Перайсці да зместу

Арда (Міжзем’е)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Арда

А́рда (англ.: Arda) — назва Зямлі ў дагістарычны перыяд паводле легендарыума Толкіна, у якім адбываліся падзеі «Уладара Пярсцёнкаў» і іншых фэнтэзійных твораў пісьменніка. У Ардзе існавалі некалькі мораў, акіянаў, кантыненты Серадзем’е, Цёмныя землі, Аман, востраў Нуменор і іншыя землі, неназваныя Толкінам.

Арда была часткай сусвету, або Эа. Арда была створана, як і ўся Эа, музыкай Айнур для дзяцей Ілуватара (эльфаў і людзей). Над Ардай узыходзілі Сонца, Месяц і зоркі, якія часам таксама ўключаліся ў склад Арды. Такім чынам, Арда магла азначаць альбо планету Зямля, альбо Сонечную сістэму; аднак для Зямлі існавалі і ўласныя назвы Амбар ці Імбар.

Пачаткова Арда (Зямля) была плоскай, матэрыкі абмываліся вялізным акіянам Ваія, і былі аддзелены Белегерам, ці Вялікім морам. У Першую эпоху паўночна-заходнія землі Серадзем'я займала краіна Белерыянд, якая загінула падчас вайны Гневу.

На поўдзень і на ўсход ад Серадзем'я знаходзіўся іншы кантынент, вядомы як Цёмныя землі. Яшчэ адзін параўнальна невялікі матэрык на ўсходзе ад Серадзем'я зваўся Зямля Сонца, паколькі ў часы плоскай Зямлі тут знаходзілася Брама Сонца.

Пра абодва матэрыкі вядома мала. Вядома, што на поўдні была зямля Харад, хоць гэта і азначае «поўдзень» і нярэдка ўжывалася не толькі для назвы земляў на поўдзень ад Гондара і Мордара, але і для любых земляў поўдня. Іх жыхары, харадрымы, былі чарнаскурымі і жылі пасярод пустыняў. На ўсходзе Серадзем'я знаходзілася вялікая тэрыторыя, вядомая як Рун, якую насялялі істэрлінгі. Меркавана іх землі прасціраліся да іншага мора. Вядома, што ў даўнія часы па той тэрыторыі з поўначы на поўдзень працягваўся горны хрыбет Чырвоных гор, падобна як Сінія горы на захадзе (паколькі першапачаткова свет быў сіметрычны). На ўсходзе знаходзілася і радзіма эльфаў — Куйвенен. Таксама сінія магі нібыта дасягнулі далёкіх земляў Руна, каб узняць паўстанне на захопленых Саўранам землях, аднак паданні пра іх барацьбу не дасягнулі захаду.

У Другую эпоху з Вялікага мора дзеля эдайнаў быў узняты Нуменор. Гэты востраў быў знішчаны пад канец Другой эпохі з-за ганарыстасці нуменорцаў і непадпарадкаванасці загадам валар аб забароне плавання да Амана.

Пасля знішчэння Нуменора Арда стала круглай. Аман быў выдалены са свету і стаў дасяжны толькі для эльфаў. Пасля гэтага новыя землі і матэрыкі паўставалі на ўсходзе і захадзе ад Серадзем'я.

Толкін вывеў квеньскае слова Арда з дагістарычнага эльфійскага *гарда, што азначала «больш-менш абмежаванае ці абазначанае месца, раён». Прымяняцца да ўсяго свету яно стала дзякуючы валарскаму Aþāraphelūn[1], што азначала ўпарадкаванае месцапражыванне, гэта значыць Зямля была жытлом для валар і/або эльфаў і людзей[2].

Магчыма таксама, што Толкін пры выбары назвы свету арыентаваўся на іншыя германскія мовы. Так, на афрыкаанс «Зямля» таксама вымаўляецца «Арда» (афр.: Aarde), і ўлічваючы паходжанне Толкіна з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, не дзіўна, што ён мог скарыстацца гэтым варыянтам. Падобныя назвы існуюць у нідэрландскай (Aarde) і нямецкай (Erde) мовах. У арабскай мове таксама існуе падобнае слова أرض (ард), што азначае край або зямлю.

Зноскі

  1. Tolkien, J. R. R. The War of the Jewels / Christopher Tolkien, ed.. — Boston: Houghton Mifflin, 1994. — С. 402. — ISBN 0-395-71041-3.
  2. Tolkien, J. R. R. The War of the Jewels / Christopher Tolkien, ed.. — Boston: Houghton Mifflin, 1994. — С. 401. — ISBN 0-395-71041-3.
  • Alexandra Bolintineanu. Arda // J. R. R. Tolkien Encyclopedia: Scholarship and Critical Assessment / Drout, Michael D. C.. — Routledge, 2006. — С. 24—25. — ISBN 0-415-96942-5.