Тымукуа
Тымукуа † | |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Фларыда (штат) |
Мова | тымукуа |
Рэлігія | культ продкаў, анімізм |
Блізкія этнічныя групы |
Тыму́куа (ісп.: Timucua, фр.: Thimogona) † — зніклы індзейскі народ, карэнныя насельнікі поўначы Фларыды на тэрыторыі сучасных ЗША.
Назва тымукуа з’яўляецца вытворным ад наймення адной з індзейскіх канфедэрацый на рацэ Сент-Джонс, зафіксаванай у 1562 г. французскімі гугенотамі. У другой палове XVI ст. іспанскія каталіцкія місіянеры стварылі правінцыю Тымукуа, якая ахоплівала ўсе насельніцтва паўночнай Фларыды, што размаўляла на прыкладна адной мове. Яно не было палітычна аднастайным. Вылучаліся 14 канфедэрацый з рознымі назвамі. Сучасныя даследчыкі лічаць мову тымукуа ізалятам. Найбольш раннія артэфакты, якія археолагі звязваюць непасрэдна тымукуа, адносяцца да XII ст.
Тымукуа займаліся ручным земляробствам, вырошчвалі кукурузу, фасолю, гарбузы, тытунь. Важнае гаспадарчае значэнне мелі паляванне і рыбалоўства. Выраблялі тканіны і кераміку. Жылі ва ўмацаваных вёсках да 30 хацін. На чале кожнай стаяў правадыр, што падпарадкоўваўся вярхоўнаму правадыру канфедэрацыі. Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з 1513 г. У 1539 г. праз заходнія землі тымукуа прайшла экспедыцыя Эрнанда дэ Сота, якая суправаджалася ваеннымі сутычкамі. З 1565 г. сярод тымукуа дзейнічалі іспанскія місіянеры.
Тубыльцы паўночнай Фларыды моцна пацярпелі ад эпідэмій, занесеных еўрапейцамі захворванняў, ад якіх у іх не было імунітэту. У 1726 г. агульная колькасць тымукуа знізілася да 167 чалавек. Ваенныя рэйды з боку паўночных плямён і англійскіх каланістаў прывялі да далейшага скарачэння. У 1763 г., калі іспанцы пакінулі Фларыду на карысць Вялікабрытаніі, разам з імі на Кубу пераехала меней за 100 выжылых. Землі тымукуа занялі семінолы.