Перайсці да зместу

Французы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 11:10, 25 ліпеня 2024, аўтар InternetArchiveBot (размовы | уклад) (Rescuing 1 sources and tagging 0 as dead.) #IABot (v2.0.9.5)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Французы
(les Francais)
Агульная колькасць 42 244 000
Рэгіёны пражывання  Францыя — 38736 тыс.

 Бельгія — 124 тыс.
 Германія — 15 тыс.
 Манака — 77 тыс.
 Італія — 142 тыс.
 Іспанія — 54 тыс.
 ЗША — 1798 тыс.
 Маўрыкій — 74 тыс.
 Сенегал — 47 тыс.
 Гвіяна — 20 тыс.
 Мадагаскар — 132 тыс.

Мова Французская, аксітанская
Рэлігія каталіцызм, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы валоны, манегаскі, каталонцы

Францу́зы (фр.: les Français) — раманскі народ, асноўнае насельніцтва Францыі. Жывуць таксама ў сумежных дзяржавах Еўропы, заморскіх дэпартаментах Францыі, былых французскіх калоніях, ЗША і іншых краінах. Агульная колькасць (2012 г.) — 42 244 000 чал.[1] Асноўная мова — французская. У мінулым на поўдні Францыі таксама была шырока распаўсюджана аксітанская мова. Акрамя таго, французы як палітычная нацыя прадстаўляюць усіх грамадзян Францыі незалежна ад іх этнічнага паходжання, што вызначана Грамадзянскім кодэксам Францыі.

Вялікая Французская рэвалюцыя

У антычнасці на тэрыторыі сучаснай Францыі жылі розныя па паходжанню народы. Большую частку насельніцтва складалі кельцкія плямёны галаў, на поўдні жылі лігуры, іберы-аквітаны і васконы (продкі баскаў), а ў VII — VI ст. да н.э. з’явіліся грэкі і фінікійцы. Ужо да прыходу рымлян у Галію перасяляліся германскія плямёны. У 58 — 52 гг. Галія была заваявана рымлянамі. Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н.э. на яе землях адбываўся імклівы працэс раманізацыі, які асабліва адчуваўся на поўдні краіны і вельмі павярхоўна закранаў насельнікаў паўночных памежных рэгіёнаў. Галія з’яўлялася буйным пастаўшчыком у Рым сельскагаспадарчай прадукцыі. У часы Рымскай імперыі на яе тэрыторыі было заснавана каля 100 гарадоў.

З III ст. н.э. Галія адчувала ўсё большы націск суседзяў-германцаў. У V — VI стст. яна была захоплена вестготамі, франкамі, бургундамі. У вобласці Арморыка (сучасная Брэтань) пасяліліся кельты з суседняй Брытаніі (продкі брэтонцаў). Паступова франкская дзяржава Меравінгаў пашырала свае межы. У 751 г. Піпін Кароткі заснаваў дынастыю франкскіх манархаў Каралінгаў. Яго сын Карл Вялікі (742814 гг.) ператварыў дзяржаву франкаў у магутную імперыю, у склад якой увайшла ўся тэрыторыя Францыі, значныя часткі Германіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў і інш. У 843 г. яна распалася, прычым Францыя апынулася ў складзе дзяржавы заходніх франкаў. У 911 г. выхадцы са Скандынавіі заснавалі Нармандыю.

Пасля заваявання Галіі германцамі тут адбыліся істотныя змены. Германцы не імкнуліся наўмысна разбураць існуючы лад. Многія парадкі, заведзеныя яшчэ рымлянамі, захоўваліся даволі працяглы час. Важным было прыняцце франкамі каталіцызму. Каталіцкая царква захоўвала лацінскую мову, хаця трэба прызнаць, што да VIII — IX стст. нават літаратурная мова зведала значныя змены. У яе ўвайшло шмат слоў германскага паходжання, асабліва тых, што мелі адносіны да ваеннай справы і адміністрацыйнага кіравання. У канцы VIII ст., калі Карл Вялікі імкнуўся адрадзіць пісьменнасць, прыйшлося складаць спецыяльны гласар, куды ўвайшло некалькі сотняў народных слоў, невядомых у класічнай лаціне. У 842 г. Карл II Лысы склаў клятву (sermen) на раманскай мове, якую некаторыя даследчыкі ўжо лічаць французскай. На поўдні, дзе лацінская мова зведала ўплыў вестготаў, пачала фарміравацца мова ок. У XII ст. яна набыла літаратурную аснову і стала галоўнай мовай трубадураў.

Гарады першапачаткова захоўвалі старыя традыцыі, але яны зведалі ў ранняе Сярэднявечча моцны эканамічны і дэмаграфічны заняпад. У аграрных раёнах распаўсюдзілася абшчыннае землекарыстанне па германскаму ўзору. Адначасова з ростам дзяржавы ўкараняліся феадальныя прывілегіі. Ужо ў перыяд кіравання Каралінгаў вылучыліся асобныя рэгіёны, што мелі значную спецыфіку — Нейстрыя, Бургундыя, Аквітанія і Аўстразія. У X ст. у Францыі вылучыліся буйныя феадальныя дамены — графствы і герцагствы, кіраўнікі якіх вельмі ўмоўна залежалі ад каралеўскай улады ў Нейстрыі, дзе нават вылучылася вобласць Іль-дэ-Франс з цэнтрам у Парыжы. Яе кантралявалі непасрэдна каралі. Землі паўднёвай Францыі эканамічна былі больш злучаны з Міжземнамор’ем. Гэта садзейнічала далейшаму падзелу краіны на культурныя і дыялектныя рэгіёны. Наяўнасць розных сацыяльных пластоў, меўшых розны прававы статус, прывяло да з’яўлення саслоўнай культуры. У сярэднявечнай Францыі саслоўны культурны падзел на рыцараў, святароў, гараджан і сялян быў вельмі значным.

З XI ст. каралі Францыі праводзілі палітыку аб’яднання дзяржавы. Асабліва важным было далучэнне багатых паўднёвых зямель Праванса ў XIII ст. падчас войн з альбігойцамі, заходніх зямель у выніку Стагадовай вайны і Бургундыі ў 1482 г. Людовік XI правёў шэраг рэформ, якія садзейнічалі цэнтралізацыі, але эканамічныя і культурныя сувязі паміж рэгіёнамі ўсталёўваліся вельмі паступова. У XV ст. усталявалася адзіная для Францыі Галіканская царква. У 1539 г. Францыск I выдаў закон аб выкарыстанні французскай мовы ў судовай і адміністрацыйнай сферах. Рэлігійныя войны 15621592 гг. прывялі да перамяшчэння вялікай колькасці насельніцтва.

Істотныя наступствы мела эпоха абсалютызму. З мэтай абмежавання буйных феадалаў і павышэння асабістых прыбыткаў каралі Францыі садзейнічалі пашырэнню правоў дробных шляхцічаў і гараджан. Яшчэ ў перыяд аб’яднання большасць сялян атрымалі асабістую свабоду. У абсалютысцкай дзяржаве сфарміраваўся пласт чыноўнікаў і адміністратараў, якія арыентаваліся на адзіныя ўзоры мовы і культуры. Францыя ператварылася ў каланіяльную імперыю. Перасяленцы ў французскіх калоніях, незалежна ад паходжання, атаясамлялі сябе з Францыяй і абаранялі яе дзяржаўныя сімвалы. У XVII — XVIII стст. адбывалася экспансія французскай прыдворнай культуры ў іншыя краіны Еўропы. На яе арыентаваліся заможныя жыхары самой Францыі. Французская мова набыла міжнародны характар.

У гады Вялікай французскай рэвалюцыі была абвешчана ідэя адзінай французскай нацыі. У адрозненні ад нямецкіх філосафаў, французскія рацыяналісты арыентаваліся на нацыю, якая аб’ядноўвалася палітычна, а не моўна. Такое палітычнае тлумачэнне і атаясненне французаў менавіта з дзяржавай характэрна і ў нашы дні. Уводзілася заканадаўства з адзінымі для ўсіх грамадзян правамі, дзяржава брала пад кантроль школу і адукацыю. Прызыўная сістэма садзейнічала таму, што большасць маладых мужчын служыла ў арміі, дзе мела магчымасць пашырыць кантакты з прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў, вывучыць французскую літаратурную мову і набыць агульную нацыянальную тоеснасць. Гэта адыграла значную ролю ў перыяд Напалеонаўскіх войн, калі Францыя заявіла пра сябе як гегемон Еўропы.

У канцы XVIII—XIX стст. адбывалася індустрыалізацыя і павелічэнне гарадскога насельніцтва за лік мігрантаў з сельскай мясцовасці. Французскі пралетарыят дэманстраваў значную згуртаванасць падчас рэвалюцыйных падзей 1848, 18701871 гг. Пасля II Сусветнай вайны і набыцця незалежнасці большасці французскіх калоній вызначыліся сучасныя межы Францыі, пашырыліся грамадзянскія правы.

Народная культура

[правіць | правіць зыходнік]
Сялянская сям’я, XVII ст.

Да пачатку XX ст. і нават пазней у Францыі, асабліва ў сельскай мясцовасці, мелася шмат пашыраных сем’яў, калі жанатыя сыны не адлучаліся ад бацькоў. Гэта тлумачыцца эканамічнымі асаблівасцямі (звычайна 1 сям’я валодала або арандавала 1 зямельны надзел, прычым адносна невялікі, каб яго далей дзяліць) і больш раннімі шлюбамі, чым у суседніх еўрапейскіх краінах. Законы 1938 г. і 1943 г. сцвярджалі правіла, згодна якому дзеці, што пакідалі гаспадарку бацькоў, гублялі права спадчыны. Усе дзеці атрымоўвалі роўнае права на маёмасць бацькоў, але па традыцыі зямлю і дом успадкоўваў старэйшы сын, а яго браты і сёстры атрымоўвалі ад яго кампенсацыю. У асяроддзі рабочых, дзе дзеці рана пачыналі працаваць і станавіліся эканамічна незалежнымі ад бацькоў, пераважалі малыя нуклеарныя сем’і.

У традыцыйных сем’ях главой лічыцца бацька. У сельскай мясцовасці ён сам размяркоўвае прыбыткі. У гарадах сямейны бюджэт звычайна кантралюе маці. Характэрна, што ўжо ў канцы Сярэднявечча ў Францыі склаўся асобны інстытут карміцелек — жанчын, якія зараблялі грудным гадаваннем і выхаваннем немаўлят. Звычайна да карміцелек звярталіся прадстаўнікі шляхты, каралеўскія служкі, гараджане. Паміж сям’ёй карміцелькі і яе выхаванцамі маглі ўсталёўвацца вельмі цесныя, амаль сваяцкія ўзаемаадносіны. Дзяцей на выхаванне таксама бралі кляштары. У XIX ст. пашырылася практыка перадаваць дзяцей на выхаванне ў спецыяльныя пансіёны. У вёсках гэты абавязак найчасцей выконвалі бабуля і дзядуля, часам больш старэйшыя дзеці, але не самі бацькі. У наш час адказнасць за выхаванне кладзецца на бацькоў, дзіцячыя садкі і школы, але розніца ва ўспрыманні сям’і як адзінага цэлага ў буйных гарадах і вёсках захоўваецца. У сельскай мясцовасці і дробных гарадах прыняты абавязковыя вячэрнія сумесныя абеды і сямейная ўзаемадапамога.

У мінулым вяселле лічылася адной з галоўных падзей у жыцці і ўяўляла сабою складаны абрад. Маладыя звычайна дамаўляліся аб шлюбе незалежна ад бацькоў. Пасля гэтага сам жаніх або яго прадстаўнік intermediaire шоу рабіць прапанову аб шлюбе ў сям’ю нявесты. Адказ даваўся ў іншасказальнай форме. У выпадку станоўчага рашэння прасілі свата сесці справа ад нявесты, распальвалі печ і г. д. Станоўчы адказ дазваляў маладому чалавеку адкрыта сустракацца з абранай, суправаджаць яе на святы, кірмашы, вячоркі. Між тым, бацькі жаніха і нявесты неаднаразова абменьваліся візітамі, аглядалі гаспадарку, дамаўляліся пра пасаг. Ён мог уключаць грошы, мэблю, вопратку і інш. У выпадку дамоўленасці адбывалася заручыны fiangailles, accord. Бацька жаніха рабіў падарунак у выглядзе пярсцёнка ці іншых каштоўнасцей. Калі вяселле раптам зрывалася, то гэты падарунак павінен быў вярнуцца былому гаспадару. Пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі шлюб рэгістраваўся толькі ў дзяржаўных органах. Касцёльныя цырымоніі сталі не абавязковымі. Але і да гэтага практыкаваліся дэталёвыя шлюбныя кантракты contrat de mariage, зафіксаваныя ў натарыуса. Запрашэнне на вяселле маладыя рабілі асабіста. Акрамя сваякоў і сяброў запрашалі хросных бацькоў, прадстаўнікоў улады, святароў, паважаных гараджан або аднавяскоўцаў. Напярэдадні вяселлі жаніх арганізоўваў вясёлую вечарыну для сяброў. Нявеста таксама магла запрашаць да сябе сябровак.

Вяселле гулялі ў час, калі не было важных гаспадарчых заняткаў або рэлігійных свят. Зраніцы жаніх і яго суправаджалыя ішлі да дома нявесты, пры гэтым гучна крычалі, стралялі ў паветра, спявалі песні. Нявеста раздавала белыя банты і стужкі. Вясельная працэсія размяркоўвалася па парах і накіроўвалася ў касцёл. Суседзі маглі спыніць картэж і запатрабаваць умоўны выкуп. Пасля цырымоніі пры выхадзе з касцёла новым мужу і жонцы давалі з’есці мясны суп ці малочную зацірку, абсыпалі збожжам, арэхамі і каляровымі цукеркамі. Застолле арганізоўвалі ў доме жаніха, але часцей у карчме або нават на адкрытым паветры. Нават у нашы дні захоўваецца жартаўлівы звычай выкрадання адным з нежанатых госцяў жаніха туфлі або белай падвязкі з нагі нявесты. «Злодзей» дэманструе скрадзенае астатнім прысутным, пасля чаго абвяшчае аўкцыён па яго продажу. Усе, хто пакідае вяселле, атрымоўваюць пачастунак са стала. Маладыя маглі пайсці да шлюбнага ложка да таго, як застолле сканчалася. У такім выпадку сябры ўрываліся да іх, прапаноўвалі выпіць віна або з’есці нясмачную страву.

Народная архітэктура

[правіць | правіць зыходнік]
Жылая пабудова ў Нармандыі

Народныя архітэктурныя традыцыі Францыі фарміраваліся стагоддзямі. Некаторыя тыпы пабудоў і спосабы будаўніцтва ўзніклі яшчэ ў антычнасці.

У розных раёнах краіны часцяком сустракаюцца мураваныя жытлы. Пераважна для іх выкарыстоўваецца вапняк, радзей — базальтАверні) або сланец (на паўночным усходзе). Найбольш старыя мураваныя жытлы захаваліся ў Цэнтральнай Францыі. Звычайна яны ладзіліся з камянёў, замацаваных глінай. Фундамент заглыбляўся ў зямлю да 1 м. У ранейшыя часы на палетках можна было ўбачыць часовыя летнія хаціны з шырокіх каменных пліт.

У Нармандыі, некаторых паўночных і паўночна-усходніх рэгіёнах папулярны каркасныя дамы. У мінулым пераважаў фахверкавы спосаб будаўніцтва, пазней драўляныя сцены, запоўненыя знутры глінай і саломай, сталі тынкаваць з усіх бакоў, і яны знешне мала адрозніваюцца ад каменных. Фундамент каркасных будынкаў робяць з каменю або цэглы, што асабліва важна ў мясцовасцях, дзе магчыма сезоннае затапленне.

У дэльце Роны калісьці былі распаўсюджаны каркасныя хаціны з вязавых калоў, сцены якіх пакрывалі звязкамі трыснягу. У міжземнаморскім рэгіёне таксама будавалі без каркаса з сумясі зямлі, гліны і саломы. У Альпах добра вядомы драўляныя зрубныя хаты shalet. З рымскіх часоў жытло і гаспадарчыя пабудовы паўсюдна ўзводзілі яшчэ і з цэглы, накрывалі дахоўкай. Толькі на поўначы да XIX ст. у сельскай мясцовасці дамінавалі саламяныя стрэхі, у гарах — з гонту.

Планіроўка жытла можа быць рознай. У Іль-дэ-Франс і суседніх рэгіёнах будавалі замкнёныя агароджаныя двары з домам пасярэдзіне. Знешне такія сядзібы нагадвалі невялікія замкі. У Пікардыі жылыя і гаспадарчыя пабудовы складалі чатырохвугольнік з унутраным дваром пасярэдзіне. На поўдні пераважалі невялікія хаты са спадзістымі дахамі, да іх прыбудоўваліся сушыльні для садавіны, галубятні і вежападобныя свіраны для збожжа. Як правіла жылая прастора ўключала некалькі памяшканняў — залу, кухню і спальні. Абавязкова рабіўся склеп для захоўвання віна і іншых прадуктаў.

Французская камедыя, XVIII ст.

Французскі фальклор пачаў фарміравацца ўжо ў эпоху Сярэднявечча. Захавалася каля 90 эпічных песенных паэм, складзеных у XI — XIV стст. Звычайна вылучаюць 4 эпічных цыклы. Першы прысвечаны Карлу Вялікаму. Другі — Гільёму Святому. Трэці — феадальнаму разладу. Чацвёрты — дзеянню хрысціянскіх святых і рыцараў-крыжакоў. У высокім сярэднявеччы існавала прафесія вандроўных акцёраў-жанглёраў. Яны перамяшчаліся па краіне, наведвалі кірмашы, народныя сходы, адначасова пелі, танцавалі, паказвалі фокусы і акрабатычныя нумары. У XII — XIII стст. з’явіўся лацінамоўны фальклор, які належаў студэнтам і манахам, што таксама вандравалі паміж гарадамі і кляштарамі.

З народнымі песнямі першапачаткова была звязана паэзія трубадураў, а таксама гарадскіх паэтаў-сатырыкаў, якія пісалі кароткія навелы-фа́бліа. Пазнейшыя літаратары (Франсуа Віён, Франсуа Рабле, Шарль Перо і інш.) таксама багата запазычвалі народныя сюжэты. З XV ст. выпускаліся зборы народных песень, звычайна з гумарыстычным або любоўным зместам. Да XVI ст. узнікла прафесія шансанье — прафесійных спевакоў, якія часткова перапрацоўвалі народныя песні, часткова складалі іх самі. Асабліва былі знакаміты шансанье Парыжа. Акрамя таго, з’явіліся прафесійныя тэатры. Яны запазычылі народныя жартаўлівыя спевы для новага жанру, які атрымаў назву вадэвіль (XVIII ст.).

У канцы XVIII — XIX стст. цікавасць да народнай культуры ў Францыі адрадзілася. Праводзіліся песенныя зборы гагета, якія суправаджаліся сумесным спажываннем віна, вясёлымі карнаваламі, шэсцямі. Гагеты адлюстроўвалі дэмакратычныя традыцыі Францыі, часцяком набывалі сацыяльны і палітычны пратэст. Традыцыі шансанье жывыя і ў нашы дні. Яны аказваюць значны ўплыў на французскую эстраду.

Традыцыйная кухня

[правіць | правіць зыходнік]
Французскія рабочыя снедаюць вострым сырам

Французы вядомы сваімі багатымі кулінарнымі традыцыямі. Яны адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёна, прычым у сельскай мясцовасці гэтыя адрозненні значна большыя, чым у гарадах. Гараджане імкнуцца захоўваць сталы трохразовы рэжым прыёму ежы. Ён падзяляецца на сняданак (petit dejeuner), падабед (dejeuner) і абед (diner). Абед звычайна гатуецца ўвечары, на ім збіраецца ўся сям'я. Першай абеднай стравай з’яўляецца суп. У вёсках супы раней былі асноўнай стравай, але агульнасямейныя застоллі прыняты былі пераважна ў зімовую пару або на святы.

Значную частку традыцыйнай кухні складае гародніна (фасоля, латук, бульба, баклажаны, спаржа, памідоры, розныя віды капусты і цыбулі, інш.). Яе вараць, смажаць, ужываюць у якасці гарніру, дадатку да іншых страў або самастойнай стравы. На поўдні сучаснай Францыі вараная гародніна ratatouille доўгі час заставалася асноўнай ежай бедных сялян. Ужо ў сярэднявеччы важную ролю ў забеспячэнні харчам, асабліва ва ўнутраных рэгіёнах і на поўначы адыгрывалі бабовыя культуры. Звычайна з іх варылі густую зацірку bouillie, якую запраўлялі соллю, духмянымі травамі, пасыпалі пшанічным хлебам або смажанамі сухарамі. З мукі зёлкавых культур рабілі розныя віды выпечкі.

Ужыванне ў ежу прадуктаў жывёлагадоўлі залежала ад асаблівасцей канкрэтнай мясцовасці. Там, дзе было дастаткова лугоў і пашы, асабліва ў горных раёнах, елі ялавічыну і бараніну. На поўначы і ўсходзе — свініну. Топленым свіным салам запраўлялі супы, агароднінныя гарніры, бульбу, мазалі яго на хлеб. Сала і мяса ішлі на прыгатаванне падліў sauce. Каля буйных гарадоў, а то і ў саміх гарадах трымалі трусоў, гусакоў і мясных галубоў. Яйкі курэй мелі шырокае кулінарнае выкарыстанне. Яешня лічылася стравай, якая магла замяніць мяса. Малочныя прадукты ўжываліся ў меншай колькасці, чым у іншых краінах Еўропы. Адзіным значным выключэннем з’яўляецца сыр. У Францыі існуе шмат розных гатункаў сыру. Раней яго рабілі пераважна ў горных рэгіёнах, Брэтані, прывозілі з суседняй Італіі. Кіслявы сыр са спецыямі добра захоўваўся і дзякуючы свайму таннаму кошту быў даступны для большасці простых людзей.

Найбольш папулярны напой — віно. Французы да нашых дзён з’яўляюцца рэкардсменамі па спажыванню віна. У Нармандыі і на поўначы таксама п’юць сідр і піва. Вядомы моцныя алкагольныя напоі на аснове вінаграднага, фруктовага або збожжавага спірту. У XVIII—XIX стст. шырока распаўсюдзілася кава. Чай стаў ужывацца адносна позна, прычым першапачаткова гараджанамі.

Выдатныя асобы

[правіць | правіць зыходнік]