Абвінавачванне ахвяры
Абвінавачанне ахвяры, ці віктымблэймінг (англ.: victim blaming), адбываецца, калі на ахвяру злачынства, няшчаснага выпадку ці любого віду гвалту ўскладаецца поўная або частковая адказнасць за здзейсненае ў дачыненні да яе парушэнне або тое, што адбылося няшчасце. Як правіла, абвінавачванне ахвяры прымае форму расісцкіх, сексісцкіх і класісцкіх сцверджанняў[1]. Аднак гэтая пазіцыя можа існаваць і незалежна ад такіх відаў нецярпімасці, а ў некаторых краінах нават носіць па меншай меры напаўафіцыйны характар. З пункту гледжання сацыяльнай псіхалогіі, абвінавачванне ахвяры — гэта наступства веры ў справядлівы свет.
Псіхалогія абвінавачання ахвяры
[правіць | правіць зыходнік]З пункту гледжання сацыяльнай псіхалогіі, абвінавачанне ахвяры асноўваецца на веры ў справядлівы свет[2]. Вера ў справядлівы свет — гэта кагнітыўнае скажэнне, пры якім чалавек верыць у тое, што любое дзеянне выклікае заканамерныя і прадказальныя вынікі. Для такога чалавека невыносная думка пра тое, што няшчасце можа адбыцца з кім-небудзь цалкам выпадкова. Як паказаў першаадкрывальнік феномена веры ў справядлівы свет Мелвін Лернер, каб пазбегнуць прызнання памылковасці сваіх уяўленняў аб справядлівым ладзе свету, людзі рэінтэрпрэтуюць несправядлівую падзею, звязваючы яе з паводзінамі ці ўласцівасцямі ахвяры, і тым самым адначасова абвінавачваюць і прыніжаюць яе[3].
Гісторыя паняцця
[правіць | правіць зыходнік]Тэрмін «абвінавачанне ахвяры» (victim blaming) упершыню выкарыстаў Уільям Райан у аднайменнай кнізе (Blaming the Victim), апублікаванай ў 1971 годзе[4][5][6][7][8]. Райан апісвае абвінавачанне ахвяры як ідэалогію, якая прымаецца для апраўдання расізму і сацыяльнай несправядлівасці ў дачыненні да чарнаскурага насельніцтва ЗША. Кніга была напісана ў якасці рэакцыі на кнігу Патрыка Мойнігана «Негрыцянская сям’я: за ўмяшанне дзяржавы» (The Negro Family: The Case for National Action), якая выйшла ў 1965 годзе і вядомая ў ЗША як «справаздача Мойнігана» (the Moynihan Report).
Мойніган лічыў непасрэднай прычынай цяжкага становішча афраамерыканцаў сямейную структуру з пераважна ці ўвесь час адсутнымі бацькам і маці, якая залежыць ад дзяржаўнай падтрымкі ў забеспячэнні дзяцей харчаваннем, адзеннем і медыцынскай дапамогай. На думку Мойнігана, каб змяніць сітуацыю, патрабаваліся дзяржаўныя меры па ўмацаванні нуклеарнай сям’і сярод чарнаскурага насельніцтва. На думку Райана, тэорыі Мойнігана былі спробамі пераменшыць ролю сацыяльна-структурных фактараў у існаванні беднасці і ўскласці адказнасць на саміх бедных, іх паводзіны і культурныя патэрны. Кнігу Райана называюць «зруйнавальнай крытыкай ментальнасці, якая вінаваціць бедных у іх беднасці, а слабых — у іх слабасці».
Хоць менавіта Райан папулярызаваў тэрмін «абвінавачанне ахвяры», сама з’ява добра вядома ў чалавечых псіхалогіi і гісторыі. У прыватнасці, мноства прыкладаў абвінавачання ахвяры можна знайсці ў Старым Запавеце, дзе трагедыі і катастрофы апраўдваюцца папярэднімі паводзінамі і грахамі ахвяр[9].
Абвінавачанне ахвяры, фемінізм і віктымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Інтэнцыю абароны злачынца і ўскладання частковай адказнасці за злачынства на яго ахвяру можна выявіць ужо ў першых працах па інтэракцыянісцкай, або пазітывісцкай віктымалогіі, напрыклад, у класічнай працы Б. Мендэльсона «Новая галіна бія-псіха-сацыяльнай навукі: віктымалогія» (1956)[10][11]. Найбольш паслядоўную крытыку прымянення гэтых паняццяў для абвінавачвання ахвяры выказвалі фемінісцкія даследчыкі — у першую чаргу, у дачыненні да ахвяраў гендарнага гвалту.
У 1971 году віктымолаг-пазітывіст Менахем Амір апублікаваў сваё даследаванне аб згвалтаваннях «Патэрны ў згвалтаваннях з прымяненнем фізічнай сілы» (Patterns in Forcible Rape), у якім прапанаваў паняцце «згвалтавання, справакаванага ахвярай» (victim-precipitated rape). Паводле азначэння Аміра, «правакацыю» можна выявіць у выпадках, калі ахвяра, з пункту гледжання гвалтаўніка, дала невідавочную згоду на секс ці дазволіла змясціць сябе ў небяспечную або ўразлівую сітуацыю. У прыватнасці, даследчык прапанаваў адносіць да «правакацый» ужыванне алкаголю, згоду сесці ў машыну незнаёмага мужчыны, згоду на тую ці іншую форму сексуальнага ўзаемадзеяння, а таксама недастаткова рашучы супраціў гвалтаўніку. Амір заключыў, што «так ці інакш, ахвяра заўсёды з’яўляецца прычынай злачынства».
З крытыкай працы Аміра з фемінісцкіх пазіцый выступіла Памэла Лэйкс Вуд. У артыкуле, апублікаваным у American Criminal Law Review, яна адзначае, што адзіная магчымасць для жанчыны-ахвяры пазбегнуць абвінавачванняў — гэта жыць у пастаянным страху, што кожны мужчына можа апынуцца гвалтаўніком. Падобныя пярэчанні былі выказаны Куртам Вайсам і Сандрай Борхес, якія заявілі, што з прапанаванай Амірам канцэпцыі згвалтавання ў рэчаіснасці вынікае, што «адзіны патрэбны інгрэдыент для згвалтавання, справакаванага ахвярай, — гэта ўяўленне гвалтаўніка»[12].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Буллінг
- Віктымізацыя
- Злараднасць
- Казёл адпушчэння
- Культура згвалтавання
- Лагічны выкрут
- Адмаўленне (псіхалогія)
- Праекцыя (псіхалогія)
- Рацыяналізація (псіхалогія)
- Сорам
- Шэрыл Араўжо
- Эфект Марты Мітчэлл
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Gregory Meyerson and Michael Joseph Roberto. Fascism and the Crisis of Pax Americana
- ↑ Irina Anderson, Kathy Doherty. Accounting for Rape: Psychology, Feminism and Discourse Analysis in the Study of Sexual Violence. Routledge, 2008.
- ↑ Lerner, M. J., & Miller, D. T. (1978). Just world research and the attribution process: Looking back and ahead. Psychological Bulletin, 85(5), 1030—1051.
- ↑ William Ryan. Blaming the Victim. Pantheon Books, 1971. ISBN 978-0-394-41726-4
- ↑ Cole, Alyson Manda. The cult of true victimhood: from the war on welfare to the war on terror. 2007. P. 111, 149, 213.
- ↑ Downs, Donald Alexander. More Than Victims: Battered Women, the Syndrome Society, and the Law. 1998. P. 24.
- ↑ Kirkpatrick, George R. and Katsiaficas, George N. and Kirkpatrick, Robert George and Emery, Mary Lou (1987). Introduction to critical sociology. P. 219.
- ↑ Kent (2003)
- ↑ Robinson, Daniel N. (2002) Praise And Blame: Moral Realism and Its Applications. P. 141.
- ↑ Mendelsohn, B. Une Novelle Branche de la Science Bio-Psycho-Sociale: La Victimologie. In: Revue Internationale de Criminologie et de Police Technique, 1956.
- ↑ Jan J.M. van Dijk. Introducing Victimology, in The Ninth International Symposium of the World Society of Victimology, Free University of Amsterdam, 1997.
- ↑ Kurt Weis, Sandra Borges Victimology and rape - the case of the legitimate victim(англ.) // Issues in criminology. — 1973. — Т. 8. — № 2. — С. 71—115.