Глеб Усяславіч
Глеб Усяславіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
ст.-рус. Глѣбъ Всеславичь | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне | каля 1070 | ||||||
Смерць |
13 верасня 1119[1][2] |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Ізяславічы Полацкія | ||||||
Бацька | Усяслаў Брачыславіч[5] | ||||||
Маці | Усяславава Брачыславіча[d][5] | ||||||
Жонка | Анастасія Яраполкаўна | ||||||
Дзеці | Расціслаў Глебавіч, Валадар Глебавіч і Усевалад Глебавіч[5] | ||||||
Веравызнанне | праваслаўе | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Глеб Усясла́віч (ст.-рус. Глѣбъ Всеславичь, канец 1040-х — 13 верасня 1119, Кіеў) — князь менскі (да 1118)[6].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Сын Усяслава Брачыславіча[6], унук Брачыслава Ізяславіча і праўнук Ізяслава Уладзіміравіча — полацкіх князёў. Прапраўнук вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча і полацкай княжны Рагнеды. Праз Рагнеду нашчадак першага вядомага полацкага князя Рагвалода. Такім чынам, Глеб належаў да роду Рурыкавічаў, чацвёртага пакалення іх галіны — Ізяславічаў Полацкіх, якія валодалі Полацкай зямлёй не толькі па праве спадчыны ад Уладзіміра Святаславіча, але і як спадчынай ад Рагвалода[7].
Імя
[правіць | правіць зыходнік]Імя старажытнаскандынаўскага паходжання[8]. Старэйшыя сыны Усяслава Брачыславіча — Барыс, Глеб, Раман і Давыд — напэўна, названы ў памяць Барыса Уладзіміравіча (у хрышчэнні Рамана, князя растоўскага ў 1010—1015) і Глеба Уладзіміравіча (у хрышчэнні Давыда; князя мурамскага ў 1013—1015), якія ў 1071 годзе прылічаны да святых. Усяслаў Брачыславіч, напэўна, першым з Рурыкавічаў назваў сваіх сыноў у памяць святых-сваякоў, магчыма, яшчэ да афіцыйнай іх кананізацыі. Імя Глеб было адначасова свецкім і хрысцільным, такая традыцыя для імёнаў Барыс, Глеб, Раман і Давыд прасочваецца ў родзе Рурыкавічаў амаль да сярэдзіны XIII ст. У выпадку Глеба Усяславіча гэта пацвярджаецца і выявай св. Глеба на яго пячатках.
Жыццяпіс
[правіць | правіць зыходнік]Напэўна, другі паводле старшынства (пасля Барыса) сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча. Такім чынам, Глеб мог нарадзіцца ў канцы 1040-х гадоў. Таксама ёсць меркаванне, што Глеб нарадзіўся каля 1070 года[6], бо ў 1073 годзе, магчыма, ён быў заручаны з Анастасіяй — дачкой князя Яраполка Ізяславіча. За ёй, магчыма, і атрымаў Менск[9], які пасля смерці бацькі ў 1101 годзе стаў яго ўдзелам.
На думку В. Р. Тарасенкі, пры Глебе ў Менску вялося будаўніцтва першай каменнай царквы[10].
Імкнуўся пашырыць свой удзел. Неўзабаве па смерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104 годзе абараняў Менск ад аб’яднанага войска паўднёварускіх князёў — вялікі князь Святаполк Ізяславіч паслаў супраць Глеба ваяводу Пуцяту Вышаціча, князь пераяслаўскі Уладзімір Манамах — свайго сына Яраполка, князь чарнігаўскі Алег Святаславіч?! прыйшоў сам і прывёў глебава брата Давыда. Мэтай, імаверна, было вяртанне Давыду ўдзела[11]. Аднак паход на Менск не меў поспеху[6], імаверна, бо вялікі князь Святаполк не хацеў паразы Глеба — свайго сваяка і саюзніка.
На пачатак XI ст. тэрыторыю абапал Дняпра са «шляхам з вараг у грэкі» кантраляваў непасрэдна Кіеў[12]. У Смаленскім княстве, вылучаным у 1054 годзе, у 2-й палове XI ст. часта мяняліся князі і не было ўмоў для інтэнсіўнага збірання тэрыторыі, да канца XI ст. яго заходнімі валасцямі ў Падняпроўі былі Басея і Мірацічы, якія ахоплівалі басейны рэк Басі і Мярэі[13]. Напэўна, са згоды вялікага князя Святаполка Глеб далучыў да сваіх уладанняў землі па берагах Дняпра, дзе пабудаваў крэпасці ў Оршы, Копысі і іншыя (напрыклад гарадзішчы каля вёсак Германы, Кісялі і Стражава Дубровенскага раёна[12]), умацаванні ва ўсіх гэтых паселішчах з’явіліся на пачатку XII ст.[12][14]. У канцы XI ст. Смаленскае княства ўрэшце замацавалася за дзецьмі Уладзіміра Манамаха, яны, напэўна, таксама імкнуліся атрымаць кантроль над Дняпром, што было прычынай іх варожасці да Глеба[12].
У 1106 годзе, магчыма, Глеб разам з братамі ўдзельнічаў ў няўдалым паходзе на земгалаў. Апроч зямель абапал Дняпра з Оршай і Копыссю, Глеб далучыў да свайго княства і Друцк[15], акалічнасці гэтага невядомы.
У 1108 годзе ахвяраваў Кіева-Пячэрскаму манастыру на пабудову трапезнай 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата[6] (100 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата таксама ахвяравала жонка пасля смерці князя паводле яго завяшчання).
Па смерці Святаполка (16.4.1113) вялікім князем кіеўскім стаў Уладзімір Манамах — праціўнік Святаполка і Глеба, які разыходзіўся з імі па многіх пытаннях, у т. л. па спадчынных правах на княжанні. У 1116 годзе Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў Слуцк[6], які належаў Уладзіміру. Паводле летапісу, Уладзімір, быццам, угаворваў Глеба вырашыць пытанні мірам, але Глеб, быццам, не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і абвінавачваў ва ўсім самога Уладзіміра. Урэшце, на Менскае княства быў скіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў — Кіева і Пераяслава, Смаленска і Чарнігава. Смаленскі князь Вячаслаў (сын Уладзіміра) захапіў Оршу і Копысь. Аб’яднанае войска князя чарнігаўскага Давыда Святаславіча (стрыечнага брата Уладзіміра) і князя пераяслаўскага Яраполка (сына Уладзіміра) узяло прыступам Друцк. Сам Уладзімір скіраваўся да Менска і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не мела поспеху, але Уладзімір вырашыў працягваць аблогу і загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.
Глеб убачыў падрыхтоўку да працяглай аблогі і адправіў паслоў да Уладзіміра, які згадзіўся на перамовы[6]. Менскі князь выйшаў з горада з дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімір павучаў Глеба, як ён павінен паводзіць сябе, і даў яму, паводле летапісу, Менск — такім чынам, як лічаць некаторыя даследчыкі[16][17], забраў значную частку ўладанняў, у т. л. Друцк і Падняпроўе. Сын Уладзіміра Яраполк вывеў у палон жыхароў захопленага Друцка і пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве, пабудаваўшы горад Жэлні .
Глеб нядоўга трымаўся павучанняў Уладзіміра і, паміж 1116 і 1118 годам, напаў на смаленскія і ноўгарадскія воласці[6]. Гэтым разам Уладзімір паслаў у 1118 годзе свайго сына Мсціслава з вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск. Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў[6].
Памёр Глеб Усяславіч 13 верасня 1119 года ў кіеўскай вязніцы. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры разам з жонкай, якая перажыла яго на 40 гадоў, у паўднёвай частцы Успенскага сабору ў галовах прападобнага ігумена і аднаго з заснавальнікаў лаўры Феадосія Пячэрскага[18].
Пячаткі
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы 3 тыпы віслых пячатак, якія даследчыкі звязваюць з Глебам Усяславічам. На аверсе ўсіх тыпаў — выява св. Глеба ў княжацкай шапцы, з мучаніцкім крыжам на грудзях і двухкалонкавым надпісам «Глѣбъ». На рэверсе: тып 1 — шасціканцовы расквітнеўшы крыж і надпіс «ІС ХС» (Ісус Хрыстос), тып 2 — надпіс «Госпадзі, дапамажы рабу свайму Глебу», тып 3 — выява Маці Божай. Зарэгістраваны 3 пячаткі 1-га тыпу (дыяметр 20—21 мм, дзве з Кіева і адна з Гродна) і 3 пячаткі 2-га тыпу (дыяметр 22—23 мм, дзве з Ровенскай і адна з Жытомірскай абласцей Украіны). Да 3-га тыпу належыць 1 пячатка з Валынскай вобласці (Украіна) дыяметрам 22 мм. Нумарацыя тыпаў — паводле парадку выяўлення.
На пячаткі тыпу 1 падобныя дзве пломбы (малыя пячаткі), знойдзеныя ў Полацку, іх таксама можна аднесці да Глеба Усяславіча. На іх выява св. Глеба і надпіс «ГЛ» (Глеб), на зваротным баку — 6-канцовы расквітнеўшы крыж; дыяметр — 13 мм[19].
Аднак, пячаткі тыпу 1, на думку некаторых даследчыкаў, маглі належаць гарадзенскаму князю Глебу Усеваладавічу.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Жонка: з 1090 Анастасія Яраполкаўна (пам. 1159), дачка князя уладзіміра-валынскага і тураўскага Яраполка Ізяславіча.
З крыніц вядомы тры Глебавічы:
- Расціслаў (1090-я — пасля 1161/1162) — князь менскі (1140-я — 1151, 1158—1161/1162), полацкі (1151—1158);
- Валадар (1090-я — пасля 1176/1177) — князь менскі (1151—1158; 1162—1167/1183), полацкі (1167);
- Усевалад — князь ізяслаўскі (да 1159), стрэжаўскі (пасля 1159).
В. М. Тацішчаў пад 14 мая 1134 года паведамляе пра смерць Ізяслава Глебавіча, якога лічыць полацкім князем[20], але гэта быў сын князя курскага Глеба Ольгавіча.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]- Саборны манах кіеўскага пячэрскага манастыра Афанасій (Кальнафойскі) у сваім творы «Тэтратургіма» (1638) сярод эпітафій фундатарам Лаўры падае і эпітафію Глебу Усяславічу і яго жонцы з вершаваным прысвячэннем.
- Памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Глеб Менскі», у серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы». Наміналы: 1 рубель (медна-нікелевая), 20 рублёў (срэбная). Дызайн Святланы Заскевіч (Беларусь). Чаканка ЗАТ «Літоўскі манетны двор», Вільнюс. Выпуск у зварот 12 ліпеня 2007[21].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Глеб Всеславич // Русский биографический словарь / пад рэд. A. Polovtsov — СПб.: 1905. — Т. 14. — С. 400–401.
- ↑ Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия — Киев: 1896. — С. 71. — 260 с.
- ↑ Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия — Киев: 1896. — С. 75. — 260 с.
- ↑ А. Э. Глеб Всеславич // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. VIIIа. — С. 915.
- ↑ а б в Pas L. v. Genealogics — 2003.
- ↑ а б в г д е ё ж з Глеб Всеславич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 148. — 737 с.
- ↑ Насевіч, В. Ізяславічы / В. Насевіч, А. Іоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 476—477. ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Behind the Name: Meaning, Origin and History of the Name Gleb. (англ.)
- ↑ Заяц Ю. Л. Менская зямля… С. 10.
- ↑ Тарасенко, В. Р. Раскопки Минского замчища в 1950 г. / В. Р. Тарасенко // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях института истории материальной культуры. — Вып. 44. — Москва, 1952. — С. 130.
- ↑ Рапаў…
- ↑ а б в г «На Рши у Смолиньска» 1997, с. 19;.
- ↑ «На Рши у Смолиньска» 1997, с. 17, 19;.
- ↑ Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае… С. 174—175.
- ↑ Семянчук, Г. Глеб Усяславіч / Г. Семянчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 43. ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Загарульскі, Ермаловіч…
- ↑ «На Рши у Смолиньска» 1997, с. 20;.
- ↑ Аθанасій Калнофойскій. Эпитафіи фундаторам лавры / Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей // Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей.— Кіевъ: типографія Е. Я. Федорова, 1874.— С. 28
- ↑ Жуков, И. Вислые печати полоцкого князя Всеслава Брячеславича и его сыновей Бориса и Глеба Всеславичей Архівавана 4 сакавіка 2016. / И. Жуков // Нумізматика і фалеристика. — 2013. — № 4. — С. 18—21. (руск.)
- ↑ Тацішчаў 1962; Т. 2., С. 145.
- ↑ Памятныя манеты «Глеб Менскі» Архівавана 5 сакавіка 2016. // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
- Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998, − 260с.
- Заяц Ю. Л. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4.
- Кежа Ю. Н. Глеб Всеславич и Киево-Печерский монастырь: место полоцких князей в родословной структуре Рюриковичей // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. — Вып. 15. — Минск: РИВШ, 2022. — ISSN 2079—1488 — С. 55-62.
- Литвина А., Успенский Ф. К уточнению семантики древнерусского «свататися»/«сватитися» и «сват(ь)ство» // Die Welt der Slaven LVIII, 2013. — С. 308—325.
- Ляўко В. «На Рши у Смолиньска» // Беларуская мінуўшчына. — 1997. — № 2 (24). — С. 15-20.
- Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ — № 12. — Мн., 1997.
- Рыжов К. Все монархи мира. Россия. — М.: Вече, 1998. — 640 с. — 16 000 экз. — ISBN 5-7838-0268-9.