Уладзімір Фёдаравіч Вавілаў
Уладзімір Фёдаравіч Вавілаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 5 мая 1925 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 сакавіка 1973 (47 гадоў) |
Месца смерці | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар, лютніст, класічны гітарыст |
Інструменты | гітара і лютня |
Жанры | класічная музыка і раманс |
Уладзі́мір Фё́даравіч Ваві́лаў (5 мая 1925, Ленінград — 11 сакавіка 1973, Ленінград) — савецкі кампазітар, гітарыст-сяміструннік і лютніст[2]. Аўтар шматлікіх музычных містыфікацый.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у войску, дэмабілізаваны па раненні. Скончыў ленінградскую Музычную школу для дарослых імя Н. А. Рымскага-Корсакава па класе гітары П. І. Ісакава. Паралельна вывучаў тэорыю музыкі і кампазіцыю ў народным гуртку пры Саюзе кампазітараў у І. Г. Адмоні.
У 1949 годзе разам са Львом Андронавым утварыў гітарны дуэт сямі- і шасціструннай гітар. У іх рэпертуары былі «Полька» Рахманінава і «Вальс» Аўгусты Дзюран , творы Грыга, Дэбюсі, Альбеніса. Таксама дуэт выконваў шматлікія рускія рамансы, у тым ліку і акампаніруючы вакалістам. Большая частка аранжыровак была зроблена самімі музы́камі.
У 1957 годзе дуэт быў удастоены сярэбранага медаля на міжнародным конкурсе, арганізаваным у межах Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве[3].
У 1970 годзе запісаў плытку лютневай музыкі, прыпісанай розным аўтарам. Сярод твораў, запісаных на плытцы, была кампазіцыя «Канцона і танец», прыпісаная Вавілавым італьянскаму кампазітару Франчэска Канова да Мілана . Першая частка кампазіцыі «Канцона і танец», а менавіта «канцона», пазней стала музыкай вядомай песні на словы Анры Валахонскага «Рай » (вядомай таксама пад назвамі «Горад залаты» або «Горад»). Іншая кампазіцыя з той жа плыткі, «Павана і гальярда», аўтарам якой быў указаны Вінчэнца Галілеі , стала мелодыяй іншай песні на словы Анры Валахонскага, «Конь знёс каханага». На думку даследчыкаў, сапраўдным аўтарам «Канцоны», «Авэ Марыі » (прыпісанай пазней Джуліа Качыні) і большасці іншых п’ес на плытцы быў сам Вавілаў[4][5].
На пятым дзясятку Вавілаў захварэў на рак падстраўнікавай залозы. Была праведзена аперацыя, але захворванне зайшло занадта далёка, і 11 сакавіка 1973 года ён памёр. Паніхіда адбылася ў Нікольскім марскім саборы . Пахаваны на Гарадскіх могілках Паўлаўска.
Кампазітар
[правіць | правіць зыходнік]Толькі пасля смерці Вавілава адкрылася, што ён быў кампазітарам. Усе, хто складаў апісанні біяграфіі музы́кі, не засяроджвалі ўвагу на тым, што з 1952 года ён вывучаў тэорыю музыкі і кампазіцыю пад кіраўніцтвам кампазітара Іагана Грыгор’евіча Адмоні (1906—1979). Пра гэта мала хто ведаў, бо гэтыя ўрокі не лічыліся спецыяльнай адукацыяй і ва ўмовах СССР не выглядалі дастатковымі для правоў на афіцыйную кампазітарскую дзейнасць.
Адкрыцці пачаліся пасля даследавання тэкстаў і мелодый з грамплыткі «Лютневая музыка XVI—XVII стагоддзяў». Даследчыкі творчасці ватыканскага лютніста Франчэска да Мілана не знайшлі ў каталогу твораў кампазітара ніводнага падобнага на тое, што выконваў Вавілаў. Вядома, што творы да Мілана ўнесены ў ватыканскія пратаколы, а спіс яго твораў быў абнародаваны. Яшчэ больш няяснага было з «Ave Maria» Джуліа Качыні. Стылістычны аналіз паказаў: «… септакорды па „залатой секвенцыі“, сінкопы ў басе, сёмая павышаная ступень у міноры, падвойная дамінанта… Такога ў прынцыпе не магло быць напісана 400 гадоў таму»[6]. Музыказнаўцы пацвердзілі немагчымасць стварэння гэтых кампазіцый ні ў XVI, ні ў XVII стагоддзі. Ноты лютневых кампазіцый, якія выконваў Вавілаў на плытцы, адсутнічаюць у архівах і музычных бібліятэках.
Роспыты сваякоў і тых, хто блізка ведаў музы́ку, даказалі, што аўтарам гэтых твораў быў сам Уладзімір Вавілаў. Так стала вядома аб яшчэ адной грандыёзнай містыфікацыі ў галіне музыкі XX стагоддзя.
Даследчык Зеэў Гейзель сцвярджаў: «Мне мой сябар Дзіма Кімельфельд , а ён таксама вывучае аўтарскую песню, казаў, што Вавілаў шмат супрацоўнічаў з „Саюзмультфільмам “ і што ён шмат песень для розных мульцікаў напісаў, але што ў цітрах ніколі яго імя не ставілі. Але ніякіх пацверджанняў гэтаму мы пакуль не знайшлі. Аўтарства не павінна быць згублена»[7].
Дыскаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- У якасці аранжыроўшчыка Вавілаў прыняў удзел у выданні больш чым 20 выпускаў «Альбома гітарыста» пад рэдакцыяй А. А. Ашкеназі. Гэтыя публікацыі змяшчаюць вялікую колькасць містыфікацый Вавілава.
- Вавилов В. Начальный курс игры на семиструнной гитаре. — 10-е изд.. — Ленінград: Музыка, 1989. — 78 с.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Carnegie Hall linked open data — 2017. Праверана 2 мая 2022.
- ↑ Сергей Севостьянов.. Страницы жизни Владимира Федоровича Вавилова (руск.). Сайт «Журнальный зал». Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 10 лістапада 2018.
- ↑ Вавилов Владимир Фёдорович . Иллюстрированный биографический энциклопедический словарь: гитаристы и композиторы. Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 10 лістапада 2018.
- ↑ Гейзель Зеев.. История одной Песни (руск.) (15 лютага 2005). Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 10 лістапада 2018.
- ↑ Аве Мария Каччини. By Vavilov (руск.) (7 лютага 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 10 лістапада 2018.
- ↑ ГНТИ — Владимир Вавилов — Видеорепортажи из мира науки и техники . ГНТИ. Праверана 10 лістапада 2018.
- ↑ «Ave Maria» была написана в СССР? (руск.)(недаступная спасылка). Вечерний Петербург (12 кастрычніка 2015). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2015. Праверана 10 лістапада 2018.
- Нарадзіліся 5 мая
- Нарадзіліся ў 1925 годзе
- Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
- Памерлі 11 сакавіка
- Памерлі ў 1973 годзе
- Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
- Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі
- Асобы
- Музыканты паводле алфавіта
- Музыканты СССР
- Музыканты XX стагоддзя
- Акадэмічныя музыканты СССР
- Гітарысты паводле алфавіта
- Лютністы паводле алфавіта
- Містыфікацыі
- Памерлі ад раку падстраўнікавай залозы