Даўжыня да 5 мм (у тропіках да 14 мм). Афарбоўка дарослых разнастайная, лічынак — ярка-чырвоная або ружаватая. Цела ўкрыта дробнымі шчацінкамі. Вусікі 6—10-членікавыя. Ротавы апарат асіметрычны, колюча-сысучы. Ногі з 1—2-членікавымі лапкамі, паміж кіпцюркамі лапак пузырападобныя прысоскі (адсюль назва). Большасць пузыраногіх маюць дзве пары крылаў з махрамі па краі з доўгіх раснічак (адсюль другая назва). Пярэднягрудзі рухома злучаны з галавой і сярэднегрудзямі. Брушка з 11 сегментаў.
Кормяцца сокамі раслін, ёсць драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі маюць 4—5 узростаў, не кормяцца, мала- або нерухомыя. За год змяняецца да 10 пакаленняў.