Страматаліты
Страматаліты (стар.-грэч.: στρῶμα «подсціл» і λίθος «камень») — карбанатныя нарасці водарасцевага паходжання, з пукатай ці няроўнай паверхняй і складанай плойчатай унутранай слаістасцю, якія ўтвараюцца на дне вадаёмаў (старажытных і сучасных). Складаная частка рыфагенных пабудоў — біястром, біягерм і інш.
У выкапнёвым стане вядомы з дакембрыю. Арганічныя рэшткі — прадукты жыццядзейнасці сіне-зялёных водарасцей[1].
Страматаліты — утварэнні мелкаводнай часткі цёплых вадаёмаў рознай ступені салёнасці, з нязначным удзелам у асадканамнажэнні тэрыгеннага матэрыялу і адносна спакойным гідрадынамічным рэжымам. Бываюць да некалькіх метраў у падэшве і да 1—2 метраў у вышыню. Паводле знешняй марфалогіі і ўнутранай структуры вылучаюцца пластавыя, слупкаватыя, жаўлакападобныя і інш. Добрыя калектары, таму могуць умяшчаць нафту, прыродныя газы, расолы, прэсныя і мінеральныя воды.
Выкарыстоўваюцца для ўдакладнення фацыяльных умоў і расчлянення разрэзаў, асабліва важныя для стратыграфічнага расчлянення верхнепратэразойскіх адкладаў, дзе іншыя арганічныя рэшткі трапляюцца рэдка.
Зноскі
- ↑ Гістарычная геалогія: вучэбны дапаможнік / В. М. Несцяровіч, Г. І. Літвінюк, Дз. А. Пацыкайлік — Мн.: БДПУ, 2003.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ур’еў І. І. Страматаліты // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
Артыкул вымагае вікіфікацыі. |