Палацін (Венгрыя)
Палацін (венг.: nádorispán або nádor; славацк.: nádvorný župan або nádvorný špán, пазней palatín або nádvorník; ням.: Palatin) — вышэйшая пасля караля дзяржаўная пасада ў Венгерскім каралеўстве да 1853 года. Часам называўся віцэ-каралём Венгрыі. Палацін сумяшчаў функцыі прэм’ер-міністра і вярхоўнага суддзі каралеўства.
Абіраўся сеймам Венгерскага каралеўства з ліку ключавых прадстаўнікоў венгерскай арыстакратыі. Найбольшы ўплыў на абранне палацінаў аказвалі імператары Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі, якія з’яўляліся каралямі Венгрыі пасля 1526 года.
Габсбургі, якія кіравалі Свяшчэннай Рымскай імперыяй, імкнуліся ўсяляк абмяжоўваць уплыў палацінаў, каб асобы, якія займалі гэту пасаду, не набывалі занадта вялікай улады. Былі выпадкі, калі пасада палаціна на працягу шэрагу гадоў з’яўлялася вакантнай, хоць і не была скасавана (пры Леапольдзе I, Карле VI, Марыі Тэрэзіі, Іосіфе II і інш.). Так, пры Марыі Тэрэзіі і Іосіфе II з-за канфлікту імперыі з венгерскай арыстакратыяй, якая супрацівілася рэформам і працягвала абараняць усе свае прывілеі (вызваленне ад падаткаў і інш.), Габсбургі пакідалі вакантнай пасада палаціна з 1765 па 1790 гг., перасталі склікаць венгерскі сейм (дзяржаўны сход) і самастойна прызначалі ў Венгерскае каралеўства намеснікаў. З канца XVIII стагоддзя, пасады палацінаў, як і пасады венгерскіх каралёў, сталі займаць Габсбургі.
З 1790 па 1848 гг. палацінамі Венгрыі былі толькі прадстаўнікі каралеўскай дынастыі Габсбургаў, а сама пасада палаціна перадавалася ім па спадчыне, хоць фармальна палацінамі іх выбіраў венгерскі сейм. Так, у 1790 годзе на пасаду палаціна, вакантную з 1765 года, быў абраны 18-гадовы сын імператара Леапольда II Аляксандр Леапольд Аўстрыйскі, пасля гібелі якога ў 1795 годзе палацінам па спадчыне стаў яго 20-гадовы малодшы брат Іосіф Аўстрыйскі. Апошнім палацінам з дынастыі Габсбургаў у 1847—1848 гг. быў сын Іосіфа Аўстрыйскага Стэфан Франц Аўстрыйскі, які адмовіўся ад палацінату падчас рэвалюцыі 1848—1849 гг.
Пасля рэвалюцыі 1848—1849 гг. палацін меў сімвалічныя функцыі. Пасада намінальна захоўвалася да канца існавання Венгерскага каралеўства.