Андраш II
Андраш II | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
II.András | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Каранацыя | 29 мая 1205, Секешфехервар | ||||||
Папярэднік | Ласла III | ||||||
Пераемнік | Бела IV | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1175[1][2][…], 1176[3] ці 1177[3]
|
||||||
Смерць |
26 кастрычніка 1235 |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Арпады | ||||||
Бацька | Бела III[4] | ||||||
Маці | Агнэса Антыяхійская[d][4] | ||||||
Жонка | Іаланта дэ Куртэнэ[4][5], Беатрыса д'Эстэ[d][4][5] і Гертруда Меранская[d][5][4] | ||||||
Дзеці | Ганна-Марыя Венгерская[d], Бела IV, Елізавета Венгерская, Каламан[6], Іаланда Венгерская[4], Іштван Постум[d][4][6] і Андраш[d][6] | ||||||
Партыя | |||||||
Бітвы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
А́ндраш II Крыжак (венг.: Jeruzsálemi II András/Endre, укр. Андрій II, славацк.: Ondrej, харв. Andrija II. Arpadović; каля 1175 — 26 кастрычніка 1235) — кароль Венгрыі[7] з дынастыі Арпадаў, які кіраваў з 7 мая 1205 па 21 верасня 1235 года. Поўны тытул: Божай ласкаю кароль, Венгрыі, Далмацыі, Харватыі, Рыма, Галіцыі і Ладамерыі (лац.: Dei gratia, Hungariae, Dalmatiae Croatiae, Romae, Seruiae, Galliciae, Lodomeriaeque rex). Малодшы сын Белы III. Пасля смерці бацькі ўзначаліў змову супраць свайго брата, караля Імрэ, які даў яму ў кіраванне Харватыю і Далмацыю. Калі Імрэ і яго малалетні сын памерлі, Андраш узышоў на трон і пачаў раздаваць каралеўскія дамены сваім прыхільнікам. Ён прыняў удзел у Пятым крыжовым паходзе, але не змог дасягнуць якіх-небудзь значных поспехаў. Быў вымушаны падпісаць Залатую булу 1222 года, якая пацвердзіла прывілеі шляхты Венгрыі, а пазней — падобны дакумент з гарантыямі прывілеяў духавенства.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Непакорлівы герцаг
[правіць | правіць зыходнік]Андраш быў другім сынам караля Белы III і яго першай жонкі, Агнэсы Антыяхійскай. Як малодшы сын Андраш не меў ніякай надзеі на атрыманне ў спадчыну прастола. У 1182 годзе яго старэйшы брат Імрэ быў каранаваны — гэтага пажадаў Бела III, каб пры сваім жыцці гарантаваць мірны пераход прастола ў спадчыну.
У 1188 годзе выгнаны з Галіцкага княства князь Уладзімір Яраславіч Галіцкі бег у Венгрыю і звярнуўся за дапамогай да Беле III. Аднак Бела III, карыстаючыся разладам у Галічы, замест дапамогі ўзяў князя ў палон і пасадзіў на княжанне Андраша. Улада малалетняга Андраша ў Галічы была намінальнай, ён нават ні разу не наведаў сваё княства. Хоць войскі маладога прынца і здушылі ў 1189 годзе баярскі бунт, неўзабаве пасля гэтага князь Уладзімір Яраславіч Галіцкі, які ўцёк з палону, выгнаў венгерскія войскі з Галіча.
23 красавіка 1196 года кароль Бела III памёр, і трон перайшоў да Імрэ, у той час як Андраш атрымаў у спадчыну вялікую суму грошай для таго, каб выканаць дадзеную бацьку клятву прыняць удзел у крыжовых паходах. Аднак Андраш выкарыстаў гэтыя грошы, каб завербаваць прыхільнікаў сярод баронаў, і звярнуўся за дапамогай да Леапольда VI Аўстрыйскага. У снежні 1197 года войскі Андраша нанеслі паражэнне арміі караля Імрэ ў бітве каля гор Мечак. Пасля перамогі Андраша кароль абавязаўся перадаць яму ў кіраванне як герцагу Харватыю і Далмацыю.
Напачатку 1198 года Папа Інакенцій III папрасіў Андраша выканаць апошнюю волю свайго бацькі і ўзначаліць крыжовы паход у Святую Зямлю. Аднак замест таго, каб арганізаваць крыжовы паход, Андраш пачаў паход супраць суседніх правінцый і заняў Захумлле і Раму. Андраш таксама пайшоў на змову з некаторымі прэлатамі супраць свайго брата, але кароль Імрэ даведаўся пра гэта і асабіста арыштаваў біскупа Балесла з Ваца, аднаго з галоўных прыхільнікаў Андраша, а таксама пазбавіў паслядоўнікаў брата іх прывілеяў. Улетку 1199 года Імрэ разбіў Андраша ў бітве пры Радзе, і апошні быў вымушаны бегчы ў Аўстрыю. Нарэшце, у 1200 годзе браты заключылі мір пры пасродніцтве папскага легата Рыгора. Яны ўзаемна абвясцілі адзін аднаго спадчыннікамі — у залежнасці ад таго, хто каго перажыў бы. Расчуленыя прымірэннем, браты намерыліся ўдваіх адправіцца ў Крыжовы паход, даручыўшы кіраванне краінай на час сваёй адсутнасці Леапольду VI. Але з часам эмоцыі ўлегліся, і абодва брата адмовіліся ад ідэі Крыжовага паходу.
Каля 1200 года Андраш ажаніўся з Гертрудай, дачкой герцага Бертольда Меранскага. Верагодна, менавіта жонка пераканала яго зноў арганізаваць змову супраць свайго брата. Андраш сабраў моцнае войска, складзенае з усіх незадаволеных моцнай каралеўскай улада. Войскі сустрэліся пад Вараждзінам. Калі кароль Імрэ зразумеў, што войскі Андраша пераўзыходзяць па колькасці каралеўскія, ён вырашыўся на адчайны крок: без зброі, з каронай на галаве і скіпетрам у руках ён з’явіўся ў лагеры Андраша. Уражаны Андраш здаўся і быў арыштаваны. Неўзабаве высілкамі яго прыхільнікаў ён бег з турмы.
Кароль, чыё здароўе слабела, жадаў забяспечыць узыходжанне на прастол свайго маленькага сына, Ласла, які быў каранаваны 26 жніўня 1204 года. Неўзабаве пасля гэтага Імрэ прымірыўся з Андрашам, якога ён прызначыў рэгентам пры малалетнім сыне. Пасля смерці брата 30 верасня 1204 года Андраш узяў на сябе кіраванне каралеўствам у якасці настаўніка свайго пляменніка, а таксама завалодаў грашыма брата. Каралева-ўдава Канстанцыя Арагонская, асцерагаючыся за жыццё сына, павезла Ласла III да Леапольда VI. Андраш ужо рыхтаваўся да вайны з Аўстрыяй, калі даведаўся, што Ласла III памёр 7 мая 1205 года, і, такім чынам, Андраш атрымаў у спадчыну трон.
Novæ institutiones
[правіць | правіць зыходнік]Андраш быў каранаваны архібіскупам Іаанам Калошскім 29 мая 1205 у Секешфехервары, але перад каранацыяй ён павінен быў прыняць прысягу. Андраш зрабіў радыкальныя змены ва ўнутранай палітыцы ў параўнанні з папярэднікамі і пачаў дараваць каралеўскія маёнткі сваім прыхільнікам. Ён назваў гэту новую палітыку «novæ institutiones» («новыя прызначэнні») і заявіў, што «Нішто не можа ўсталяваць межаў шчодрасці Яго Каралеўскай Вялікасці, і лепшай мерай дароў для манарха з’яўляецца невымернасць». Кароль дараваў грошы, вёскі, дамены, цэлыя паветы, і давёў казну да поўнага спусташэння. Андраш быў шчодрым у першую чаргу да сваіх нямецкіх сваякоў і набліжаных сваёй жонкі, што выклікала незадаволенасць сярод яго падданых.
Барацьба за Галіч
[правіць | правіць зыходнік]У першыя гады свайго кіравання Андраш II актыўна ўмешваўся ў распры ўнутры Галіцкага княства. У 1205 годзе ён увёў свае войскі ў княства, каб забяспечыць умацаванне ўлады малалетняга сына князя Рамана Мсціславіча Данілы. Пасля гэтай кампаніі ён прыняў тытул "Кароль Галіцыі і Ладамерыі " , спасылаючыся на сваё валадаранне над двума суседнімі княствамі. Напачатку наступнага года Даніла быў ізноў выгнаны з Галіча, але Андраш II у гэты раз адмовіўся яму дапамагчы, паколькі праціўнік Данілы, князь Уладзімір Ігаравіч падкупіў яго. Тым не менш, у тым жа годзе ён здзейсніў паход у Галіч і аказаў дапамогу князю Раману Ігаравічу ў захопе княжацкага стальца.
У 1208 годзе, скарыстаўшыся сваркай князя Рамана Ігаравіча з баярамі, Андраш II заняў Галіч і прызначыў рэгента для кіравання княствам ад свайго імя, але князь Уладзімір Ігаравіч змог адваяваць сваё княства ўжо ў наступным годзе.
Група арыстакратаў венгерскага двара, шакаваныя шчодрасцю Андраша да сваякоў і прыхільнікаў яго жонкі, тым часам запланавалі прапанаваць трон яго стрыечным братам, якія жылі пры двары імператара Нікеі Феадора I Ласкарыса, але іх пасланец быў арыштаваны, і Андраш змог выкрыць змову. У 1211 годзе ён падаў Бурцэнланд тэўтонскім рыцарам для таго, каб забяспечыць бяспеку паўднёва-ўсходніх межаў свайго каралеўства ад полаўцаў. Аднак рыцары замест вернай службы пачалі ўсталёўваць сваю, незалежную ад караля, уладу ў гэтым рэгіёне.
У 1211 годзе Андраш II аказаў ваенную дапамогу князю Даніле, каб той ізноў заняў Галіч. Акрамя таго, у наступным годзе ён асабіста ўзначаліў галіцкую армію пры адбіцці нападу князя Мсціслава Нямога на войскі Данілы. Неўзабаве пасля гэтага князь Даніла быў вымушаны зноў пакінуць княства і зноў звярнуцца за дапамогай да Андраша. Кароль у разгар падрыхтоўкі да новага паходу з’ехаў у Венгрыю, калі яму паведамілі пра зверскае забойства змоўшчыкамі каралевы Гертруды. Гэта забойства было следствам празмернай пратэкцыі караля замежнікам і выклікала жорсткую помсту Андраша II, якая вылілася ў масавыя забойствы сялян. Аднак кароль загадаў пакараць смерцю толькі лідара змоўшчыкаў і дараваў іншым членам групы, што прывяло да фарміравання непрыязнасці да яго сына Белы. Тым не менш, у 1214 годзе Андраш II каранаваў яго як спадчынніка.
Улетку 1214 года Андраш II сустрэўся з польскім герцагам Лешакам Белым, і яны дамовіліся пра падзел Галіцкага княства паміж Венгрыяй і Польшчай. Іх саюзныя войскі занялі княства, якое было перададзена па пагадненні малодшаму сыну Андраша, Коламану. Тым не менш, Андраш адмовіўся перадаць палякам абумоўленыя тэрыторыі, і Лешак Белы ў саюзе з князем Мсціславам Удатным выгналі венгерскія войскі з княства.
Неўзабаве пасля гэтага Андраш II зноў заключыў саюз з Лешакам Белым, і яны занялі Галіч, дзе зноў замацаваўся Коламан.
Пяты крыжовы паход
[правіць | правіць зыходнік]У гэты ж час Андраш заняўся праблемамі паўднёвых межаў свайго каралеўства. У 1214 годзе венгерскія войскі адарвалі ад Балгарскага царства Бялград і Бранічава.
У лютым 1215 года Андраш II ажаніўся ў другі раз з Іаландай, пляменніцай Генрыха I, імператара Лацінскай імперыі. Калі 11 ліпеня 1216 года імператар Генрых I памёр, Андраш II планаваў набыць імператарскі тытул, але бароны Лацінскай імперыі аддалі перавагу П’ера дэ Куртэнэ — яго цесцю.
Не набыўшы тытула, Андраш II вырашыў дамагчыся воінскай славы і выканаць клятву бацькі адправіцца ў крыжовы паход. Ён дамовіўся з венецыянцамі пра дастаўку яго войскаў на Святую Зямлю, а ў абмен адмовіўся ад прэтэнзій на Задар. Андраш і яго войскі выступілі 23 жніўня 1217 года са Спліта. Перад ад’ездам ён перадаў тампліерам крэпасць Кліс, стратэгічны пункт, які кантраляваў подступы да Спліта. Андраш II таксама прызначыў Понціуса дэ Круса, магістра ордэна ў Венгерскім каралеўстве, рэгентам Харватыі і Далмацыі.
Да вяртання ў Венгрыю, кароль Андраш II заставаўся лідарам Пятага крыжовага паходу [8] Крыжакі пагрузіліся на караблі венецыянскага флоту — найбуйнейшага на той момант у Еўропе. Яны высадзіліся 9 кастрычніка на Кіпры, адкуль далей адплылі ў Ака і далучыліся да войскаў Іаана Іерусалімскага, Гуга I Кіпрскага і князя Баэмунда IV Антыяхійскага, каб ваяваць супраць Аюбідаў у Сірыі. У кастрычніку правадыры крыжакоў правялі ваенны савет у Ака пад старшынствам караля Андраша II [9].
У Іерусаліме былі разбураны сцены і фартыфікацыйныя збудаванні, каб не даць магчымасць хрысціянам абараніць горад, калі б ім усё ж удалося яго заняць. Мусульмане беглі з горада, асцерагаючыся паўтору кровапраліцця ў Першым крыжовым паходзе ў 1099 годзе.
Добра падрыхтаваная армія Андраша 10 лістапада ўсё ж была разбіта султанам Аль-Адылем пры Віфсаідах на рацэ Іардан. Мусульманскія войскі пасля гэтага адступілі ў свае крэпасці і гарады. Катапульты і трэбюшэ не прыбылі своечасова, так што Андрашу прыйшлося аблажыць крэпасці Лівана. Напачатку 1218 года кароль Андраш II, сур’ёзна захварэўшы, вырашыў вярнуцца дамоў[10].
Андраш і яго армія вярнулася ў Венгрыю ў лютым 1218 года, гэтак жа як і Гуга I і Баэмунд IV. Па дарозе дамоў ён вёў перамовы з каралём Лявонам I Армянскім, нікейскім імператарам Феадорам I Ласкарысам і царом Іванам Асенем II Балгарскім, а таксама дамовіўся пра шлюбы сваіх дзяцей. Калі ён жыў у Нікеі, яго стрыечныя браты, якія жылі там, распачалі няўдалую спробу забіць яго.
Кароль Андраш II, выканаўшы сваю клятву крыжака, адвёў свае войскі на поўнач і зладзіў шлюб паміж сынам Андрашам і дачкой Лявона I Армянскага Ізабелай.
Залатая була і Diploma Andreanum
[правіць | правіць зыходнік]Па вяртанні Андраш II знайшоў сваё каралеўства ў анархіі. Пакуль ён быў у Святой Зямлі, нават яго рэгент, архібіскуп Іаан Эстэргамскі, быў вымушаны пакінуць краіну, а казна была раскрадзена. Ён паспрабаваў сабраць грошы з дапамогай увядзення новых падаткаў, збяднення манеты і пазык у яўрэяў і мусульман, што павялічыла яго непапулярнасць.
Яго знешняя палітыка таксама пацярпела фіяска. У жніўні 1219 года яго малодшы сын, Коламан, які быў каранаваны каралём Галіча, быў выгнаны са свайго каралеўства наўгародскім князем Мсціславам Удатным. Андрашу прыйшлося заключыць мір з князем, і ён таксама паспрабаваў ажаніць свайго малодшага сына Андраша з адной з дочак Мсціслава.
У 1220 годзе Андраш II даручыў кіраванне Славоніяй, Далмацыяй і Харватыяй свайму сыну Беле, але пры гэтым разлучыў яго з жонкай.
Напачатку 1222 года незадаволенасць дваран каралеўскай палітыкай вымусіла Андраша II падпісаць Залатую булу 1222 года. Гэты дакумент — аналаг Вялікай хартыі вольнасцей, выдадзенай у Англіі ў 1215 годзе, стаў сведчаннем кампрамісу паміж каралеўскай уладай, з аднаго боку, і буйнымі землеўладальнікамі і дваранствам у цэлым, з іншага, і ўсталяваў недатыкальнасць прывілеяў магнатаў, а таксама іх права не падпарадкоўвацца каралю, калі ён парушыць палажэнні гэтага дакумента.
У 1223 годзе Бела забраў жонку і збег у Аўстрыю, асцерагаючыся гневу Андраша. Нарэшце, кароль заключыў пагадненне са сваім сынам пры пасродніцтве Папы Ганорыя III, і Бела зноў прыняў кіраванне Славоніяй, Далмацыяй і Харватыяй. 6 чэрвеня 1224 года Андраш II заключыў мір з герцагам Леапольдам VI.
У 1224 годзе Андраш II выпусціў Diploma Andreanum («Закон Андраша»), які ўніфікаваў і забяспечыў асаблівымі прывілеі трансільванскіх саксонцаў. Гэта найстарэйшы дакумент аб самакіраванні ў свеце. У тым жа годзе Андраш выгнаў тэўтонскіх рыцараў з Трансільваніі, якія ігнаравалі яго ўладу.
Канфлікт з сынам
[правіць | правіць зыходнік]Сын караля Бела на падкантрольных яму тэрыторыях у гэты перыяд пачаў, з дазволу Папы Ганорыя III, канфіскоўваць каралеўскія дамены, падараваныя Андрашам сваім прыхільнікам напачатку яго кіравання. Андраш II выступіў супраць палітыкі свайго сына і адправіў яго кіраваць Трансільваніяй, а яго малодшы сын, Коламан стаў губернатарам былых правінцый Белы.
У другой палове 1226 года Андраш II увёў сваю армію ў Галіч па просьбе свайго малодшага сына Андраша. Хоць Мсціслаў Удатны разбіў каралеўскія войскі, урэшце ён быў вымушаны пагадзіцца саступіць княства венграм.
Падчас 1228 года два сыны Андраша зноў пачалі забіраць назад былыя каралеўскія дамены ў сваіх правінцыях і пераканалі бацьку канфіскаваць маёнткі баронаў, якія бралі ўдзел у змове супраць іх маці. У 1229 годзе князь Данііл Галіцкі выгнаў Андраша-малодшага з Галіча, у той час як у 1230 годзе Фрыдрых II пачаў нападаць на заходнія межы каралеўства.
Пагадненне ў Берэгу
[правіць | правіць зыходнік]Андраш II, нягледзячы на рашэнні чацвёртага Латэранскага сабора, ахвотна набліжаў да каралеўскай сям’і яўрэяў і мусульман. Аднак Папа Рыгор IX запатрабаваў ад яго адмовіцца ад гэтай практыкі. Нарэшце, Андраш быў вымушаны пацвердзіць Залатую булу і дапоўніць яго палажэннем, якое забараняла наймаць на службу нехрысціян, а таксама ўпаўнаважыла архібіскупа Эстэргама пакараць караля ў выпадку, калі ён праігнаруе сваё абяцанне.
У другой палове 1231 года Андраш II прывёў сваю армію ў Галіч і змог забяспечыць уладу свайго малодшага сына над княствам. Па вяртанні ў Венгрыю архібіскуп Роберт Эстэргамскі наклаў на каралеўства інтэрдыкт і адлучыў буйных каралеўскіх саноўнікаў, паколькі Андраш працягваў наймаць яўрэяў і мусульман на службу ў сваёй адміністрацыі. Аднак па просьбе Андраша II архібіскуп неўзабаве зняў царкоўныя пакаранні, а Папа паабяцаў, што саноўнікі караля ніколі не будуць адлучаны без яго адмысловага дазволу.
20 жніўня 1233 года Андраш II правёў сустрэчу з легатам Папы Рыгора IX у адной з вёсак у камітаце Берэг, і яны заключылі пагадненне, якое забяспечыла прывілеі духавенства. Увосень таго ж года кароль таксама сустрэўся з герцагам Фрыдрыхам II Аўстрыйскім, і яны дамовіліся спыніць сутычкі на мяжы, аднак герцаг неўзабаве парушыў пагадненне.
Апошнія гады
[правіць | правіць зыходнік]14 мая 1234 года Андраш II, які стаў да таго часу ўдаўцом у другі раз, ажаніўся з Беатрысай д’Эстэ, якая была на трыццаць гадоў маладзейшай за яго. З-за новага шлюбу яго адносіны з сынамі пагоршыліся.
Улетку 1234 года біскуп Іаан Баснійскі адлучыў Андраша II ад царквы, паколькі той не выконваў некаторыя палажэнні пагаднення ў Берэгу. Кароль звярнуўся да Папы, парасіўшы прыняць меры супраць біскупа.
Увосень 1234 года князь Даніла Галіцкі вярнуў сабе Галіч, якім да таго валодаў малодшы сын Андраша II Андраш. Апошні памёр падчас аблогі горада. Такім чынам скончылася венгерскі панаванне над Галічам.
Напачатку 1235 года Андраш II здзейсніў паход супраць Аўстрыі і вымусіў герцага Фрыдрыха II прыняць умовы міру.
Ён быў яшчэ жывы, калі 28 мая 1235 года адна з яго дочак, Елізавета Венгерская, якая памерла за некалькі гадоў да таго, была кананізавана. Перад смерцю караля Папа Рымскі зняў з яго адлучэнне, і больш таго, паабяцаў, што кароль Венгрыі і яго сваякі не будуць адлучаны без адмысловага дазволу Папы.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]#1. каля 1200: Гертруда Меранская (1185 — 8 верасня 1213), дачка герцага Бертольда IV Меранскага і яго жонкі Агнэсы
- Ганна Марыя Венгерская (каля 1204—1237), жонка балгарскага цара Івана Асеня II
- Бела IV (1206 — 3 мая 1270)
- Святая Елізавета Венгерская (1207 — 10 лістапада 1231), жонка ландграфа Людвіга Цюрынгскага
- Коламан, князь галіцкі (1208 — пасля 11 красавіка 1241)
- Андраш, князь галіцкі (каля 1210—1234)
#2. люты 1215: Іаланда дэ Куртэнэ (каля 1200—1233), дачка П’ера II дэ Куртэнэ, імператара Лацінскай імперыі, і яго другой жонкі, Іаланды дэ Эно
- Іаланда Венгерская (каля 1215 — 12 кастрычніка 1251), жонка караля Хаймэ I Арагонскага
#3. 14 мая 1234: Беатрыса д'Эстэ (каля 1215 — да 8 мая 1245), дачка Альдабрандзіна д’Эстэ
- Іштван Постум (1236 — 10 красавіка 1271), бацька Андраша III.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ King of Hungary Andrew II // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Andrew II // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б https://www.arcanum.com/hu/online-kiadvanyok/Lexikonok-magyar-eletrajzi-lexikon-7428D/a-a-744F8/andras-ii-7460C/
- ↑ а б в г д е ё Kindred Britain
- ↑ а б в (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б в Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Andrew II. (2009). In Encyclopædia Britannica: http://www.britannica.com/EBchecked/topic/23972/Andrew-II
- ↑ Thomas Keightley, Dionysius Lardner: Outlines of history: from the earliest period to the present time (page: 210)
- ↑ Kenneth M. Setton, Norman P. Zacour, Harry W. Hazard: A History of the Crusades: The Impact of the Crusades on the Near East (Page: 358)
- ↑ Jean Richard: The crusades, c 1071-c. 1291, page: 298.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Kristó, Gyula — Makk, Ferenc: Az Árpád-ház uralkodói (IPC Könyvek, 1996)
- Korai Magyar Történeti Lexikon (9-14. század), főszerkesztő: Kristó, Gyula, szerkesztők: Engel, Pál és Makk, Ferenc (Akadémiai Kiadó, Budapest, 1994)
- Magyarország Történeti Kronológiája I. — A kezdetektől 1526-ig, főszerkesztő: Benda, Kálmán (Akadémiai Kiadó, Budapest, 1981)