Шэрая гусь (Anser anser) — вадаплаўная птушка сямейства качыных, адзін з самых вядомых відаў дзікіх гусяў. Прыручана больш трох тысяч год назад (гл. Гусь свойская).
Шэрая гусь — птушка даўжынёй да 70—90 см і вагой каля 2,1—4,5 (зрэдку да 6) кг, размах крылаў 147—180 см. Апярэнне шэра-бурае з хвалістым малюнкам на шыі і чэраве. Мае светлае абрамленне пёраў на спіне. Дзюба ружовая або аранжавая. Самец прыкметна буйнейшы за самку.
Арэал разарваны. Шэрая гусь гняздуе на ціхіх вадаёмах Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы, а таксама ва ўмераным поясе Азіі і да Далёкага Усходу. Асноўная частка гнездавых папуляцыі шэрай гусі канцэнтруецца ў дэльце Днястра і Дуная. На тэрыторыі Беларусі вельмі рэдкі на гнездаванні і нешматлікі ў час транзітных міграцый від. Зімуе ў Паўднёвай Еўропе і Азіі, часам у Паўночнай Афрыцы.
Тыповыя біятопы — неглыбокія вадаёмы паблізу вялікіх лугоў, вялікія па плошчы балоты, на поўначы таксама жыве ўздоўж марскіх узбярэжжаў і фіёрдаў.
Гняздо дыяметрам 60—100 см на сухім узгорку (купіне травы, у трыснягу, карані якога добра зрасліся паміж сабой), амаль колападобнае, у знешняй частцы са сцёблаў і лісця трыснягу, ва ўнутранай — з лісця трыснягу. Унутраныя краі, а таксама латок высланы шэрым пухам.
Яйкі (3—8) крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, бела-жаўтаватыя або бела-зеленаватыя. Памеры: 83 х 59 мм.
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X
Биологический энциклопедический словарь / Гл. ред М. С. Гиляров. Ред. колл. А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др.. — 2-е изд. исправл. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 571. — 864 с. — 150 000 экз. — ISBN 5-85270-002-9.