Перайсці да зместу

Эканоміка Арменіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 22:01, 9 жніўня 2024, аўтар Хомелка (размовы | уклад) (вікіфікацыя)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Эканоміка Арменіі
Выява
Краіна
Месцазнаходжанне
Намінальны ВУП 11 536 590 635,827 $[1]
Намінальны ВУП на душу насельніцтва 3 936 $[2]
ВУП (ППЗ) 28 331 471 460 Міжнародны долар[3]
ППЗ ВУП на душу насельніцтва 9 667,959 Міжнародны долар[4]
Тэмп росту рэальнага ВУП 0,2 ± 0,1 %[5]
Сумарныя запасы 2 314 113 951 $[6]
Узровень інфляцыі −1,1 ± 0,1 %[7]
Схематычная ілюстрацыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Арменія належыць да ліку краін, што развіваюцца. Страта традыцыйных эканамічных сувязяў пасля распаду СССР, блакада з боку Азербайджана і Турцыі, адсутнасць уласных паліўных рэсурсаў — усё гэта негатыўна адбіваецца на гаспадарцы краіны. Эканамічным тварам Арменіі застаюцца сельская гаспадарка і знітаваная з ёй харчовая прамысловасць (вытворчасць пладовых кансерваў, він, каньякоў), здабыча руд каляровых металаў (золата, медзі і малібдэну) і каляровая металургія, атамная энергетыка, турызм, Арменія ўваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз, і яе эканоміка ў моцнай ступені арыентавана на Расійскую Федэрацыю.

Эканамічная гісторыя і сённяшні стан гаспадаркі

[правіць | правіць зыходнік]
Тэмпы росту ВУП Арменіі, Грузіі, Азербайджана і некаторых рэгіёнаў у 2010 - 2017. Арменія ў 2010-х дэманструе высокі, але нестабліны рост ВУП.

Сённяшняя Арменія — аграрна-індустрыяльная краіна з даволі нізкім узроўнем развіцця эканомікі. Па аб'ёме ВУП на душу насельніцтва Арменія саступае абодвум суседзям па Закаўказзі. У складзе СССР Арменія мела магутную індустрыю, у межах якой былі прадстаўлены практычна ўсе галіны прамысловасці. Распад Саюза вымусіў краіну згарнуць большасць вытворчасцей, паколькі А) амаль усе яны працавалі на сыравіне з саюзных рэспублік Б) невялікі ўласны рынак не меў патрэбы ў такой колькасці хімікатаў, тканін, электронікі і г.д. Дэіндустрыялізацыя, а таксама неабходнасць забяспечыць харчовую бяспеку, адбілася на размеркаванні занятасці: доля эканамічна актыўнага насельніцтва ў сельскай гаспадарцы вырасла з менш чым 20 % да больш за 40 %. У выніку названых вышэй эканамічных прычын, а таксама ў выніку Карабахскай вайны, у 1989–1993 армянскі ВУП скараціўся на 60 %.

Дзяржаўны камітэт па даходах (аб'ядноўвае мытную і падатковую службу) часта абвінавачваецца ў карупцыі

З 1994 года, пры падтрымцы МВФ ідзе мадэрнізацыя эканомікі, якая выклікала эканамічны рост. Дзякуючы прыватызацыі сярэдніх і малых прадпрыемстваў краіне ўдалося абмежаваць інфляцыю і стабілізаваць валюту. У 2003 Арменія ўвайшла ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю, стаўшы яе 145 удзельнікам. Органам банкаўскага рэгулявання і банкаўскага нагляду з'яўляецца Цэнтральны банк Рэспублікі Арменія. Значную частку нацыянальнага прыбытку забяспечваюць грашовыя пераводы нацыянальнай дыяспары у Расіі і іншых краінах. У 2010-х хутка развіваецца ІТ-сектар: у 2013 кампанія Intel заявіла аб намеры адкрыць у Ерэване даследчы цэнтр. У 2015 Арменія ўвайшла ў Еўразійскі эканамічны саюз, тым самым замацаваўшы сваю эканамічную арыентацыю на Расію. У 2012 – 2018 ВУП Арменіі вырас на 40,7 %![8]

Да адмоўных фактараў, што па сёння тармозяць развіццё армянскай эканомікі, адносяцца наступствы землетрасення 1988 і блакада з боку Турцыі і Азербайджана. Эканамічнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца толькі праз межы Грузіі і Ірана. Значнай праблемай застаецца беспрацоўе (18,9 % у 2017), яшчэ вышэй ягоны паказчык сярод моладзі.[9]

Развіта здабыўная прамысловасць, у якой у 2017 было створана 3,1 % ВУП (172 млрд драм)[10]: вядзецца здабыча золата, свінцова-цынкавых і медных руд. Разведаны невялікія паклады нафты і прыроднага газу, але іх распрацоўка нават не пачата.

Прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]
Градзірні Армянскай АЭС

Адсутнасць значных паліўных рэсурсаў вынікла ў неабходнасці будаўніцтва АЭС. Два рэактары магутнасцю 420 МВт кожны былі запушчаны у 1976 і 1980 гадах у Мецаморы. У 1989, пасля землетрасення ў Спітаку, праца АЭС была спынена. Нястача электрычнасці і паліва ў выніку блакады з боку Азербайджана выклікала аднаўленне працы АЭС, што дазволіла краіне забяспечыць патрэбы ў электрычнасці і спыніць жорсткую эканомію, але прывяло да адмоўнай рэакцыі з боку Еўрапейскага Саюза. Па стане на 2015 год АЭС давала 40 % ад ўсёй армянскай вытворчасці электраэнергіі. У лютым 2018 было аб'яўлена аб мадэрнізацыі АЭС і павелічэнні яе магутнасці на 10 %.[11] Даследуюцца магчымасці ўсталявання невялікіх рэактараў у іншых раёнах краіны. І ядзернае паліва, і газ дзя ЦЭС, прадпрыемстваў і камунальнай гаспадаркі імпартуюцца з Расіі (газ часткова з Ірана). І толькі парожыстыя армянскія рэкі не пакідаюць краіну без энергіі айчыннага паходжання. Дзейнічае каскад ГЭС на рацэ Раздан. Да уласна армянскіх энергарэсурсаў адносяцца і хуткі армянскі вецер, і гарачае армянскае сонца, на якія так актыўна намякаюць праціўнікі атамнай энергетыкі з ЕС. У 2017 армянскімі электрастанцыямі было выраблена 7,8 млрд кВт*гадз электраэнергіі, што на 6,1 % больш чым у папярэднім годзе, але па вытворчасці кВт*гадз на душу насельніцтва Арменія саступае большасці краін СНД.[12]

У студзені 2021 года ўрад Арменіі зацвердзіў Стратэгічную праграму развіцця энергетычнага сектара, якая вызначае шляхі развіцця галіны на перыяд да 2040 года.

Іншыя галіны прамысловасці

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод астатніх галін прамысловасці ў ХХІ стагоддзі важную ролю працягваюць іграць:

  • каляровая металургія на ўласных рэсурсах, што пакутуе ад недахопу паліва і элекраэнергіі (медзеплавільны камбінат у Алаверды);
  • вытворчасць цэменту;
  • вытворчасць хімічных валокнаў, шын, угнаенняў (ванадзорскі хімічны комплекс);
  • харчовая прамысовасць — вытворчасць спіртных напояў (віна, каньяку), пладовых кансерваў (сочыва, джэмаў, сокаў), тытунёвых вырабаў;

Адроджаны і нанова створаны некаторыя галіны машынабудавання: прыладабудаванне, вытворчасть дэталяў для аўтамабілебудавання, рухавікоў, прэсавага абсталявання; асвоена апрацоўка каштоўных камянёў і агранка алмазаў.

Сельская гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]
Авечкі і козы на вясновых пашах на схілах патухлага вулкана Ара лер

Сельская гаспадарка, у якой занята 36 % насельніцтва і якая ствараецца 15 % ВУП (2017) ды значная частка экспарту, развітая не дастаткова для самазабяспечання харчаваннем. Да фактараў, што спрыяюць развіццю адносяцца ўрадлівыя вулканічныя глебы, да неспрыяльных — гарыстасць тэрыторыі і дэфіцыт увільгатнення ў летні перыяд. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства, нягледзячы на тое, што ворныя землі, сады і вінаграднікі займаюць усяго 16 % тэрыторыі. Асноўным раёнам земляробства з'яўляецца Арарацкая даліна. Вырошчваюцца збожжавыя (пшаніца, ячмень), гародніна, бульба, пладовыя культуры (персікі, грэцкія арэхі, айва, інжыр, гранаты, абрыкосы), вінаград (сталовыя і вінныя гатункі), дыні, кветкі. Больш раннія вясна і лета дазваляюць армянскім аграрыям пастаўляць прадукцыю на рынкі паўночных краін у красавіку-чэрвені. У жывёлагадоўлі пераважае экстэнсіўная авечкагадоўля на засушлівых большай часткай года горных пашах, якія займаюць 56 % тэрыторыі краіны. Севан дае багата рыбы, асабліва знакамітая стронга, якая тут завецца ішханам.

Сярод відаў траспарту галоўнае значэнне мае аўтамабільны. Чыгункі знаходзяцца ў заняпадзе, у тым ліку праз блакаду з боку Турцыі і Азербайджана. Пасажырскае спалучэнне дзейнічае толькі з Грузіяй (цягнік Ерэван–Тбілісі–Батумі).

Знешні гандаль

[правіць | правіць зыходнік]

Чвэрць армянскага экспарту (2017) прыходзіцца на турыстычныя паслугі, 12 % — на ІТ паслугі. Яшчэ чвэрць складаюць каляровыя металы — медзь і золата, 10 % — тытунёвыя вырабы і спіртныя напоі. Асноўнымі пакупнікамі з'яўляюцца Расія (24 %), Кітай (13 %), Грузія (12,5 %), Швейцарыя (8 %). Асноўныя артыкулы імпарту — турыстычныя і транспартныя паслугі, паліва, прадукты харчавання. Галоўныя пастаўшчыкі — Расія (29 %), краіны ЕС, Грузія, Іран, ААЭ.[13] Гандлёвы абарот паміж Арменіяй і Беларуссю складае каля 50 млн даляраў. Беларускі ўрад плануе павялічыць экспарт у Арменію трактароў і ліфтоў, пасажырскай тэхнікі, малочнай прадукцыі. Арменія пастаўляе на беларускі рынак кветкі, спіртныя напоі, лекі.[14]

Зноскі

  1. World Bank Open DataСусветны банк. Праверана 20 кастрычніка 2018.
  2. World Bank Open DataСусветны банк. Праверана 27 мая 2019.
  3. World Bank Open DataСусветны банк. Праверана 8 чэрвеня 2019.
  4. World Bank Open DataСусветны банк. Праверана 11 чэрвеня 2019.
  5. http://www.imf.org/external/datamapper/NGDP_RPCH@WEO?year=2016
  6. World Bank Open DataСусветны банк. Праверана 1 мая 2019.
  7. http://www.imf.org/external/datamapper/PCPIEPCH@WEO?year=2016
  8. http://arka.am/en/news/economy/armenia_s_gdp_has_grown_40_7_over_seven_year_and_key_banking_indicators_have_almost_doubled/?sphrase_id=24650680
  9. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/am.html Архівавана 15 чэрвеня 2019.
  10. https://www.armstat.am/file/article/sv_01_18a_112.pdf
  11. http://arka.am/en/news/technology/modernization_to_increase_the_capacity_of_armenian_nuclear_power_plant_by_10/
  12. https://www.indexmundi.com/map/?v=81000
  13. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=9&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2017
  14. https://sputnik.by/economy/20190131/1039839362/Traktory-v-obmen-na-tsvety-i-konyak-Belarus-ozhivit-torgovlyu-s-Armeniey.html