Перайсці да зместу

Эканоміка Ліберыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

З ВУПам на душу насельніцтва меней за 1000 (!) долараў Ліберыя ўпэўнена адносіцца да групы найменш развітых краін свету. Каля 85 % насельніцтва жыве ніжэй за міжнародную рысу беднасці. Узровень беспрацоўя складае 15 %. Такая цана палітычнай нестабільнасці і грамадзянскіх войнаў, бо яшчэ ў 1980 ліберыйскі паказчык ВУП на душу насельніцтва быў роўны, напрыклад, егіпецкаму. Падчас першай грамадзянскай вайны (1989—1996) ВУП скараціўся на 90 %. У канцы 1990-х Ліберыя пастаўляла зброю ў Сьера-Леонэ ў абмен на алмазы, што прымусіла ААН накласці на алмазы ліберыйскага паходжання гандлёвае вета («крывавыя алмазы»). Іншае вета тычылася ліберыйкай драўніны. У выніку Ліберыя атрымала 60 % дэфіцыт гандлю. Пасля сканчэння другой грамадзянскай вайны эканоміка Ліберыі фактычна не існавала, таму не дзіва, што ў наступнае спакойнае дзясяцігоддзе яна дэманстравала адныя з найхутчэйшых у свеце тэмпы росту. У 2006 былі знятыя вета, а ў 2010 краіна атрымала статус назіральніка ў СГА.

Грашовая адзінка — ліберыйскі долар. З 1943 па 1982 у якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваўся амерыканскі долар, які ў наш час ходзіць на роўных з ліберыйскім.

Гістарычна склалася так, што эканоміка Ліберыі ў значнай ступені залежыць ад замежнай дапамогі, прамых замежных інвестыцый (Ліберыя — сусветны лідар па долі інвестыцый ў аб’ёме ВУП) і экспарту прыродных рэсурсаў, такіх як жалезная руда, натуральны каўчук і драўніна. Буйнейшы працадаўца — амерыканская кампанія Firestone, што займаецца вытворчасцю шын і валодае найбуйнейшай у свеце плантацыяй гевеі, дзе ў 2015 працавалі 8000 чалавек.

У 2010-я ў Ліберыі пачалася здабыча нафты. Электраэнергетыка Ліберыі развіта слаба і прадстаўлена ў асноўным прыватнымі невялікімі генератарамі агульнай магутнасцю 20 МВт. У 2016—2018 з аднаўленнем ГЭС Маунт Кофі на рацэ Сент-Пол, зруйнаванай падчас першай грамадзянскай вайны, магутнасць узрасла ўпяцёра. Цяпер можна сказаць, што 80 % электраэнергіі Ліберыі вырабляецца на ГЭС. Тарыфы на электраэнергію — адныя з самых высокіх у свеце (54 цэнты за кВТ*гадз у 2013).

Ліберыя вядомая як краіна «таннага фрахту». Лёгкасць атрымання ліберыйскага сцяга для карабля, а таксама адсутнасць плацяжоў за яго выкарыстанне прывяло да таго, што гандлёвы флот, які ходзіць пад ліберыйскім сцягам, адзін з самых вялікіх у свеце. Агульны танаж яго 3500 суднаў праўзыходзіць 100 млн тон, што складае 11 % сусветнага танажу, наперадзе толькі Панама.

Знешні гандаль

[правіць | правіць зыходнік]

Даволі спецыфічнай рысай ліберыйскай эканомікі з’яўляецца перавага паслуг над таварамі ў знешнім гандлі. Асноўныя артыкулы экспарту тавараў: натуральны каўчук, жалезная руда, сырая нафта, какава-бабы, драўніна, золата; імпарту: нафтапрадукты, машыны, лекі, харчаванне. Цікава, што галоўныя партнёры па экспарце і імпарце — зусім розныя краіны (па экспарце — гэта Польшча, ЗША, Нідэрланды, Германія, Швейцарыя; па імпарце — Сінгапур, Кітай, Карэя, Японія)[1]. Гэта звязана з тым, што названыя азіяцкія краіны найбольш актыўна карыстаюцца паслугай ліберыйскага «зручнага сцягу».

Зноскі