Суржык
Суржык | |
---|---|
Краіны | Украіна, Расія, Малдова |
Агульная колькасць носьбітаў | некалькі мільёнаў |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Змяшаная мова: |
кантактная мова на аснове ўкраінскай і рускай. | |
Пісьменнасць |
кірыліца (украінскі алфавіт) |
Су́ржык (укр.: суржик, ад царкоўнаславянскага сурожь — «сумесь рознага зерня з жытам») — моўны феномен, які ўзнікае пры змяшэнні рускай і ўкраінскай моў, а дакладней, у выніку напаўнення ўкраінскай мовы рускай лексікай, а часам і сінтаксісам. Суржык падобны да такой моўнай з'явы як піджыны.
На Украіне першапачаткова тэрмін «суржык» (без дадатковых азначэнняў) выкарыстоўваўся адносна ўкраінска-рускага моўнага феномена, а пазней яго значэнне пашырылася і цяпер пазначае элементы дзвюх або некалькіх моў, аб'яднаных штучна, без захавання норм літаратурнай мовы.
Асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя характэрныя праявы суржыка (у параўнанні з нарматыўнай украінскай мовай):
- ужыванне русізмаў замест нарматыўных украінскіх адпаведнікаў: даже (навіть), да (так), нє (ні), када (коли), нє нада (не потрібно), єлє (ледве), щас/січас (зараз), всєгда (завжди), нікогда (ніколи), чуть-чуть (трішки), конєшно (звичайно, звісно), навєрно (мабуть), напрімєр (наприклад), допустім (припустимо), мєжду (між), вмєсто (замість), вродє/будто (наче, начебто), імєнно (саме), рядом (поруч), язик (мова), больніца (лікарня), циплята (курчата), предохранітєль (запобіжник), предсідатель (голова), почта (пошта), почтальйон (листоноша) г.д.;
- «украінізаваныя» формы рускіх дзеясловаў: здєлав (зробив), дівся (подівся), унаслідував (успадкував), получав (отримував), щитав («вважав» або «рахував» у залежнасці ад кантэксту), отдав (віддав), отключив (вимкнув);
- «украінізаваныя» формы рускіх лічэбнікаў: вторий/втора;
- змешванне ўкраінскіх і рускіх форм нявызначаных займеннікаў: хто-то (хтось), шо-то (щось), як-то (якось), які-то (якісь), який-то (якийсь), чого-то (чомусь, чогось), кой-шо (щось), кой-які (якісь);
- парушэнне дзеяслоўнага кіравання, ужыванне прыназоўнікаў і склонаў на рускі ўзор: по вулицям замест вулицями, на російській мові замест російською мовою;
- утварэнне найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў і прыслоўяў на ўзор рускай мовы: самий головний (найголовніший), саме важне (найважливіше);
- утварэнне ад украінскіх дзеясловаў актыўных дзеепрыметнікаў на рускі ўзор: відробивший, прийшовший, зробивший (ва ўкраінскай мове гэтая граматычная форма адсутнічае);
- словы і выразы, калькаваныя з рускай: міроприємство, прийняти міри, прийняти участь, до цих пір, так як, бувший у користуванні, на протязі;
- у вымаўленні — рэдукцыя ненаціскных галосных, аглушэнне звонкіх зычных, замена [дж] і [дз] на [ж] і [з], таксама адсутнасць чаргавання [к]/[ц], зрушэнне націску на рускі ўзор: када, розгаварювать, росписуваться, звонять, нахожуся, жінкє, в восьмирічкі, говоря́ть), адсутнасць чаргавання «о/і» або «е/і» корова/коров, голова/голов замест корів, голів;
- актыўнае выкарыстанне [е] (укр.: «є») у пазіцыі пасля зычнай, асабліва ў рускіх запазычаннях і пад націскам: пєрвий, дєлають, свєт, архітєктор, Вєра, шалфєй і гэтак далей.
Ужыванне
[правіць | правіць зыходнік]Руска-ўкраінскі суржык распаўсюджаны ў побытавых зносінах жыхароў многіх рэгіёнаў Украіны, а таксама мясцовасцей на тэрыторыі Расіі, дзе пражывае ўкраінскае насельніцтва — на Старадубшчыне, Куршчыне, Падонні, Кубані, Стаўрапольшчыне, Цершчыне, Паволжы, Паўраллі, Заходняй Сібіры і іншых. Ва Украіне суржык мае найбольшае распаўсюджанне ў рэгіёнах шырокага выкарыстання рускай мовы ў гарадах — Усход, Поўдзень. У пераважна ўкраінскамоўных рэгіёнах яго выкарыстанне рэзка звужанае.
Паводле даследаванняў Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, у 2003 годзе распаўсюджанасць «суржыкамоўнасці» сярод дарослага насельніцтва розных рэгіёнаў Украіны складала ад 2,5 % (Заходні рэгіён) да 21,7 % (Усходне-Цэнтральны рэгіён), а ў цэлым па Украіне — каля 12 %. Але варта ўлічваць, што праз відавочныя праблемы з правядзеннем выразнай мяжы паміж «суржыкамоўнасцю», ужываннем асобных элементаў суржыка і «чыстай» ўкраінамоўнасцю альбо рускамоўнасцю такія ацэнкі могуць быць толькі прыблізнымі.
Варта таксама звярнуць увагу на існаванне спрадвечных пераходных дыялектаў паміж усходнеславянскімі гаворкамі, якія пазней ляглі ў аснову сучасных літаратурных украінскай і рускай моў. Гэтыя дыялекты могуць утрымліваць некаторыя пераходныя руска-ўкраінскія рысы, але ў лінгвістыцы не адносяцца да суржыка. Паходжанне суржыка звычайна трактуецца гісторыкамі як вынік узаемадзенняў у прамысловых цэнтрах паўднёвага ўсходу Украіны канца ХІХ ст. Гэта ў некаторай ступені збліжае сутнасць суржыка з трасянкай, з ёй суржык таксама падзяляе прыроду ўласнай структуры (кантактаванне дзвюх блізкароднасных моў).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Для паляпшэння артыкула пажадана |
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ігар Клімаў Беларуская трасянка і ўкраінскі суржык вачыма вучоных Архівавана 6 красавіка 2009.
- «Як мы кажам» (укр.) — пра памылковае словаўжыванне, памылкі лексічнага і фразеалагічнага характару.