Беларускі ПЭН
Беларускі ПЭН | |
---|---|
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | |
Тып арганізацыі | саюз пісьменнікаў[d] |
Кіраўнік | Рыгор Іванавіч Барадулін[1], Васіль Быкаў[1], Лявон Пятровіч Баршчэўскі[1], Уладзімір Пракопавіч Някляеў[1], Андрэй Хадановіч[1], Таццяна Нядбай[1] і Святлана Алексіевіч[1] |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1989 |
penbelarus.org |
Беларускі ПЭН — беларускі нацыянальны цэнтр ПЭН-клуба.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Створаны ў 1989 годзе[2]. Зарэгістраваны Мінюстам Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 1990 года на падставе Статута і Пастановы Савета Міністраў рэспублікі № 274 ад 1 лістапада 1990 года, а таксама перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Прыняты ў Сусветную асацыяцыю пісьменнікаў «Міжнародны ПЭН-клуб» у маі 1990 года на Сусветным кангрэсе, мае статус «А» ў ЮНЕСКА і дарадчы статус у ААН. Беларускі ПЭН з’яўляецца сузаснавальнікам Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні.
Беларускі ПЭН — аб’яднанне прафесійных літаратараў, створанае з мэтай пашырэння інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій, удзелу ў міжнародным літаратурным супрацоўніцтве, развіцця беларускай культуры, выхавання ў грамадскай свядомасці высокіх гуманістычных ідэалаў. Сябры Беларускага ПЭНа падзяляюць прынцыпы і каштоўнасці Хартыі Міжнароднага ПЭНа, прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі.
З 1996 года Беларускі ПЭН з’яўляецца членам Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні», заснаванага ў 1960 годзе Асамблеяй дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба.
Беларускі ПЭН удзельнічае ў працы Камітэта Міжнароднага ПЭН-клуба па мастацкім перакладзе і лінгвістычным праве, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Барселоне. У першую чаргу праца датычыць праграмы «Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў».
У ліпені 2021 года па юрыдычным адрасе Беларускага ПЭНа прайшоў ператрус, былі арыштаваныя рахункі арганізацыі. 9 жніўня 2021 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў Беларускі ПЭН. У ліпені 2022 года арганізацыя абвясціла, што атрымала рэгістрацыю ў Польшчы[3].
Прэзідэнты
[правіць | правіць зыходнік]- Рыгор Барадулін (1990—1999)
- Васіль Быкаў (1999—2003)
- Лявон Баршчэўскі (2003—2005)
- Уладзімір Някляеў (2005—2008)
- Андрэй Хадановіч (2008—2017)
- Таццяна Нядбай (2017—2019)
- Святлана Алексіевіч (2019—2021)
- Таццяна Нядбай (з 2021)
Літаратурныя прэміі
[правіць | правіць зыходнік]- Прэмія «Кніга года»
Пісьменнікі і перакладчыкі самі абіраюць найлепшую беларускую кнігу праз інтэрнэт-галасаванне. Пераможца — адна кніга, напісаная на беларускай або рускай мове ў жанрах мастацкая проза, нон-фікшн, паэзія ці эсэістыка.
Прэмія за найлепшую беларускамоўную кнігу для дзяцей і падлеткаў. Прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: найлепшы літаратурны твор і найлепшае мастацкае афармленне. Сузаснавальнікам з’яўляецца Саюз беларускіх пісьменнікаў. Прэмію падтрымлівае Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне».
- Прэмія Гедройца
Найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія за мастацкую і дакументальную прозу на беларускай мове. Уручаецца з 2012 года. Прэмію арганізоўваюць Беларускі ПЭН і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. У 2019 годзе сярод іншага фундатарамі прэміі сталі Адвакацкае бюро Borovtsov & Salei, ПП «Тэрасофт» і Святлана Алексіевіч.
- Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча
Уручаецца за найлепшую дэбютную кнігу, напісаную на беларускай мове ці перакладзеную на яе, аўтару або перакладчыку ва ўзросце да 35 гадоў. Даецца за творы ў жанрах паэзія, проза, мастацкі пераклад. Сузаснавальнікам з’яўляецца Саюз беларускіх пісьменнікаў. Прэмію падтрымлівае Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне».
- Прэмія імя Наталлі Арсенневай
Уручаецца з 2017 года за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Суарганізатары — Беларускі ПЭН, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Партнёрамі прэміі выступаюць Фонд культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўны фонд Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Уручаецца з 2016 года за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны Фонд «Вяртанне».
- Прэмія імя Міхала Анемпадыстава
Уручаецца з 2019 года за найлепшую кніжную вокладку для беларускай кнігі. Сузаснавальнікі і партнёры — Беларускі ПЭН, Беларускі саюз дызайнераў, Лятучы ўніверсітэт, H&L Group, фонд «Адкрытая культура», тэлеканал «Белсат».
Запачаткавана ў 1995 годзе у гонар аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Уручаецца за найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. У некаторых выпадках прэміяй уганароўваюцца значныя для беларускай культуры ініцыятывы, з’явы ці падзеі.
- Прэмія Францішка Багушэвіча
Уручаецца з 1994 года за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. У некаторых выпадках прэміяй уганароўваюцца значныя для беларускай гісторыі ініцыятывы, з’явы ці падзеі.
Заснаваная сумесна з «Радыё Свабода» ў 2013 годзе і ўручаецца за найлепшы твор на беларускай і рускай мовах любога жанру, напісаны ў зняволенні. Прымаюцца да разгляду працы як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісаў. Уручаецца не штогод.
Іншыя праекты
[правіць | правіць зыходнік]Фестывалі
[правіць | правіць зыходнік]Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»
[правіць | правіць зыходнік]Выступае як пляцоўка для інтэнсіўнай камунікацыі паміж усімі ўдзельнікамі кнігавыдавецкага працэсу: выдаўцамі і аўтарамі, рэдактарамі і крытыкамі, ілюстратарамі і дызайнерамі, перакладчыкамі і чытачамі.
Арганізатар: установа культуры «Кніжны офіс». Беларускі ПЭН з’яўляецца адным з галоўных партнёраў фестывалю.
Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова
[правіць | правіць зыходнік]Запачаткаваны ў 2012 годзе Саюзам беларускіх пісьменнікаў і ПЭНам. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў фестывалю — паэтычны слэм, літаратурныя чытанні, дыскусіі, прэзентацыі кніг, кніжных серый, музычныя выступы і г. д.
Збірае паэтаў з Беларусі, Германіі, Ісландыі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі.
Перакладчыцкая майстэрня
[правіць | правіць зыходнік]Штотыднёвыя заняткі для перакладчыкаў, скіраваныя на знаёмства з асноўнымі тэндэнцыямі і мастацкімі падыходамі ў перакладзе. На занятках разглядаюцца пераклады розных літаратурных жанраў. Наведвальнікі аналізуюць і вучацца дапрацоўваць уласныя пераклады пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча.
Школа крэатыўнага пісьма Адама Глобуса «Літара»
[правіць | правіць зыходнік]Школа створаная для падлеткаў 15-18 гадоў. У праграме — азнаямленне, вывучэнне і практыкаванне ў формах літаратурных мініяцюр на прыкладзе класікаў сусветнай і беларускай літаратуры: Сэй-Сёнагон, Янкі Брыля, Басё, Рамона Гомэса дэ ля Сэрны і іншых.
Рэзідэнцыя маладога літаратара
[правіць | правіць зыходнік]Праграма дае магчымасць творцу ва ўзросце да 35 гадоў два тыдні жыць у Вільні і займацца літаратурнай працай. Дзейнічае пры падтрымцы Беларускага Дома правоў чалавека і Амбасады Літвы.
Майстар-класы для маладых літаратараў
[правіць | правіць зыходнік]Маладыя літаратары з усёй краіны збіраюцца разам і цягам некалькіх дзён знаёмяцца паміж сабой, а таксама з прафесійнымі пісьменнікамі. Працуюць над ўласнымі творамі і абмяркоўваюць тэксты калег з дапамогай дасведчаных паэтаў, празаікаў, перакладчыкаў.
Аўдыятэка
[правіць | правіць зыходнік]https://audio.pen-centre.by Архівавана 27 студзеня 2021.— своеасаблівы архіў аўдыязапісаў, на якіх аўтары і перакладчыкі самі агучваюць уласныя творы. Кожны з літаратараў мае асобную старонку з біяграфіяй і спісам твораў, якія можна чытаць і слухаць.
Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]У 2015 годзе пра свой выхад з Беларускага ПЭНа заявілі літаратары Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў. Паводле слоў Алеся Аркуша, знаходзіцца ў складзе гэтай арганізацыі значыць «даваць магчымасць яго кіраўніцтву рабіць усё што заўгодна», бо «з сябрамі арганізацыі ніхто не раіцца», ніхто не цікавіцца іх меркаваннем па тым ці іншым пытанні[4], а сам ПЭН, які павінен абараняць правы пісьменнікаў, апошнім часам «ператварыўся ў нейкую кармушку, арганізацыю, дзе проста дзеляць гуманітарку, а не змагаюцца за пісьменнікаў, чым павінны былі ў першую чаргу займацца»[5]. Дадатковай прычынай паслужыла заява ПЭНа пра дыскрымінацыю рускамоўных пісьменнікаў. З падобнай прычыны заявіў, што пакідае арганізацыю, і пісьменнік Сяргей Дубавец[4] (але па стане на 2019 г. С. Дубавец з’яўляецца сябрам Рады Беларускага ПЭНа). Выйшаў з арганізацыі мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі[5]. Пасля заявы пра «дыскрымінацыю рускамоўных літаратараў» пакінуў арганізацыю і драматург Юры Станкевіч, які патлумачыў прычыну свайго сыходу яшчэ і тым, што ён стаў членам ПЭН-цэнтра, калі «арганізацыя імкнулася прытрымлівацца пісьменніцкага праваабарончага кірунку і нацыянальнай ідэі. А потым прыйшлі „эпігоны“, набылі сяброўства выпадковыя і невыпадковыя людзі, і наступіла непазбежнае»[6].
У 2016 годзе ў беларускай літаратурнай прасторы ўзнік скандал па выніках уручэння літаратурнай прэміі «Дэбют», заснаванай Беларускім ПЭНам. На цырымоніі ўручэння прэміі намінацыя «Паэзія» засталася без пераможцы, у выніку чаго маладыя паэты палічылі такое рашэнне журы зняважлівым да іх. Пасля інцыдэнту паэт Алесь Плотка, які увайшоў у шорт-ліст прэміі, звярнуўся да арганізатараў конкурсу з просьбай, «каб брыдкі скандал, які ўзнік вакол гэтай намінацыі, быў вырашаны». Яго падтрымалі і астатнія шортлістэры. А. Плотка пракаментаваў, што сваім рашэннем не прызначаць пераможцу сярод паэтаў журы парушыла статут прэміі, дзе напісана: «ў кожнай намінацыі вызначаюцца пераможца (1 месца) і даюцца два заахвочвальныя прызы»[7].
Адзначаліся праблемы і з іншай літаратурнай прэміяй, заснаванай Беларускім ПЭНам — «Прэміяй Цёткі». Так, у спіс намінантаў могуць не трапіць калектыўныя зборнікі з вялікай колькасцю аўтараў альбо мастакоў, хаця гэтае абмежаванне нідзе не прапісанае, а ў Палажэнні аб прэміі згодна з п. 1.3. наадварот, гаворыцца, што «ў выпадку калектыўнага аўтарства прэмія дзеліцца між усімі аўтарамі кнігі-пераможцы». Пры гэтым арганізатары спасылаюцца на тое, што журы можа прымаць рашэнні аб прыняцці кнігі да разгляду ў прэміі згодна з уласным меркаваннем[8].
У канцы 2010-х гадоў пра выхад з Беларускага ПЭНа з розных прычын заявілі ганаровы старшыня ПЭНа Лявон Баршчэўскі, філосаф Алесь Анціпенка, заснавальнік курсаў «Мова нанова», журналіст і паэт Глеб Лабадзенка, шматгадовы рэдактар «Нашай Нівы», былы першы намеснік кіраўніка ПЭНа Андрэй Дынько, перакладчыца і літаратарка Наталка Харытанюк, былы намеснік кіраўніка арганізацыі Андрэй Скурко[9].
На думку Паўла Севярынца, агучаную ў 2019 годзе, заснавальнікам «лявацкага гнязда» ў арганізацыі стаў літаратар Андрэй Хадановіч, яго памагатым — Павел Анціпаў (брат Ніка Анціпава, заснавальніка ЛГБТ-сайта Makeout.by), да іх жа Павел Севярынец прылічыў Анку Упалу, Уладзіміра Лянкевіча і масона Сяргея Дубаўца[10]. Палітык абвінаваціў кіраўніцтва цэнтра ў тым, што яно не прыняло ў арганізацыю шэраг літаратараў, бо тыя з’яўляюцца хрысціянамі, у тым ліку Яўгена Зубовіча, Паўла Булатага, Алеся Гелагаева, Уладзіміра Бруя, Антонія Бокуна, Ганну Станіславенку[11].
На паседжанні Рады ПЭНа 29 кастрычніка 2019 года ганаровы старшыня Лявон Баршчэўскі падаў заяву на выхад з арганізацыі, назваўшы асноўнымі матывамі тое, што яго знаходжанне ў Радзе будзе шкодзіць прыняццю рашэнняў шляхам кансэнсусу. Таксама Л. Баршчэўскі абурыўся тым, што Рада яго не абараніла ад хамскіх выказванняў Я. Ліпковіча, звязаных з дзейнасцю Л. Баршчэўскага ў рамках арганізацыі[12][13].
Скандал з выключэннем Паўла Севярынца
[правіць | правіць зыходнік]З 2014 года Павел Севярынец, які быў прыняты за кнігу «Лісты з лесу» ў 2007 годзе, не плаціў членскія ўнёскі, аргументуючы гэта тым, што ён хрысціянін і не бачыць для сябе магчымасці падтрымліваць, у тым ліку фінансава, мерапрыемствы пад эгідай арганізацыі, звязаныя з тым, што ён лічыць прапагандай гомасексуальнага ладу жыцця. 15 студзеня 2019 года ён быў выключаны з арганізацыі[14], але паведамлена пра выключэнне яму было толькі ў красавіку[15]. Як прызнавала Таццяна Нядбай, рашэнне аб выключэнні было складаным і не было адзінагалосным, абмяркоўвалася цягам некалькіх сустрэч Рады[14]. Апроч Севярынца, за няплату ўнёскаў з цэнтра выключылі таксама Глеба Лабадзенку і Сяргея Шапрана[11].
22 кастрычніка 2019 года Павел Севярынец заявіў, што Беларускі ПЭН захапілі радыкальныя адэпты культурнага марксізму , якія не пераносяць хрысціян і займаюцца «прапагандай ЛГБТ»[11]. 26 кастрычніка на з’ездзе ў Мінску была разгледжана заява Паўла Севярынца, які кампенсаваў нясплачаную суму ўнёскаў і прасіў аднавіць яго ў сяброўстве. Ён заявіў, што свой ліст пісаў эмацыйна, але ідэалогію фемінізму, гендара, гей-прапаганду па-ранейшаму лічыць шкоднымі[16]. Рашэнне Рады пра яго выключэнне было адменена, хоць паводле сведчанняў некаторых прысутных, фармулёўкі галасавання некалькі разоў мяняліся вядучым сходу Лявонам Баршчэўскім і былі даволі складанымі, што прывяло да блытаніны. Незадаволеныя запатрабавалі перагаласавання, але Л. Баршчэўскі заявіў, што гэта не прадугледжана статутам[17].
Алесь Бяляцкі прапанаваў стабілізаваць ПЭН «старымі праверанымі кадрамі», Уладзімір Арлоў выступіў з прапановай выбраць старшынёй Святлану Алексіевіч. Таццяна Нядбай узяла самаадвод і адмовілася абірацца на пасаду кіраўніка арганізацыі, у безальтэрнатыўным галасаванні перамагла Святлана Алексіевіч[17].
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і дзясяткі іншых сябраў арганізацыі падпісалі пратэст супраць знаходжання Паўла Севярынца ў арганізацыі і ягоных «цемрашальскіх поглядаў».
29 кастрычніка 2019 года адбылося пасяджэнне Рады ПЭНа, якая зноў разгледзела справу Паўла Севярынца і выключыла яго з арганізацыі. На пасяджэнне не быў запрошаны сам П. Севярынец. Большасцю сябраў Рады была адхілена прапанова Святланы Алексіевіч аб часовым прыпыненні сяброўства Паўла Севярынца альбо аб перанясенні разгляду яго справы на 31 кастрычніка, бо на 29 кастрычніка выпала «ноч расстраляных паэтаў» — гадавіна забойства ў 1937 годзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ў час сталінскіх рэпрэсій[18].
Першая намесніца старшыні ПЭНа Таццяна Нядбай паведаміла, што падставай для выключэння сталі парушэнні статуту Беларускага ПЭНа і Міжнароднага ПЭН-клуба. Адзначалася, што Павел Севярынец зневажаў гонар арганізацыі, выказваў абразлівае і варожае стаўленне да кіраўніцтва, наўмысна фальсіфікаваў і скажаў інфармацыю дзеля прыватных мэтаў, публічна і сістэматычна дыскрымінаваў сацыяльную групу ЛГБТК+[19].
Павел Севярынец палічыў сваё выключэнне ў «Дзень расстраляных паэтаў» невыпадковым[18]:
Каля рэстарацыі «Поедем-поедим» за паўтара года нам таксама часта кідалі ў твар: «Мало вас стрелялі!» «Выключыць», выдаліць, выціснуць хрысціянаў зь беларускай культуры не атрымаецца — гэта нават бальшавікам з іх чырвонай імперыяй не ўдалося. |
30 кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН апублікаваў «незалежную экспертызу» адкрытага ліста Паўла Севярынца «Культурны марксізм і яго камісары», звернутага да сяброў арганізацыі напярэдадні з’езда арганізацыі 26 кастрычніка. Віялета Ермакова з арганізацыі «Журналісты за талерантнасць» сцвярджала, што непасрэдна ў тэксце П. Севярынца дыскрымінуецца супольнасць ЛГБТК+. Паводле яе, П. Севярынец мяркуе, што абарона правоў гэтай супольнасці не ўласцівая беларусам і навязаная звонку, гома- і бісексуальныя стасункі ненатуральныя і амаральныя, а з’яўленне ЛГБТК+ у публічнай прасторы непажаданае[20].
Тэкст «экспертызы» адразу ж быў паддадзены крытыцы. 31 кастрычніка палітолаг Вольф Рубінчык адзначыў, што згаданы тэкст паводле формы не адпавядае нормам экспертнага заключэння, а паводле зместу з’яўляецца пераважна «наборам бессэнсоўных прэтэнзій і домыслаў». Ён прапанаваў аўтарцы «адклікаць тэкст», а Радзе ПЭНа — перагледзець рашэнне аб выключэнні П. Севярынца, прынятае з апорай на «негрунтоўны тэкст»[21]. В. Ермакова адказала В. Рубінчыку і іншым крытыкам, у прыватнасці, філосафу П. Рудкоўскаму, што гэта была не экспертыза, а прыватны каментар[22]. Аднак першая намесніца старшыні Таццяна Нядбай ад імя Беларускага ПЭНа заявіла, што «гэтага каментара эксперткі са знешняй арганізацыі нам дастаткова для падмацавання нашай пазіцыі»[22].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё https://pen-centre.by/en/pen.html Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Бубен, Процька 2001, с. 214.
- ↑ Беларускі ПЭН-цэнтр атрымаў рэгістрацыю ў Польшчы . Новы Час (11 ліпеня 2022).
- ↑ а б Анна Шайкоўская. Беларускі ПЭН-цэнтр скалануў скандал(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя (6 лістапада 2017). Архівавана з першакрыніцы 23 сакавіка 2017. Праверана 8 сакавіка 2018.
- ↑ а б Літаратары пакідаюць Беларускі ПЭН-цэнтр праз моўны скандал . Еўрарадыё (12 сакавіка 2015). Праверана 8 сакавіка 2018.
- ↑ Пісьменнік Юры Станкевіч выходзіць з ПЭН-цэнтра . Наша Ніва (19 сакавіка 2015). Праверана 8 сакавіка 2018.
- ↑ САЛАНОВІЧ, Настасся. Скандал на прэміі «Дэбют». Як «Паэзія» засталася без пераможцаў . naviny.by (24 сакавіка 2016). Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ Алег Грушэцкі. Журы Прэміі Цёткі абвясціла намінантаў . Новы Час (8 сакавіка 2018). Праверана 8 сакавіка 2018.
- ↑ Філосаф Алесь Анціпенка заявіў пра выхад з Беларускага ПЭН-Цэнтра . Наша Ніва. Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ Культурны марксізм і яго камісары | Krynica.info . web.archive.org (29 мая 2022). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2022. Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ а б в Ма. «Гей-лобі і марксісты»: Павал Севярынец абвінаваціў ПЭН-цэнтар у «ганеньні на хрысьціян». Што там адказалі . Радыё Свабода (23 кастрычніка 2019). Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ Свабода, Радыё. Ганаровы старшыня ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі патлумачыў, чаму выйшаў з арганізацыі . Радыё Свабода (29 лістапада 2019). Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ Баршчэўскі: Вы сур'ёзна лічыце пакуты ЛГБТ-супольнасці больш суровымі за пакуты Севярынца ў турмах? . Наша Ніва. Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ а б Севярынца выключылі з ПЭН-Цэнтра за нясплату ўнёскаў. А ён вінаваціць арганізацыю ў гей-прапагандзе . Наша Ніва. Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ ashustin. В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (115) (англ.) (13 мая 2019). Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ Студзінская, Іна. Зьезд аднавіў сяброўства Сяргея Шапрана, Сямёна Букчына і Паўла Севярынца ў ПЭН-Цэнтры . Радыё Свабода (26 кастрычніка 2019). Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ а б ПЭН-ГЕЙт: вяртанне блуднага Севярынца насуперак "культурным марксістам" | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm. Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ а б Ма. Нэрвы, спрэчкі і сьлёзы. Як Севярынца выключалі з ПЭН-цэнтру . Радыё Свабода (31 кастрычніка 2019). Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ Бахарэвіч выходзіць з беларускага ПЭНу: "Са мной некалькі дзясяткаў чалавек" | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm. Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ ПЭН-цэнтр апублікаваў экспертызу ліста Паўла Севярынца | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm. Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ ashustin. Ещё раз о Белорусском ПЕН-центре (англ.) (31 кастрычніка 2019). Праверана 6 верасня 2023.
- ↑ а б Аўтарка «экспертызы», паводле якой Севярынца адлічылі з ПЭНа: Гэта была не экспертыза, а прыватны каментар . Наша Ніва. Праверана 6 верасня 2023.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бубен С. С., Процька Т. С. Правы чалавека : дапаможнік для настаўнікаў [беларуская і руская]. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — 366 с. — 9 000 экз. — ISBN 985-458-020-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сайт арганізацыі Архівавана 4 сакавіка 2021.
- Афіцыйная старонка ў facebook