Порт-Роял
Порт-Роял (англ. Port Royal) — горад, які існаваў на востраве Ямайка ў 1518—1793 гг.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першае іспанскае паселішча на месцы горада было закладзена ў 1518 г. і захоплена ваеннымі сіламі англійскага ўрада Олівера Кромвеля ў 1655 г. Англічане заснавалі тут новае паселішча, якое першапачаткова мела назву Пойнт. З 1657 г. у Порт-Рояле базіраваліся піраты. Ужо ў 1659 г. у горадзе мелася 200 жылых збудаванняў, крамаў і сховішчаў. Да 1692 г. было пабудавана 5 буйных ваенных умацаванняў. Насельніцтва дасягала 10 тыс. чал. Такім чынам, Порт-Роял з’яўляўся ў XVII ст. адным з самых вялікіх гарадоў Новага Свету.
Адным з галоўных заняткаў жыхароў было пірацтва. Дзякуючы блізкасці асноўных гандлёвых шляхоў у Карыбскім моры, а таксама патранажу мясцовай англійскай адміністрацыі, Порт-Роял прыцягваў найбольш вядомых правадыроў піратаў свайго часу. Піраты ніколі не складалі большасць гарадскога насельніцтва, аднак порт-роялцы ў той ці іншай ступені былі ўцягнуты ў развіццё разбойнага промыслу — працавалі караблебудаўнікамі, займаліся пасрэдніцкім гандлем, прастытуцыяй, адкрывалі піцейныя месцы і г. д. Адзін з вядомых піратаў, Г. Морган, тройчы прызначаўся лейтэнант-губернатарам Ямайкі. Ужо ў 1660-я гг. вандроўнікі называлі Порт-Роял Садомам Новага Свету.
У 1687 г. быў прыняты антыпірацкі закон. Піратам прыйшлося пакінуць горад. Некаторы час мясцовыя ўлады праводзілі гучныя судовыя працэсы і пакаранні смерцю тых, хто парушаў заканадаўства. Росквіт мясцовай эканомікі працягваўся дзякуючы гандлю чарнаскурымі афрыканскімі рабамі.
У 11 гадзін 43 хвіліны 7 чэрвеня 1793 г. у выніку страшэннага землятрусу Порт-Роял быў разбураны. Да гэтага часу ў ім афіцыйна жыло 6,5 тыс. чалавек рознага веравызнання, мелася каля 2 тыс. сталых пабудоў. Землятрус амаль цалкам разбурыў паўночную частку горада. Пацярпелі ваенныя ўмацаванні. Адначасова загінула ад 1000 да 3000 чал. У наступныя месяцы эпідэмія вынішчыла яшчэ 2000—3000 чал.
Новым эканамічным цэнтрам Ямайкі стаў Кінгстан.
У XVIII — першай палове XIX стагоддзяў прадпрымаліся спробы адрадзіць Порт-Роял. Аднак новыя паселішчы знішчаліся землятрусамі, паводкамі, ураганамі і пажарамі. У 1960-х гг. планавалася пабудаваць на месцы горада турыстычны порт, але ямайскія ўлады адмовіліся ад гэтага праекта.
Даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]Спарадычныя навуковыя даследаванні на месцы горада праводзіліся з пачатку XX ст. Комплекснае вывучэнне пачалося ў 1980-я гг. амерыканскімі даследчыкамі. У 1997—2000 гг. архітэктурная кампанія «The Jerde Partnership» зрабіла план рэканструкцыі горада. У 2000-х гг. падрыхтаваны дэталёвы віртуальны праект.
Да нашых дзён Порт-Роял з’яўляецца адным з найбольш важных месцаў археалагічных даследаванняў Заходняга паўшар’я.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Праект Порт-Роял
- Даведнік для вандроўнікаў
- Землятрус 1692 г. Архівавана 16 чэрвеня 2012.
- Археалогія
- Праект 2011—2012 гг. Архівавана 23 чэрвеня 2012.