Перайсці да зместу

Дыёгу Кау

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дыёгу Кау
парт.: Diogo Cão
Род дзейнасці падарожнік-даследчык
Дата нараджэння 1452
Месца нараджэння
Дата смерці 1485[1]
Грамадзянства
Падданства Партугалія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дыёгу Кау (парт.: Diogo Cão; каля 1452 — каля 1486 гг.)[2] — партугальскі мараплавец, даследчык заходняга ўзбярэжжа Афрыкі і ракі Конга.

Паходзіў з партугальскага рыцарскага роду Кау, аднак меркавана з’яўляўся байструком. З канца 1470-х гг. даследаваў заходняе ўзбярэжжа Афрыкі. Лічыцца першаадкрывальнікам вострава Анабон. У 14821484 гг. экспедыцыя на чале з Дыёгу Кау адкрыла і даследавала вусце ракі Конга. Тут быў усталяваны каменны слуп, што сведчыў аб першынстве партугальскіх мараплаўцаў. Пасля вяртання на радзіму Дыёгу Кау атрымаў ад караля Жуана II званне рыцара.

У 1485 годзе ўзначаліў новую экспедыцыю з мэтай падняцца ўздоўж ракі Конга. Падчас вывучэння рэчышча ў раёне Матады чальцы экспедыцыі ўпершыню даведаліся пра Каралеўства Конга. Дыёгу Кау накіраваў пасольства да мясцовага караля з падарункамі, пасля чаго вывучаў узбярэжжа на поўдзень ад вусця Конга. Найбольш паўднёвым пунктам, якога дасягнула яго экспедыцыя, з’яўляўся мыс Крос  (англ.), дзе быў усталяваны яшчэ адзін слуп. Усяго падчас экспедыцый усталяваў 4 слупы. Аднак партугальскае пасольства было затрымана каралём Конга. Стомлены чаканнем, Дыёгу Кау ўзяў на карабель 4 мясцовых жыхароў, абяцаў іх сваякам, што верне праз 15 месяцаў, і адплыў з імі ў Партугалію.

У 14871488 гг. адбылася трэцяя партугальская экспедыцыя да ракі Конга. Яна вярнула захопленых Дыёгу Кау заложнікаў і наладзіла кантакты з каралеўскім дваром у Мбанза-Конга. Але ці прымаў у ёй удзел сам Дыёгу Кау, невядома. Паводле адной з версій храністаў, ён загінуў яшчэ падчас другой экспедыцыі каля мыса Крос.

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Record #118668242 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 жніўня 2015.
  2. Напісанне ў адпаведнасці з: Орлова, А. История государства Конго; XVI—XVII века. — М.: Наука, 1968. — С. 58.