Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты
Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты | |
---|---|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сярэдзіннаакіяні́чныя хрыбты́[1], сярэ́дзінна-акіяні́чныя хрыбты́ — найбуйнейшыя формы рэльефу дна Сусветнага акіяна, лінейныя падводныя ўзняцці ложа акіянаў у зонах актыўнага рассоўвання (дывергенцыі) літасферных пліт і фарміравання новай зямной кары акіянічнага тыпу.
Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты вядомыя ва ўсіх акіянах і ўтвараюць планетарную сістэму агульнай працягласцю больш за 60 тыс. км[2][3] (каля 75 тыс. км[1], з адгалінаваннямі да 80 тыс. км[2][3]), якая займае 1/3 паверхні дна акіянаў. Маюць шырыню ад некалькіх соцень да 1000—1500 км (да 2000 км[2][1]) і ўзвышаюцца над акіянскімі катлавінамі на 3—4 км. Асобныя вяршыні дасягаюць узроўню акіяна і нават выступаюць над вадой у выглядзе астравоў (Бувэ, востраў Святой Алены, Трыстан-да-Кунья, востраў Пасхі, Азорскія астравы і іншыя). Часам у акіяне сустракаюцца падводныя горы, частка якіх амаль дасягае паверхні, сярод якіх гара Кобб паблізу берагоў Паўночнай Амерыкі (глыбіня яе вяршыні 33 м пры вышыні гары каля 2800 м), гара Ампер (глыбіня вяршыні каля 50—60 м), гара Жазэфіна (глыбіня вяршыні каля 110 м) у Атлантычным акіяне (прыкладна за 400 міль ад Гібралтара)[4].
Зона сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў характарызуецца рэзка раздзеленым рэльефам, развіццём разрыўных парушэнняў зямной кары, папярочнымі разломамі і зрухамі, актыўным вулканізмам і павышанай сейсмічнай актыўнасцю, павышаным цеплавым патокам, лакальнай гідратэрмальнай дзейнасцю. Уздоўж галоўнай восі хрыбтоў знаходзяцца рыфтавыя даліны з агаленнямі ўльтраасноўных парод, блізкіх паводле складу да рэчыва мантыі Зямлі.
Сістэма сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў уключае хрыбет Гакеля, Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, Амерыканска-Антарктычны хрыбет, Афрыканска-Антарктычны хрыбет, Цэнтральнаіндыйскі хрыбет (разам з Аравійска-Індыйскім хрыбтом), Аўстрала-Антарктычнае ўзняцце, Паўднёва-Ціхаакіянскі хрыбет, Усходне-Ціхаакіянскае падняцце (апошняе ў структурным дачыненні з’яўляецца хутчэй акіянічным валам[2]).
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в БелЭн 2002.
- ↑ а б в г Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
- ↑ а б ВСЭ 1976.
- ↑ Общая характеристика рельефа дна океана (морфология дна океана) (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сярэдзіннаакіяні́чныя хрыбты́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 358. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Срединноокеани́ческие хребты́ / Леонтьев О. К. // Т. 24А. Собаки — Струна. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 365. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- Среди́нно-океани́ческие хребты́ // География. Современная иллюстрированная энциклопедия. Ч. 2: М—Я. / А. П. Горкин — М.: Росмэн, 2006. — 146 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-353-02443-5. (руск.) — (Современная иллюстрированная энциклопедия «Росмэн». География)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Общая характеристика рельефа дна океана (морфология дна океана) (руск.) // Кафедра акустыкі фізічнага факультэта МДУ
- Геология океанов и морей. Срединно-океанические хребты. Рифты. Активные части трансформных разломов (руск.) // Лабараторыя геамарфалогіі і геатэктонікі дна акіянаў Геалагічнага інстытута РАН
- Срединно-океанические_хребты_(СОХ) (руск.) // Мінералагічны музей імя А. Я. Ферсмана