Галадаморы (Украіна)
Галадаморы ва Украіне | |
---|---|
Частка Галадаморы ва Украіне | |
Месца нападу |
Украіна |
Мэта нападу | Генацыд |
Дата |
1921—1923; 1932—1933; 1946—1947 |
Спосаб нападу | голад |
Загінулыя | 4—7 млн |
Арганізатары | камуністычны таталітарны рэжым |
Галадамор (укр.: Голодомо́р) — тэрмін, які ўжываецца для азначэння масавага, штучна арганізаванага сталінскім рэжымам на тэрыторыі УССР голаду ў 1932—1933 гадах. Тэрмін Галадамор ужываецца таксама ў дачыненні да голаду 1921—1923 ды голаду 1946—1947 гадоў[1][2][3][4].
Галадамор ва Украіне 1921—1923
[правіць | правіць зыходнік]Галадамор ва Украіне 1921—1923 — масавы голад, галоўным чынам у паўднёвых абласцях Украіны, у 1921—1923 гадах, выкліканы вывазам збожжа ў Расію савецкай уладай з Украіны, пад ціскам улады Савецкай Расіі, на тле засухі і неўраджаю на поўдні Украіны, Кубані і Паволжа.
Галадамор ва Украіне 1932—1933
[правіць | правіць зыходнік]Галадамор ва Украіне 1932—1933 — масавы, наўмысна зарганізаваны савецкай уладай голад 1932—1933 гадоў, які прывёў да шматмільённых людскіх страт у сельскай мясцовасці на тэрыторыі Украінскай ССР (землі сучаснай Украіны, за выняткам сямі заходніх абласцей, Крыма і Паўднёвай Бесарабіі, якія ў той час не ўваходзілі ў склад УССР) ды Кубані, дзе частку насельніцтва складалі, акрамя іншых, і ўкраінцы. Выкліканы свядомымі і мэтанакіраванымі захадамі вышэйшага кіраўніцтва Украінскай ССР і Савецкага Саюза на чале са Сталінам, разлічанымі на задушэнне ўкраінскага нацыянальна-вызвольнага руху і фізічнага знішчэння часткі ўкраінскага сялянства[5].
Спланаваная канфіскацыя ўраджаю збожжавых і ўсіх іншых прадуктаў харчавання ў сялян прадстаўнікамі савецкай улады на працягу Галадамору 1932—33 гадоў непасрэдна прывяла да забойства сялян голадам у мільённых маштабах, пры гэтым савецкая ўлада мела значныя запасы збожжа ў рэзервах і ажыццяўляла яго экспарт за мяжу падчас Галадамору[6].
Нягледзячы на тое, што злачынныя дзеянні прадстаўнікоў сталінскай улады, якія прывялі да смерці людзей, кваліфікаваліся згодна з нормамі тагачаснага савецкага крымінальнага заканадаўства як забойства[7], прычыны гэтага масавага злачынства ніколі ў СССР не расследаваліся і ніхто з прадстаўнікоў улады, якія маюць дачыненне да злачынства, не панёс пакарання пры тым, што нават у вышэйшым кіраўніцтве СССР ведалі пра факты гібелі людзей ад голаду[8]. На працягу дзесяцігоддзяў масавае забойства людзей штучна выкліканым голадам не толькі наўмысна замоўчвалася савецкай уладай, але і наогул — забараняліся нават згадкі пра яго. Для параўнання, голад у Паволжы 1921—1922 гадоў і голад падчас блакады Ленінграда ў гады Другой сусветнай вайны асвятляліся ў савецкіх сродках масавай інфармацыі і гістарычнай літаратуры. Бяздзейнасць савецкай пракуратуры і іншых органаў улады па факце злачынства ярка дэманструе сапраўдны стан рэалізацыі «савецкай законнасці» ў таталітарнай савецкай дзяржаве.
Нягледзячы на спробы савецкіх улад схаваць маштабы катастрофы, яна стала вядомая за мяжой дзякуючы публікацыям журналістаў Гарэта Джонса і Малкалма Магерыджа, фатаграфіям інжынера Аляксандра Вінербергера і г.д. У адказ СССР разгарнуў контрпрапаганду, калі знакамітасці, такія, як Бернард Шоу, Эдуард Эрыа і шэраг іншых, ездзілі ў СССР, а потым рабілі заявы, што не бачылі голаду.
Падчас нямецкай акупацыі артыкулы аб Галадаморы публікаваліся ў акупацыйнай прэсе. Скарыстаўшыся гэтай магчымасцю, аграном Сцяпан Сасновы апублікаваў у 1942 годзе падрабязнае статыстычнае даследаванне аб колькасці ахвяр Галадамору, заснаванае на звестках з савецкіх архіваў.
У пасляваенны перыяд, калі лік публікацый успамінаў аб Галадаморы за мяжой расце, пачынаюцца навуковыя даследаванні пытання.
У даследаваннях Джэймса Мэйса і Роберта Конквеста аўтары даказваюць, што Галадамор адпавядае агульнапрынятаму[9] вызначэнню генацыду. 24 краіны афіцыйна прызналі Галадамор генацыдам українскага народу. Адпаведна з сацыялагічным апытаннем, праведзеным ў 2010 годзе, 60 % грамадзян Украіны лічаць Галадамор генацыдам[10].
У 2003 годзе ўкраінскі парламент назваў, а ў 2006 — афіцыйна прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народа. У 2010 годзе судовым разглядам завяршылася крымінальная справа па факце здзяйснення злачынства генацыду. Вінаватымі суд прызнаў 7 вышэйшых кіраўнікоў СССР і УССР, і канстатаваў, што паводле даных навукова-дэмаграфічнай экспертызы агульная колькасць чалавечых страт ад Галадамору складае 3.941.000 чалавек. Таксама паводле даных следства было вызначана, што страты ўкраінцаў у частцы ненароджаных складаюць прыблізна 6.122.000 чалавек[11][12].
Галадамор ва Украіне 1946—1947
[правіць | правіць зыходнік]Галадамор ва Украіне 1946—1947 — трэці галадамор, які зладзіла з украінскім народам савецкая ўлада. Быў выкліканы як пасляваенным неўраджаем, так і спланаванай акцыяй сталінскага Палітбюро з мэтай забраць у сялян рэшткі збожжа і прадаць яго брацкім рэжымам у сацыялістычным лагеры. Так, у 1946 годзе з СССР вывезена 350 тысяч тон збожжа ў Румынію, у 1947—600 тысяч тон збожжа — у Чэхаславакію, за тыя два гады Польская народная рэспубліка атрымала з Савецкага Саюза 900 тысяч тон хлеба. А ў Малдове, Бесарабіі і паўднёвых абласцях Украіны лютаваў голад і толькі за першае паўгоддзе 1947 года афіцыйна зарэгістравана 130 выпадкаў людаедства.
Ушанаванне памяці ахвяр Галадамору
[правіць | правіць зыходнік]Ва Украіне з 1998 года Указам Прэзідэнта Украіны[13] вызначаны «Дзень памяці ахвяр Галадамораў», які адзначаюць штогод у чацвёртую суботу лістапада.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Манумент у сяле Доўгалаўка Вінніцкай вобл.
-
Мемарыяльны крыж у сяле Далатэцкім Вінніцкай вобл.
-
Мемарыял у Вініпегу.
-
Плакат мастака Леаніда Дзянісенкі з Аўстраліі.
-
Жалобная хада ў памяць ахвяр галадамору ў Мюнхене.
-
Манумент у Любліне.
-
Пашана тым, хто пайшоў падчас Галадамору 1932—1933 гадоў.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Галадаморы ў Беларусі
- Голад у Паволжы (1921—1922)
- Генацыд
- Таталітарызм
- Гісторыя Украіны
- Закон аб трох каласках
- Прызнанне Галадамору генацыдам
- Голад 33 (фільм)
- Гарэт Джонс (фільм)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Музей тоталітарних режимів «Територія Терору». Словник термінів. Архівавана 7 лютага 2012.
- ↑ Веселова О. М., Марочко В. І., Мовчан О. М. Голодомори в Україні, 1921—1923, 1932—1933 1946—1947: Злочини проти народу. — 2-е вид., допов. — К. Нью-Йорк: Вид-во М. П. Коць, 2000. — 174 с.
- ↑ «Три голодомори в Україні в XX столітті: погляд із сьогодення»: Звернення учасників Міжнародної наукової конференції до органів вищої державної влади України. Київ. 07.11.2002 // Персонал. — 2002. — № 11. — С. 6-7.
- ↑ Белебеха І. Українці у пеклі голодоморів : [20-х, 30-х, 40-х років] // Персонал. — 2005. — № 2. — С. 10-13. (Із матеріалів конференції «Голодомори в Україні: геноцид і спротив»)
- ↑ Постанова апеляційного суду м. Києва у кримінальній справі за фактом вчинення геноциду в Україні в 1932—1933 роках
- ↑ Володимир ВАСИЛЕНКО, професор, доктор юридичних наук Спроба з негідними засобами. Хто й навіщо прагне переглянути Закон «Про Голодомор 1932—1933 років в Україні»
- ↑ Уголовный кодекс РСФСР в редакции 1926 г(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 ліпеня 2012. Праверана 13 кастрычніка 2012.
- ↑ «Государство против своего народа» Первая часть справочного издания «Черная книга коммунизма» Глава 8. Великий голод(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2012. Праверана 13 кастрычніка 2012.
- ↑ Канвенцыя пра генацыд, ухваленая ААН у 1948 годзе. Архівавана 16 кастрычніка 2018.
- ↑ 60 % українців визнають Голодомор геноцидом, — опитування (руск.)
- ↑ Голова СБУ назвав точну кількість жертв Голодомору Архівавана 1 сакавіка 2017.
- ↑ Стенограма прес-конференції «Рішення Апеляційного суду Києва про визнання винними в Голодоморі, присвоєння звання „Герой України“ Степанові Бандері та інші питання історичної спадщини України.» Архівавана 14 сакавіка 2016.
- ↑ Указ Президента України від 26 листопада 1998 № 1310/98 Про встановлення Дня пам’яті жертв голодоморів
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Голодомори в Україні 1921—1923, 1932—1933, 1946—1947. Матеріали до бібліографії документальних публікацій / Упорядники: Л. П. Одинока, Л. Ф. Приходько, Р. В. Романовський. — К.:, 2005. ISBN 966-625-026-8
- Задніпровський О. Голод в історії України: короткий нарис (Х-ХХ ст.). — Донецьк: Український культурологічний центр, 1999. — 88 с.
- Задніпровський О. І. Хроніка голоду 1946—1947 років у Донбасі. — Донецьк: Східний видавничий дім, 2007. — 372 с.
- Лукін, Д. Галадамор: як Сталін паставіў сялян на калені // Наша гісторыя, № 4, 2018, с.22-27. ISBN 2617—2305
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Галадаморы (Украіна)
- Gareth Jones' international exposure of the Holodomor, plus many related background articles . Праверана 5 ліпеня 2006.
- Famine in Ukraine 1932—1933 Central State Archive of Ukraine (photos, links)
- UKRAINIAN FAMINE
- Photos of Holodomor by Sergei Melnikoff
- The General Committee decided this afternoon not to recommend the inclusion of an item on the seventy-fifth anniversary of the Great Famine (Holodomor) of 1932—1933 in Ukraine.
- Case Study: The Great Ukrainian Famine of 1932-33 Nicolas Werth / CNRS — France
- Holomodor — Famine in Soviet Ukraine 1932—1933 Архівавана 9 снежня 2008.
- Famine in the Soviet Union 1929—1934 Архівавана 19 сакавіка 2009.
- Holodomor: The Secret Holocaust in Ukraine Архівавана 27 ліпеня 2011.
- Holodomor Lies by Morgan Williams(недаступная спасылка)
- Lies and Confessions of David Marple Архівавана 12 жніўня 2009.