Ваяндот
(wendat) | |
Малюнак 1838 г.
| |
Агульная колькасць | 5600 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША, Канада |
Мова | ваяндот |
Рэлігія | анімізм, монатэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іракезы, саскуэханцы, тыанантаты, нейтраль, эры, венро |
Ваяндо́т (саманазва: wendat), вядомыя таксама як гуро́ны (фр.: Hurons) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША і Канады. Жывуць пераважна ў штатах Аклахома, Канзас і правінцыі Квебек. Агульная колькасць (2012 г.) — 5 600 чал.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічныя раскопкі дэманструюць тое, што культура ваяндот сфарміравалася ў першай палове 2 тысячагоддзя н. э. вакол возера Антарыа. Яна вельмі нагадвала культуру іракезаў. Ваяндот сфарміраваліся ў XV - пачатку XVII як канфедэрацыя некалькіх супольнасцей:
- Attignawantan (людзі мядзведзя)
- Attigneenongnahac (людзі шнура)
- Arendarhonon (людзі каменю)
- Tahontaenrat (людзі аленя)
- Ataronchronon (людзі балот, магчыма частка Attignawantan)
Блізкімі саюзнікамі ваяндот былі Tionontate (людзі тытуню).
Назва ваяндот паходзіць з іракезскіх моў і значыць жыхароў паўвострава. Назва гуроны была дадзена французамі. Мяркуюць, што яна значыла сельскіх жыхароў, паколькі ваяндот у адрозненні ад суседзяў-алганкінаў больш актыўна займаліся сельскай гаспадаркай, або была пераробкай алганкінскага слова Ronon ("народ").
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы кантакт ваяндот з еўрапейцамі адбыўся ў 1535 г. у раёне сучаснага Манрэаля, калі яго наведала экспедыцыя Ж. Карцье. У гэты час канфедэрацыя вяла войны с іракезамі і ўдзельнічала ў гандлі з іншымі плямёнамі Вялікіх азёр і ракі Святога Лаўрэнція. У 1609 г. Самюэль дэ Шамплейн прыняў рашэнне ўступіць у вайну супраць іракезаў на баку ваяндот і алганкінаў. У 1614 г. быў падпісаны афіцыйны дагавор з Францыяй аб ўзаемным гандлі, пасля чаго ваяндот ператварыліся ў галоўных пасрэднікаў у забеспячэнні французских каланистаў футрам. Сярод ваяндот дзейнічалі французскія місіянеры. Адмоўную ролю мелі эпідэміі, занесеныя еўрапейцамі. На працягу першых чатырох дзесяцігоддзяў XVII ст. колькасць ваяндот імкліва змяншалася.
У 1629 - 1632 гг. гандлёвыя зносіны з французамі перарваліся з-за вайны паміж Францыяй і Англіяй. Магаўкі выкарысталі часовае саслабленне ваяндот, каб распачаць новую вайну за паляўнічыя тэрыторыі. У сваю чаргу, гэта прывяло да больш маштабных Бабровых войнаў. У 1635 г. ваяндот пацярпелі паражэнне ад сенека. Іракезы захоплівалі каноэ з футрам, што ішлі ўздоўж ракі Святога Лаўрэнція. У 1645 г. французы былі вымушаны падпісаць з іракезамі мірны дагавор. Іракезы меркавалі, што ваяндот будуць вымушаны накіроўваць частку футра ў іх землі, аднак тыя адмовіліся. У 1648 - 1649 гг. магаўкі і сенека ўрываліся на тэрыторыі ваяндот, палілі іх вёскі, палеткі і забівалі жыхароў. Узімку 1649 - 1650 гг. сярод ваяндот пачаўся голад. Езуіты, якія таксама пацярпелі ад нападаў іракезаў, перасялялі ваяндот у Квебек. У 1658 г. група ваяндот была пераселена ў верхнюю плыню ракі Місісіпі. Іншыя ваяндот шукалі прытулак у суседніх плямёнаў, перасяляліся на захад або пераходзілі на бок іракезаў у выніку "усынаўленняў".
Дзякуючы езуітам звесткі пра спусташэнне краіны гуронаў дасягнулі Францыі. Па загаду караля ў 1666 г. у Канаду прыбылі рэгулярныя армейскія часткі. Яны здолелі нанесці паражэнне іракезам і вымусіць іх падпісаць мір 1667 г., згодна якому сенека і магаўкі адмаўляліся ад прэтэнзій у дачыненні ваяндот. Дагавор паспрыяў выжыванню ваяндот, але меў часовыя вынікі, бо ваенныя дзеянні хутка ўзнавіліся і працягваліся да 1701 г. Езуіты дамагаліся поўнага спынення гандлю футрам з-за злоўжыванняў у адносінах да індзейцаў. У 1696 г. французскія факторыі сапраўды былі зачынены. Але ваяндот і атава актывізавалі кантакты з англічанамі і з 1702 г. вялі гандаль з імі.
Пасля 1715 г. французы ўзнавілі гандаль, прыцягвалі ваяндот да вайны з месквакі, а ў 1730 г. загадалі пакінуць раён Дэтройту і такім чынам адмовіцца ад сувязяў з англічанамі. Частка ваяндот, наадварот, перасялілася ў спустошаныя землі на поўдзень ад возера Эры, што знаходзтіліся пад кантролем іракезаў. Яны увайшлі ў саюз з лігай іракезаў. Ваяндот, што засталіся ў раёне Дэтройту хутка сапсавалі адносіны з суседзямі-алганкінамі, калі адмовіліся ваяваць з чэрокі, саюзнікамі англічан. У 1749 г. і 1750 г. паўднёвыя ваяндот адмаўляліся дапамагаць французам падчас ваенных экспедыцый супраць англічан у Агая. У Новай Францыі нейтральныя або нават варожыя адносіны з боку старых саюзнікаў успрымаліся вельмі балюча. Сітуацыя не перарасла ў вайну толькі з-за эпідэміі воспы ў 1751 г.
Падчас Сямігадовай вайны большасць ваяндот выступілі на баку Францыі, а потым удзельнічалі ў паўстанні Пантыяка. Ваенныя дзеянні з суседзямі працягваліся нават пасля замірэння з англічанамі. У гады Амерыканскай рэвалюцыі ваявалі на баку лаялістаў. У выніку эпідэмій і ваенных страт у 1783 г. у ваяндот, што засталіся на тэрыторыі ЗША, захавалася толькі 100 дарослых воінаў. Аднак яны працягвалі ўдзел у змаганні супраць амерыканскіх пасяленцаў да 1795 г.
У 1842 г. амерыканскія ваяндот дабраахвотна прадалі свае землі ў Агая і Ілінойс ураду ЗША і пераехалі ў Канзас. У 1845 г. частка вярнулася назад і пасялілася каля ленапэ. Канзаскія ваяндот актыўна ўдзельнічалі ў асваенні Захаду. Перасяленні выклікалі заняпад традыцыйнага грамадства і саслабленне ўлады правадыроў. Прыхільнікі захавання племяннога ладу у 1867 г. стварылі асабістую рэзервацыю ў Аклахоме і на доўгія гады спынілі кантакты з суродзічамі. У Канадзе захаваліся групы ваяндот, пераселеныя ў XVIII ст. у Квебек.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова ваяндот адносіцца да іракезскай групы моў. У 1912 г. амерыканскія этнолагі склалі граматыку ваяндот Аклахомы і ўвялі алфавіт на аснове лацінкі. Аднак у выніку асіміляцыі гутарковая мова ваяндот хутка гублялася. Апошнія яе носьбіты памерлі ў 1960-х гг. Сучасныя ваяндот ЗША размаўляюць на англійскай мове, ваяндот Канады — на французскай. У Канадзе дзейнічае праграма вывучэння мовы ваяндот на спецыяльных курсах для дзяцей і дарослых.
Выбітныя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Дэганавайда — вяшчун, заснавальнік лігі іракезаў