Баі пры Лаперы — адзін з эпізодаў грамадзянскай вайны ў Іспаніі, калі ў канцы снежня 1936 года рэспубліканскія войскі спрабавалі адбіць горад Лапера, заняты нацыяналістамі.
У снежні 1936 года войскі нацыяналістаў пад камандаваннем Гансала Кейпа дэ Льяна пачалі наступленне на раён вырошчвання алівак у рэгіёне Андухар у Андалузіі. Рэспубліканскае камандаванне адправіла цягніком з базы ў Альбасетэ нядаўна сфармаваную XIV Інтэрнацыянальную брыгаду (3000 чалавек) генерала Вальтэра, якая складалася з англічан і французаў, каб вярнуць Лаперу, занятую нацыяналістамі 24 снежня. Большасць байцоў брыгады не мелі ваеннай падрыхтоўкі, у падраздзяленнях не было тэлефоннай сувязі. У нацыяналістаў на фронце стаяла калона маёра Луіса Рэдонда (4000 чалавек), якая складалася з брыгады андалузскіх манархістаў (рэкетэ), мараканцаў-рэгуларэс, а таксама кавалерыі.
27 снежня інтэрнацыяналісты атакавалі Лаперу пры нязначнай падтрымцы артылерыі і авіяцыі. Перасечаная мясцовасць, без расліннасці і з пастаяннымі ўздымамі, абцяжарвала прасоўванне. Атака была адбіта нацыяналістамі кулямётным агнём, мінамётамі і артылерыяй. Інтэрнацыяналісты панеслі цяжкія страты. На наступны дзень была прадпрынята новая спроба, якая зноў пацярпела няўдачу з-за жорсткага супраціву мяцежнікаў. 29 снежня новае наступленне рэспубліканцаў было адменена з-за вялікай колькасці страт.
XIV інтэрбрыгада страціла 800 чалавек (з іх 300 забітых), сярод апошніх былі англійскія паэты Джон Корнфард і Ральф Уінстан Фокс. Пасля правалу аперацыі генеральны інспектар інтэрбрыгад Андрэ Марці загадаў арыштаваць камандзіра французскага батальёна брыгады Гастона Дэласаля. Дэлансаль быў абвінавачаны ў некампетэнтнасці, баязлівасці і шпіянажы, і расстраляны. Нягледзячы на разгромнае паражэнне рэспубліканцаў пры Лаперы, прасоўванне войскаў нацыяналістаў на Андухар і Хаэн было спынена. Лінія фронту ў гэтым рэгіёне заставалася нерухомай да канца вайны.