТОВ В XIX в. Архівавана 2 кастрычніка 2015.
  51. ПЕРВЫЙ ЕПИСКОП ЯКУТИИ Архівавана 4 сакавіка 2016.
  52. БЕЗВРЕМЕНЬЕ Архівавана 4 сакавіка 2016.
  53. ВОЗРОЖДЕНИЕ Архівавана 4 сакавіка 2016.
  54. Гл.: Нужно, чтобы якуты снова вернулись в православие