Народны фронт вызвалення Палесціны — Галоўнае камандаванне
Народны фронт вызвалення Палесціны — Галоўнае камандаванне | |
---|---|
араб. الجبهة الشعبية لتحرير فلسطين- القيادة العامة | |
З'яўляецца часткай | ААП (да 1974 года) |
Ідэалогія | Палесцінскі нацыяналізм, Антысіянізм, Арабскі нацыяналізм[1] |
Лідары | Ахмед Джыбрыль |
Штаб-кватэра | Дамаск, Сірыя |
Актыўная ў | |
Сфарміравана | 1968 |
Адлучылася ад | Народны фронт вызвалення Палесціны |
Саюзнікі |
Сірыя Іран |
Праціўнікі | Ізраіль |
Удзел у канфліктах | Чорны верасень у Іарданіі, Ізраільска-палесцінскі канфлікт, Другая ліванская вайна[2], Грамадзянская вайна ў Сірыі |
Сайт | PFLP-GC |
Народны фронт вызвалення Палесціны — Галоўнае камандаванне або Асноўнае камандаванне (араб. الجبهة الشعبية لتحرير فلسطين- القيادة العامة), скарочана НФВП-ГК — невялікая палесцінская нацыяналістычная ваенізаваная арганізацыя, прызнаная тэрарыстычнай у шэрагу краін. Была заснавана ў кастрычніку 1968 года былым капітанам сірыйскай арміі Ахмедам Джыбрылем з-за рознагалоссяў з «марксістамі» ў кіраўніцтве НФВП.
У арганізацыі налічваецца некалькі сотняў баевікоў. Яна мае штаб-кватэру ў Дамаску, ячэйкі — у Ліване і Еўропе; карыстаецца падтрымкай Сірыі і Ірана. У арганізацыі маецца ўласнае баявое крыло пад назвай «Брыгады джыхаду Джыбрыля»[3].
НФВП-ГК прызнана тэрарыстычнай арганізацыяй у Канадзе, Еўрапейскім саюзе і ЗША.
Пры стварэнні арганізацыі Джыбрыль абвясціў, што неабходна больш актыўна займацца ўзброенай барацьбой і менш увагі надаваць палітыцы. НФВП-ГК знаходзілася ў апазіцыі Народнаму фронту вызвалення Палесціны Наіфа Хаватмэ і ФАТХ Ясіра Арафата, хоць да 1974года з’яўлялася членам ААП. Джыбрыль называе сваю арганізацыю «піянерамі» ў правядзенні тэрактаў-самагубстваў супраць Ізраіля, першым з якіх ён лічыць напад на Кір’ят-Шмона ў 1974 годзе[4]. Гэтыя акцыі адрозніваліся ад тэрактаў-самагубстваў 90-х і 2000-х гадоў з выкарыстаннем паясоў шахідаў, бо баевікі былі ўзброены агнястрэльнай і халоднай зброяй і забівалі ізраільцян да таго часу, пакуль іх саміх не знішчалі. Пры гэтым баявік ведаў, што ў яго няма шляху адступлення.
НФВП-ГК вельмі адмоўна паставілася да ізраільска-палесцінскіх пагадненняў у Осла.
Тэрарысты выкарыстоўвалі разнастайныя тэхнічныя сродкі: паветраныя шары, мотадэльтапланы і т. п.
Сярод найбольш гучных тэрактаў НФВП-ГК — выбух швейцарскага самалёта ў 1970 годзе, падчас якога загінуў 41 чалавек, бойня ў школьным аўтобусе з Авівім (12 забітых, у тым ліку 9 дзяцей), забойства 19 ізраільскіх грамадзян у Кір’ят-Шмона ў 1974 годзе.
У маі 1985 года баевікі НФВП-ГК захапілі трох ізраільскіх салдат у Ліване, высунуўшы патрабаванні іх абмену на палесцінскіх зняволеных, прадставіўшы спіс больш чым у тысячу чалавек. Патрабаванні былі выкананы: у ліку вызваленых палесцінскіх зняволеных былі такія вядомыя людзі як Джыбрыль Раджуб (у наступным ён стаў кіраўніком службы бяспекі ПНА) і духоўны лідар руху ХАМАС шэйх Ахмед Ясін[4]. У 1987 годзе двое дыверсантаў НФВП-ГК праніклі на тэрыторыю Ізраіля (блізу Кір’ят-Шмона) на дэльтаплане і забілі шасцярых ізраільскіх салдат[5].
З канца 80-х гадоў групоўка не здзяйсняла буйных узброеных акцый супраць Ізраіля і ў значнай ступені была неактыўнай.
У цяперашні час арганізацыя ўдзельнічае ў грамадзянскай вайне ў Сірыі на баку ўрада Башара Асада[6][7]. 26 жніўня 2013 года групоўка заявіла аб гатоўнасці нанесці «зваротны ўдар» у выпадку знешняй агрэсіі супраць Сірыі[8].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ White, Jonathan R. (December 17, 2010). Terrorism and homeland security. Cengage Learning. p. 300.
- ↑ "PFLP claims losses in IDF strike on Lebanon base". The Jerusalem Post. Associated Press. 6 August 2006. Архівавана з арыгінала 2012-02-02. Праверана 25 November 2011. Архіўная копія . Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2012. Праверана 8 жніўня 2019.
- ↑ «PFLP-GC divided on Syria stance» Архівавана 13 красавіка 2013.. Ma’an News Agency, 9 August 2012. Retrieved 26 February 2013.
- ↑ а б Елена Супонина.. Камикадзе на дельтапланах . «Время новостей» № 46 (21 марта 2005). — Интервью с Ахмадом Джибрилем. Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 18 лістапада 2009.
- ↑ Ahmad Jibril
- ↑ Syria rebels 'clash with army, Palestinian fighters' — AFP, 31/10/2012
- ↑ Сирийские войска ведут бои с мятежниками к северу и востоку от Дамаска, на окраине столицы гремят взрывы — ИТАР-ТАСС, 30/10/2012
- ↑ Палестинская группировка пригрозила ответным ударом в случае нападения на Сирию